Знайсці
17.02.2018 / 10:5545РусŁacБел

У Расіі апублікаваны спіс байцоў, што «прапалі без вестак» пад Хішамам у Сірыі. У ім 74 прозвішчы

Расійскія блогеры і незалежныя журналісты працягваюць па драбках збіраць інфармацыю пра бой пад Хішамам у Сірыі. Там 7 лютага расійскія сілы і сірыйцы спрабавалі заняць нафтавае радовішча, якое кантралявалі курдскія апалчэнцы, саюзнікі ЗША. У выніку амерыканцы нанеслі авіяўдар па наступоўцах.

Дакладных звестак пра лічбу ахвяр пакуль няма, але са сведчанняў тых, хто выжыў, паўстае карціна поўнага разгрому.

Вядомы расійскі блогер El-Murid, які піша пра войска і сірыйскую кампанію, 17 лютага апублікаваў спіс байцоў, прыпісаных да «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера», якія зніклі без вестак пасля таго бою — гэта значыць, іх няма ні сярод параненых, ні сярод эвакуіраваных забітых. У спісе 74 прозвішчы.

«Прыватная вайсковая кампанія Вагнера» — гэта фармальна прыватная структура, якая выконвае задачы, якія Масква з меркаванняў рэпутацыі не хоча давяраць афіцыйнай арміі. У прыватнасці, яе байцы ўдзельнічалі ў захопе Крыма і Данбаса і аперацыях у Сірыі.

Паводле падлікаў незалежных журналістаў, агулам у баях у Сірыі загінула ўжо больш за 600 расійскіх грамадзян.

Афіцыйна Масква паведамляла пра гібель некалькіх дзясяткаў сваіх вайскоўцаў.

Канал WarGonzo апублікаваў некалькі аўдыязапісаў, на якіх расійскія вайскоўцы распавядаюць аб тым, што здарылася. У аўдыя шмат лаянкі, даслоўна расшыфраваць іх немагчыма, але ў цэлым гаворка ідзе пра тое, што пры нейкім сутыкненні ў Сірыі загінулі больш за 200 чалавек.

«Былі піндосы [амерыканцы] … Спачатку артой [артылерыяй] накрылі, потым паднялі чатыры вяртушкі [верталёты] і ў карусель запусцілі з буйнакаліберных кулямётаў… У нашых, акрамя аўтаматаў, нічога не было. Наогул зладзілі там пекла. Піндосы пэўна і дакладна ведалі, што гэта мы ідзём, рускія, вось нашы ішлі завод адціскаць, а яны на гэтым заводзе сядзелі… Вельмі шмат хто знік без вестак».

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў у адказ на просьбу журналістаў пракаментаваць інфармацыю пра гібель у Сірыі 600 расійскіх байцоў, заявіў, што ў Крамлі не маюць звестак пра расіян, якія могуць знаходзіцца ў Сірыі, акрамя ваенных узброеных сіл РФ, і парэкамендаваў звяртацца па гэтую інфармацыяю ў Міністэрства абароны.

«Мы не маем канкрэтнай дэталёвай інфармацыяй, якая б дазваляла рабіць нейкія высновы. Нельга выключаць, што на тэрыторыі Сірыі могуць знаходзіцца грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Яны не адносяцца да Узброеных сіл. Гэта ўсё, што можна канстатаваць. Але ў любым выпадку гэта нашы грамадзяне, яны застаюцца грамадзянамі Расійскай Федэрацыі», — сказаў Пяскоў журналістам у сераду 14 лютага.

Сяргей Гезгала

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930