Знайсці
17.02.2018 / 19:281РусŁacБел

Масіўныя завушніцы-жырандолі, ружова-ружовы колер, футра — трэнды, якія дыктуе нам Тыдзень моды ў Нью-Ёрку

Нью-Ёрк традыцыйна першым адкрывае чараду модных тыдняў. Пакуль беларусы чакаюць свой, які пройдзе ўжо ў красавіку, расказваем, на якія тэндэнцыі раяць звяртаць увагу дызайнеры аднаго з самых модных гарадоў свету.

Завушніцы-шандальеры

Забытыя масіўныя шандальеры, ці жырандолі, як іх яшчэ называюць, зноў аднаўляюцца ў правах. На подыумах такія можна было ўбачыць у Badgley Mischka, Anna Sui і Ralph Lauren.

Калі абіраеце іх для свайго вобразу, адмоўцеся ад яркага мэйкапу, каб не перабраць з акцэнтамі. Такія завушніцы будуць класна глядзецца з простай прычоскай: конскім хвастом, напрыклад, ці неахайным пучком.

Мэйкап — кіслотны і неонавы

Яркі, быццам бы дзіцячы макіяж байцы моднага фронту звязваюць з унутранай свабодай самавыяўлення, да якой і заклікаюць.

Калі дадаць да касмічных ценяў крыху румянцу і ягадную памаду — атрымаецца мэйкап у стылі 80-х, а вынаходніцтвы тых часоў цяпер зноў вельмі актуальныя.

Дарэчы, прылізаныя, з мокрым эфектам валасы — гэта таксама трэндава і свежа.

Жыццё ў ружовым колеры

Нягледзячы на тое, што галоўным колерам 2018 года аб’явілі ультрафіялет, дызайнеры робяць выгляд, што пра гэта не чулі, і ствараюць цалкам ружовыя камплекты.

Трэба дадаць, што ружовы колер ужо даўно ўварваўся ў наша жыццё. У 2016-м ён нагадваў пра хіпі-манію 1960-х, у 2017-м — размаляваў сцягі фемінісцкіх маршаў, а заадно красоўкі, джынсы, футболкі і айфоны — усю атрыбутыку пакалення міленіяалаў. У новым, 2018-м, ружовы колер стаў базавым: з’явіўся ў офісных касцюмах і вечаровых сукенках. Таму заканчвайце яго баяцца. Ён ні кроплі не несур’ёзны.

Каляровае футра

Калі вы да гэтага часу не маеце штучнае футра ў гардэробе, то звярніце на яго ўвагу. На халодную вясну і камфортную зіму — самае яно. Дызайнеры сцвярджаюць: чым больш шалёным будзе колер верхняй вопраткі, тым лепш.

Доўгія спадніцы

Моцная, незалежная і пры гэтым жаноцкая. Вось галоўны пасыл у сённяшнім модным свеце ад такіх дызайнераў як Gabriela Hearst і Calvin Klein. Мінулай восенню, на хвалі вяртання ў моду 80-х, подыумы запоўнілі фемінісцкія вобразы power woman з касцюмамі, у якія ўваходзілі штаны з жакетамі на падплечніках. У модзе па-ранейшаму будаваць кар'еру, начаваць за працоўным сталом і насіць паліто ў клетку, але вось нагавіцы можна замяніць на спадніцу.

Па матэрыялах Dailymail i Bazaar.

Мая Лінь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930