Знайсці
12.03.2018 / 17:4619РусŁacБел

Як у міжваеннай Заходняй Беларусі святкавалі 25 Сакавіка

Піша Кастусь Шыталь.

Удзельнікі беларускага руху ў Заходняй Беларусі ўжо ў першыя гады пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі адзначалі 25 сакавіка як нацыянальнае свята. Галоўныя святкаванні былі ў Вільні, дзе адбываліся ўрачыстыя набажэнствы ў царкве і касцёле, а грамадскасць ладзіла ўрачысты сход-акадэмію. Святкавалі 25 сакавіка і ў віленскай беларускай гімназіі.

Віленскія святкаванні 25 сакавіка апісваліся ў беларускай прэсе. Таксама газеты змяшчалі артыкулы, якія тлумачылі значэнне даты 25.ІІІ.1918 для беларускага народа.

Беларускія актывісты на правінцыі рэдка прыязджалі на святкаванні ў Вільню. Няшмат мелі і арганізацыйных магчымасцяў для таго, каб наладзіць урачыстае святкаванне ў вёсцы. Тым не менш, дата 25 сакавіка не праходзіла незаўважна ў тых мясцовасцях, дзе былі актыўныя гурткі беларускіх актывістаў. Не маючы магчымасці адправіць сваіх прадстаўнікоў у Вільню, гурткі дасылалі свае прывітальныя тэлеграмы. Так, падчас урачыстай акадэміі, якую зладзіла беларуская грамадскасць 25 сакавіка 1933 года, былі зачытаныя тэлеграмы ад гурткоў у Харках Пастаўскага павета, Будславе Вілейскага павета, Ляхавічах Баранавіцкага павета, Іказні Браслаўскага павета, беларускага дабрачыннага таварыства ў Стоўбцах.

У многіх месцах беларускія актывісты саматугам арганізоўвалі святкаванні 25 Сакавіка. Польская адміністрацыя часта рабіла перашкоды такім святкаванням. З-за таго, што адміністрацыя не заўсёды давала дазвол на публічнае святкаванне, часам яно адбывалася толькі ў коле знаёмых, або ў коле сяброў гуртка, на сход якога не трэба было адмысловага дазволу. Часам паседжанні беларускіх арганізацый прымяркоўваліся да даты 25 сакавіка, як тое было ў 1934 годзе ў Ляхавічах, калі ў гэты дзень сябры гуртка Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры абмяркоўвалі вынікі сваёй працы і акрэслілі планы на будучыню. Паліцыя часта забараняла вывешваць бел-чырвона-белыя сцягі.

Тыя сціплыя святкаванні, тым не менш, станавіліся вядомымі шырокай грамадскасці, бо апісваліся ў карэспандэнцыях, якія друкавалі віленскія беларускія газеты. Прывядзём тут некалькі карэспандэнцый, якія даюць уяўленне пра тое, як святкавалі і з якімі цяжкасцямі сутыкаліся беларускія актывісты на правінцыі.

Biełaruskaja Krynica, Nr. 18, 7 траўня 1933 года

«Дзень 25-га сакавіка с. г. сябры гуртка БІГіК у Мядзведзічах [Баранавіцкі павет] пастанавілі разам з усім сьведамым грамадзянствам адсьвяткаваць, як 15-тыя ўгодкі абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі. Сьвяткаваньне адбылося вельмі скромна, бо толькі ў рамках Гуртка. На сьвяткаваньне прыйшлі ўсе сябры Гуртка, за выняткам толькі пары асоб, каторыя ня ведама чаго баяліся супольна сьвяткаваць наша Народнае Сьвята. Праграма сьвяткаваньня агранічылася толькі да прачытаньня перадавога артыкулу з «Б. Крыніцы» аб акце 25.ІІІ.18 г. Па прачытаньні газэты адзін з сяброў прадэклямаваў пару вершаў, а потым вялася далей гутарка аб акце абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі.

Хоць сьвяткаваньне было неафіцыйнае, аднак не абышлося без паліцыянтаў, каторыя падганялі сяброў, каб скарэй кончылі, бо ім есьці хочацца. Трэба сказаць, што паліцыя намі вельмі апякуецца: зьяўляюцца нават тады, калі ў гуртку нічога няма. Трэба таксама сказаць, што нашыя паліцыянты вельмі спасьцерагаўшыя, бо не пазволілі вывесіць над хатай беларускі нацыянальны сьцяг. м. т».

Biełaruskaja Krynica, Nr. 18, 7 траўня 1933 года

«В. Валяўка, Наваградзкага пав. Ня маючы арганізацыйных рамаў, наша моладзь сабралася 25 Сакавіка і, замест Акадэміі, сьведамейшыя сябры выясьнілі павагу дня, дарагога для кожнага Беларуса. Вытварыўся паважна-ўрачысты настрой, адпаведны да ўрачыстай хвілі. Гэтак мы саматугам сьвяткавалі нашае нацыянальнае сьвята. Дратва».

Biełaruskaja Krynica, Nr. 17, 15 красавіка 1934 года

«В. Шутавічы, Ашмянскага пав. Тутэйшыя беларусы дзеля ўшанаваньня акту 25.ІІІ., зарганізавалі дня 25.ІІІ.34 г. ў Шутавічах урачыстае сьвяткаваньне. У праграму сьвяткаваньня ўвайшлі: 1) лекцыя прачытаная студ. Я. Шутовічам — на тэму «Ідэалы беларускай дзяржаўнай незалежнасьці ў недалёкай мінуўшчыне і сучаснасьці».

2) адсьпяваньне гімну «Не пагаснуць зоркі ў небе…» Сьвяткаваньне трывала болей 3-х гадзінаў. Прысутныя на сьвяткаваньні — перад выслуханьнем лекцыі — стоячы аднамінутным маўчаньнем ушанавалі памяць памёршых і загінуўшых барацьбітоў за волю і лепшую долю беларускага народу. 

Дзеля наданьня ўрачыстага характару для народнага беларускага сьвята, некалькі дзён перад днём 25-га сакавіка, тутэйшыя беларусы ў складчыну сабралі грошы і закупілі матэр’ял на бел.- чырвона-белы беларускі сьцяг. Сшыты сьцяг быў вывешаны на раніцы ў дзень сьвяткаваньня над вуліцай і вісеў пакуль павядомленая нягоднымі адзінкамі паліцыя ня прыйшла і яго не сканфіскавала.

Вывешаны сьцяг радаваў сэрцы ўсіх шутаўскіх сьведамых Беларусаў, а смуціў і напаўняў жоўцю ненавісьці некаторых нясьведамых (а яшчэ і такіх нажаль ёсьць у Шутавічах) Беларусаў.

Паступак смаргонскай паліцыі лічым нязгодным з існуючым у Польшчы правапарадкам. Дзеля гэтага — проціў такога паступку паліцыі протэстуем і клічам адпаведныя ўлады заняцца гэтай справай і пакараць паліцыю за ейную самаволю. Сябра».

Biełaruskaja Krynica, Nr. 15, 7 красавіка 1935 года

«Шальціны, Браслаўскага павету. Дзень Беларускага Народнага Сьвята 25.ІІІ. б. г. Шальцінаўскі Гурток БІГіК маніўся адзначыць сьвяткаваньнем з адпаведным рэфератам, сьпевамі і дэклямацыямі вершаў. Усё патрэбнае было прыгатавана і загадзя была выслана заява ў браслаўскае Стараства. Стараства аднак публічнага сьвяткаваньня праводзіць не дазволіла, матывуючы забарону тым, што памешканьне «nie odpowiada warunkom bezpieczeństwa» і г. д. Дзеля гэтага сьвяткаваньне змагло адбыцца толькі ў вузкім кругу сяброў Гуртка. Наддзьвінскі».

Biełaruskaja Krynica, Nr. 17, 12 красавіка 1936 года

«Юшкі, каля Вільні. Наш гурток Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры сёлета 25 Сакавіка ў 18-я ўгодкі Абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі наладзіў урачысты сход сваіх сяброў і гэтак адзначыў вялікі дзень беларускага народнага сьвята. Урачысты сход сяброў гуртка, у зачыненым памешчаньні, наладзіў акадэмію, а пасьля акадэміі дэклямацыі беларускіх вершаў. Акадэмію адчыніў і прачытаў рэфэрат старшыня гуртка грам. Я. Ярмалковіч. Сябры гуртка пасьля акадэміі разышліся з верай, што праўда пераможа. Незалежнік».

Міжволі паўстае пытанне: а ці будзе сёлета юбілей незалежнасці святкавацца ў тых рэгіёнах у беларускай правінцыі, дзе ён адзначаўся, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, у міжваенны перыяд?

Адшукаў Кастусь Шыталь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930