Знайсці
03.03.2018 / 12:5120РусŁacБел

Журба ў краіне самураяў: як сялянскі сын з-пад Оршы стаў дыпламатам і шпіёнам у Японіі

Ён прайшоў імклівы шлях ад вясковага хлопца да дыпламата і начальніка выведкі. Але савецкая ўлада, якая лёгка дазволіла селяніну зрабіць неймаверную кар’еру, гэтак жа лёгка і пазбавіла яго жыцця.

З цагельнікаў — у салдаты, з салдатаў — у чэкісты

28 сакавіка 1896 года ў вялікай вясковай сям’і Шабекаў з вёскі Смародзінка Аршанскага павета (цяпер гэта Крупскі раён) нарадзіўся чарговы сын. Яго назвалі ў гонар бацькі і дзеда — Іванам. Вялікая сям’я — Іван Іванавіч і Макрыда Міхайлаўна Шабекі, а таксама тры дачкі і тры сыны — жыла няблага. У бацькі была цагельня: ён вырабляў цэглу, з якой па ўсёй акрузе складвалі печы.

Беларускія сяляне ў пачатку ХХ стагоддзя. Ілюстрацыйнае фота

Дзеці падраслі — і спакойныя часы скончыліся. Пачалася Першая сусветная.

Прызыўным узростам у Расійскай Імперыі быў 21 год, але ў ваенны час бралі і маладзейшых. Калі пачалася мабілізацыя, то прыйшлі і па Івана Шабеку. У жніўні 1915 года хлопца прызываюць у войска. Яму — 19 гадоў. Шабека паспеў пабываць на фронце, вайну прайшоў шарагоўцам.

Пасля вайны Шабека выбірае кар’еру сілавіка. У 1917—1918 гадах Іван служыць памочнікам начальніка валасной міліцыі ў мястэчку Абчуга Віцебскай губерні. Але ўжо пасля рэвалюцыі ён цалкам падтрымлівае бальшавікоў. Іван становіцца тагачасным «амапаўцам»: са студзеня па красавік 1919 года служыць у Чырвонай Арміі, працуе байцом узвода асобага прызначэння пры губкаме ВКП (б) у Сянне.

У красавіку 1919 Шабека ўступае ў партыю. Ужо ў маі таго ж года трапляе на службу ва Усерасійскую надзвычайную камісію па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам.

Так 24-гадовы сялянскі сын пачаў сваю кар’еру чэкіста.

Прычым, мяркуючы па ўсім, кар’ера была крывавай. Якраз у 1919 годзе чэкісты атрымліваюць права расстрэльваць дыверсантаў і контррэвалюцыянераў. У студзені 1920 года гэтае права прыпыняць, але шэрагі камітэтаў зноў атрымаюць яго ўжо праз 8 дзён. У тым ліку дазволяць расстрэлы і чэкістам, якія працуюць у Туркестане.

Якраз туды і накіруюць Івана Шабеку. Некалькі гадоў ён прапрацуе ў Асобым аддзеле Туркестанскага фронту.

Змагар з басмачамі

Туркестанскі фронт дзейнічаў на поўдні Расіі. Асноўнымі задачамі было змаганне з белагвардзейцамі і казакамі, а таксама ліквідацыя басмачоў — незадаволеных бальшавікамі жыхароў Сярэдняй Азіі, якія не баяліся супрацьстаяць Саветам са зброяй у руках.

Асноўнай мэтай маладога чэкіста Шабекі была барацьба са шпіёнамі.

Спачатку Шабека быў упаўнаважаным па агентуры асаблівага аддзела 1-й арміі Туркестанскага фронту. А ў 1922 годзе ён служыць у Дзяржаўным палітычным упраўленні ГПУ. Працуе ў контрразведвальным аддзеле, узначальвае адно з аддзяленняў.

Контрразведвальны аддзел (КРА) займаўся барацьбой з замежнымі шпіёнамі і контррэвалюцыянерамі сярод цывільнага насельніцтва. Звычайна контрразведка мела шырокую агентуру сярод мясцовых — амаль усе больш-менш адказныя пасады былі занятыя людзьмі, якія добраахвотна ці прымусова злівалі інфармацыю контрразведчыкам. Акрамя таго, пры патрэбе на пасады кіроўцаў у чыноўнікаў, абслугі ў рэстаранах і гатэлях КРА ўладкоўваў сваіх агентаў.

У Туркменіі ж КРА пільна сачыў і за мясцовымі камуністамі. У кампартыі Туркестана карысталіся папулярнасцю нацыяналістычныя настроі, што не падабалася Саветам.

Акрамя таго, лічыцца, што басмачам актыўна дапамагалі замежнікі. Ва ўсякім выпадку, вядомая дапамога Англіі, якая падтрымлівала белагвардзейцаў. Праз «белых» англічане перадавалі басмачам грошы, дапамагалі зброяй.

Супрацьстаянне басмачоў з бальшавікамі афіцыйна скончылася ў пачатку 1930-х перамогай «чырвоных». Але асобныя групоўкі дзейнічалі аж да 1940-х гадоў.

Падрабязнасцяў працы Шабекі ў Туркменістане няма. Але можна зрабіць высновы, што работнікам ён быў заўважным, бо ў 1923 годзе Шабека накіроўваецца на вучобу ў Маскву. Ён паступае на усходні факультэт Ваеннай акадэміі Чырвонай Арміі.

На факультэце вывучаліся як вайсковыя дысцыпліны, так і — абавязкова — мовы. Шабека вывучаў японскую і англійскую. Цікава, што ў акадэміі выкладаў японскую Сэн Катаяма, старшыня кампартыі Японіі, член выканкама Камінтэрна.

Невядома, ці Шабека сам папрасіўся на ўсходні факультэт, ці быў накіраваны туды. Другі варыянт больш верагодны, бо пазней калегі будуць ставіць Шабеку ў віну ляноту і кепскае веданне японскай мовы. Але пашыраць колькасць савецкіх агентаў у Японіі было неабходна — японскія спецслужбы актыўна развівалі працу ў СССР і рыхтаваліся да вайны з камуністамі. Таму маладога і перспектыўнага чэкіста з вялікім досведам аператыўнай працы і вырашылі накіраваць у знешнюю выведку.

Небяспека з Усходу

Адносіны паміж маладой савецкай дзяржавай і Японіяй былі напружанымі. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Японія ўдзельнічала ў інтэрвенцыі на Далёкім Усходзе. У красавіку двух японцаў забілі ва Уладзівастоку (ёсць версія, што забойства было правакацыяй японскіх спецслужбаў). Пасля ў горад высадзіліся японскія войскі: нібыта каб забяспечыць ахову парадку.

Уладзівасток часоў японскай інтэрвенцыі

Пасля японцы звязваліся з казакамі, якія выступалі супраць бальшавікоў, нават прадстаўлялі казакам войскі для ўдзелу ў баях. Мэтай Японіі былі тэрыторыі Далёкага Усходу, якія яны спадзяваліся адхапіць, пакуль Савецкі Саюз заняты грамадзянскай вайной і шматлікімі ўнутранымі канфліктамі.

Праўда, з Уладзівастока японцаў прымусілі сысці, а ў 1925 годзе паміж Японіяй і СССР наладзіліся дыпламатычныя зносіны. Але было зразумела, што на Усходзе камуністаў чакаюць зусім не саюзнікі.

Японія ціха рыхтавалася да вайны з Саюзам, лічыла, што канфлікт непазбежны. Цікава, што японцы шчыльна супрацоўнічалі з польскімі разведчыкамі. Лічылася, што СССР быў агульным ворагам у Польшчы і Японіі. Таксама з японцамі супрацоўнічалі і белыя эмігранты.

Таму перад разведвальным апаратам ГПУ ў Японіі стаяла задача па раскрыцці ваенных планаў Токіа, накіраваных супраць СССР, Манголіі і Кітая. Аднак вырашыць гэтую задачу сіламі самой рэзідэнтуры ў Токіа было няпроста. У краіне пільна працавала паліцыя, спецслужбы спынялі любыя кантакты японцаў з замежнікамі. У рэстаране японец за адным столікам з еўрапейцам выклікаў падазрэнні. А кантактамі мясцовых з савецкімі грамадзянамі вельмі цікавіліся японскія спецслужбы.

Праўда, японцы былі людзьмі — а значыць, іх можна было купіць. Васіль Пудзін, разведчык, які спрабаваў пралезці да японцаў праз белаэмігрантаў, адзначаў, што японскія чыноўнікі і вайскоўцы, нягледзячы на займанае імі па службе становішча, у цэлым значна менш забяспечаныя за іх еўрапейскіх калег і шукаюць дадатковыя крыніцы даходу. Акрамя таго, яны лічаць, што японская мова недаступная для разумення еўрапейцаў і могуць падзяліцца з разведчыкам японскімі шыфрамі ў разліку на тое, што ўсё адно ніхто не зможа іх расшыфраваць і перакласці.

Але здабыча інфармацыі ўскладнялася яшчэ і незразумелым становішчам самой разведкі. Як і многія іншыя службы, яе ў Саюзе прыходзілася выбудоўваць хіба не з нуля. Адпаведна, існавалі праблемы з кадрамі, таямніцай інфармацыі ды і проста з арганізацыяй працы. Да таго ж і грошы, якія выдзяляліся на працу рэзідэнтаў, нярэдка растрачваліся, краліся, выдаткоўваліся на незразумелыя патрэбы самімі рэзідэнтамі ці іх агентамі.

Праўда, часам праца рэзідэнтаў нагадвала прыгодніцкія раманы. Напрыклад, вядома, што яшчэ ў пачатку 1920-х савецкія шпіёны вазілі грошы проста цэлымі чамаданамі ў сваім багажы, а каштоўныя камяні правозілі ў падэшвах абутку.

Дыпламат Журба і шпіён Шабека

У 1925 годзе Іван Шабека заканчвае вучобу і паступае ў распараджэнне Аб'яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення. Як супрацоўніка Замежнага аддзела, яго накіроўваюць рэзідэнтам у Японію.

Прычым у Японіі чэкіст працаваў не пад сваім прозвішчам. Невядома, хто выбіраў псеўданім — сам Іван ці начальства, — але яго новым прозвішчам становіцца прыгожае, але сумнае беларускае слова. Цяпер маладога чэкіста завуць Іван Журба.

Фота зроблена ў Дайрэне ў канцы 1920-х. Іван Журба трэці справа ў ніжнім шэрагу

У снежні 1925 Шабека-Журба пачынае сваю працу ў Японіі. Афіцыйна ён сакратар савецкага пасольства.

Прычым Іван едзе ў Японію з жонкай Верай. У іх двое сыноў: старэйшы Мікола, малодшы — Уладзімір. Савецкі дыпламат бярэ ўдзел у сустрэчах, наведвае разам з жонкай і свецкія мерапрыемствы. Захаваліся дзве фотакарткі тагачаснай зоркі, спявачкі Ірмы Яўнзем, падпісаныя «слаўнаму таварышу-земляку Журбе» і яго жонцы Веры: «чуллівай, простай Веры Паўлаўне». Фотакарткі падпісваліся падчас японскіх гастроляў спявачкі.

Затым у 1927—1928 гадах Іван знаходзіцца ў Сеуле (на той час Карэя была Японскай калоніяй), дзе працуе віцэ-консулам, а ў ліпені 1928-га прызначаецца консулам у кітайскі Дайрэн (Далянь). У лістападзе 1930-га Шабека вяртаецца ў Маскву.

1931 і 1932 гады Шабека-Журба правядзе ва Уладзівастоку. Там ён працуе ў Народным камісарыяце замежных спраў. Таксама Іван служыць у палітычным упраўленні: у разведаддзеле, які займаецца Японіяй.

У 1933 годзе Шабека-Журба вяртаецца ў Краіну ўзыходзячага сонца. Цяпер ён афіцыйна Іван Журба, другі сакратар паўнамочнага прадстаўніцтва СССР у Японіі, а неафіцыйна — Іван Шабека, кіраўнік рэзідэнтуры замежнага аддзела ОГПУ/НКВД у Токіа.

Іван Журба стаіць ля акна

Пра працу Івана Шабекі-Журбы ў Японіі падрабязна распавёў Яўгені Гарбуноў у кнізе «Патаемная вайна на Далёкім Усходзе».

У Маскве спадзяваліся, што выбар кіраўніка рэзідэнтуры быў удалым, як раскажа пасля разведчык Барыс Гудзь. У Шабекі быў чэкісцкі досвед, добрая ваенная адукацыя, пяцігадовы стаж працы ў Маньчжурыі і Японіі, веданне краіны і некаторае веданне японскай мовы. Але надзеі не спраўдзіліся.

Да 1933 годзе ў Замежным аддзеле склалася негатыўнае меркаванне аб рабоце Шабекі як рэзідэнта. Асаблівай ініцыятывы ў працы Іван не праяўляў, наадварот, па словах яго непасрэднага начальніка, Журба «праяўляў дрымотнасць». Ад яго нельга было дамагчыся яснай ацэнкі аб магчымасці працы па разведцы. Адзіны агент-японец, перададзены яму на сувязь, не быў ім навучаны, і Цэнтр не меў дакладнага разумення ні пра яго надзейнасць, ні пра яго перспектыўнасць. Шабека ні разу не сустракаўся з гэтай крыніцай, і сувязь з японцам падтрымлівалася праз перакладчыкаў амбасады.

«Прычына, можа, была ў тым, што Шабека, хоць і правучыўся два гады на японскім аддзяленні ўсходняга факультэта і потым прапрацаваў шэсць гадоў у Японіі, японскай мовы амаль не ведаў. Магчыма, што і рызыкаваць пры сустрэчы з aгентам не хацеў. Паліцэйскі рэжым у сталіцы імперыі быў вельмі жорсткім. І хоць агент быў у яго на сувязі больш за год — дакладнага ўяўлення пра яго і пра яго якасці ў рэзідэнта не было. На ўсе запыты Цэнтра пра адзіную крыніцу Такійскай рэзідэнтуры зразумелага адказу не было. Уся праца з крыніцай зводзілася да механічнага атрымання ад яго дакументальных матэрыялаў, якія Шабека без усякага аналізу і ацэнкі перапраўляў у Маскву», — піша Гарбуноў.

Таму на змену Шабеку-Журбе рыхтавалі новага рэзідэнта. Адной з галоўных задач новага агента была ацэнка Кротава — таямнічага японца, завербаванага савецкімі шпіёнамі.

Кротаў і Прасцяк

Кротаў, Прыгажун, Косця, Кот — гэта ўсё псеўданімы адзінай крыніцы савецкіх агентаў у Токіа. Вядома, што Кротаў быў супрацоўнікам японскай ваеннай жандармерыі, працаваў у ахове савецкага консульства на выспе Хакадатэ. Там яго і завербавалі савецкія шпіёны, а калі Кротава перавялі ў Такійскае жандарскае ўпраўленне, ім, адпаведна, заняліся савецкія рэзідэнты ў Токіа, у прыватнасці Іван Журба.

Іван Журба сядзіць першы злева

Кротаў даваў матэрыялы пра палітыка-маральны стан японскай арміі. У іх гаварылася пра самагубствы салдат, пра апазіцыйныя групоўкі сярод афіцэрскага складу. Даваў ён і зводкі па савецкай амбасадзе: якія памылкі дапускаюць супрацоўнікі, выкідваючы чарнавікі ў кошык. З гэтага былі зроблены высновы, і доступ японскай абслугі ў службовыя памяшканні быў перакрыты. Таксама агент пастаўляў сакрэтныя дакументы і інфармацыю, якую мелі японцы на супрацоўнікаў савецкай амбасады — гэта дазваляла ведаць, ці не блізкі хтосьці з рэзідэнтаў да раскрыцця.

Праўда, Саветы непакоіла магчымасць дэзынфармацыі з боку Кротава. Высветліць гэты момант і мусіў новы рэзідэнт.

Але ж пасля прыбыцця ў Токіа новага рэзідэнта Шабеку вырашылі не адпраўляць у СССР адразу — гэта выглядала б падазрона. Таму праца працягвалася. Новы трэці сакратар паўнамоцнага прадстаўніцтва Гінцэ (разведчык Барыс Гудзь) і другі сакратар Журба (разведчык Шабека) дзейнічалі сумесна. Гудзь вырашыў, што Кротаў варты даверу.

Сумесная праца Гудзя і Шабекі пайшла даволі паспяхова. Але бывалі і правалы.

Адзін з супрацоўнікаў рэзідэнтуры, памочнік Гудзя, у маі 1934 года паспрабаваў завербаваць белаэмігранта ў Токіа. Але той быў агентам японскай паліцыі, савецкага рэзідэнта затрымалі. Канфлікт замялі праз амбасаду, рэзідэнта адпусцілі, але і яму, і Журбе забаранілі займацца агентурнай дзейнасцю. Іх збіраліся адклікаць у Маскву. Але іх начальнік, кіраўнік Замежнага аддзела Артур Артузаў, быў супраць змяншэння колькасці сваіх агентаў у Японіі. Таму абодва яго падначаленыя засталіся ў Токіа. Праўда, Артузаў на паўгода забараніў усім рэзідэнтам займацца агентурнай дзейнасцю.

Пасля таго, як Артузаў адмяніў забарону, увосень 1934 года атрымался завербаваць яшчэ аднаго японца — перакладчыка, які працаваў для савецкага прадстаўніцтва. Ён атрымаў кодавае імя Прасцяк.

Ад Прасцяка рэзідэнтура атрымлівала звесткі пра паліцыю, пра інфармацыю аб савецкіх служачых, якую мелі японскія праваахоўнікі. Таксама ён выдаваў некаторых агентаў паліцыі, якія працавалі ў савецкім паўнамочным прадстаўніцтве слугамі і прыбіральшчыкамі.

На Прасцяка ў савецкіх шпіёнаў былі вялікія планы, абмяркоўваліся ідэі перадаваць праз яго дэзынфармацыю японцам. Але калі ён звольніўся з пасады перакладчыка і ўладкаваўся ў даследчае ўпраўленне МЗС Японіі, то савецкія шпіёны згубілі каштоўную крыніцу. Прычым вінаваты ў тым быў Іван Шабека — у студзені 1936 года Барыс Гудзь з’ехаў у СССР, а Шабека, застаўшыся кіраваць рэзідэнтурай, не змог наладзіць сувязь з Прасцяком.

Але праца працягвалася. У снежні 1936 года Шабека нават атрымлівае званне капітана дзяржаўнай бяспекі.

Акрамя падпольнай працы, вялася, канечне, і афіцыйная. Сакратар Журба браў удзел у падпісанні пагаднення аб перадачы Усходне-Кітайскай чыгункі японцам у 1935 годзе.

Пасля падпісання пагаднення па Усходне-Кітайскай чыгунцы. Журба ў верхнім шэрагу ля калоны

І толькі вясной 1939 года Івану Шабеку паведамілі: яго адклікаюць у Маскву.

Прычынай — прамой ці ўскоснай — быў агент Кротаў.

Увосені 1937 года Кротаў мяняе працу і пачынае перадаваць вельмі каштоўную інфармацыю. Такую, напрыклад, як мабілізацыйны план японскай арміі. Знайсці і перадаць замежнікам такую інфармацыю было вельмі цяжка і рызыкоўна, раней падобнага агент не перадаваў.

Пачаліся падазрэнні. Частка супрацоўнікаў у Маскве пачала падазраваць Кротава ў дэзынфармацыі. Частка лічыла, што дакументы сапраўдныя. У працы на Японію пачалі падазраваць і Івана Шабеку.

Далей Кротаў працягнуў перадаваць важныя дакументы: план паветранай абароны Токіа, штатны расклад арміі Маньчжурыі, табліцы ўзбраення японскай арміі…

Акрамя таго, «Кротаў» папрасіў павялічыць плату за звесткі, бо яны сталі больш каштоўнымі.

Івану Шабеку ён казаў, што бярэ матэрыялы ў сваіх знаёмых, запэўнівае тых: маўляў, дакументы патрэбныя яму для падрыхтоўкі да экзамена на афіцэра.

Іван Журба стаіць першы злева

Цікава, што яшчэ да свайго ад’езду Барыс Гудзь прапаноўваў Кротаву стаць двайным агентам: паведаміць японцам, што завербаваны сакратар амбасады СССР Іван Журба. Гэта і палегчыла б працу савецкім рэзідэнтам — тады Кротаў мог бы сустракацца з беларусам, не хвалюючыся, што іх заўважаць разам. Аднак японец адмовіўся: па яго словах, ніхто б не паверыў, што можна завербаваць сакратара амбасады СССР, не захацеў ён вербаваць і супрацоўнікаў амбасады на ніжэйшых пасадах. Прычым Гудзь быў упэўнены, што Кротаў дэзынфарматарам усё ж не быў.

Аднак недавер да звестак такійскага рэзідэнта плюс звычка спецслужбаў паўсюль шукаць здраднікаў і ворагаў народа, якую замацаваў 1937 год, ужо далі плён.

З такійскай амбасады — у савецкую турму

У канцы 1938 года арыштавалі Аляксандра Клётнага, які раней працаваў перакладчыкам у савецкай амбасадзе ў Токіа. Пасля Японіі па пратэкцыі Шабекі яго ўзялі на працу ў Замежны аддзел ГПУ, дзе ён займаўся таксама перакладамі.

Клётнага абвінавацілі ў шпіянажы на карысць японцаў. Пачаліся катаванні. Ён агаварыў усіх, з кім працаваў у Токіа. У тым ліку і самога сябе.

У сакавіку Іван Шабека вяртаецца ў Маскву. Тым часам арыштоўваюць іншых спецслужбістаў, якія займаліся Японіяй ці раней працавалі непасрэдна там. Пасля катаванняў яны падпісваюць усё, што ад іх хочуць, расказваюць, што самі былі японскімі шпіёнамі, агаворваюць калег.

26 сакавіка 1939 года следчыя заводзяць крымінальную справу на былых рэзідэнтаў і перакладчыкаў. Пад следства трапляюць 8 супрацоўнікаў, сярод іх і Шабека-Журба.

Следчы прыйшоў да высновы, што Шабека «ў перыяд сваёй працы за мяжой доўгі час знаходзіўся ў цесных сяброўскіх адносінах з цяпер выкрытым ворагам народа Юрэневым» (пасол СССР у Японіі). Абвінавачваўся Шабека і ў тым, што, як рэзiдэнт НКВД у Токіа, «ён вёў разведвальную работу, накіраваную па шляху развалу і самаліквідацыі рэзідэнтуры», і што асноўны і амаль адзіны яго агент Кротаў — «відавочная японская падстаўка, праз якога Шабека на працягу шэрагу гадоў перадаваў буйныя дэзынфармацыйныя матэрыялы, спрабуючы ўвесці ў зман органы НКВД і ваеннае камандаванне СССР». На думку следчых, усё, што дасылаў з Японіі Шабека, — фэйкі. Акрамя таго, Шабека нібыта паспрыяў, каб у Замежны аддзел узялі «японскага шпіёна» Клётнага.

27 сакавіка 1939 года, за дзень да дня народзінаў Івана Шабекі, Берыя падпісвае дакумент на яго арышт. 8 красавіка Шабеку арыштоўваюць.

Іван Шабека-Журба пасля арышту

На допытах Іван Шабека трымаецца доўга — амаль чатыры месяцы. Спачатку ён увогуле адмаўляецца даваць паказанні. Але яго ўсё ж зламаюць — і 25 ліпеня Іван прызнае віну. На той момант Шабека ўжо былы супрацоўнік спецслужбаў, 7 ліпеня яго звольнілі з НКВД у сувязі з арыштам.

На судзе Іван Шабека адмовіўся ад сваіх паказанняў. Але гэта ўжо ні на што не паўплывала.

1 лютага 1940 года 43-гадовага Івана Шабеку прысудзілі да найвышэйшай меры пакарання. Той жа ноччу яго і яшчэ 22 расстралялі ў падвалах Бутырскай турмы. У адным расстрэльным спісе з Шабекам — славуты тэатральны рэжысёр Усевалад Меерхольд.

Пасля целы забітых вывезлі ў крэматорый Данскіх могілак, а попел высыпалі ў яму. Пазней над ёй усталявалі шыльду «агульная магіла №1».

***

У тым жа 1940 годзе памёр і бацька Івана, Іван Шабека-старэйшы. Праз год НКУС растраляе настаўніка Аляксея Шабеку (роднага брата Івана), яго арыштуюць неўзабаве пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны як недабранадзейнага элемента. Астатнія Шабекі выжывуць. Не крануць ані жонку Івана, Веру, ані яго сыноў, ані сясцёр і брата.

У 1956 годзе Івана Шабеку рэабілітуюць. У яго сям’і сёння існуе легенда, што пасля рэабілітацыі мужа, Вера Паўлаўна, удава, мусіла атрымаць грашовую кампенсацыю — вялікую па тагачасных савецкіх мерках суму.

Але яна адмовілася, нібыта адказаўшы так:

«Ваняткі няма, то і вашыя грошы мне не патрэбныя».

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930