Знайсці
15.03.2018 / 13:1913РусŁacБел

Электрык Настасся з Гродна: «Калі мяняла лямпачкі на апорах, калегі збіраліся вакол і глядзелі на мяне як на экспанат»

Пра Настассю Карпук мы даведаліся пасля кастынгаў на сёлетні конкурс «Міс Беларусь», адзін з якіх праходзіў у яе родным Гродне. Сярод іншых канкурсантак яе вылучала сфера дзейнасці: дзяўчына звязала жыццё з электрычнасцю. Чым быў абгрунтаваны такі выбар і як Настассю ўспрымаюць у прафесіі — пра гэта мы даведаліся ад яе самой, калі яна прыехала ў Мінск на сесію.

Пасля сканчэння тэхналагічнага каледжа па спецыяльнасці «мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання» дзяўчына атрымлівае вышэйшую адукацыю ў сваёй сферы ў БДАТУ.

Настасся Карпук.

Пра выбар прафесіі

Калі яшчэ вучылася ў школе, думала, што стану харэографам, але ўсе вакол тлумачылі, што гэта несур’ёзна. Мой бацька — электрык, старэйшы брат — таксама.

Тата заўсёды вучыў нас разбірацца ў тым, як працуе электрычнасць. Памятаю, на лецішчы мы з братам самастойна рабілі праводку, а ён сядзеў і кантраляваў працэс. Таму калі прыйшоў час абіраць сабе спецыяльнасць, мне прапанавалі, можна сказаць, пайсці па слядах старэйшых у сям’і.

Пра навучанне сярод хлопцаў

Для паступлення ў каледж я здавала матэматыку і беларускую мову.

Калі апублікавалі спіс маіх аднагрупнікаў, я вельмі ўзрадавалася, што разам са мной будзе вучыцца яшчэ адна дзяўчына. Але потым высветлілася, што гэта Аляксандр: у дэканаце няправільна запісалі яго імя.

Так што я была адзінай дзяўчынай у групе: спачатку было дзіка, але хутка я ўлілася ў кампанію.

Пра цяжкасці

Складаней за ўсё мне давалася фізіка. Але пашанцавала, што побач быў бацька, які пры патрэбе мог патлумачыць усе нюансы работы лямпачкі ці нейкіх прыбораў. На практыках, збіраючы схемы, я пастаянна раздзірала сабе рукі, а калі мяне па размеркаванні адправілі ў вёску, стала яшчэ весялей.

Пра размеркаванне маладога электрыка

На адпрацоўку мяне адправілі ў вёску Вялікія Азяркі ў СПК «Азяранскі». Гэта ў Мастоўскім раёне, паўтары гадзіны ад Гродна. Праўда, транспарт туды ходзіць непастаянна і няма варыянтаў дабрацца без перасадкі, таму жыла я на месцы.

У мяне і бацькі, і бабулі гарадскія, таму нават убачыць свінак і кароў жыўцом было для мяне моцным уражаннем. Да гарачай вады, якую трэба было кожны раз награваць, каб прыняць душ, я таксама прывыкала.

Я люблю свою работу

Публикация от Анастасия (@nastya_karpuk)

Мяне паставілі на пасаду майстра. Дзесьці паўгода я проста запаўняла паперкі і сачыла за тым, што робяць на фермах калегі. Пасля я і сама асмялела, ды і мужчыны з калектыву даверылі рабіць пэўныя рэчы: дзесьці замяніць лямпачкі, разабраць зламаны стартэр, замяніць праводку…

У вёсцы было нармальна, калі не лічыць старое абсталяванне і інструменты. Але там не было ні тэлевізара, ні нармальнага інтэрнэту. Не было нават равеснікаў, з якімі можна было б камунікаваць. У мясцовы клуб я схадзіла адзін раз і больш не захацела: там адны школьнікі, якія штотыдзень апранаюць на сябе ўсё самае найлепшае і бліскучае.

Карацей, праз год мне стала там сумна. Таму, узяўшы адпачынак, я пачала шукаць месца, куды б можна было пераразмеркавацца.

Пра самастойнае працаўладкаванне

Я лазіла па аб’явах у інтэрнэце, мяне нярэдка запрашалі на сумоўі. Там я выдатна адказвала на самыя папулярныя пытанні: агуч закон Ома, як падключаецца разетка і гэтак далей.

Але на мяне, шчуплую, у сукенцы, глядзелі і адмахваліся: куды ты, маўляў, палезеш такая. Некаторыя, проста пачуўшы ў слухаўцы жаночы голас, адразу адмаўлялі. І цяпер, калі хлопцы-электрыкі кажуць мне, што ім складана знайсці працу, я не веру і смяюся ў твар: хай бы паспрабавалі пабыць на маім месцы.

Карацей, у выніку я згубіла надзею і ўжо збірала рэчы, каб вярнуцца ў вёску. Але ўрэшце мне ўсё ж ператэлефанавалі з мытні і запрасілі на трохмесячны выпрабавальны тэрмін.

Пра працу мантажнікам электраабсталявання на мытні

За тры месяцы мяне і яшчэ аднаго стажора як толькі не выпрабоўвалі. Спачатку лайтова: замяніць лямпачку ці разетку ў памяшканні, дзе сядзіць кіраўніцтва мытні.

На трэці месяц там вырашылі замяніць усё электраабсталяванне. Мой партнёр, як на зло, захварэў. Памятаю, разадрала сабе ўсё, што магчыма, пакуль мяняла правады з пашкоджанай ізаляцыяй, але справілася.

Самым страшным для мяне было дзяжурыць ноччу, адной, у пакойчыку з дызель-генератарам. Сядзіш каля яго адна, за акном — завіруха. Вецер гудзіць, генератар гудзіць, а табе пастаянна тэлефануюць і сігналізуюць: зламаўся светлафор, перагарэла лямпачка… І пакуль астатнія сядзяць у офісах, ты ідзеш і рамантуеш гэта на марозе, стоячы на лесвіцы.

Пэўны час, калі я адпраўлялася мяняць лямпачкі, мытнікі збіраліся паглядзець на мяне як на экспанат. Я заўсёды старалася жартаваць: маўляў, можа аўтограф даць?

Пра ўдзел у кастынгу «Міс Беларусь»

Я даўно хацела паспрабаваць сябе ў конкурсе прыгажосці, проста таму што люблю новыя знаёмствы і эксперыменты. У фінал не прайшла. Можа, гэта і добра. Ад конкурсу засталіся дзіўныя ўражанні.

Па-першае, там было шмат пастановачнасці. Па-другое, няшчырасці.

Напрыклад, ва ўмовах конкурсу было напісана: прыходзіць на кастынг без макіяжу. Ну, я і прыйшла. Але амаль усе астатнія дзяўчаты былі нафарбаваныя ад душы (быццам толькі з салона прыгажосці выйшлі). І ніхто з журы не папрасіў іх змыць гэтую касметыку.

Я ўвогуле не разумею вульгарнасці ў макіяжы і адзенні, якія выкарыстоўваюцца, каб прыцягнуць увагу. Я за натуральныя, спакойныя колеры і рэчы.

Пра будучыню

Яшчэ я за тое, каб развівацца і рухацца наперад, таму атрымліваю вышэйшую адукацыю і спрабую сябе ўжо ў якасці праекціроўшчыка ў невялікай фірме па вытворчасці катлоў (планую электрыку для розных будынкаў у камп’ютарных праграмах). У вольны час спрабую разабрацца ў здаровым харчаванні і вучуся рабіць манікюр.

Я за тое, каб кожны выбіраў сабе прафесію па душы, незалежна ад нейкіх забарон і стэрэатыпаў, і тым больш — полу.

Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера