Знайсці
04.03.2018 / 10:551РусŁacБел

«Тры білборды» ці «Форма вады»? Грэта Гервіг ці Гільерма дэль Тора? Галоўныя пытанні «Оскара»

Ужо зусім хутка ў Галівудзе падвядуць вынікі чарговага кінематаграфічнага года. Лаўрэатаў вызначаць у 24-х намінацыях. Распавядаем, чаго чакаць у ноч з 4 на 5 сакавіка.

Які фільм стане найлепшым?

«Оскар» мае рэпутацыю даволі прадказальнай цырымоніі, але ў апошнія гады інтрыга ў галоўнай намінацыі захоўваецца да самага канца. Летась гэта нават вылілася ў грандыёзны скандал, калі найлепшым фільмам памылкова назвалі «Ла-Ла Лэнд» замест «Месяцовага святла».

Большасць экспертаў аддае перавагу стужцы «Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры» Марціна Макдонаха.

Фільм распавядае гісторыю маці-адзіночкі Мілдрэд Хэйз, якая арандуе тры білборды, каб звярнуць увагу на забойства яе дачкі і меркаваную бяздзейнасць мясцовага шэрыфа.

Крыху меншыя шанцы на перамогу ў «Формы вады» Гільерма дэль Тора. Але калі мексіканец не атрымае прыз за найлепшы фільм, дык амаль дакладна будзе ўзнагароджаны «Оскарам» як найлепшы рэжысёр, бо аўтар «Трох білбордаў» у гэтай намінацыі адсутнічае наогул.

Ці ёсць інтрыга ў персанальных намінацыях?

Тут, здаецца, усё ясна як божы дзень. Амаль няма сумневаў, што статуэткі атрымаюць Гэры Олдмэн за ролю Уінстана Чэрчыля ў фільме «Цёмныя часы» ды Фрэнсіс Макдорманд за галоўную ролю ў згаданых «Трох білбордах».

Калі ўсё складзецца так, як мяркуюць эксперты, то для Олдмэна гэта будзе першы «Оскар» у кар’еры. Макдорманд ужо атрымлівала статуэтку ў 1997 годзе за ролю ў культавым «Фарго».

Колькі «Оскараў» атрымае «Дзюнкерк»?

Ваенная драма Крыстафера Нолана яшчэ восенню разглядалася як галоўны фаварыт «Оскара», але адышла на другія пазіцыі пасля выхаду больш дзёрзкіх канкурэнтаў. Напярэдадні цырымоніі «Дзюнкерк» застаецца самым касавым намінантам, але з васьмі патэнцыйных узнагарод, як мяркуюць эксперты, можа гарантавана ўзяць толькі адну — за найлепшы мантаж гуку.

Ці ўтрымаецца рэкорд Эніа Марыконэ?

На сёння самым узроставым уладальнікам «Оскара» з’яўляецца італьянскі кампазітар Эніа Марыконэ, які ў 87 гадоў стаў пераможцам у намінацыі за найлепшы саўндтрэк.

Сёлета на рэкорд прэтэндуюць 89-гадовыя рэжысёрка Аньес Варда і сцэнарыст Джэймс Айвары.

Дарэчы, Варда была першай жанчынай-рэжысёркай, узнагароджанай за ўклад у кінамастацтва.

Што яшчэ цікавага?

Ёсць некалькі акалічнасцяў, на якія нельга не звярнуць увагу.

У катэгорыі «Найлепшы фільм не на англійскай мове» прадстаўлена стужка расійскага рэжысёра Андрэя Звягінцава «Нелюбоў». Расіянін ужо намінаваўся на «Оскар» чатыры гады таму з «Левіяфанам». Шанцы ацэньваюцца невысока, але здарыцца можа ўсякае.

Напрыклад, як перамога чылійскай драмы пра транссэксуала «Фантастычная жанчына».

Уладальнікамі статуэтак могуць стаць трансгендар і легендарны баскетбаліст Кобе Браянт.

Афраамерыканскі дакументаліст Янс Форд у сваёй стужцы «Стронг-Айлэнд» расказвае гісторыю забойства брата, якое моцна паўплывала на яго сям’ю і падштурхнула да змены полу.

Развітанне з прафесійным спортам Кобе Браянта стала сюжэтам мультыплікацыйнай стужкі «Дарагі баскетбол». Дарэчы, Браянт гуляў за «Лос-Анджэлес Лэйкерс».

Калі казаць пра жанчын, то за «Оскар» будуць змагацца рэжысёрка Грэта Гервіг — пятая ў гісторыі жанчына, якую намінавалі ў гэтай катэгорыі. А вось аператарка Рэйчэл Морысан наогул першапраходца сярод патэнцыйных уладальнікаў узнагароды.

Як мяркуюць эксперты, тэма харасменту для гэтага «Оскара» будзе неактуальнай — чорных сукенак чакаць не варта. 

Чытайце таксама:

У Лос-Анджэласе ўручылі «Оскара-2018». Пераможца — «Форма вады»

Піліп Каваленка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930