Знайсці
11.03.2018 / 15:3010РусŁacБел

У цэнтры Берасця прайшла акцыя пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ФОТА

Больш за 100 жыхароў Берасця і раёна выйшлі 11 сакавіка на плошчу Леніна ў абласным цэнтры, каб абмеркаваць будаўніцтва акумулятарнага завода ў свабоднай эканамічнай зоне. Рэпартаж з акцыі апублікаваў TUT.BY.

Падчас акцыі збіралі подпісы за правядзенне санкцыянаванага мітынгу супраць будаўніцтва заводу АКБ.

Людзі збіраюцца на цэнтральнай плошчы Берасця ўжо трэцюю нядзелю запар. Як і раней, 11 сакавіка яны ня разгортвалі транспарантаў і ня агучвалі лозунгаў. Удзельнікі акцыі пратэсту стаялі групамі, размаўлялі і кармілі галубоў.

Актывіст АГП Аляксандр Кабанаў, які таксама прыйшоў у нядзелю, назваў гэтую сустрэчу «мірнай акцыяй пратэсту».

— Людзі выйшлі выказаць сваё стаўленне да будаўніцтва акумулятарнага завода. Сёння [прыйшло людзей] значна больш, чым у мінулы раз. Усе ўжо адзін аднаго пазнаюць, вітаюцца, — распавёў актывіст.

Аляксандр Кабанаў.

Пратэстоўцы агучылі планы сабрацца на чарговы мітынг і ў наступную нядзелю. У гутарцы з журналістамі Аляксандр Кабанаў выказаў надзею на тое, што праз тыдзень збярэцца яшчэ больш людзей. Па словах суразмоўцы, акцыі спыняцца, калі прыпыніцца будаўніцтва завода і пачнецца дыялог з актывістамі.

— Завод, можа, і павінен быць, але не тут, — перакананы Аляксандр Кабанаў.

Жыхарка Берасця Наталля прыходзіць на плошчу трэцюю нядзелю запар. У гутарцы з TUT.BY яна распавяла, што занепакоена будаўніцтвам акумулятарнага завода.

— Я ўпэўнена, што гэты завод не дадасць экалагічнасці, чысціні нашаму гораду. Напярэдадні 1000-годдзя Берасця гэта самы дрэнны падарунак, які маглі зрабіць нашаму гораду, — падзялілася эмоцыямі Наталля.

На пытанне, як доўга яна гатовая прыходзіць на плошчу ў знак пратэсту, Наталля адказала: «заўсёды».

— Да таго часу, пакуль не закрыюць гэты завод. Я лічу, што нічога заганнага мы не робім. Мы не парушаем грамадзкі парадак, лозунгаў не прамаўляем. Мы хочам, каб улады звярнулі ўвагу на нашу занепакоенасць, — патлумачыла сваю пазіцыю жанчына.

Напрыканцы сустрэчы актывісты ініцыявалі збор подпісаў пад зваротам да гарадзкіх уладаў з просьбай правесці ў горадзе санкцыянаваны мітынг, прысвечаны пытанню будаўніцтва завода.

А 13-й людзі сталі разыходзіцца. Абышлося без затрыманняў.

Раней праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода выходзілі на плошчу 4 сакавіка і 25 лютага. 

Будаўніцтва акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Пытаннем будаўніцтва занепакоеныя жыхары Берасця, некалькіх бліжэйшых вёсак і садовых таварыстваў. Галоўнае, што хвалюе людзей, — гэта ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Аднак праведзеная да пачатку будаўніцтва экспертыза паказала, што «негатыўнае ўздзеянне праектаванага аб'екта на атмасфернае паветра, паверхневыя і падземныя воды, нетры, глебу, жывёльны і раслінны свет, а таксама на чалавека нязначнае», а «ўвод праектаваных аб'ектаў у эксплуатацыю не прывядзе да парушэння прыродна-антрапагеннай раўнавагі». Праціўнікі будаўніцтва ставяць пад сумнеў гэтыя высновы.

22 лютага ініцыятыўная група падала ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот з патрабаваннем прыпыніць будаўніцтва завода, пад якім падпісаліся больш за 36 тысяч чалавек.

tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера