Знайсці
09.03.2018 / 13:5722РусŁacБел

Анатоль Сідарэвіч. 9 сакавіка — 100 год нашай першай Канстытуцыі

9 сакавіка 1918 Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага З’езду выдаў 2-ю Устаўную Грамату да народаў Беларусі. Наша краіна была абвешчана Народнаю Рэспублікай. Піша гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Левыя і правыя ў беларускім руху

Гістарычны кантэкст з’яўлення 2-й Устаўнай Граматы даволі складаны.

Апублікаваная 21 лютага 1-я Устаўная Грамата не давала адказу на шэраг пытанняў: што такое Беларусь, якія яе межы, які яе дзяржаўны і палітычны лад, які яе прававы статус: застаецца яна ў складзе Расіі ці ўжо становіцца самастойнай, суб’ектам міжнароднага права?

Можна казаць, што аўтары 1-й Устаўнай Граматы ці то памыліліся, ці то не выявілі адвагу, не абвясціўшы ўжо 21 лютага незалежнасць Беларусі. Тады б наша краіна, напэўна, была б прызнаная як мінімум Нямеччынай і, мажліва, яе сатэлітамі. Прызналі ж яны Украіну. Але гэтак можна разважаць з вышыні пазнейшага часу, калі сталі ясныя ўсе геапалітычныя раскладкі пачатку 1918-га. Вярнуўшыся, ужыўшыся ў сітуацыю тае пары, мы мусім прызнаць, што беларуская палітычная эліта, найперш Беларуская Сацыялістычная Грамада, яшчэ не была гатовая да такога кроку. Асобныя людзі былі гатовыя, але партыя ў цэлым — не. Да таго ж у партыі адначасна адбываліся і цэнтраімклівы і адцэнтрабежны працэсы.

Адны сацыялісты (Аляксандр Чарвякоў, Язэп Лагун ды іншыя), стоячы на нацыянальных пазіцыях, але падзяляючы бальшавіцкую сацыяльную і палітычную праграму, яшчэ з восені 1917-га пачалі ствараць Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. Паступова сябры гэтай партыі ўвальюцца ў Расійскую камуністычную партыю бальшавікоў і ў красавіку 1918-га пачнуць ствараць беларускія секцыі РКП(б). Другія сацыялісты, таксама стоячы на беларускіх пазіцыях і не падзяляючы бальшавіцкі падыход да сацыяльных і палітычных пытанняў, усё ж вызнавалі, як, напрыклад, Палута Бадунова, раннемарксісцкі тэзіс «спачатку сацыяльнае, а потым нацыянальнае». 

І, нарэшце, трэцяя плынь, стоячы на нацыянальных пазіцыях, прызнавала познемарксісцкае, выпрацаванае Фрыдрыхам Энгельсам: без нацыянальнага не можа быць вызвалення сацыяльнага; інтэрнацыяналізм магчымы паміж самастойнымі нацыямі. Антон Луцкевіч назваў дзеячаў гэтае плыні: Сымон Рак-Міхайлоўскі, Аркадзь Смоліч, Язэп Лёсік, Аляксандр Прушынскі (Алесь Гарун) ды іншыя. Гэта сацыял-дэмакраты, марксісты. Неабходна было, каб дзве плыні ў адной партыі паразумеліся.

А што беларускія правыя? Яны на чале з Раманам Скірмунтам 25 лютага стварылі Менскае беларускае прадстаўніцтва (інакш Беларускае народае прадстаўніцтва). У тым прадстаўніцтве з’ядналіся і паправелыя сябры БСГ (Аляксандр Уласаў), і будучыя пакутнікі, як айцы Вінцэнт Гадлеўскі, Лаўр Васюковіч ды Сцяфан Кульчыцкі, і асобы не надта сімпатычныя, як Павел Аляксюк ды Рамуальд Зямкевіч.

Яны былі за культуру і самабытнасць беларускага народу ды нават разважалі пра незалежнасць нашай краіны. Адно ім шкодзіла: у сацыяльна радыкалізаваным асяроддзі іх палітычныя і сацыяльна-эканамічныя ідэі былі малазапатрабаваныя.

Да таго ж амаль усе яны не былі ўдзельнікамі Ўсебеларускага З’езду, а тыя, хто быў, як, да прыкладу, Аляксюк, не трапілі ў Раду З’езду. Таму цяжар барацьбы за Беларусь клаўся на плечы сацыялістаў, на сябраў Рады Ўсебеларускага З’езду, яе Выканаўчага Камітэту. (Калі 21 лютага 26-гадовы Язэп Варонка ўзначаліў Народны Сакратарыят Беларусі, на чале Выканаўчага Камітэту стаў 22-гадовы сацыяліст-рэвалюцыянер Тамаш Грыб. Адмыслова звяртаю ўвагу на тое, што айцы БНР былі яшчэ даволі маладыя людзі.) 

 

Мае пярэчанні Ігару Марзалюку

У сёлетняй студзеньскай дыскусіі за круглым сталом у рэдакцыі газеты «Звязда» доктар Ігар Марзалюк заявіў, што «нельга лічыць стваральнікаў БНР правапераемнікамі ідэй 1-га Ўсебеларускага З’езду», бо дэлегаты 1) прызналі савецкую ўладу, 2) прызналі цэнтральны (бальшавіцка-леваэсэраўскі) урад на чале з Леніным і 3) выступалі за дзяржаўную сувязь Беларусі з Расійскай дэмакратычнай рэспублікай.

Што ж, будзем абвяргаць доктара Марзалюка па пунктах.

1. Што такое саветы ў разуменні бальшавікоў? Гэта органы дыктатуры пралетарыяту. Якая ж дыктатура пралетарыяту ў сялянскай краіне? Нават самі бальшавікі жартавалі, што дыктатура пралетарыяту з’яўляецца насамрэч дыктатурай сакратарыяту (Цэнтральнага Камітэта бальшавіцкай партыі). Усе рашэнні саветаў рыхтуюцца ў партыйных камітэтах, а дэпутаты толькі галасуюць за іх.

У разуменні ж сацыялістычных партый савет/рада — гэта орган, у якім абраныя працоўным народам дэпутаты советуются/раяцца.

Нават левыя эсэры, якія былі ўступілі ў кааліцыю з бальшавікамі, вуснамі Барыса Камкова заявілі, што ў краіне павінна быць не дыктатура пралетарыяту, а дыктатура дэмакратыі. Такое разуменне саветаў падзялялі і сябры БСГ ды сацыялісты-рэвалюцыянеры — удзельнікі Ўсебеларускага З’езду. На гэтае адрозненне бальшавікоў ад рэшты сацыялістаў не звярталі ўвагу сваіх вучняў савецкія выкладчыкі гісторыі, але сучасным выкладчыкам варт было б звяртаць.

2. На што яшчэ не звяртаюць увагу сваіх вучняў выкладчыкі, дык на тое, што ўрад Расіі, створаны ў кастрычніку 1917-га, быў часовым — «да склікання Устаноўчага Сходу», як запісана ў дэкрэце ІІ Усерасійскага з’езду Саветаў.

Удзельнікі Ўсебеларускага З’езду (што сябры БСГ, што сябры ПСР) прызнавалі ўрад на чале з Леніным да таго часу, пакуль ён не разагнаў Усерасійскі Ўстаноўчы Сход і не расстраляў дэманстрантаў, якія выйшлі падтрымаць народных абраннікаў.

З гэтага моманту бальшавікі сталі ўзурпатарамі. Тут, праўда, зробім агаворачку: ужо пасля разгону Усебеларускага З’езду чуліся галасы, асабліва з эсэраўскіх шэрагаў, што з бальшавікамі трэба змагацца зброяй. Кажучы словамі Карла Маркса, зброю крытыкі памяняць на крытыку зброяй.

Пасля таго, як Ленін на ІІІ Усерасійскім з’ездзе Саветаў, выкладаючы бальшавіцкае разуменне дэмакратыі, апраўдаў гэтыя разгоны і назваў сацыялістаў — абаронцаў дэмакратыі — здраднікамі «сапраўднага сацыялізму», прорва паміж яго партыяй і астатнімі сацыялістамі толькі пашырылася і паглыбілася.

3. Так, удзельнікі Усебеларускага з’езду выказаліся за дзяржаўную сувязь Беларусі з Расійскай дэмакратычнай і — дадам — федэратыўнай рэспублікай. Ключавое слова тут — «дэмакратычнай». Калі адчыніўся Усерасійскі Устаноўчы Сход, слова ўзяў Якаў Свярдлоў і прапанаваў дэпутатам прыняць Дэкларацыю правоў працоўнага і эксплуатаванага народу.

Бальшавікі патрабавалі ад дэпутатаў ухваліць іх палітыку. Калі доктар Марзалюк чытаў гэты дакумент, ён мог убачыць, што ў ім нічога не сказана аб недатыкальнасці асобы, жылля і маёмасці, аб таямніцы перапіскі, аб свабодзе слова, аб праве на асацыяцыі і да таго падобных «буржуазных» правах і свабодах.

Затое абвяшчалася, што савецкая ўлада, цвёрда пойдзе па шляху «да поўнай перамогі міжнароднага работніцкага паўстання супраць іга капіталу» («Мы на горе всем буржуям мировой пожар раздуем»). Натуральна, што сацыялісты-рэвалюцыянеры і прадстаўнікі іншых сацыялістычных партый, якія мелі значную большасць мандатаў, не маглі падтрымаць бальшавіцкую мадэль дзяржаўнага, палітычнага і грамадскага ладу.

Разгонам Устаноўчага Сходу на шляху дэмакратычнага развіцця Расіі быў пастаўлены сапраўдны блакпост. Ці маглі жадаць еднасці з такой Расіяй сябры Рады Ўсебеларускага З’езду? Пытанне рытарычнае.

Нават нямецкая камуністка Роза Люксембург у сваім «Рукапісе аб рускай рэвалюцыі» выступіла апаненткай бальшавікоў. Пра стаўленне да бальшавікоў «марксісцкага папы» Карла Каўцкага і бацькі расійскай сацыял-дэмакратыі Георгія Пляханава доктар Марзалюк, спадзяюся, ведае. Дык ці дзіва што нічога супольнага з бальшавіцкай Расіяй не хацелі мець беларускія сацыялісты?

Пераемнікам ідэй Усебеларускага З’езду доктар Марзалюк называе Беларускі нацыянальны камісарыят, які дзейнічаў спачатку ў Петраградзе, а потым у Маскве. Не ведаю, ці чытаў доктар Марзалюк артыкул пра Белнацкам свайго калегі Рыгора Лазько. А доктар Лазько паказаў, што бальшавікі і гэтую ўстанову не лічылі цалкам «сваёй». Не з Белнацкамам Масква вырашала пытанне аб утварэнні ССРБ, а з Беларускімі секцыямі РКП(б), якія правялі сваю канферэнцыю ў снежні 1918-га. У Цэнтральным Бюро гэтых секцыяў мы бачым былых старшыняў БСГ (Зміцера Жылуновіча ды Язэпа Дылу) і былых сябраў партыі Язэпа Няцецкага ды Аляксандра Чарвякова. Аб ролі секцыяў у свой час адмысловы артыкул напісаў Жылуновіч. І за гэта яму нагарэла. Дык што, пытаўся адзін бальшавіцкі аўтар, БССР не было б, калі б не беларускія секцыі? Зрэшты, да гэтага пытання варт будзе вярнуцца напярэдадні 100-годдзя БССР.

 

Зноў пра кантэкст

Такім чынам, досвед сужыцця з бальшавікамі, разгон Усебеларускага З’езду і Усерасійскага Устаноўчага Сходу, бальшавіцкія метады кіравання палітычным і грамадскім жыццём ды нацыянальная палітыка (асабліва аселых у Смаленску мясніковых ды кнорыных) усё больш знеахвочвалі беларускіх сацыялістаў жыць у адной дзяржаве з Расіяй.

Аднак на пачатку сакавіка 1918 года сярод беларускіх сацыялістаў, якія стаялі на нацыянальным грунце і не падзялялі бальшавіцкага падыходу да вырашэння шмат якіх пытанняў, яшчэ не было адзінства наконт таго, ці трэба абвяшчаць Беларусь незалежнай дзяржавай.

Як можна думаць, бальшавікі не выключалі, што раней ці пазней следам за Украінай і Літвой пра сваю самастойнасць могуць заявіць іншыя былыя ўладанні Расійскай імперыі — Беларусь, Латвія, Эстонія. Тое, што Нямеччына прызнала Украіну, не магло не ўстрывожыць бальшавікоў. Вярнуўшыся за стол перамоваў у Берасці, яны дамагліся ад Нямеччыны абяцанкі, што яна не прызнае ўтвораныя пасля падпісання мірнай дамовы новыя дзяржавы.

Падпісаную 3 сакавіка мірную дамову Нямеччыны і яе хаўруснікаў з Расіяй таксама трэба браць пад увагу, калі мы разважаем пра гісторыю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. І тое, што 25 сакавіка, як мы чытаем у пратаколе Менскай гарадской думы, немцы выгналі Народны Сакратарыят з яго памяшкання (губернатарскага дома), таксама не трэба забываць.

 

Акт 9 сакавіка

2-ю Устаўную Грамату, выдадзеную Выканаўчым Камітэтам Рады Усебеларсукага З’езду, трэба разглядаць як чарговы этап беларускай нацыянальнай рэвалюцыі.

Хочацца асабліва звярнуць увагу на напісанае ў прэамбуле. Чытаем: «Пасля трох з паловаю вякоў і няволі ізноў на ўвесь свет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць». Злучнік «і» паміж словамі «вякоў» і «няволі», пэўна, памылка друку. А вось словы пра 350 год няволі прымушаюць пачаць летазлічэнне. 

Калі ад 1918 адняць 350, атрымаецца 1568. Значыць, айцы БНР лічылі няволяй для нашага народа і жыццё пад уладай цароў, і жыццё ў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, якая паўстала ў 1569 годзе і захавала даволі шырокую аўтаномію ВКЛ. Гэта трэба мець на ўвазе, калі мы разважаем пра моцныя антыпольскія настроі ў нашым вызвольным руху.

Хто быў аўтарам 2-й Устаўнай Граматы, хто падпісаў яе? На жаль, у літаратуры згадкі пра аўтарства мне не сустракаліся. Не бачыў я і машынапіс Граматы. Што тычыць подпісаў, то вядома, што пасля ўтварэння Народнага Сакратарыяту Язэп Варонка саступіў месца старшыні ў Выканаўчым Камітэце Рады Ўсебеларускага З’езду Тамашу Грыбу. Значыць, ягоны подпіс пад Граматай павінен быў стаяць. Чый яшчэ? Варонкаў? Косцевічаў?

2-я Устаўная Грамата — гэта накід нашай канстытуцыі, бо ў ёй утрымліваюцца пастановы «аб дзяржаўным устрою Беларусі аб правох і вольнасцях яе грамадзян і народаў».

У Грамаце утрымліваецца адказ на пытанне, што такое Беларусь. Гэта дзяржава «у рубяжох рассялення і лічбеннай перавагі беларускага народу». У гэтых рубяжох і была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.

Асноўныя законы БНР належала зацвердзіць Устаноўчаму Сойму, які меркавалася выбраць на асновах усеагульнага роўнага простага (прамога) прапарцыйнага выбарчага права з таемым галасаваннем. Выбарчым правам надяляліся жанчыны і мужчыны ўсіх нацыянальнасцяў і веравызнанняў.

Да Устаноўчага Сойму заканадаўчая ўлада перадавалася Радзе Усебеларускага З’езду. Пры гэтым Раду, як і было вырашана яшчэ ў снежні 1917-га на сходзе ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі, належала папоўніць прадстаўнікамі іншых, апроч беларускага, народаў. І ў яе склад будуць кааптаваныя габрэі, літоўцы, палякі, рускія, украінцы.

Натуральна, пераважна сацыялісты. Выканаўчая і адміністрацыйная ўлада перадавался Народнаму Сакратарыяту, які быў адказны перад Радай. Такім чынам, у БНР меркавалася ажыццявіць падзел уладаў.

А потым пералічваліся правы і свабоды грамадзян: недатыкальнасць асобы і памяшкання (жылля), свабода слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, безумоўная свабода сумлення — карацей усё тое, чаго не было ў бальшавіцкай дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатаванага народа.

Усім народам у БНР гарантавалася права на нацыянальна-персанальную аўтаномію. Абвяшчалася роўнасць моў. Тут зробім заўвагу.

Прынцып роўнасці чатырох моў (беларускай, ідыша, літоўскай і польскай) упершыню быў уведзены фельдмаршалам Паўлем фон Гіндэнбургам у канцы 1915 года на абшарах Обер-Осту — паднямецкай тэрыторыі Беларусі і Літвы. Гэты прынцып датрывае ў Беларусі да 1937 года — да прыняцця «сталінскай» канстытуцыі БССР.

З тае прычыны, што Грамату складалі сацыялісты, права прыватнай уласнасці на зямлю касавалася. Меркавалася без выкупу перадаць зямлю тым, хто на ёй працуе. Таксама касавалася права прыватнай уласнасці на лясы, азёры і нетры зямлі. Не згаданыя рэкі. Але няма сумнення, што і яны не маглі быць чыёйсьці прыватнаю ўласнасцю. У духу сацыялістычнай праграмы ўводзіўся 8-гадзінны рабочы дзень.

 

Рэзананс і пытанне без адказу

2-я Устаўная Грамата была на «ўра» прынятая ўсімі сацыялістычнымі партыямі, якія дзейнічалі ў той час на непадсавецкай тэрыторыі Беларусі. Больш стрымана да яе паставіліся правыя. Іх не задавальнялі сацыяльныя пункты Граматы. І немцаў таксама. Гэтым многія і тлумачаць стрыманае стаўленне немцаў да БНР.

Хоць Беларусь і была абвешчана дзяржавай, народнай рэспублікай, без адказу заставалася істотнае пытанне: які статус гэтага дзяржаўнага ўтварэння? Яно па-ранейшаму ў складзе Расіі, але як аўтаномная яе частка, ці ўжо самастойнае?

 

Тым часам у Вільні

Пасля Берасцейскага міру сталі магчымымі кантакты Вільні і Менска. У Вільні са студзеня 1918-га дзейнічала Беларуская Рада на чале з Антонам Луцкевічам.

18 лютага, яшчэ да ўтварэння Народнага Сакратарыяту Беларусі, Рада прыняла рэзалюцыю, у якой дзяржаўныя сувязі Беларусі з Расіяй абвяшчаліся разарванымі.

Праўда, Рада і перш-наперш браты Луцкевічы яшчэ спадзяваліся аднавіць у новых умовах беларуска-літоўскую дзяржаву. Пры гэтым яны кіраваліся чыста практычным меркаваннем: каб Беларусь паспяхова развівалася, ёй патрэбны выхад да мора, а такі выхад магла забяспечыць дзяржаўная еднасць з Літвой.

У літоўцаў жа, якія 16 лютага другі раз абвясцілі адраджэнне сваёй дзяржаўнасці, былі на гэты конт свае погляды. Луцкевічам, якія даўно пазбыліся ідэі дзяржаўнай еднасці Беларусі з Польшчай і Расіяй, трэба было яшчэ трошкі — а дакладна два тыдні — пачакаць, каб канчаткова пазбыцца ідэі дзяржаўнай еднасці з Літвой і вярнуцца да сфармуляванай яшчэ ў 1903 годзе, у першай праграме Беларускай Сацыялістычнай Грамады, ідэі аб незалежнай Беларусі.

Анатоль Сідарэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера