Знайсці
14.03.2018 / 16:4930РусŁacБел

У Нацыянальным гістарычным адкрываецца выстава пра БНР. Сярод дакументаў — пасведчанне Ганны Макей, зямлячкі міністра

«1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да Незалежнасці» — такая выстава пачынае працу ў Нацыянальным гістарычным музеі 15 сакавіка. 

Яна паказвае Беларускую Народную Рэспубліку як неабходную частку працэсу, без якой немагчыма зразумець гісторыю паўставання беларускай дзяржавы. Гэтую ідэю куратары выставы падкрэслілі, змясціўшы пры канцы экспазіцыі, на ганаровым месцы, на аксаміце, сучасную Канстытуцыю Беларусі.

Выстава ж, якой адведзеная прасторная зала на першым паверсе музея, ілюструе шлях, які прайшла Беларусь у 1914—1918: ад «этнаграфічнага племені» на мапах Карскага да нацыі з ідэяй незалежнасці, дзяржавай, заканадаўчымі актамі.

Спісы дэлегатаў Усебеларускага з'езда.

Устаўныя граматы БНР.

Пачэснае месца займаюць дакументы: можна пабачыць арыгінальныя спісы дэлегатаў Усебеларускага з’езда 1917-га, Устаўныя граматы, нават своеасаблівую «генеалогію беларускай дзяржаўнасці»: накрэсленую ад рукі схему перадачы ўлады ад Прэзідыума Усебеларускага з’езду да Рады БНР.

Хто яе маляваў на бланку Народнага сакратарыята? У гэтым належыць разабрацца гісторыкам. 

Пячатка Рады БНР, якую насіў у кішэні Вацлаў Ластоўскі.

Побач — артэфакты: пячатка Рады БНР, якую насіў у кішэні Вацлаў Ластоўскі (яна ўстаўленая ў металічны футарал ад кішэннага гадзінніка, а на вечку надрапана, каму пячатка належыць); арыгінальная бел-чырвона-белая стужка — адзнака вайскоўца-беларуса, многае іншае.

Пашпарт грамадзянкі БНР.

Спекуляцыі на тэму таго, што БНР «не была дзяржавай», «не адбылася» лёгка абвяргаюцца асабістымі дакументамі тых часоў. Сярод экспанатаў ёсць, напрыклад, пашпарт грамадзянкі БНР, ёсць пасведчанне, выдадзенае Радай сялянцы Ганне Макей з вёскі Крынкі Навагрудскага павета. 

Пасведчанне сялянкі з Крынак Ганны Макей. Крынкі — за два кіламетры ад вёскі Некрашэвічы Карэліцкага раёна, дзе нарадзіўся цяперашні кіраўнік МЗС Уладзімір Макей. 

Ёсць і звароты, якія сяляне слалі ва Урад са скаргамі на рабункі ад нямецкіх войскаў. Гэта значыць, людзі на месцах рэальна ўспрымалі БНР як сваю дзяржаву і сваю ўладу.

Зварот селяніна Мінскага павета ў Раду БНР з просьбай распарадзіцца кампенсаваць нямецкія рэквізіцыі.

Асобныя стэнды прысвечаныя дыпламатычнай дзейнасці.

Можна пабачыць перапіску з урадам Леніна, з украінскай Дырэкторыяй, фота місіі ў Канстанцінопалі. Ёсць і арыгінал тэлеграмы кайзеру Вільгельму.

Выставу збіралі не толькі з фондаў Гістарычнага. Многія экспанаты, напрыклад, маляваныя гербы тагачасных беларускіх рэгіёнаў, літаральна тыдзень таму знайшліся ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны. Яны трапілі туды ў канцы 1940-х.

Ёсць экспанаты з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага архіва, Беларускага дзяржаўнага архіву-музея літаратуры і мастацтва, а таксама Архіва КДБ.

Выставу стваралі супольнымі намаганнямі: супрацоўнікі музея прыцягнулі да яе афармлення мастакоў. Гісторык Сцяпан Цемушаў, адзін з найлепшых картографаў Беларусі, зрабіў якасную мапу, са збораў прыватных калекцыянераў былі ўзятыя некаторыя экспанаты — напрыклад, выдатная рэканструкцыя строю вайскоўца БНР.

Пратакол допыту Канстанціна Езавітава з 1945 г. і яго арыгінальны пашпарт БНР

Тагачасныя плакаты і агітацыйныя матэрыялы.

Гэтая цэльная і якасная выстава вартая таго, каб стаць часткай пастаяннай экспазіцыі.

Пачуўшы гэту ідэю, супрацоўнікі музея ўздыхаюць: у нас пяцьсот тысяч экспанатаў, калі б толькі была магчымасць усё выставіць!

Будзем спадзявацца, пытанне з новым будынкам і дэпазітарыем для Гістарычнага музея, якое даўно стаіць, урэшце вырашыцца. І ў новым памяшканні Беларускай Народнай Рэспубліцы будзе прысвечана цэлая зала. А можа, і не адна.

Выстава адкрываецца 15 сакавіка аб 11-й у Нацыянальным гістарычным музеі (вул.Маркса, 12) і будзе працаваць да 7 мая.

СМ, фота Сяргея Гудзіліна, АБ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930