Знайсці
11.03.2018 / 15:5218РусŁacБел

Разгромная крытыка «Гісторыі беларускага нацыяналізму» і гендарных даследаванняў: новая кніга Пётры Рудкоўскага

Упершыню рэцэнзія была апублікавана ў Journal of Belarusian Studies 2017 (Volume 8, Number 2).

Новая кніга беларускага філосафа Пятра Рудкоўскага (які год таму стаў акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў) выйшла ў выдавецтве ўроцлаўскага Калегіума Усходняй Еўропы пад назвай: «Беларускія пытанні ў кантэксце еўрапейскіх адказаў».

Фармальна кніга складаецца з трох частак: «Асацыяцыі», «Выклікі» і «Прапановы». Беларусь звычайна атаясамляецца з Лукашэнкам, савецкай спадчынай і нацыянальным нігілізмам, Еўропа — з гуманітарызмам, свецкасцю, супольнасцю нацый і крытычнай дыскусіяй. Але гэтыя звычайныя асацыяцыі аўтар прапускае праз крытычнае сіта. У якасці «выклікаў» разглядаецца еўрапеізацыя Беларусі, але, па сутнасці, асноўны змест кнігі зводзіцца да трэцяй часткі «прапановы», дзе разглядаюцца асноўныя праблемы беларускай гуманітарнай думкі: імпарт правілаў крытычнай дыскусіі ў беларускую філасофію, розныя парадыгмы нацыянальнай ідэі, дыскусіі пра рэлігійнасць і секулярызм, пра гендарныя даследаванні і пытанне абортаў.

Як лёгка заўважыць назва кнігі вельмі амбітная, не менш амбітны і яе змест: аўтар крытыкуе не толькі беларускую рэчаіснасць (і асабліва гуманітарныя практыкі ў айчынным кантэксце), але і тэндэнцыі развіцця еўрапейскага мыслення. Апроч двух складнікаў «Еўропа» і «Беларусь» варта было б дадаць і трэці: «Польшча», паколькі моцная ангажаванасць у польскі кантэкст адчувальная на старонках кнігі. Гэта невыпадкова, паколькі яна і была практычна напісаная, калі Пётр Рудкоўскі знаходзіўся ў Польшчы ў межах стыпендыі імя Льва Сапегі. З іншага боку, абазнанасць у польскіх публічных дыскусіях шмат дае аўтару дадатковых рэсурсаў, каб крытычна ставіцца да модных трэндаў і інтэлектуальных пастак нашага часу.

Сваю першую публічную рэцэнзію я надрукаваў у 2008 годзе ў часопісе ARCHE на кнігу Пятра Рудкоўскага пра беларускую нацыянальную ідэю [1]. Тая рэцэнзія была вельмі вострай і крытычнай, што можна было лёгка патлумачыць маладым запалам, узрост добра навучае стрыманасці ў выразах, але трэба аддаць і належнае аўтару: бо за гэтыя гады ён сапраўды ўзмацніў і нават упрыгожыў інтэлектуальны ландшафт Беларусі (які цяжка назваць разнастайным і квяцістым).

Пётра Рудкоўскі — гэта ўнікальны для нас аўтар, і за гэта даводзіцца яго шанаваць. Вылучае яго прыхільнасць да школы аналітычнай філасофіі, не вельмі папулярнай у нашых шыротах (хоць гэта таксама выглядае дзіўным, чаму ў момант постсавецкіх трансфармацый прасочваліся ў нашу філасофскую прастору якія заўгодна вучэнні і школы, апроч гэтага кірунку, саліднага і паважнага ў англасаксонскім свеце). У сваёй любові да прынцыпаў аналітычнай філасофіі Рудкоўскі паўстае свайго роду «белай варонай», з-за практычнай адсутнасці тут нейкіх паплечнікаў ці аднадумцаў. Але гэта дае яму неабходную дыстанцыю, каб разбіраць і прэпарыраваць беларускую інтэлектуальную сцэну.

І нельга не пазначыць яшчэ адну асаблівасць мыслення Пятра Рудкоўскага — моцную ўгрунтаванасць у хрысціянскі кансерватызм (што таксама па беларускіх стандартах з’яўляецца рэдкасцю). Але гэта не замшэлы кансерватызм рэлігійных фанатыкаў, як яго любяць звычайна рэпрэзэнтаваць. Гэта ўдумлівы і крытычны, актыўны і сацыяльна ангажаваны кансерватызм, дзе любоў да Бога не толькі не замяняе любоў да людзей і грамадства, а наадварот — стымулюе займаць актыўную пазіцыю да свету і займацца яго паляпшэннем.

Менавіта адсюль выцякае яго крытычнае стаўленне да таго, што зараз адбываецца ў Еўропе: дзе дыскурс гуманітарызму з прыярытэтам правоў чалавека вядзе да перагляду сэксуальных роляў, дзе «еўрапейскасць» атаясамляецца са свецкасцю і вядзе да барацьбы з рэлігійнымі сімваламі, дзе прапагандуецца атэізм і адкрыта распаўсюджваецца сатанізм, дзе еўрапейская інтэграцыя ставіць пад пытанне нацыянальны суверэнітэт, і, што важна, дзе размываюцца прынцыпы крытычнай дыскусіі. Тут пазіцыя Пятра Рудкоўскага сапраўды больш сугучная тым тропам крытыкі еўрапейскага праекта, якія распаўсюджаны ў польскім інтэлектуальным асяроддзі (асабліва сярод каталіцкіх кансерватараў). З іншага боку, крытыка гэта праводзіцца ў канспектыўным фармаце, яўна патрабуе адмысловага разгортвання, таму і я тут не буду на ёй засяроджвацца.

Значна цікавейшым уяўляецца для нас усё ж аналіз беларускай сітуацыі, дзе аўтар спачатку разбірае прадстаўленасць і пашыранасць праеўрапейскіх поглядаў у беларускім грамадстве (што найбольш цікава польскім чытачам), а потым пераходзіць да крытыкі беларускай публічнай «постакадэмічнай» прасторы, якой аўтар на самым пачатку закідае наступныя непрывабныя рысы: ігнараванне фактаў на карысць ідэалаў, мысленне ў катэгорыях прызначэння, халізм, перавага неправяральных сцверджанняў. Зразумела, што такія закіды вымагаюць ад аўтара трымацца выключнай інтэлектуальнай чысціні і ўзроўню, але гэта насамрэч не заўжды ў яго атрымліваецца.

Найперш на арэхі моцна дастаецца беларускай філасофіі,

але галоўны прыцэл тут змешчаны нават не на афіцыйную і інстытуяналізаваную філасофію (яна зараз знаходзіцца ў такім жудасным стане ў нашай краіне, што нават лаяцца на яе няма сэнсу, можна толькі з сумнымі ўздыхамі забіваць цвікі ў труну). Цікавей аналізаваць незалежную сферу мыслення, якая сапраўды прадукуе вартыя ўвагі тэксты. Галоўны закід, які робіць Пётра Рудкоўскі дадзенай сферы — гэта метадалагічны анархізм, поўная выключанасць з заходнееўрапейскай метадалогіі навукі. Хоць адзін выпадак ён адмыслова вымушаны агаворваць — метадалагічны гурток, які згуртаваны вакол Уладзімір Мацкевіча, які не паддаецца стандартам аналітычнай філасофіі (і таму здзіўляе аўтара). Тут прынцыпова іншае,

беларускае мысленне сапраўды існуе на мяжы філасофіі і літаратуры (пад прынцыповым уплывам Валянціна Акудовіча і Ігара Бабкова), на мяжы філасофіі і палітычнай практыкі (як у выпадку кола Мацкевіча). Сапраўды, яно размытае і «памежнае», схільнае да празмернасці паэтычнай экспрэсіўнасці, яно іншае, чым празрыстасць і лагічнасць вучняў Карла Попэра і прадстаўнікоў аналітычнай філасофіі.

Мы можам крытыкаваць і разносіць ушчэнт створанае ў беларускай інтэлектуальнай прасторы з розных пазіцый — і той жа аналітычнай філасофіі, і экзістэнцыялізму, і постмадэрнізму, і хай сабе яшчэ якіх пляцовак. Але ці не вядзе такая жорсткасць пазіцыянавання да схематызму, да прасейвання ўсяго жывога і новага, што вырасла на нашай глебе? Бо як па мне, частка таго, што Пятро Рудкоўскі крытыкуе, гэта, хутчэй, моцныя бакі беларускага мыслення, якія надаюць яму аўтэнтычнасць і адметнасць, свой стыль. Важней не перавесці нашу філасофію на рэйкі аналітычных стандартаў, колькі стварыць і развіць асяродкі, якія будуць развіваць гэтыя падыходы ў нас, і гэта прызнае сам аўтар. Толькі хто гэта будзе гэта рабіць і хто нясе за гэта адказнасць? Вельмі лёгка раскрытыкаваць і адысці ў бок, вельмі цяжка стварыць новае, моцнае, жывое.

Але як для мяне як чалавека па-за філасофскага, значна больш важная наступная частка прысвечаная аналізу беларускай нацыянальнай ідэі. Раней аўтар у сваёй кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя ў ХХІ стагоддзі» (2008) прапаноўваў дзяліць дыскурсы нацыі на левыя, правыя і цэнтрысцкія. Я ў згаданай напачатку рэцэнзіі паставіў пад сумнеў вартасць гэтай класіфікацыі, і аўтар (незалежна ад маёй крытыкі, якую ён не прыняў) зараз прапануе іншы падыход для вызначэння трох канкурэнтных парадыгм нацыянальнай ідэі (вызначаных на падставе аналізу беларускай гістарыяграфіі): адраджэнская («беларуская нацыянальная гістарыяграфія»), заходнеруская і канструктывісцкая.

Адмыслова тут даводзіцца звярнуць увагу на асаблівасць метадалогіі Пятра Рудкоўскага, а менавіта праблемы з рэпрэзентатыўнасцю тэкстаў.

Яшчэ я мог спакойна перажыць, калі ў папярэдняй главе змешваліся цытаты Валянціна Акудовіча і няшчаснага прафесара Гарадзенскага ўніверсітэта Чэслава Кірвеля, хоць я так і не разумею, як іх можна суаднесці ў адной камунікатыўнай прасторы. Але для крытыкі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі аўтар выкарыстоўвае працы Зянона Пазняка і шматстаронкавы опус Анатоля Астапенкі «І гдзе зарадзіліся і ўскормлены суць па Бозе» (2009), які ён чамусьці палічыў важным. І гэты ход дужа здзіўляе, чаму ідэалагічныя трактаты (у выпадку Астапенкі яшчэ і нікчэмнай інтэлектуальнай вартасці) выбіраюцца для аналізу менавіта гістарыяграфіі? Дзе тут захаванне прынцыпаў метадалогіі, да якога так настойліва нас заклікае Пётра Рудкоўскі?

Аўтар вылучае як тыповую рысу беларускай інтэлектуальнай прасторы «спасылку на аўтарытэты, погляды якіх нерэлевантныя» (209), але ў дадзеным выпадку дэманструе сваю прыналежнасць да той жа прасторы, з яе тыповымі рысамі, якія ён так горача крытыкуе. Тут нават няма асабліва сэнсу разбірацца з тым, што знайшоў у працы Астапенкі аўтар, паколькі яна ніякім чынам не звязаная з развіццём беларускай гістарыяграфіі.

З пералічаных трох парадыгмаў Рудкоўскі найбольш засяроджваецца на крытыцы канструктывісцкага падыходу, і тут ужо галоўным аб’ектам крытыкі становіцца праца Валеры Булгакава «Гісторыя беларускага нацыяналізму» (2006), якая ўжо выклікала ў свой час гарачыя дыскусіі і была востра раскрытыкаваная. Пётра Рудкоўскі заўважае і некаторыя пазітыўныя рысы ў канструктывісцкім падыходзе, найперш, праблематызацыю карэляцыі паміж назвамі краіны, нацыі і мовы. Але галоўным закідам (ужо прадказальна, з пазіцый аналітычнай філасофіі) з’яўляецца расплывістасць падстававовых катэгорый канструктывісцкага падыходу, у тым ліку «ўяўленых супольнасцей» і ўласна «канструявання». Аўтар горача заклікае «Не бойцеся адмовіцца ад канструктывісцкага жаргону! Вяртайцеся да нармальнай мовы!» (с. 201).

Пасля разгрому канструктывісцкага падыходу аўтар звяртаецца да «канцэптаў нацыі», вылучаных Андрэем Казакевічам, але гэты падыход пры адзначаных вартасцях (найперш, апірышчы на шырокі эмпірычны матэрыял) на думку Рудкоўскага вызначаецца недакладнасцю ўжываных катэгорый і праблемамі з кагерэнтнасцю.

Але самы галоўны аб’ект для крытычных стрэлаў аўтара з’яўляецца ў апошняй частцы кнігі — гэта фемінісцкая тэорыя ці gender studies. Цалкам прадказальна, што крытыка разгортваецца па двух асноўных франтах: гэта метадалагічная слабасць, маніпуляцыя паняткамі, ігнараванне навуковых прынцыпаў, што агулам ставіць пад сумнеў, ці маем мы справу з studies, а не стратэгіямі індактрынацыі (с. 277). Іншая лінія крытыкі звязана з хрысціянскім гуманізмам і датычыць найперш праблемы абортаў, і ў дадзеным выпадку Рудкоўскі выбудоўвае вельмі моцную лінію аргументацыі супраць абортаў, з уключэннем і найноўшых біялагічных даследаванняў.

Такім чынам, мы атрымалі кнігу на 300 старонках, поўную крытыкі, палемікі, адлюстравання гарачых дыскусій. На маю думку, асноўная праблема заключаецца ў тым, што аўтар выбірае занадта шмат тэмаў, ён як Дон Кіхот кідаецца на ўсе магчымыя млыны на даляглядзе, але не разлічвае на свае сілы. У гэтым канкрэтным выпадку мы маем шмат крытыкі павярхоўнай, вартай далейшага разгляду, асэнсавання і разгортвання. Найбольш моцнай і цікавай выглядае частка з крытыкай канструктывізму і gender studies, і гэта палеміка сапраўды можа ўзбагаціць нашу інтэлектуальную прастору. Але па маіх адчуваннях, калі б аўтар на гэтым і засяродзіўся, адкінуў усё лішняе, то значна прасцей было б успрыняць яго думку, і значна лепш чыталася б гэта кніга.

Piotr Rudkouski. Białoruskie pytania w kontekście europejskich odpowiedzi, Kolegium Europy Wschodniej: Wojnowice, 2017. 311 pages.

Аляксей Ластоўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера