Знайсці
18.02.2018 / 13:3160РусŁacБел

«Нашых старэйшых братоў расіян адмаўляюся наогул разумець»: Лукашэнка накіраваў прэтэнзіі наконт Кушніра

Аляксандр Лукашэнка накіраваў у адрас прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта Томаса Баха прэтэнзіі з нагоды судзейства ў дачыненні да беларускага фрыстайліста Антона Кушніра. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння журналістам пасля галасавання на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, перадае БЕЛТА.

«Наша федэрацыя спрабавала пасля гэтага падаць пратэст, перагаварыць па-добраму са сваімі калегамі ў Пхёнчхане — міжнароднай федэрацыяй. Адказ быў ясна які. Мне прыйшлося ноччу падняць па трывозе МЗС, задзейнічаць пасольства ў Рэспубліцы Карэя. Накіраваць неадкладна ўрадавую тэлеграму на адрас Баха. Выказаў яму ўсё, як я думаю, у мяккай форме. Мы гэта ўсё апублікуем. Мы хаваць гэта не будзем», — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што яму ўжо тэлефанавалі з офіса кіраўніка МАК і паведамілі, што далі каманду разабрацца і прыняць меры. «Абурылася ўжо ўся грамадскасць спартыўная, ідуць сігналы, што гэта не нармальна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што адпаведныя прэтэнзіі ў адрас кіраўніцтва МАК былі падпісаныя ім не толькі як прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, але і кіраўніком дзяржавы. «Я не думаю, што там будуць прынятыя ў нашу карысць рашэнні. Калі гэтых рашэнняў не будзе, што далей… Значыць, думаю, што гэтая гутарка разам з іншымі размовамі і пытаннямі, якія ўзніклі ў міжнародным спорце, трэба перанесці на пляцоўку Міжнароднага алімпійскага камітэта. За гэтыя 20 гадоў, што я працую прэзідэнтам НАК, я ні разу не быў на гэтых сесіях, але думаю, што мне трэба там у бліжэйшы час пабываць, каб гэтае соннае палітызаванае царства трошкі разварушыць. Занадта добра жывецца. Дзеляць гэтых людзей загадзя па рангах, і пачынаюць дзяліць медалі: хто мацнейшы палітычна, той і атрымлівае медаль. Так быць не павінна!» — падкрэсліў Лукашэнка.

«Яны проста, адкрыта вам скажу, як чалавек, які трохі ў гэтым разбіраецца, выкінулі галоўнага канкурэнта з фіналу», — сказаў Лукашэнка пра судзейства адносна Кушніра.

Антон Кушнір заўсёды вылучаецца высокай стабільнасцю ў сваіх выступах, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «Жалезабетонны мужык, ён не робіць ніякіх памылак. Яны зразумелі, што гэта не проста фіналіст, — гэта зноў чэмпіён Алімпійскіх гульняў», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў складзе судзейскай калегіі былі ў тым ліку прадстаўнікі Расіі, Кітая і Швейцарыі. «Усе яны працягнулі ў фінал сваіх спартсменаў, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Яны яго [Кушніра] паспрабавалі выкінуць у першай спробе кваліфікацыі, а ў другой ім проста нічога не заставалася, як зрабіць яго сёмым, бо шасцёра праходзілі».

«Калі б разумныя былі, дык хаця б у фінал пусцілі. Але яны разумелі: пусці яго ў фінал — усім будзе «труба». І зноў беларусы два золата, як і на мінулай Алімпіядзе, могуць заваяваць», — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ў любым спорце лідараў сезону стараюцца не выкідваць са спаборніцтваў яшчэ на этапе кваліфікацыі, бо выступы такіх спартсменаў цікавыя для гледачоў, заўзятараў. «Тут і з гэтым не палічыліся, хоць… ён выдатна выканаў два скачкі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Аб суддзях: я магу зразумець швейцарцаў, не вельмі разумею нашых сяброў кітайцаў і адмаўляюся наогул разумець нашых старэйшых братоў — расіян. Ну, прайшоў Бураў [расійскі фрыстайліст], трэба другога расіяніна зацягнуць. За кошт беларуса!? Навошта? Вось маральная пазіцыя суддзяў. Таму гэта суцэльнае бязладдзе, я яго інакш растлумачыць не магу», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка параіў Антону Кушніру не хвалявацца, бо наперадзе ў яго жыцці будзе яшчэ шмат спаборніцтваў. Ён таксама выказаў надзею, што беларускі фрыстайліст Станіслаў Гладчанка здолее паспяхова выступіць.

Кушнір не трапіў у фінал, прайграўшы швейцарцу 0,45 бала. Таго цягнуў наперад швейцарскі суддзя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930