Знайсці
11.03.2018 / 20:076РусŁacБел

Што гэта за пояс WBA, які заваяваў беларускі баксёр Кірыл Рэліх? Тлумачым

Беларус Кірыл Рэліх раніцай 11 сакавіка (па мінскім часе) разгромна (117:110, 118:109, 118:109) перамог кубінца Ранзеса Бартэлемі і стаў чэмпіёнам свету ў першай паўсярэдняй вазе (да 63,5 кг) па версіі WBA. 

Ці гэта абсалютнае чэмпіёнства і лепш за яго нікога няма? Тлумачым. 

У боксе ёсць чатыры асноўныя федэрацыі: WBA (сусветная баксёрская асацыяцыя), WBO (сусветная баксёрская арганізацыя), WBC (сусветная баксёрская рада) і IBF (міжнародная баксёрская федэрацыя). Астатнія не маюць вагі. 

Драбіліся федэрацыі па розных прычынах: недзе прычынай былі грошы, недзе — недавер да кіраўніцтва. 

Самая старэйшая з іх WBA, па аўтарытэце яна канкуруе з WBC, IBF i WBО ідуць за імі. 

Існаванне некалькіх федэрацый не з'яўляецца праблемай, таму што таленавітых баксёраў, якія маглі б прэтэндаваць на пояс, шмат. Калі б яна была адна, то ў чэмпіёна проста не хапіла б сіл адбівацца ад абавязковых прэтэндэнтаў на тытул, а прэтэндэнты паспелі б пасівець, пакуль сталі б тымі прэтэндэнтамі, выясняючы паміж сабой, хто варты змагацца з адзіным чэмпіёнам. 

З іншага боку тут і бізнес: з'яўляецца інстытут абсалютнага чэмпіёнства, калі лепшыя б'юцца паміж сабой за аб'яднанне тытулаў. А гэта добра манетызуецца.

Дык а што можна сказаць пра пояс WBA, які заваяваў Рэліх? 

Кірыл Рэліх

Тут лепш скажуць прозвішчы: такі самы пояс у той жа самай катэгорыі ў свой час мелі такія зоркі боксу як Рыкі Хатан і Косця Цзю. 

Менавіта пояс WBA Тайсан прайграў Холіфілду, у ходзе «трыллера ў Маніле» Мухамед Алі і Джо Фрэйзер аспрэчвалі пояс WBA i WBC. 

Поясам WBA ў свой час валодалі ці змагаліся за яго такія баксёры, як Шугар Рэй Робінсан, Рой Джонс, Роккі Марчыяна, Тайсан Ф'юры, Уладзімір Клічко, Флойд Мэйуэзер, Оскар Дэ Ла Хойя, Генадзь Галоўкін, Сауль Альварэз.

Валоданне трыма асноўнымі паясамі: WBA, WBC i IBF робіць баксёра абсалютным чэмпіёнам. Такіх спартоўцаў за ўсю гісторыю было ўсяго некалькі.

Цяпер у планах Рэліха аб'яднаць свой пояс з поясам IBF, а далей замахнуцца на WBC і, магчыма, стаць абсалютным чэмпіёнам, першым у гісторыі Беларусі: поясам IBF таксама ад 11 сакавіка валодае Майкі Гарсія (5 месца ў рэйтынгу лепшых баксёраў у незалежнасці ад вагавай катэгорыі), так што Рэліху давядзецца цяжка, але і кубінец Бартэлемі да сустрэчы з ім не ведаў паразаў. 

Тытул у гэтай катэгорыі па версіі WBC на сённяшні момант вакантны. 

АЯ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера