Знайсці
22.02.2018 / 00:5930РусŁacБел

Вадзім Мажэйка: Лепшай беларусізацыі ў нас няма

Рэфлексія на даследаванне Пятра Рудкоўскага «Ад «хворага» да «здаровага» нацыяналізму».

Праклён даследчыка, які доўгі час актыўна распрацоўвае пэўную тэму, — з часам усё цяжэй знайсці цікавыя тэксты калег, дзе будуць не павярхоўныя назіранні і банальнае пералічэнне фактаў, але пэўны новыя погляд і дадатковыя фокусы. Бо перачытваць сваё і тым болей дыскутаваць з самім сабой не цікава.

Даследаванне «Ад «хворага» да «здаровага» нацыяналізму» прыцягвае асабіста маю ўвагу тым, што дазваляе наноў, крыху з іншага боку, зірнуць на працэсы мяккай беларусізацыі, што адбываюцца як у беларускім грамадстве, так і ў беларускай уладзе.

Дзякуй богу, публічная дыскусія сыходзіць ад першай псіхалагічнай стадыі прыняцця непазбежнага — адмаўлення: маўляў, ніякай беларусізацыі наўпрост няма, усё лухта, вам прымроілася. Такі падыход, мякка кажучы, далёкі як ад аналітычнага, так і тым болей ад акадэмічнага аналізу. Прычына яго палягае бадай у тым, што шмат для якіх актыўных грамадзян, сапраўдных прыхільнікаў беларушчыны, прызнанне існавання беларусізацыі ў яе цяперашнім стане чамусьці адчуваецца як ухвала ўлады, а часам і здрада мінулым падыходам да прасоўвання нацыянальных каштоўнасцяў. Можа, аматары адмаўлення беларусізацыі пераканаюцца, што іх падыход безумоўна некарэктны, калі прачытаюць даследаванне Пятра Рудкоўскага, дзе ён аргументавана даводзіць, што

вытокі беларусізацыі — не ў асабістых поглядах прэзідэнта. І, адпаведна, прызнанне, што беларусізацыя ідзе, — гэта не падтрымка ягоных поглядаў. Сённяшняя беларусізацыя — натуральная эвалюцыя грамадства і дзяржавы ў наяўных абставінах, у тым ліку як вынік дзейнасці тых самых грамадскіх актывістаў. 

Так грамадская дыскусія сыходзіць ад другой псіхалагічнай стадыі — гневу: як было сказана ў Бібліі, «Ці можа быць штосьці добрае з Назарэту?» (Ян 1:46).

Беларусізацыя — гэта не ініцыятыва, не задума, не хітры план і не гульня цяперашніх уладаў, якая заслугоўвае падазронага стаўлення толькі таму, што гледачам гэтыя ўлады могуць быць недаспадобы. Як адзначана і ў даследаванні, мяккая беларусізацыя — вынік супадзення дзеянняў грамадскіх актывістаў, бізнэсу і ўласна беларускай улады; у кожнага свае матывы, а эфект супольны.

Трэцяя псіхалагічная стадыя — торг. Разумеючы, што цалкам не заўважаць беларусізацыю не выпадае, пэўныя грамадскія назіральнікі выстаўляюць да яе спецыфічныя патрабаванні, звужаюць азначэнні, засяроджваюць увагу толькі на пэўных аспектах — а потым абураюцца, што ўсё тлен і «сапраўднай беларусізацыі няма», бо ў жыцці ўсё не так, як у казачных замках.

Адзін кажа, што беларусізацыя — гэта моўная палітыка, і пакуль у нас няма раўнапраўнага двухмоўя (а пажадана і з прэферэнцыямі для беларускай) — няма і беларусізацыі. Другі для сабе вырашыў, што беларусізацыя — гэта беларускамоўнае тэлебачанне альбо дубляж на беларускую дзіцячых мультфільмаў, і пакуль гэтага няма ў нейкай дастатковай колькасці, то гэта і не беларусізацыя насамрэч. Трэці засяродзіўся на белмоўнай пачатковай і сярэдняй адукацыі, прычым неадкладна, і гучна абураецца: «Калі ў раёне N няма беларускамоўных школаў, то пра якую мяккую беларусізацыю можна казаць?!» Нехта наогул не разумее, што такое мяккая сіла і як яна працуе, і марыць аб прымусовай беларусізацыі ад дзяржавы з бізуном, а іншага не прызнае.

Няма сумневаў, што і мультфільмы па-беларуску, і змены ў моўнай палітыцы, і ўжо тым болей беларускамоўная адукацыя — гэта ўсё вельмі істотна і патрэбна Беларусі. Аднак парадаксальна спрабаваць наблізіць гэтае, адмаўляючы існыя тэндэнцыі беларусізацыі. Як адзначае ў даследаванні Пётр Рудкоўскі, альтэрнатывамі сучаснай беларусізацыі былі суцэльнае негатыўнае стаўленне да адраджэнскага руху альбо пошуку іншай нацыянальнай ідэі праз запуск «ідэалогіі беларускай дзяржавы». Недзе побач кружляюць і прыхільнікі заходнерусізму ды славянскага адзінства.

Раз’ядноўваць грамадскія і дзяржаўныя тэндэнцыі беларусізацыі, усяляк ганіць беларусізатарскія імпульсы ўладаў (хай сабе неідэальныя) — гэта ліць ваду на млын рускага свету.

Не варта прыпыняцца на чацвёртай псіхалагічнай стадыі — дэпрэсіі. Маўляў, мы марылі аб іншай беларусізацыі, калі ўзрушаны натоўп пад бчб-сцягам уносіць Пазняка на Карла Маркса, 38 і пачынаецца нацыянальны ўздым пад кіраўніцтвам ідэйных патрыётаў. Годзе, час разбурыць казачныя замкі.

Мы не маем і ў найбліжэйшай перспектыве не будзем мець нейкай ідэальнай, лепшай беларусізацыі.

І гэта тычыцца зусім не толькі ўладаў, але і грамадскасці, і бізнэсу. Сёння яны даспелі менавіта да такой мяккай беларусізацыі, і варта не ганарліва адварочваць нос, а карыстацца тымі магчымасцямі, што ёсць.

Будзе не толькі задавальненнем для даследчыка, але і карысцю для ўсіх прыхільнікаў беларушчыны, калі мы зрэшты пяройдзем да пятай псіхалагічнай стадыі — прыняцця. Гэта значыць, зазірнём у акно магчымасцяў і будзем выкарыстоўваць яго напоўніцу, а не сумаваць, што акно завузкае, аканіцы зацяжкія, ды і наогул у маладосці мроілася іначай. Цудоўна, калі даследаванне «Ад «хворага» да «здаровага» нацыяналізму» стане для некаторых патрыётаў штуршком у гэтакім кірунку.

Вадзім Мажэйка, кандыдат культуралогіі, эксперт «Ліберальнага клуба»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера