Знайсці
19.02.2018 / 15:119РусŁacБел

Створаны графенавы фільтр, які можа ачысціць нават марскую ваду

Аўстралійская каманда навукоўцаў з Дзяржаўнага аб'яднання навуковых і прыкладных даследаванняў прадставіла танны метад фільтрацыі вады (нават марское) на аснове адной з разнавіднасцяў графену — матэрыялу, які атрымаў назву GraphAir. Даследаванне было апублікаванае ў часопісе Nature Communications.

У адрозненне ад звычайнага графену, які атрымліваюць у выніку энергаёмістага хімічнага працэсу, GraphAir вырабляецца з соевага алею — недарагога і аднаўляльнага матэрыялу, з якога навукоўцы могуць атрымліваць тонкія графенавыя плёнкі.

У ходзе ачысткі вадкасць праходзіць праз нанаканалы, якія ёсць у гэтай плёнцы, і ачышчаецца ад забруджванняў. Навукоўцы паведамляюць, што іх матэрыял здольны на 100% адфільтроўваць солі, што змяшчаюцца ў вадкасці, а таксама іншыя забруджванні бытавога паходжання.

Прадэманстраваць эфектыўнасць свайго GraphAir-фільтра спецыялісты вырашылі ў знакамітай Сіднэйскай бухце, ачысціўшы ўзяты з яе ўзор вады. Для гэтага яны ўсталявалі плёнку GraphAir на звычайны мембранны фільтр вады, які можна знайсці ў любой краме. Усяго аднае працэдуры фільтрацыі аказалася дастаткова для таго, каб зрабіць ваду даступнай для піцця.

Акрамя таго, было выяўлена, што графенавыя плёнкі забруджваюцца больш павольна, чым мембраны звычайных фільтраў. Пры гэтым даследчыкі кажуць, што тэхналогія не патрабуе вялікіх выдаткаў.

Даследнікі адзначаюць, што ў свеце каля 2,1 мільярда чалавек не маюць доступу да чыстае пітное вады. Іх распрацоўка можа дапамагчы ўсім гэтым людзям.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930