Знайсці
11.03.2018 / 18:50106РусŁacБел

Новы этап вайны за розумы беларусаў — расійскі журналіст пра кліп Галыгіна

Максім Гаруноў — спецыяльна для «Нашай Нівы».

Да 8 Сакавіка гурт «Ленінград» разам з комікам Вадзімам Галыгіным запісаў п'есу і зняў відэа на беларускай мове. У п'есе дзве сюжэтныя лініі. У першай — рубенсаўская Венера з аграгарадка, знемагаючы ад жару, чакае ў госці свайго заморыша-Гефеста, ролю якога выконвае Галыгін. Гефест, як і належыць богу кавальскай справы, забыўшыся пра вясну, напіваецца з калегамі ў трактарным гаражы. У другой — жаночы хор, палаючы тым жа юрам, што і Венера, робіць дырыжору знакі ўвагі.

Да канца п'есы, стаміўшыся ад чакання і не валодаючы сабой, Венера скідае з сябе адзенне і хапае са стала масіўны агурок. Жаночы хор, кінуўшы аксамітныя кулісы, атачае дырыжора-Ярмоленку і сцягвае з яго пінжак і штаны.

П'еса, увогуле, смешная і добрая, у духу жыццярадасных замалёвак Бакача пра рамантычныя прыгоды тасканскіх сялян. Праблема, што гэты раптоўны зварот да братняга народа здарыўся за два тыдні да святкавання дня незалежнасці Беларусі.

На 25 Сакавіка ў Мінску запланаваны святочны канцэрт у гонар стагоддзя БНР. У бліжэйшыя два тыдні відэа «Ленінграда» паглядзяць некалькі мільёнаў чалавек. У першую чаргу, вядома, беларусаў: калі яшчэ расійскія зоркі такой велічыні пяройдуць на беларускую мову? За апошнія трыццаць гадоў гэта адзіны выпадак. Можна не сумнявацца: калі 25 сакавіка грамадскія актывісты са сцэны будуць вымаўляць палымяныя прамовы аб незалежнасці сваёй краіны, у смартфонах будзе гучаць п'еса «Ленінграда». І на сцэне, і ў смартфоне будзе гучаць адна мова, але розніца паміж імі будзе каласальнай.

Беларуская мова грамадзянскіх актывістаў — гэта мова палітычнай нацыі; мова гараджан, якія патрабуюць незалежнасці, грамадзянскіх свабодаў і права ўплываць на лёс сваёй краіны.

Калі ў свой час чэхі пазбыліся апекі Аўстра-Вугорскай імперыі, яны дэманстратыўна вярнуліся да мовы продкаў, адкінуўшы нямецкую, на якой размаўлялі аўстрыйскія чыноўнікі. Кожнае слова на чэшскай тады гучала з напалам і запалам «Марсэльезы». Рыхтык гэтаксама гучала фінская мова на мітынгах у Хельсінкі, калі фіны — ахвяры дзвюх імперый, шведскай і расійскай — з боем сыходзілі ад Расеі.

Беларуская мова гурту «Ленінград» і коміка Галыгіна — гэта апалітычная каланіяльная мова.

Яна як бы па-за палітыкай, супраць буржуазных каштоўнасцяў і незалежнасці ад метраполіі. Так, гэта тая самая беларуская мова. Такая ж, як і ў грамадзянскіх актывістаў, але без іх вызвольнага імпэту, без палітычных патрабаванняў. У ёй няма пратэсту супраць падпарадкаванага становішча і асіміляцыі. Няма патрабавання расстацца з усходнім суседам і вярнуцца ў Еўропу. На такой мове гавораць лаялісты: людзі, якія і сапраўды шкадуюць аб тым, што іх мова і ідэнтычнасць знікаюць, распускаючыся ў мове і ідэнтычнасці метраполіі. Часам яны, каб заглушыць настальгію, чытаюць кнігі на роднай мове, смажаць дранікі і слухаюць «Песняроў». Але ўступаць у палітычную барацьбу яны не будуць і гэта іх прынцыповая пазіцыя.

Як піша гісторык Алена Маркава, мова «Ленінграда» і Галыгіна паўстала не сёння. За ёй стаіць савецкая беларусізацыя дваццатых гадоў, сутнасць якой зводзілася да таго, каб даць беларусам іх мову, пакуль яны не ўзялі яе самі.

Масква, назіраючы за сумным лёсам Аўстра-Венгрыі, вырашылі пайсці насустрач нацыяналістам і ў выніку на свет з'явілася ўнікальная з'ява: калонія, што гаворыць на сваёй мове, са сваім пантэонам пісьменнікаў і паэтаў, якая захоўвае пры гэтым вернасць метраполіі. Спасылаючыся на Маркаву, мы можам лёгка сабе ўявіць Вадзіма Галыгіна і групу «Ленінград» у годзе гэтак дваццаць пятым у складзе ўдарнай агітацыйнай брыгады з Масквы, якая весела, «па-народнаму» — з музыкай, танцамі і тлустымі жартамі — пераконвае полацкую моладзь ўступаць у камсамол. Пераконвае на беларускай мове, імкнучыся перахапіць ініцыятыву ў актывістаў БНР з іх еўрапейскім шляхам і ліберальнымі каштоўнасцямі.

Уласна, 25 сакавіка, на Дзень Волі, мы будзем сведкам працягу гэтай бітвы за розумы, якая доўжыцца вось ужо сто гадоў.

З аднаго боку будуць стаяць праеўрапейскія грамадзянскія актывісты, чые лозунгі збольшага ніяк не змяніліся за мінулы век. З другога боку будуць стаяць знатныя маскоўскія агітатары і адзін калабарацыяніст, якія спяваюць пра «лезе ў трусы рука». Невядома, хто ў выніку будзе больш пераканаўчы. Аднак ужо адно тое, што барацьба доўжыцца сто гадоў, гэта значыць, пятае пакаленне запар, кажа нам пра тое, што вынік дагэтуль не ясны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930