Знайсці
12.03.2018 / 20:417РусŁacБел

Пінігін паставіў у Купалаўскім спектакль пра талерантнасць. Прэм’ера — у канцы красавіка

Яшчэ не ўсе ахвотныя паспелі паглядзець дзве сёлетнія прэм’еры Купалаўскага тэатра (гаворка ідзе пра «Рэвізор» і «Зямлю Эльзы»), як у афішах фігуруе новая пастаноўка: 27 і 28 красавіка ў Купалаўскім адбудуцца паказы «Талерантнасці» па п’есе Ясміны Рэза «Бог разні».

Гэта ўжо другі тэкст гэтай французскай пісьменніцы і драматурга, за які бярэцца рэжысёр Мікалай Пінігін (з 2015 года на сцэне Купалаўскага можна ўбачыць спектакль «ART» па яе тэксце).

Чаму Пінігін так любіць гэтую аўтарку? Сам ён кажа, што ўся справа ў яе пачуцці гумару. «Рэза — цудоўны драматург, які добра разумее псіхалогію людзей і мае выдатнае пачуццё гумару. Я люблю прыводзіць цытату савецкага рэжысёра Георгія Таўстаногава: «Гумар — гэта крытэрый праўды». Для мяне гэта сапраўды так. І Рэза цудоўна захоўвае раўнавагу паміж сур’ёзнымі рэчамі і гумарам», — распавёў «НН» Мікалай Пінігін.

У напісанай драматургам гісторыі расказваецца пра дзве бацькоўскія пары, якія знаёмяцца пасля таго, як іх сыны сыходзяцца ў школьнай бойцы. Пры гэтым кожная пара аспрэчвае бацькоўскія навыкі іншай. І гэта замест таго, каб разглядзець ўласныя праблемы.

У арыгінале п’еса называецца «Бог разні», у Беларусі гледачы ўбачаць яе пад назвай «Талерантнасць». Пінігін тлумачыць, што выявіў у тэксце шмат праблем, звязаных з так званай еўрапейскай талерантнасцю. Калі людзі размаўляюць пра правы чалавека, пра высокае, а могуць паводзіць сябе, як звяры: забіваць, здзяйсняць тэракты і гэтак далей.

«Канечне, гэта не беларуская п’еса, тут няма відавочнага нам кантэксту і чагосьці пра беларускую талерантнасць. Усё ж у нас яна своеасаблівая. Беларусы вымушаныя жыць талерантна, таму што існуюць паміж Захадам і Усходам, паміж бясконцымі войнамі, у якіх маглі б загінуць. Мы былі вымушаныя стаць талерантнымі і ў рэлігійным сэнсе, і ў этнічным, і ў чалавечым. Гэта своеасаблівы дзэн: сысці ад бойкі ў пэўны момант, не ўвязацца ў яе. Але ў тэксце Рэза я ўбачыў больш глыбокія рэчы, агульначалавечыя. Пра існаванне паміж людскім і жывёльным. Ненавідзець адзін аднаго, а пры гэтым кідацца напышлівымі фразамі — тут вось пра гэта», — працягвае Мікалай.

П’еса «Бог разні» была перакладзена на 35 моваў і пастаўлена ў шматлікіх тэатрах свету. Але Пінігін спецыяльна не глядзеў нічога, што было зроблена па тэксце раней. Так што нас чакае нешта выключна купалаўскае.

За касцюмы і сцэнаграфію ў пастаноўцы адказваюць таленавітыя майстры сваёй справы: Алена Ігруша і Руслан Вашкевіч.

Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930