Знайсці
20.02.2018 / 23:267РусŁacБел

«Беларусізуем!» 20-гадовы ўласнік крамы нацыянальнага адзення падсумоўвае два гады працы

Два гады таму мы пазнаёмілі Вас з Вадзімам Макеем — маладым гаспадаром крамы нацыянальнага адзення «Дарэчы», што ў гандлёвым цэнтры «Сілуэт» каля метро «Якуба Коласа». Сёння Вадзім раскажа чытачам «НН» пра тое, як ён і яго бізнэс вытрымалі гэты перыяд.

— Вы два гады займаецеся крамай «Дарэчы». Як бізнэс змяніўся за гэты час? Пашырыўся/сціснуўся/застаўся на тым жа ўзроўні? Ці прыносіць ён прыбытак, ці даводзіцца інвеставаць з нейкіх іншых «кішэняў»?

Вадзім Макей: Так, мінула два гады, нават цяжка паверыць. Бізнэс змяніўся, бясспрэчна. Галоўнае, людзі звыкліся з тым, што беларускія сімвалы і беларуская мова — гэта нешта добрае і звычайнае. Бо, памятаю, калі мы пачыналі, рэакцыя была розная. Змянілася і пакупніцкая здольнасць, вельмі адчуваецца. Але гэта не проста бізнэс для нас з бацькам — гэта наша жыццёвая пазіцыя, і ўся гэтая справа была зроблена намі ад пачатку на сваіх сродках. Так, бывае цяжка, але мы робім годную справу. Ну і, вядома, калі нехта пажадае інвеставаць ці ахвяраваць у нашую справу, супраць не будзем. Але пакуль кожная капейка — нашая ўласная ў гэтай справе.

— Як увогуле прыйшла ідэя заснаваць «Дарэчы»? Ці займаліся вы і вашы бацькі прадпрымальніцтвам да гэтага?

ВМ: Прадпрымальніцтвам да гэтага ні я, ні мой бацька не займаліся. Але я вельмі ўдзячны лёсу, што мы да гэтага прыйшлі. Нават цяжка перадаць які гэта каштоўны досвед, калі ты разам з бацькам займаешся справай, якая табе па душы. Хапае ў нас і непаразуменняў і нейкія канфлікты з-за розніцы пакаленняў, падыходаў і кірункаў развіцця, але гэта робіць нашыя адносіны як бацькі і сына мацнейшымі.

— Раскажыце трохі пра сям'ю: хто вашы бацькі, адкуль карані. І ці не радня вы міністру замежных справаў.:) Дарэчы, пра сям'ю: магчыма, у Вас за два гады з'явілася і ўласная сям'я?

ВМ: Мае бацькі — цудоўныя і моцныя людзі. Я адзіны ў сям’і, а карані ідуць на захад Беларусі. Так, з нагоды прозвішча, часта атрымліваю гэтае пытанне, і здараюцца цікавыя сітуацыі час ад часу:) Увогуле, я чуў што ёсць два буйныя месцы бытавання прозвішча Макей, адно бліжэй да Віцебска, другое да Гародні. Нашыя мясціны бліжэй да Гародні, як і нашага міністра замежных спраў. Таму не выключаю, што мы недзе далёка можа і сваякі, але да гэтага спакойна ставімся і спецыяльна не шукаем такія сувязі. Наконт уласнай сям’і: так, я знайшоў сваё каханне і вельмі цешуся.

Адна з калекцый «Дарэчы»: світшоты, прысвечаныя Менску.

— Вы заснавалі «Дарэчы» на ўздыме цікавасці да нацыянальнай атрыбутыкі. Цяпер першасны попыт задаволены. Як за два гады змяніліся запыты пакупнікоў? Што найбольш бралі тады і што цяпер цікавіць людзей?

ВМ: Як тады, так і цяпер, людзі перш за ўсё звяртаюць увагу на цану. Я б не сказаў, што попыт вельмі змяніўся, проста трэба ўвесь час выдумляць нешта новае, як у любой справе, калі ты жадаеш дасягнуць поспеху.

— Вам даводзіцца вытрымліваць неслабую канкурэнцыю: у цэнтры Мінска хапае крамаў з «вышыванкавым» асартыментам - нават дзяржаўныя пачалі падключацца. Чым прывабліваеце пакупніка? Ці, можа, спрабуеце супрацоўнічаць з іншымі прадаўцамі?

ВМ: Робім акцыі, розыгрышы. Часы не самыя лепшыя, таму намагаемся дэмпінгаваць і паказываць людзям, што ў нас тавар можна набыць танней, але з той жа якасцю і ў нашай крамцы! Так, усіх астатніх нашых «канкурэнтаў» мы ведаем, я б іх нават так не называў, таму што мы з усімі ў нармалёвых адносінах.

У серыі «Дарэчы, беларус» выйшлі цішоткі з выявамі Марка Шагала, Васіля Быкава і Барыса Кіта.

— Вы спалучаеце бізнэс з вучобай. Ці ўзаемазвязаныя Ваша будучая спецыяльнасць і крама «Дарэчы»?

ВМ: Вучуся я ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, на чацвёртым курсе факультэта менеджменту, маркетынгу і прадпрымальніцтва (ФММП). Вось ужо сканчаю амаль, засталося напісаць дыплом:) Мне вельмі падабаецца тое, што мы робім, паглядзім як складзецца далей, хацелася б паспрабаць і яшчэ якую-небудзь галіну развіцця.

— У ГЦ «Сілуэт» вы крама з досыць нетыповым асартыментам. Як рэагавалі на ваша з'яўленне суседзі па гандлёвай зале? Як ставяцца цяпер? 

ВМ: У нас цудоўныя суседзі, недарэчнасцяў не было. Усё цудоўна.

— Можа, хтосьці таксама спрабуе браць у асартымент рэчы з нацыянальным каларытам?

ВМ: Так, сустракаем нейкія рэчы, час ад часу. Ну і самі прадаўцы ходзяць усе са стужачкамі беларускімі, бірулькамі — беларусізуем:)

— Ці сутыкаліся Вы за час працы з праявамі адкрытай варожасці з нечага боку?

ВМ: Ой, можа калі і было… Але крайне рэдка. Дый мы з бацькам не з маленькіх хлопчыкаў, абодва займаемся спортам: я займаюся боксам, а бацька ў мяне і цяпер амаль у 50 падцягваецца 20 разоў. Карацей да нас яшчэ трэба асмеліцца праявіць варожасць.:)

Ёсць у краме і цішоткі, прысвечаныя паўстанню Каліноўскага.

— Які самы незвычайны пакупнік у Вас быў? Можа, хтосьці з вядомых людзей да Вас завітваў? Што куплялі?

ВМ: Можа падацца, што гэта сумная праца — сядзець і прадаваць… Але бываюць выпадкі, якія не пакінуць абыякавым. Напрыклад, калі бабулька не можа стрымаць слёз, калі бачыць Пагоню ў цэнтры Мінска ў нашай крамцы і кажа, што ўжо не думала, што дажыве да такіх часоў… Увогуле кожны пакупнік нечым адметны, можа і слова лішняга не сказаць, але нешта ў ім чапляе. Знакамітасцяў таксама было нямала, на пальцах не пералічыш.

— Якія цікавыя брэнды нацыянальнага адзення з'явіліся за гэтыя два гады, на што раіце звярнуць увагу? 

ВМ: Самае галоўнае, што мы сталі выпускаць адзенне пад уласнай назвай «Дарэчы», таксама запусцілі серыю цішотак «Дарэчы, Беларус» і жадаем працягваць. Шмат з кім працуем. Напрыклад з LSTR Adziennie, ганарымся, што ў нашай крамцы ёсць такія рэчы. Астатняе лепш пабачыць уласнымі вачыма, завітаўшы да нас.

— Уявіце Ваш бізнэс праз дзесяць гадоў. Ці ёсць стратэгічны план на такі час?

ВМ: Жывём і працуем сённяшнім днём, цяжка ўявіць сябе праз дзесяць год, гэта палова майго жыцця на дадзены момант, бізнэс тым больш цяжка.

— Чым парадуеце купцоў бліжэйшым часам? Вясна ідзе:) 

ВМ: Так, будзе досыць розных рэчаў. І штосьці новае і нешта перавыдадзім, усё што будзе плянавацца і выйдзе, можна будзе знайсці ў нашых суполках у сацыяльных сетках:

vk.com/darechy_krama 

instagram.com/krama_darechy

facebook.com/kramadarechy

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930