Знайсці
15.02.2018 / 09:3233РусŁacБел

Палітычны блогер Эдуард Пальчыс: Штомесяц чытачы ахвяруюць нам з жонкай $500 — жыццёвая гутарка

Эдуард Пальчыс — першы чалавек у гісторыі Беларусі, асуджаны за палітычнае блогерства. Звычайны хлопец з Ліды, які планаваў стаць гісторыкам, а ў выніку трапіў у спіс палітвязняў, бараніў Курапаты, пільна сачыў за вучэннямі «Захад-2017», а сёння бярэ актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мерапрыемстваў святкавання юбілею БНР і працягвае весці свой сайт.

Эдуард Пальчыс.

Мы сустрэліся з ім, каб распытаць пра нюансы жыцця «найлепшага палітычнага блогера» Беларусі, апошнія навіны і амбіцыі.

 «Наша Ніва»: Чым ты зараз жывеш? Які ў цябе рэжым дня?

Эдуард Пальчыс: У асноўным дні мінаюць за сядзеннем за камп’ютарам ці тэлефонам. Манітору ўсе навіны праз сайты, сацсеткі. Сам пішу гістарычныя артыкулы. Хутка юбілей абвяшчэння БНР, таму ўся энергія накіраваная на гэтую дату.

Бывае, што пад вечар ад колькасці інфармацыі, перапісак і сустрэч адчуваю сябе нібыта п’яным.

«НН»: Што канкрэтна робіш ты ў межах плана мерапрыемстваў да БНР-100?

ЭП: Мы працуем у камандзе: праводзім шмат сустрэч і перамоў, прабіваем пляцоўкі для святочных імпрэз, распрацоваўем адмысловы сайт пад #БНР100, рыхтуем паліграфію, ствараем гістарычна-адукацыйны кантэнт і шмат-шмат іншага.

«НН»: Калі згадваць твае матэрыялы на сайце ў 2014 годзе, то там быў сапраўды моцны і нават агрэсіўны русафобскі акцэнт. Зразумела, што быў такі час, анексія Крыма, ты працаваў у вобразе агрэсіўнага Джона Сільвера… Але што наконт сённяшніх дзён? Акцэнт з Расіі сышоў з тваіх артыкулаў сам сабой, ці сапраўды няма ў гэтым патрэбы?

ЭП: Я ўвайшоў у медыяпрастору ў востры момант: 2014 год, пастаянныя нападкі на Беларусь з боку Расіі, а ад беларусаў пры гэтым чулася толькі суцэльнае ныццё, выказванні, што нас захопяць за 5 хвілін, як і Крым. Мне гэта надакучыла, таму я стварыў вобраз агрэсіўнага блогера, які імкнуўся сваімі рэзкімі пастамі ўздымаць дух, варушыць нешта ў мазгах у людзей. Ніхто не рабіў гэтага, таму пачаў я. Ужо пазней да тэмы падключыліся і іншыя людзі, медыя, і я выдыхнуў.

Сёлета была падобная сітуацыя: юбілей БНР не за гарамі, а вакол — цішыня. Прыйшлося нам з Паўлам Белавусам і іншымі хлопцамі сустрэцца і спланаваць дзеянні на юбілей. Я не хайпую на нейкіх актуальных тэмах, я вымушана пачынаю рабіць тое, што ніхто не робіць. Я жартаўліва называю сябе найлепшым палітычным блогерам, але справа ў тым, што іншых у нас пакуль няма.

З Расіяй спакайней, бо прапагандысцкая машына Крамля пераключылася на іншыя тэмы: то Сірыя, то ЗША, то Турцыя на парадку дня. Але ў любы момант фокус можа зноў аказацца на нас. І я рады, што цяпер у Беларусі хаця б ёсць касцяк здаровых «русафобаў», якія здольныя даць прапагандзе нейкі інфармацыйны адпор.

«НН»: Калі ты быў «зялёным», мог хаця б на хвіліну ўявіць, што твой лёс складзецца такім чынам?

ЭП: На пэўных жыццёвых этапах мяне цікавілі розныя рэчы. Гадоў у сямнаццаць хацелася быць гісторыкам-навукоўцам. Але першы ж курс гістфака БДУ адбіў усё жаданне ісці ў навуку. Пакуль ты жывеш у Лідзе, то ўяўляеш Мінск як нейкае чароўнае месца з найлепшымі ўніверсітэтамі. Але ў выніку ты толькі тупееш там. Я ўвогуле лічу, што гуманітарная адукацыя ў нашай краіне — рэч бессэнсоўная.

Нейкі час я быў звязаны з кінаіндустрыяй, працаваў з кінатэатрамі. Сам напісаў шмат сцэнарыяў, але ноўтбук з імі быў канфіскаваны ў судзе. У студэнцтве мы за суткі нават знялі ўласны трылер для конкурсу, але мне за яго сорамна, таму рэкламаваць не буду.

Далей было рэпетытарства па гісторыі, захапленне сацсеткамі, ну і блог, за матэрыялы якога мяне пасадзілі. І тады, у маі 2015 года, калі мяне затрымалі, я, канечне, не мог уявіць, што ўсё так складзецца, што я буду тым, кім ёсць сёння. Але я ні пра што не шкадую. І важна, што ў гэтым плане мяне падтрымалі блізкія людзі.

«НН»:Ты не асабліва хацеў фатаграфавацца, бо баяўся, што бацькі не ацэняць твой знешні выгляд. То бок яны, нягледзячы на тое, што ты ўжо 10 год жывеш асобна, усё ж працягваюць крытыкаваць твой стыль жыцця?

ЭП: Яны — звычайныя бацькі, пенсіянеры. Нарадзіліся ў Гродзенскай вобласці і амаль ўсё жыццё адпрацавалі на лідскім дзяржаўным прадпрыемстве, якое выпускае шкляныя вырабы. Як і многім іншым бацькам, ім не даспадобы, калі я ем «Ролтан» і выглядаю ў сваіх любімых байках і джынсах хутчэй як урбаніст, а не дарослы мужчына. Але галоўнае, што яны прынялі тое, чым я вырашыў займацца — ад гэтага я шчаслівы.

«НН: Ужо год ты жывеш выключна на ахвяраванні людзей на твой сайт, няўжо табе і жонцы хапае на жыццё? Колькі ў цябе пастаянных штомесячных данацераў?

ЭП: Штомесяц свае грошы мне ахвяруюць чалавек пяць. Але шмат хто робіць гэта некалькі разоў на месяц, раз на год.

Кожны месяц ледзь-ледзь маю 500 даляраў. Але калі я толькі абвясціў пра краўдфандынг на свой праект, зусім не верыў, што нешта атрымаецца. Думаў: ну, ахвяруюць мне баксаў трыста. Я выбачуся перад людзьмі, анансую, што нічога не выйшла і ўладкуюся на звычайную працу. Але, на дзіва, ахвяраванні ішлі ўвесь год. Дзякуючы гэтым людзям, я змог пісаць расследаванні, удзельнічаць у акцыі ў Курапатах…

«НН: А Віка, твая жонка, афіцыйна ўладкаваная?

ЭП: Афіцыйна мы з ёй дармаеды. Як фрылансер яна працавала то фатографам, то ў іншых месцах. Але цяпер я, можна сказаць, спакусіў яе займацца сайтам: яна дапамагае мне пісаць на 1863x.com тэксты, пакуль я заняты справамі, звязанымі са святкаваннем БНР.

Эдуард з жонкай. Фота з асабістай старонкі ў Фэйсбуку.

«НН»: Няўжо вам хапае грошай на жыццё?

ЭП: Канечне, 500 даляраў — гэта не тыя грошы, за якія можна набываць кватэры і машыны.

Думаю, кожны чалавек, які афіцыйна не ўладкаваны і займаецца актывізмам (як я ці Антон Матолька, Максім Філіповіч), штомесяц блізкі да таго, каб псіхануць і ўсё кінуць, уладкавацца ва ўмоўны «Епам».

Мне паступалі канкрэтныя прапановы па працы, і калі я ўбачу, што мой праект не запатрабаваны, адразу ж кіну ўсё і пайду ў афіцыйную кантору. Гэта можа здарыцца ў любы момант, бо такая падвешанасць не можа не напружваць.

Галоўнае, што я не лічу тое, што раблю, жабрацтвам, як могуць называць гэта некаторыя людзі. На мой погляд, любая добрая справа павінна падтрымлівацца рублём.

«НН»: У «Доту» працягваеш рубіцца на камп'ютары? Які ў цябе вінрэйт?

ЭП: У гульні цяпер новыя правілы, з рангамі і рэйтынгамі, яны залежаць ад сезону і вызначаюцца не лічбамі, а спецыяльнымі значкамі. Гуляю менш, чым раней, таму нават не адкалібраваны. У асноўным рубімся з жонкай у «Доту» ўвечары, каб разгрузіць мазгі пасля секты пад назвай «беларускі фэйсбук», які, бывае, дрэнна ўплывае на розум.

«НН»:Хто з вас гуляе круцей: ты ці Віка?

ЭП: Натуральна, жонка! Калі я скажу інакш, яна перастане са мной гуляць.

«НН»:Цікавыя ў вас адносіны, канечне. Яшчэ ўдваіх і фемінізм час ад часу крытыкуеце. А як у вашай сям’і ў плане раўнапраўя і размеркавання абавязкаў?

ЭП: Мы падзяляем справы ў залежнасці ад стомленасці і загружанасці кожнага, але жонка гатуе лепш за мяне, таму мы абое радыя, калі ў яе атрымліваецца гэтым займацца.

У плане фемінізму: падтрымліваць феміністак першай і другой хвалі будзе любы нармальны чалавек. Нам не падабаюцца ненармальныя фемкі, якія кідаюць цень на ўсіх астатніх жанчын, што змагаюцца за сапраўды важныя рэчы. І ўдвая смешна гэта выглядае, калі нейкая праблема кшталту нейтральна гендарных туалетаў спачатку абмяркоўваецца ў ЗША, пасля гэтую ідэю капіруюць рускія, а праз нейкі час і нашы фемактывісткі.

На гістфаку нам паўгода выкладалі курс жаночага руху, таму я ведаю, як гэта зараджалася. Так, спачатку жанчыны змагаліся за права працаваць, атрымліваць адукацыю і галасаваць. Але калі ў другой палове 20 стагоддзя рабочыя не апраўдалі надзей на сусветную рэвалюцыю ў вачах сацыялістаў-левакоў, яны прыняліся шукаць новую «прыгнечаную» групу, за правы якой цяпер можна змагацца, і знайшлі яе ў асобе ЛГБТ-меншасцяў, жанчын, мігрантаў, чорных.

Напрыклад, у СССР яшчэ ў 1918 годзе прайшоў першы парад лесбіянак, а ў плане правоў жанчын Саюз быў куды прагрэсіўнейшы за Захад: так, у СССР раней узаконілі аборты. Але такая сэксуальная рэвалюцыя ў 1920-я не дала ні дэмакратыі, ні свабод, адзін голад і расстрэлы.

Сёння, на мой погляд, існуюць праблемы не выключна жанчын, а беларусаў. Розніца можа быць толькі на медыцынскім узроўні. Я не падзяляю мужчын і жанчын, а выступаю за прыватную ўласнасць і рыначную эканоміку для ўсіх. Бо, калі гэтага няма, жанчыны ў рэгіёнах вымушаныя ўладкоўвацца на нізкакваліфікаваныя пасады і атрымліваць 200—300 рублёў, а летам пахаць на агародзе ў той час, калі пенсіянеркі Заходняй Еўропы могуць спакойна вандраваць па свеце.

Нам патрэбная прыватная адукацыя і страхавая медыцына, дзіцячыя садкі і школы без пабораў. Нам патрэбная нармальная судовая сістэма, каб любы начальнік, які прымусіў супрацоўніцу да сэксу, пагражаючы звальненнем, мог сам страціць пасаду. Гэта цэлы комплекс праблем, якія тычацца не толькі жанчын, але і мужчын. А вось пошукі фалічных сімвалаў на рэкламе «Марк Фармэль» — гэта ўжо не праблемы, гэта глупства.

«НН»: А змаганне з назвай барбершопа «Чэкіст» метадам размоў з уласнікамі — гэта нармальна? Многія беларусы не ацанілі вашу акцыю, знайшоўшы ў ёй падабенства з разборкамі ў стылі 1990-х і нават з дзеяннямі цітушак, маўляў, вы ўсё ж замахнуліся на прыватную ўласнасць…

ЭП: Я асэнсавана заняўся гэтай справай, проста не думаў, што ўладальнікі барбершопа акажуцца такімі гопнікамі: спачатку пагражаюць людзям разбіць башку, пасля, калі мы да іх прыходзім, заціхаюць, а потым тайна строчаць на нас заявы ў міліцыю. Яны назваліся чэкістамі і паводзяць сябе адпаведна.

Што наконт негатыўнай рэакцыі на наш добразычлівы паход да іх у госці, то магу сказаць толькі адно: беларусы настолькі псіхалагічна дэфармаваныя, што звычайная размова з прапановамі і падарункамі для іх выглядае як захопніцкая акцыя, быццам мы туды на танку прыехалі і ўсіх расстралялі (у Еўропе з іх развітым акцыянізмам такі барбершоп маглі б увогуле спаліць).

Маладафронтавец Зміцер Дашкевіч, блогеры Эдуард Пальчыс і Стась Карпаў, актывіст «Дзеі» Пятро Маркелаў і дызайнер Аляксандр Чабатароў прыйшлі ў новаадкрыты барбершоп «Чэкіст», каб паразмаўляць з яго заснавальнікамі пра назву ўстановы. Фота Волі Афіцэравай.

Што наконт прыватнай уласнасці, то я сам яе вялікі прыхільнік. Але для паўнаты яе існавання павінны быць і іншыя рэчы: рыначная эканоміка, дэмакратыя, Канстытуцыя, якая дзейнічае, раздзяленне сфер улады… Па рынкавых законах кафэ і цырульні ў нас можна было б называць увогуле як заўгодна: «Гестапа», напрыклад. Але такога не будзе, бо фашысцкая сімволіка і тэрміналогія ў нас пад забаронай. Забароненыя ў нас і нацыянальныя сімвалы: «Пагоня», бел-чырвона-белы сцяг. А савецкая сімволіка чамусьці паўсюль. Гэта нейкія двайныя стандарты. Давайце ці ўсё дазваляць, ці пачынаць, нарэшце, праводзіць суды над савецкімі злачынствамі і ўспрымаць чэкістаў як злачынцаў, а не як герояў.

 «НН»: Пойдзеш на выбары 18 лютага?

ЭП: У мяне лідская прапіска, і ў нашай акрузе няма ніводнага годнага кандыдата, таму наўрад ці. Але, канечне, да мясцовых выбараў я стаўлюся добра: на мой погляд, гэта адзіныя выбары, якія ў нашай краіне заслугоўваюць увагі. З іх дапамогай хаця б можна падняць шмат рэгіянальных праблем.

«Савок», на жаль, выціснуў з нашай галавы адказнасць за свой горад. Людзям усё роўна, што адбываецца ў іх пад’ездзе нават, не кажучы ўжо пра гістарычны цэнтр. Мэры не выбіраюцца, а прызначаюцца, і ў выніку ім таксама пляваць на месца, куды іх прыслалі, бо яно ім чужое. А на мясцовых выбарах неабыякавыя людзі могуць упершыню ўключыцца ў нейкі карысны актывізм, без страху трапіць у турму.

«НН»: Ты, дарэчы, сам уступаў у якія-небудзь партыі, быў у БРСМ ці іншых арганізацыях?

ЭП: Відаць, дзякуючы маёй зацікаўленасці гісторыяй, з 15 гадоў я быў у актыўным палітычным руху: у 2006 годзе з сябрамі распаўсюдзіў каля 12 тысяч агітматэрыялаў у падтрымку Мілінкевіча. І я ўдзячны дырэктару і настаўнікам сваёй школы, што ў мяне з-за гэтага не было праблем. БРСМ шчасліва праігнараваў мяне і яшчэ адну аднакласніцу. Думаю, яны і самі не хацелі сабе такіх сяброў арганізацыі.

«НН»: Як чалавек, які шмат працуе з гістарычнымі матэрыяламі, назаві тры самыя моцныя эпік-фэйлы з нашай гісторыі і тры перамогі.

ЭП: Пачну з абломаў. Першы — гэта Контррэфармацыя, калі спадчына, якую мы атрымалі ў 16 стагоддзі (працы Скарыны, статуты ВКЛ, выбарнасць караля), пачала губляцца.

Другое — непадрыхтаванасць кіруючых кадраў у часы стварэння БНР. Каб у нас былі атрады, армія, каб мы змаглі зладзіць кантроль над пэўным кавалкам зямлі, БНР прызналі б. Але бацькі-заснавальнікі не маглі нават паміж сабой дамовіцца. Ну, і яшчэ адзін відавочны аблом — тое, што ў нас не было дэсаветызаціі і дэкамунізацыі ў пачатку 1990-х. У выніку старыя і новыя «саўкі» перакрыжаваліся, і быць камуністам ва ўладзе ёсць абсалютнай нормай: паглядзіце хаця б на нашага міністра адукацыі Ігара Карпенку.

Ганаруся я ВКЛ і яго Статутамі, дэмакратыяй — гэта тое, пра што сёння можна здымаць фільмы і ствараць на гэтай аснове гульні. Сярод перамог нашай нацыі тое, што мы папросту выжылі, не былі сцёртыя з твару зямлі, як за апошнія дзве тысячы гадоў адбылося са мноствам народаў. І гэта стала магчымым, дзякуючы падзеям і 1812 года, і 1830—1831 гг., і паўстанню Каліноўскага, дзейнасці «Нашай Долі», «Нашай Нівы», БНР, БНФ, Пазняка… Усё гэта — наша вялікая перамога ў схватцы за незалежнасць, якая ўсё яшчэ працягваецца.

У сучаснасці магу адзначыць тое, што мы першымі легалізавалі крыптавалюту. Хто б што ні казаў, гэта вельмі пазітыўная навіна: чаго толькі была вартая рэакцыя свету, калі жыхары ЗША, даведаўшыся пра такое, пыталіся, як пераехаць у Мінск. Спадзяюся, гэта сапраўды спрацуе нам на карысць.

«НН»:Дарэчы, пра пераезды. Нядаўна наш фатограф заўважыў цябе ў чарзе ў польскую амбасаду. Падумалася, што ты можаш прэтэндаваць на карту паляка. Выступіш з афіцыйнай заявай?

ЭП: Я ўсяго толькі рабіў візу. Увогуле, не ведаю, што павінна адбыцца, каб я адсюль з’ехаў. Мабыць, толькі калі гарады пачнуць руйнаваць, а мы не зможам нічым адказаць. І тое не факт.

Для кожнага разумнага беларуса ёсць два шляхі існавання ў роднай краіне: ці валіць з краіны, ці браць на сябе нейкі пад’ёмны кавалак працы і рабіць асяроддзе лепшым.

Я абраў другі. І калі мяне схапіла міліцыя, я хаця б ведаў, за што. Найбольш сумна ў турме было бачыць дырэктараў школ, якія ўсё жыццё галасавалі за Лукашэнку ці апалітычных прадпрымальнікаў, якія трапілі пад дзяржаўныя жорны за дробную правіннасць. Вось такім, відаць, асабліва крыўдна.

«НН»: У журналіста і блогера з Расіі Юрыя Дудзя ёсць адно традыцыйнае пытанне, якое ён агучвае ў канцы кожнага выпуску: «Што б вы спыталі ў Пуціна пры сустрэчы?». А ёсць нешта, што б ты хацеў спытаць у Лукашэнкі, калі б апынуўся з ім вока на вока?

ЭП: Насамрэч я баюся ўмоў, пры якіх мы можам сустрэцца: гэта ці ў багажніку мяне да яго даставяць, ці рускія танкі прыйдуць у Мінск… Я рэаліст, які ведае гісторыю, і ўпэўнены, што падобныя лідары ніколі не захочуць сустракацца з кімсьці тэт-а-тэт.

Калі б я і пытаўся ў яго нешта, то банальнае: ці шчаслівы ён, што пражыў так сваё жыццё, ці прынесла абсалютная ўлада задавальненне?

«НН»: Усю нашу размову ты гаварыў па-руску, а што з тваімі абяцаннямі перайсці на беларускую мову? Ты працуеш над гэтым? Як пажывае беларускамоўная версія сайта?

ЭП: Беларуская версія пакуль загнулася, бо трымалася на энтузіязме перакладчыкаў: людзям трэба плаціць за любую працу, інакш складана патрабаваць нейкіх вынікаў. Хацелася б, каб аднойчы мне хапала фінансавых сродкаў і на гэта.

Я за адну дзяржаўную мову і даўно б перайшоў на беларускую, але гэта будзе не эфектыўна ў плане маёй працы з людзьмі 15—30 гадоў, якім я спрабую данесці палітычную інфармацыю. Усё ж большасць прызвычаілася чытаць па-руску. Акрамя таго, я, у адрозненне ад жонкі, дрэнны білінгв, мне складана пераключацца з адной мовы на другую.

Гэта ўсё, канечне, выглядае як апраўданні. Спадзяюся, з далейшай беларусізацыяй прыйдзе дзень, калі я вырашуся на гэты крок. Добра, што ў нас ёсць каму займацца папулярызацыяй беларускай мовы: ваш СМІ, «Радыё Свабода», «Белсат», Ігар Случак… Я бачу, што за гэты ўчастак працы можна не хвалявацца. А мне пакуль лепш працаваць з людзьмі на рускай мове.

Адно я ведаю дакладна: мае дзеці абавязкова будуць ведаць беларускую. І на пенсіі, калі ўжо не будзе медыяпрацы, я і сам загавару, пры любых абставінах.

«НН»:У цябе ёсць нейкія палітычныя амбіцыі?

ЭП: Спадзяюся, што мне не прыйдзецца гэтым займацца. І ў Беларусі і без мяне з’явяцца свае Каліноўскі №2 ці Пазняк №2, а я буду іх лайкаць і падтрымліваць.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930