Знайсці
10.03.2018 / 21:0148РусŁacБел

Партыя Пазняка дамаўляецца з уладамі наконт «Каменя БНР» у Менску. Ужо паспрыяла Акадэмія навук

Камень у гонар БНР, які плянуюць усталяваць у Менску. Фотаздымак Алены Гушчы

Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ вядзе перамовы зь Менгарвыканкамам наконт усталяваньня памятнага каменя ў сквэры каля тэатру імя Янкі Купалы, піша Радыё Свабода. У гэтым будынку ў сьнежні 1917 году адбыўся Першы Ўсебеларускі Зьезд. Менавіта Выканаўчы Камітэт Зьезду пазьней ініцыяваў абвяшчэньне незалежнасьці БНР.

Эскіз выявы на камені распрацаваў мастак Аляксей Марачкін. Паводле ўступнай вэрсіі, на ім будуць выбітыя словы пра 100-годзьдзе БНР і лёзунг «Беларусь — навечна».

«Працэс ідзе. Ідуць перамовы наконт юрыдычнага ўпарадкаваньня ўсіх справаў, зьвязаных з усталяваньнем гэтага каменя», — распавяла Свабодзе прыхільніца КХП-БНФ Алена Гушча.

Каб атрымаць дазвол ад уладаў, партыя Зянона Пазьняка зьвярнулася ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук з просьбай пацьвердзіць важнасьць для гісторыі Беларусі ўтварэньня БНР. У адказе дырэктара Інстытуту гісторыі НАН Вячаслава Даніловіча гаворыцца:

«Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі зьяўляецца важнай падзеяй у гісторыі Беларусі. Нягледзячы на тое, што БНР як дзяржава не адбылася, упершыню была ня толькі сфармулявана ідэя нацыянальнай дзяржаўнасьці, але і зроблены практычныя крокі па яе рэалізацыі».

Цяпер КХП-БНФ чакае заключэньня ад Міністэрства культуры пра неабходнасьць устаноўкі памятнага каменя. Як толькі будзе атрыманы дазвол, пачнецца збор сродкаў на яго ўсталяваньне.

Зянон Пазьняк ініцыяваў ідэю ўсталяваньня падобных камянёў па ўсёй Беларусі і за яе межамі, там, дзе жывуць беларусы.

Дзмітрый Гурневіч, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930