Знайсці
15.03.2018 / 11:3513РусŁacБел

Як дэпутаты Лукашэнка, Кавалёнак і Лябедзька галасавалі за новую Канстытуцыю ФОТА

15 сакавіка 2018 года спаўняецца 24 гады Асноўнаму Закону Рэспублікі Беларусь. Піша гісторык Аляксандр Кур’яновіч.

15 сакавіка 1994 года праз некалькі хвілін пасля прыняцця Канстытуцыі дэпутат ад апазіцыі БНФ Сяргей Навумчык вымавіць: такая Канстытуцыя — гэта бомба, якая падарве грамадства.

У першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі адсутнічаў нацыянальны дух, яна была абязлічанай і яе можна было б выкарыстаць у многіх рэспубліках былога СССР.

Чаму распрацаваны беларускімі парламентарыямі канстытуцыйны прадукт аказаўся нізкай якасці, наяўныя ў ім прававыя супярэчнасці прывялі неўзабаве да вострага палітычнага крызісу? Прычын таму мноства, галоўная з іх мае аб’ектыўны характар.

Дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання ўпершыню самастойна прыступалі да распрацоўкі законапраекта падобнага ўзроўню.

Раней савецкія парламентарыі выконвалі толькі ролю статыстаў, паслухмяна зацвярджаючы спушчаныя «зверху» законапраекты, ініцыяваныя дзяржаўнымі і партыйнымі органамі. Так было, напрыклад, з Канстытуцыяй БССР 1978 года. Аднак, калі перад дэпутатамі з’явілася магчымасць самастойнага канструявання праекта, яны хутка зразумелі, што гэта не так проста.

Ва ўмовах савецкай манаполіі на навуковую думку ў пераважнай большасці дэпутацкага корпуса бракавала належнай падрыхтоўкі для працы над праектам Канстытуцыі. Таму дэпутаты вымушаныя былі ўзяць за аснову Канстытуцыю БССР 1978 года і мадэрнізаваць яе.

Другую прычыну можна таксама назваць аб’ектыўнай. Яна заключалася ў прыродзе самога складу дэпутацкага корпуса Вярхоўнага Савета XII склікання. Сфармаваны ў выніку адносна свабодных выбараў, ён тым не менш быў далёкі ад класічнага парламента з-за адсутнасці моцных партыйных фракцый або структураваных груп па інтэрэсах. Таму вынікі галасавання, у тым ліку і па праекце Канстытуцыі, часта залежалі ад дэпутацкай дысцыпліны, якая пакідала жадаць лепшага.

Цяжкасці канстытуцыйнага працэсу ў Беларусі ў 1990—1994 гадах таксама былі абумоўлены супярэчнасцямі прыватнага характару.

Можна вылучыць арганізацыйныя і юрыдычныя супярэчнасці. Да арганізацыйных супярэчнасцяў, безумоўна, варта аднесці саму Канстытуцыйную камісію з 74 чалавек. Колькасць была неапраўдана завышанай і прывяла да распылення інтэлектуальных сіл і прафесійных навыкаў.

Камісія, закліканая распрацаваць самы галоўны дакумент краіны, фактычна была пазбаўленая кантрольных функцый і паўнамоцтваў, каб кантраляваць рэалізацыю ўхваленых ёю ж канстытуцыйных палажэнняў.

Дэпутаты ад БНФ Валянцін Голубеў, Сяргей Навумчык і Юрый Беленькі падчас жнівеньскіх падзей 1991 года ў Мінску.

Не быў вызначаны і дакладны тэрмін прыняцця Канстытуцыі. Гэта спрыяла зацягванню разгляду праекта Асноўнага Закона.

Праца Канстытуцыйнай камісіі была стыхійная: дэпутаты, якія не ўдзельнічалі ў папярэдніх пасяджэннях, прыходзілі на наступныя і крытыкавалі ўхваленыя раней канстытуцыйныя палажэнні.

Дайшло да таго, што на канчатковым этапе ў дапрацоўцы Канстытуцыі з усяго дэпутацкага корпуса ўдзельнічалі толькі два парламентарыі: Валянцін Голубеў і Мікалай Тоўсцік. Астатнія з’яўляліся выключна экспертамі, запрошанымі збоку.

Юрыдычныя супярэчнасці тычыліся тэксту праекта.

Стваральнікі Канстытуцыі занадта шмат увагі надавалі правам і абавязкам грамадзян, запазычаючы многія нормы з міжнародных дакументаў у галіне правоў чалавека. Пры гэтым заканадаўцаў не турбавала, наколькі эфектыўна гэтыя правы могуць быць рэалізаваныя.

Стваральнікі Канстытуцыі закансервавалі неэфектыўнае адміністратыўна-тэрытарыяльнае дзяленне краіны. У выніку сістэма мясцовага кіравання і самакіравання засталася такой жа, як і ў перыяд БССР.

Заканадаўцы адрынулі ідэю фармавання Вярхоўнага Савета на прапарцыйнай і прафесійнай аснове. Закладалася мадэль аморфнага заканадаўчага і прадстаўнічага органа.

Раздзел канстытуцыйнага праекта «Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь» не гарманізаваў з астатнімі палажэннямі, датычнымі сістэмы ўлады. Напрыклад, прэзідэнт абвяшчаўся кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады, але многія выканаўчыя функцыі браў на сябе Вярхоўны Савет.

Канстытуцыйны праект істотна аслабляла наяўнасць шэрагу адсылачных нормаў.

Заканадаўцы лічылі, што тэкст Канстытуцыі павінен быць максімальна кароткім, а яе прынцыповыя палажэнні павінны развівацца законамі.

Васіль Шаладонаў — адзін з «айцоў» Канстытуцыі незалежнай Беларусі. Ён марыў напісаць адпаведную працу пра распрацоўку і прыняццё Канстытуцыі, аднак заўчасная трагічная смерць не дала гэтага зрабіць.

У беларускіх рэаліях гэта павялічвала верагоднасць нівелявання палажэнняў праекта Асноўнага Закона падзаконнымі актамі і давала шырокае поле для вольных тлумачэнняў.

Напрыклад, пункт першы артыкула 100 Канстытуцыі гучаў так: «Прэзідэнт прымае захады па ахове суверэнітэту, нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, забеспячэнні палітычнай і эканамічнай стабільнасці, захоўванню правоў і свабод грамадзян». Аднак нідзе не тлумачылася, якія гэта захады, дзе ўмовы і неабходнасць іх ужывання. А менавіта гэты пункт неаднойчы ратаваў Лукашэнку ў пачатку ягонай прэзідэнцкай кар’еры.

У вырашальнай сітуацыі беларускі кіраўнік да рэферэндуму 1996 года заўсёды апеляваў да гэтага пункта. Напрыклад, у прэзідэнцкім указе аб вызваленні з пасады галоўнага рэдактара «Народнай газеты» Іосіфа Сярэдзіча №113 ад 17 сакавіка 1995 года гаворка ішла пра пункт першы. На падставе гэтага ж пункта паводле указа Лукашэнкі №469 ад 14 лістапада 1996 года ад пасады старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі быў адхілены Віктар Ганчар.

У інтэрв’ю германскаму выданню Handelsblatt у лістападзе 1995 года Лукашэнка заявіў, што пункт першы сотага артыкула Канстытуцыі дае яму амаль неабмежаваныя захады. «Якія гэта захады?» — пытаўся беларускі кіраўнік. І безапеляцыйна заключыў: «Ніхто не ведае — якія я пажадаю, такія і будуць».

Кансерватыўная парламенцкая большасць адрынула любыя намёкі ў прэамбуле канстытуцыйнага праекта на пераемнасць традыцый з Вялікім Княствам Літоўскім, Беларускай Народнай Рэспублікай.

На фіксацыі такіх пераемнасцяў, напрыклад, настойваў вядомы беларускі правазнаўца Язэп Юхо, які лічыў, што згадка ў Канстытуцыі Статутаў ВКЛ і актаў БНР будзе мець вялікае філасофскае і псіхалагічнае значэнне. Аднак такая ідэя не знайшла падтрымкі ў парламентарыяў.

Так, дэпутат Лукашэнка на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі 21 мая 1992 года заклікаў «не разгортваць» прэамбулу, а даць «двума радкамі». Таму і з’явілася ў прэамбуле пустая фраза: «…Абапіраючыся на шматвекавую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці».

Канстытуцыя была пазбаўленая выхаваўча-патрыятычнага патэнцыялу.

Усе гэтыя цяжкасці і супярэчнасці прывялі да таго, што канстытуцыйны працэс зайшоў у тупік. Заканадаўцам давялося выкарыстоўваць такі сумнеўны юрыдычны прыём, як пайменнае галасаванне бюлетэнямі на працягу некалькіх дзён па найбольш спрэчных канстытуцыйных палажэннях (прэзідэнт, Вярхоўны Савет, мясцовае кіраванне і самакіраванне). Такі сцэнар быў рэалізаваны парламенцкай большасцю ў канцы лютага-пачатку сакавіка 1994 года.

Так выглядаў спіс дэпутатаў для атрымання бюлетэняў для пайменнага галасавання. Віктар Ганчар узяў бюлетэнь у 13:55 24 лютага 1994 года і здаў яго праз 5 хвілін. Дэпутаты ад апазіцыі БНФ рашуча адмовіліся ад галасавання.

Пытанне, прымаць ці не прымаць Канстытуцыю, ніколі не стаяла перад дэпутатам Аляксандрам Лукашэнкам.

Для прыняцця Канстытуцыі парламенцкай большасці быў патрэбны кожны голас. У пайменнае галасаванне ўдалося ўцягнуць і слыннага лётчыка-касманаўта Уладзіміра Кавалёнка, які дагэтуль у Вярхоўным Савеце адсутнічаў амаль два гады.

Анатоль Лябедзька выступіў супраць пайменнага галасавання.

Пералік адзначаных супярэчнасцяў і цяжкасцяў у ходзе канстытуцыйнага працэсу ў Беларусі ў 1990—1994 гадоў далёка не вычарпаны, але павінен быць улічаны пры распрацоўцы новай Канстытуцыі для сучаснай Беларусі, у чым наспела вострая неабходнасць.

Аляксандр Кур’яновіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера