Знайсці
15.02.2018 / 19:0915РусŁacБел

Звальненні, перапрацоўкі і нізкія заробкі: падрабязна пра тое, на што скардзіліся мінскія таксісты падчас забастоўкі 

15 лютага ў Мінску адбыўся сход кіроўцаў таксі 135. Планавалася, што ў ім возьмуць удзел ад 400 да 1000 чалавек, але ў выніку прыехала толькі каля сотні машын. Паводле саміх таксістаў, многія збаяліся, бо вырашылі, што будзе мала людзей.

Як распавёў «Нашай Ніве» адзін з таксістаў, амаль увесь мінулы год яны вазілі пасажыраў па 60 капеек за кіламетр. Пасля цэны збіраліся ўздымаць, прычым была дамоўленасць паміж службамі 135, 152 і «Алмаз 7788». У выніку тарыфы падвысіла толькі кіраўніцтва «135»: стала 70 капеек за кіламетр. Дырэктар службы вельмі пакрыўдзіўся на канкурэнтаў і вырашыў дэмпінгаваць — панізіў цэны. Цяпер у «135» пасадка каштуе 4,5 рубля, а кіламетр — 55 капеек. Пры гэтым з таксістаў за замовы бяруць столькі ж, колькі і раней. Таксісты патрабуюць зніжэння абаненцкай платы — фіксаванай сумы, якую кампанія бярэ з таксіста за кожную паездку. 

Але высокая абаненцкая плата — не адзіная праблема, якая непакоіць кіроўцаў. 

Некаторыя западозрылі дыспетчараў у «зліцці» замоў. Былі выпадкі, калі таксіст, які знаходзіцца бліжэй да кліента, не бачыў яго ў праграме, а замову браў на сябе той кіроўца, які знаходзіўся нашмат далей.

Таксама кіроўцы не задаволеныя праграмным забеспячэннем. Яны лічаць уведзеныя нядаўна новыя мабільныя дадаткі, праз якія таксісты адсочваюць замовы, нашмат горшымі.

«У старой праграме Мінск быў падзелены на некалькі дзясяткаў раёнаў, у межах якіх кожны таксіст атрымліваў замовы. Падчас чакання сваёй чаргі можна было з’ездзіць паесці, адпачыць, заняцца сваімі справамі. Новая праграма — гэта латэрэя. Замова аддаецца таму кіроўцу, які, паводле GPS, знаходзіцца бліжэй да замоўцы. Напрыклад, я магу стаяць каля чацвёртага пад’езда чатыры гадзіны ў чаканні замовы, а пад’едзе нейкі кіроўца, які прывёз кліента ў трэці пад’езд, і ў гэты час паступіць новая замова з другога пад’езда. І яна будзе адданая гэтаму кіроўцу, бо ён у гэты момант знаходзіцца на адзін пад’езд бліжэй да новага кліента. Хіба гэта справядліва?», — задаецца пытаннем адзін з удзельнікаў забастоўкі.

Некалькі разоў гучалі прапановы стварыць свой незалежны прафсаюз. Але ахвотных узяцца за гэтую справу не знайшлося. 

Адно з патрабаванняў таксістаў — увядзенне сістэмы кантролю працоўнага часу, каб не даводзілася працаваць больш, чым дазволена па законе.

«Многія кажуць, што мы зарабляем добрыя грошы. Але трэба ж улічваць і тое, колькі мы працуем, і тое, што ў заробкі ўваходзіць яшчэ і пастаяннае абслугоўванне аўтамабіля, а таксама адкладанне грошай на новы, бо машына ж можа працаваць не бясконца. Цяпер, каб атрымаць у месяц хаця б 800-1000 рублёў, нам трэба працаваць па 12-14 гадзін у суткі! Але закон дазваляе працаваць толькі 10 гадзін, каб не ствараць небяспечных умоў для пасажыраў. У выніку даводзіцца парушаць закон», — распавядае адзін з удзельнікаў сходу. 

«Я залезла ў даўгі і набыла сабе новую машыну. А па такіх тарыфах, па якіх мы працуем цяпер, я проста не змагу яе абслугоўваць, і яна ператворыцца ў груду смецця. Ёсць, канечне, шлях, якім ідуць супрацоўнікі некаторых іншых служб. Яны проста падманваюць кліентаў, [беручы з іх больш, чым трэба]. Мы, таксісты службы 135, заўсёды паводзім сябе годна са сваімі кліентамі. Мы заўсёды славіліся сваёй праўдзівасцю. А цяпер нас проста ставяць у такія ўмовы, што мы вымушаныя махляваць, калі хочам застацца ў гэтай прафесіі», — скардзіцца жанчына-таксіст.

Ніхто з кіраўніцтва службы таксі на сход не прыехаў. У выніку кіроўцы вырашылі напісаць калектыўны зварот і выбраць прадстаўнікоў, якія адвязуць яго начальству.

Напярэдадні, паводле словаў прысутных, кіраўніцтва звольніла шмат супрацоўнікаў, чакаюцца яшчэ звальненні. Але таксісты кажуць, што пакуль не даб’юцца свайго, будуць выходзіць на новыя забастоўкі і збіраць усё больш людзей.

«Трэба, каб кожны з прысутных у наступны раз прывёз з сабой некалькі калег, расказаўшы ім, што сёння нас было шмат. І тады нас будзе яшчэ больш!» — запэўніваў адзін з забастоўшчыкаў. 

Ад пачатку сходу міліцыі ля «Чыжоўка-Арэны» не было, за выключэннем двух супрацоўнікаў ДАІ. Бліжэй да заканчэння забастоўкі пад’ехала машына з двума міліцыянтамі, якія, паслухаўшы скаргі таксістаў на кепскае жыццё, паведамілі, што зафіксуюць нумары ўсіх аўтамабіляў.

Між тым, усе пытанні таксісты ўжо вырашылі, і калі супрацоўнікі міліцыі пачалі здымаць на камеру аўтамабілі на паркоўцы, удзельнікі сходу пачалі пакрысе з’язджаць.

Чытайце таксама: Таксісты службы 135 раззлаваныя несправядлівымі тарыфамі — ФОТЫ з забастоўкі ў Мінску

Ілья Параскевіч, фота аўтара і Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930