Знайсці
14.03.2018 / 08:4242РусŁacБел

EADaily: Святкаванне Дня Волі — чарговая саступка беларускім нацыяналістам

Да Дня Волі засталося ўжо менш за 2 тыдні, і некаторыя расійскія СМІ працягваюць рабіць публікацыі, мэтай якіх з'яўляецца дыскрэдытацыя як самой БНР, так і яе незалежнасці. 

EADaily

У чарговым матэрыяле сайта расійскага шавіністычнага рэсурсу EADaily журналістка Крысціна Мельнікава зрабіла выснову, што «дазвол на святкаванне стагоддзя абвяшчэння незалежнасці так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), якое беларуская апазіцыя адзначыць мітынгам і канцэртам у цэнтры Мінска 25 сакавіка — гэта чарговая саступка беларускім нацыяналістам і новае пацверджанне таго, што дзеючая ўлада ідзе на паваду ў нацыяналістычнай апазіцыі».

У якасці экспертаў у артыкуле выступілі Андрэй Суздальцаў (у свой час дэпартаваны з Беларусі), сябар Рады па міжнацыянальных адносінах пры прэзідэнце Расіі Багдан Бяспалька і беларускі прарасійскі палітычны аналітык Жан Чубукоў.

Суздальцаў мяркуе, што беларускія ўлады абралі кампрамісны варыянт — на дзяржаўным узроўні святкаваць стагоддзе БНР не сталі, але дазволілі апазіцыі адзначыць гэтую дату ў цэнтры Мінска. «Гэта азначае, што сучасная беларуская ўлада не прызнае БНР у якасці першай незалежнай беларускай дзяржаўнасці, але яна яе і не адмаўляе», — адзначыў ён.

На думку сябра Рады па міжнацыянальных адносінах пры прэзідэнце Расіі Бяспалькі, для беларускай улады дазвол на святкаванне даты ўяўляе сабой пэўны крок у бок прымірэння з апазіцыяй на фоне пэўных цяжкасцяў у расійска-беларускіх адносінах.

«Некаторы ідэалагічны багаж беларускай апазіцыі можа быць цікавы для цяперашніх уладаў з пункту гледжання апраўдання адсутнасці інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй як у рамках Саюзнай дзяржавы, так і ў цэлым як апраўданне выхаду Беларусі ў 1991 годзе са складу СССР. Калі сумясціць усе гэтыя фактары, мы і атрымаем тое, што 25 Сакавіка будзе святкавацца гадавіна БНР з дазволу беларускіх уладаў, якія раней былі настроеныя супраць падобнага роду мерапрыемстваў. Гэта сведчыць аб павольным руху беларускай улады і апазіцыі насустрач адзін аднаму. Пры пэўных умовах яны могуць утварыць нешта адзінае», — падсумаваў Бязпалька.

Але найбольш экзатычным меркаваннем адзначыўся Жан Чубукоў. Палітычны аналітык з Беларусі разважае:

— Так званае «святкаванне» збярэ як звычайна некалькі дзясяткаў чалавек. Ім дадуць пагаварыць у камеру. За імі пройдуць шэсцем яшчэ некалькі дзясяткаў. Але мы ж разумеем, што нават некалькі дзясяткаў нацыстаў у цэнтры Мінска — гэта апаганьванне памяці кожнага чацвёртага жыхара гэтай краіны, які быў забіты нацыстамі і іх хаўруснікамі.

На думку Чубукова, стваральнікі БНР былі радыкальнымі нацыяналістамі і дыктатарамі, якія жадалі ўмацаваць сваю ўладу з дапамогай акупантаў.

Фонд стратэгічнай культуры

У гэтым выданні апублікаваны матэрыял, у якім невядомы аўтар падае гісторыю БНР са звыклымі прапагандысцкімі штампамі. З дапамогай маніпуляцый да чытача даводзіцца думка, што БНР нібыта мае дачыненне да фашызму.

«Жыхароў Беларусі спрабуюць пераканаць у тым, што сучасная Беларусь — пераемніца БНР, сцяг якой ўпрыгожваў тэрыторыю генеральнай акругі Беларусь рэйхскамісарыята Остланд ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Лагічны ланцужок пераемнасці ў альтэрнатыўнай рэальнасці наступны: БНР-Остланд-РБ. Першыя два перыяды — гэта і ёсць разрыў з Расіяй. Сюды ж апазіцыянеры хочуць далучыць і цяперашнюю беларускую незалежнасць, паколькі без яе выходзіць не 100 гадоў, а ўсяго толькі менш за чатыры, прычым за тры з іх гітлераўцамі было знішчана больш за 22% насельніцтва краю».

Аўтар мяркуе, што ідэя пераемнасці Беларусі ад БНР — разбуральная. І ў тым, што апазіцыі атрымоўваецца пакрокава далучаць да яе беларускую ўладу, няма нічога добрага для Беларусі.

«Нядрэнна б беларускай уладнай эліце — як старой, так і новай — асвяжыць у памяці гістарычныя перыяды дыстанцыявання ад Рускага свету, а заадно і прыгадаць, што добрага яны прынеслі беларусам», —

піша Фонд стратэгічнай культуры.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера