Знайсці
19.02.2018 / 09:004РусŁacБел

«Пры cонным апноэ інфаркты і інсульты здараюцца ў сем разоў часцей». Доктар-самнолаг адказвае на пытанні чытачоў пра храп

Месяц таму «Наша Ніва» разам з медыцынскім цэнтрам «Вокамедсон» зладзілі на прасторы сайта нешта накшталт кансультант-цэнтра анлайн: далі магчымасць задаць у каментарах любое пытанне па храпе дырэктару медыцынскага цэнтра «Вокамедсон», самнолагу Андрэю Фурсу.

Андрэй Фурс.

Мы сабралі ўсе вашы пытанні і перадалі доктару. Цяпер, як і абяцалі, публікуем адказы (некаторыя з пытанняў дубліраваліся, таму мы іх аб’ядналі тэматычна). Хай наша кансультацыя дапаможа вам спаць мацней!

Як пазбыцца храпу

МатрУна: «Мой муж храпе. Што рабіць?».

Андрэй Фурс: Калі ў чалавека проста храп, без спынення дыхання (ці да пяці перапынкаў у гадзіну, што лічыцца нормай), то гэта не страшна. Сам сабою храп не хвароба. Але наведаць лор-доктара пры яго наяўнасці лішнім не будзе.

Большая колькасць затрымак у дыханні сведчыць пра соннае апноэ (ад 5 да 15 у гадзіну — лёгкая форма, ад 15 да 20 — сярэдняя, звыш 25 — цяжкая). І вось тут ужо варта праходзіць дыягностыку і прызначаць лячэнне.

Ju: «Ці ёсць які-небудзь хуткі варыянт, каб вырашыць праблему храпу? Які варыянт дае стопрацэнтную гарантыю?».

АФ: Хуткі метад, які працуе стоаадсоткава, існуе, але выкарыстоўваць яго захочуць не ўсе. Гаворка ідзе пра сіпап-тэрапію, пры якой чалавек кожную ноч будзе спаць з апаратам. За час існавання нашага медцэнтра ад яго адмаўляліся толькі два чалавекі з сонным апноэ, у якіх была клаўстрафобія: людзі банальна не маглі надзець маску, бо баяліся задыхнуцца. Усе астатнія прывыкалі спаць у ёй пастаянна, бо станоўчы эфект адчуваецца пасля першай жа ночы.

Апарат працуе ў рэжыме штучнай вентыляцыі: паток паветра не дае дыхальным шляхам злучацца і вібраваць. Паступленне кіслароду не блакуецца, і чалавек мае нармальны сон.

Вось так выглядае сон з сіпап-апаратам.

Анжэла: «Мужу 43 гады, моцны храп з’явіўся гадоў 5 таму (храпе на ўсю кватэру). На спіне дыханне становіцца перарывістым. Былі сітуацыі, калі падчас сну ён увогуле пераставаў дыхаць. У такія моманты я яго штурхала з усёй сілы, каб разбудзіць. Ён потым расказваў, што, быццам, правальваецца ў бездань і не можа ўстаць. Ці праўда, што вылечыцца ад храпу можна, але гэта вельмі дорага?».

АФ: Аднаразовае ўкладанне ў апарат не нашмат даражэйшае, чым у добры мабільны тэлефон. Аднак нашы людзі не прывыклі плаціць за здароўе. Купіць айфон за 800—1000 даляраў для іх не праблема, а на апарат для барацьбы з храпам коштам 1000—1300 еўра, які можна эксплуатаваць цягам 10—20 гадоў, грошай шкада. Кожны робіць свой выбар, куды ўкладаць грошы.

Паўлавіч Пётр: «Купіў бранзалет, які б'е токам, калі чуе храп. Вось думаю, ці дапаможа? Ці эфектыўны гэты спосаб?».

АФ: Бранзалеты падыходзяць толькі тым, хто мае пазіцыйна залежны храп. Напрыклад, чалавек храпе на спіне, бранзалет чуе гэтыя гукі, б’е токам і прымушае перавярнуцца на іншы бок. Пасля можна спаць спаць далей. Калі ж вы храпяце ў любым палажэнні, бранзалет тут не дапаможа.

Акрамя таго, у некаторых мадэляў ёсць відавочныя мінусы: яны бываюць настроеныя на пэўную частату гуку, таму могуць спрацоўваць нават на сігналізацыю машыны. Калі ваш партнёр рэзка захрапе, бранзалет таксама адрэагуе.

Пры пазіцыйна залежным храпе я раю не марнаваць грошы і зрабіць танней: прышыць ззаду майкі, у якой вы збіраецеся адпачываць, кішэню і пакласці туды мячык для пінг-понга: спаць на спіне такім чынам будзе немагчыма.

Валеры: «Мне 63 гады. Жыву з храпам гадоў 15. Калі на спіне, дыханне перакрываецца. Мяркую, таму што «аслабла» паднябенне. Раблю спецыяльную гімнастыку. Вынік станоўчы, але ўсё роўна храпу, вельмі моцна. Прыходзіцца спаць на баку».

АФ: Гімнастыка лепш за ўсё дапамагае тым людзям, у якіх храп толькі пачынаецца. Але каб быў эфект, трэба займацца практыкаваннямі пастаянна, інакш — бессэнсоўна. З дапамогай гімнастыкі мы ўсяго толькі можам крыху натрэніраваць мышцы шыі. Але гэта знешняя падцяжка. Паднябенне і мышцы, якія фарміруюць дыхальныя шляхі, трэніроўкам, на жаль, не паддаюцца.

Vandrouny: «Чытаў, што на Захадзе ёсць клінікі, куды ты прыходзіш на ноч, а цябе падключаюць ды датчыкаў і вывучаюць. А ў нас як правяраюць храпуноў?».

АФ: Раскажу, як гэта адбываецца, на прыкладзе нашага цэнтра. Чалавек запісваецца на дыягностыку на пэўны дзень ці ноч. Калі гэта мінчук, ён можа начаваць дома. Калі прыезджы з іншага горада ці вёскі, мы звычайна раім спыніцца на здымнай кватэры ці ў гатэлі.

У прызначаны дзень пацыенту выдаецца абсталяванне: гэта робіцца непасрэдна ў медцэнтры ці ў месцы, зручным для кліента. Чалавеку падключаюцца датчыкі, і ён праводзіць ноч з прыборам (з ім можна рухацца, хадзіць, толькі нельга прымаць душ).

Раніцай пацыент прыязджае да нас, мы робім дэшыфроўку запісу і адразу ж ці на наступны дзень запрашаем на кансультацыю, на якой вырашаем, што рабіць далей: накіроўваць на аперацыю ці адразу параіць паспрабаваць сіпап-тэрапію.

Зміцер: «Ці дапамагаюць пры храпе аперацыі, калі на паднябенні робяць насечкі? Калі так, то на які тэрмін? Ці толькі ў Мінску іх робяць, і ці не змяняецца пасля іх голас?».

АФ: Перш, чым рабіць любую аперацыю і ўвогуле прымаць нейкае рашэнне па храпе, трэба прайсці начную дыягностыку. Высветліць, ці сапраўды храп ёсць, ці звязаны ён з палажэннем, у якім пацыент спіць, ці суправаджаецца прыпынкамі ў дыханні, у якой яны колькасці і гэтак далей. Пасля гэтага можна вырашаць, ці будзе аперацыя эфектыўнай.

Я бачыў людзей, у якіх усё паднябенне было высечанае, а яны ўсё адно храплі, жылі з цяжкай формай апноэ.

Аперацыі робяць не толькі ў Мінску, але і ў іншых буйных гарадах. На голас такія працэдуры асабліва не ўплываюць. Ён можа стаць крыху гундосым, але толькі калі зусім выдаліць мяккае нёба.

Што ўплывае на храп?

Юрчэліні: «Ці можа няроўная перагародка спрыяць храпу?».

АФ: Каля 90% людзей на планеце маюць скрыўленую перагародку, але храпяць з іх далёка не ўсе. Аднак калі яна моцна скрыўленая, то змяншае плынь паветра, якім чалавек дыхае ноччу. Ён адкрывае рот, каб дыхаць глыбей, шкодзіцца слізістая, і ў выніку гэта можа прывесці да храпу.

Звычайна, оталарынголагі ўсім пацыентам раяць выпраўляць вельмі скрыўленую перагародку. Гэта аблягчае дыханне не толькі ноччу, але і днём.

Гануся: «Ці ёсць залежнасць паміж павелічэннем вагі і з'яўленнем храпу? Калі так, ці можна пазбавіцца ад храпу, знізіўшы масу цела?».

АФ: Так, залежнасць ёсць. Тлушч усё ж адкладваецца не толькі на сцёгнах, але і на шыі. Лічыцца, калі чалавек пазбавіцца 10% лішняй вагі, то інтэнсіўнасць храпу зменшыцца на 30%.

Але тут ёсць і адваротная сувязь: пры сіндроме соннага апноэ парушаецца гарманальны абмен. Існуе такі самататропны гармон, які выпрацоўваецца ў глыбокай фазе сну. Калі ў чалавека вялікая колькасць спыненняў дыхання, адсутнічае глыбокая фаза сну, гармон нармальна не выпрацоўваеццца. А менавіта ён адказвае за ўтылізацыю тлушчавых адкладаў. Нават калі чалавек будзе мала есці, то яму ў такім выпадку будзе складана пахудзець.

Алесь: «Кінуў займацца спортам 5 год таму, трохі паправіўся і пачаў храпці. Ці звязана гэта? Мабыць, зноў пачаць хадзіць у спартзалу?».

АФ: Да нас часта звяртаюцца былыя спартоўцы, якія набралі вагу і пачалі храпці. Пры гэтым яны могуць хадзіць у спартзал, але ім гэта не дапамагае. Спорт можа аблегчыць храп. Але праблематыка такая, што, калі ён з’явіўся, то будзе з вамі ўсё жыццё. Тым больш, бліжэй да 60 гадоў пачынае храпці амаль 100 працэнтаў насельніцтва.

25/17: «Пачынаю храпці, толькі калі вып'ю алкаголь. Чаму так адбываецца і што з гэтым рабіць?».

АФ: Алкаголь расслабляе мускулатуру і ўздзейнічае на арганізм як седатыўнае снатворнае, з-за чаго мы глыбей спім. Два гэтыя фактары прыводзяць да храпу. І тое, што храп з’яўляецца пад уздзеяннем алкаголю сведчыць, што ў будучыні ён стане пастаянным спадарожнікам.

Людзям з цяжкай формай апноэ я ўвогуле не рэкамендую ўжываць снатворнае і алкаголь, інакш усё можа скончыцца трагічна.

Артур Кіжаватаў, Пінск: «Ці звязаны храп з пазіцыяй чалавека падчас сну? З вільготнасцю (сухасцю) і тэмпературай паветра, якім дыхае спячы?».

АФ: Часцей за ўсё храп заяўляе пра сябе, калі чалавек ляжыць на спіне. Таму трэба пазбягаць такога палажэння.

Што тычыцца тэмпературы і вільготнасці паветра, то ў восеньска-зімні перыяд, калі працуе цэнтральнае ацяпленне, каб слізістая перасыхала менш, можна карыстацца ўвільгатняльнікамі і часцей праветрываць памяшканне. Але калі чалавек храпе даўно, такія метады, канечне, не дапамогуць яго перамагчы.

Чаму мужчыны храпуць часцей жанчын?

Люся:«Ведаю шмат маладых жанчын, якія храпуць падчас сну? Што можаце ім параіць?».

АФ: Ва ўзросце да 60—70 гадоў у асноўным храпуць толькі мужчыны. Пасля іх «даганяюць» і жанчыны. Гэта звязана з тым, што ў другіх у арганізме ёсць два чароўныя гармоны — эстраген і прагестэрон. Яны абараняюць іх ад храпу і перастаюць падчас менапаўзы.

Чаму пачынаюць храпці маладыя жанчыны? Тут можа быць шмат фактараў: лішняя вага, скрыўленая перагародка, курэнне… Каб ведаць дакладна, трэба прайсці дыягностыку.

Дарэчы, усім патэнцыйным храпунам, якія не могуць кінуць курэнне, я раю хаця б не рабіць гэта за дзве гадзіны да сну, а перад тым, як легчы, папаласкаць рот аліўкавым ці раслінным алеем: нікацінавыя смолы раствараюцца пад яго уздзеяннем. Акрамя таго, алей змякчае слізістую.

Храп і дзеці

Віт: «Хлопчык, 5 гадоў, храпе ўначы, пры гэтым рот зачынены. Былі ў дактароў, яны сказалі, што ў яго адэноіды 2-й ступені, наколькі гэта небяспечна?».

АФ: У дзяцей храп, часцей за ўсё, звязаны з лор-праблемамі, канкрэтней — з наяўнасцю адэноідаў. Дзіцячы храп звычайна праходзіць ці сам сабой, калі адэноіды натуральным чынам пачынаюць змяншацца ці пасля аперацыі па іх выдаленню.

Бывае ў дзяцей і соннае апноэ — вось гэта небяспечна. Пры цяжкай форме можа запавольвацца развіццё галаўнога мозгу: дзеці пачынаюць горш вучыцца, капрызнічаюць, становяцца непаслухмяныя. І калі дарослыя з такім дыягназам набіраюць вагу, то малыя, наадварот, худнеюць.

Калі ў дзіцяці сапраўды ёсць соннае апноэ, то з гэтым трэба змагацца. Калі да гэтага прывялі адэноіды, то, канечне, іх лепш выдаляць. Звычайны храп павінен знікнуць з гадамі.

Храп і пот

Марына:«Турбуе наступнае: калі муж засынае, то вельмі моцна пацее, і пот цяче проста па ўсёй спіне. Няважна, горача ці холадна, раней такога не было».

АФ: 20—30 працэнтаў пацыентаў з сонным апноэ апісваюць, што ў іх моцнае потавыдзяленне ноччу. Да такой ступені, што раніцай можна выціскаць пасцелю. У такім выпадку пажадана прайсці дыягностыку.

Храп і лор-праблемы

Gust: «Ці звязаны храп з закладзеным носам?»

АФ: Калі чалавек хварэе, то гэта сапраўды можа суправаджацца храпам, які знікае пасля папраўкі. Пры рынітах і гаймарытах таксама можа быць храп. Але яшчэ раз, калі чалавек здаровы, гэта хутка павінна прайсці.

Бывае, што ноччу можа закладваць адну з ноздраў: з таго боку, на якім чалавек спіць. І з-за недахопу паветра таксама можа быць храп, але тут няма нічога страшнага.

Ці ўплывае храп на працягласць жыцця?

Без рэцэпту:«Скажыце, калі ласка, ці ўплывае храп на працягласць жыцця: у мяне дзядуля не храпе і жыве ўжо 99 гадоў, а швагер хроп і памёр у 60».

АФ: Прамой сувязі няма, ёсць апасродкаваная. Калі чалавек храпе і гэта не ўскладняецца спыненнямі дыхання, ён можа цудоўна адчуваць сябе і ў 90 гадоў.

Яшчэ раз адзначу: сам па сабе храп не з’яўляецца захворваннем і не ўплывае на наша здароўе. Праблемы пачынаюцца, калі пад ім хаваецца соннае апноэ. Людзі з такім дыягназам у 6—7 разоў часцей маюць сардэчныя захворванні, інфаркты і інсульты. Рызыка раптоўнай смерці ў гэтай групы таксама вышэй.

Чытайце таксама: «Сёння вы храпяце, а заўтра можаце не прачнуцца». Гутарка з самнолагам пра храп

УНП 191126676

ТАА «Окомедсон»

Гутарыла Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера