Даслаць навіну
Знайсці
14.02.2018 / 11:12 85

«Хачу, каб урад адпомсціў за іх» — інтэрв'ю з удавой расійскага найміта з прыватнай арміі Вагнера, які загінуў у Сірыі

Пацвярджаецца інфармацыя аб тым, што 7 лютага ў сірыйскай правінцыі Дэйр-эз-Зор загінула шмат байцоў расейскай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера. Znak.com удалося пагутарыць з удавой аднаго з жыхароў Свярдлоўскай вобласці, які пайшоў з жыцця ў сірыйскай камандзіроўцы.

Раней Conflict Intelligence Team назвалі імёны дваіх жыхароў горада Асбест, якія загінулі ў Сірыі, — гэта 38-гадовы Станіслаў Матвееў і 45-гадовы Ігар Касатураў. Журналісты пагутарылі з удавой першага, Аленай Матвеевай.

Да сваякоў жалобная вестка дайшла яшчэ 9 лютага ад таварышаў па службе Касатурава і Матвеева ў «ЛНР». Абодва яны ў 2015—2016 гадах ваявалі ў апалчэнні і, трэба так разумець, менавіта там абзавяліся кантактамі з прадстаўнікамі «ПВК Вагнера». Апошнія некалькі дзён Алена Матвеева знаходзіцца дома, пастаянна прымае заспакаяльнае. Паверыць у смерць мужа, з якім яны пражылі 13 гадоў, яна не хоча. Працягвае спадзявацца. Дзецям таксама імкнецца нічога не казаць, каб не траўмаваць іх. Перад тым, як пагаварыць з намі, жанчына адпраўляе сыноў на шпацыр.

— Як вам паведамілі пра гібель мужа?

— Мне патэлефанаваў наш атаман з Асбеста. Спытаў спачатку, ці даўно мы звязваліся са Стасам. Я адказала, што трэці дзень сувязі няма. І дзяўчаты, у каго мужы там, таксама ніхто і нічога не ведаў. Літаральна праз хвіліну атаман ператэлефаноўвае і кажа: «Стаса і Ігара больш няма». Я была ў краме ў гэты момант. Тэлефон з рук выпусціла, вунь ён зараз пабіты ляжыць. Дадому ішла на аўтамаце, ледзь пад машыну не патрапіла.

Павялічыць выяву

Алена Матвеева

— Калі вас апавясцілі?

— Дзесьці 9-га. Днём.

— Вам сказалі, пры якіх абставінах загінуў муж?

— Не. Увечары зноў атаман ператэлефанаваў. Ён папрасіў: не мітусіцеся, маўляў, нічога толкам пакуль не вядома. Я пачала пазнаваць па целах. Папрасіла, каб замовілі папа, адпець па-чалавечы, калі іх даставіць. Атаман тады сказаў, што даставіць іх павінны ў аўторак і афіцыйна патэлефанаваць з Растова. Так гэта на самай справе ці як, я не ведаю. У казакоў пакуль ідзе ўся інфармацыя з Данбаса (плача). Не ведаю, як гэта ў іх там усё звязана. Я пакуль стараюся не верыць ва ўсё гэта, не рыхтуюся да пахавання.

— Гэта значыць, цела ў Растоў даставяць?

— Хтосьці кажа, што ў Растоў. Але там яшчэ ДНК-экспертызу павінны правесці. Хтосьці кажа, што адразу ў Екацярынбург прывязе.

— Чаму ў Растове?

— Яны ж першапачаткова ў Растоў з'язджалі.

— Мы правільна разумеем, што ваш муж служыў у 5-й роце?

— Я наогул не ведаю роту. Ён мяне ад усяго гэтага засцерагаў.

Дастае смартфон і паказвае відэаздымку бою — нібыта таго самага — прысланае жонкай іншага забітага. Сумнеўна, што гэта сапраўднае відэа (здаецца, гэта наогул кадры з відэагульні), але ў жонак загінулых зараз проста няма іншай інфармацыі. «Іх проста як сабак там расстралялі, як пацукоў паддоследных», — кажа Матвеева. «Хлопцы нават не ведаюць, што іх там бачаць. Як трусы яны там, і не могуць нікуды схавацца», — дадае яе маці падчас прагляду.

Яшчэ на адным перасыланым запісе, аўдыя, мужчынскі голас каментуе справы: «Прывітанне. Тое, што ў Сірыі паказваюць… Карацей, гэтым разам… (разграмілі) нас. Карацей, у адной роце 200 двухсот, у другой — яшчэ 10. Пра трэцюю не ведаю, але моцна іх патрапалі. Білі «піндосы». Спачатку «арта» накрыла. Потым паднялі чатыры круцёлкі і ў карусель запусцілі… (стралялі) з буйнакаліберных. У нашых акрамя аўтаматаў наогул не было нічога, не кажучы пра ПЗРК. Зладзілі пекла. «Піндосы» канкрэтна ведалі, што гэта мы, рускія, ідзем. Нашы ішлі завод адбіваць, а яны на гэтым заводзе сядзелі. Карацей, мы … (удары) атрымалі вельмі жорсткі. Нашы цяпер сядзяць на базе і бухаюць. Шмат хто знік без вестак. Гэта… (усе дрэнна), карацей. Яшчэ адно прыніжэнне. З намі ніхто не лічыцца, як з чарцямі паступілі. Думаю, нашы, урад наш, зараз заднюю ўрубіў, і ніхто ніякага адказу не зробіць за гэта». (Гэты запіс раней публікаваўся ў тэлеграм-канале WarGonzo).

Павялічыць выяву

Станіслаў Матвееў (злева)

— Вы пра атрад Вагнера чулі? Дзмітрый Уткін яго сапраўднае прозвішча?

— Чула ад дзяўчат.

— Калі Стас у Сірыю паехаў, вы ведалі пра гэта?

— Ён папярэджваў мяне. Ён пасля Данбаса дзесьці год дома быў. Прыехаў у ліпені [2016 г.]. Праз год, 27 верасня [2017] года, з'ехаў — у цягнік ужо селі з пацанамі з Кедравага. А цяпер ніхто з намі на сувязь толкам не выходзіць, ніхто не кажа, праўда гэта ці няпраўда. Па галаве як шарахнулі — і маўчаць цяпер.

— Вы сказалі, з Кедравага?

— Дзевяць чалавек з Асбеста і з Кедравага шмат паехала. Больш нічога не ведаю.

Павялічыць выяву

Жыхар Арэхаўкі Мікалай Касатураў (з кубкам), родны брат загінулага Ігар Касатурава, таксама цяпер ваюе ў Сірыі

— На якіх умовах ваш муж паехаў у Сірыю, колькі яму абяцалі выплаціць?

— Ды не распавядаў ён мне нічога. Ён мяне настолькі бярог, што ніколі ў такія рэчы не ўводзіў. Пацаноў хавалі з Данбаса, а я ў апошнюю чаргу даведвалася.

— А з кім ён кантактаваў?

— З Ігарам Касатуравым, гэта камандзір Стаса. Яны сваякі далёкія. У Стаса ёсць стрыечная сястра, і Ігар яе муж быў раней. А так яны заўсёды разам. Казакі.

— Ваш муж паспеў нейкія грошы вам даслаць адтуль?

— За паўтара месяца — 109 тысяч ($1890). Гэта за тое, што ў Растове яны знаходзіліся. З верасня па кастрычнік, пакуль вучэнні былі. Я гэтыя грошы ў снежні атрымала.

Павялічыць выяву

Фота, якія дасылаў Матвееў з Сірыі

— У Сірыю ён наогул навошта паехаў?

— Яго, мабыць, зацягнулі ўсе гэтыя аўтаматы і вайсковыя трэніроўкі. Ён недзе праз паўгода пасля Данбаса пачаў сумаваць ўжо. Пра аўтамат свой успамінаць, маўляў, як там мая «ластаўка». Я яго адгаворвала і па-добраму, і да разводу ледзь не дайшла. Але бачу, што ўсё гэта бессэнсоўна ўжо. Намыліўся ён і дарожку сабе гэтую выбраў. Яны самі па сабе тут нават бегалі і трэніраваліся.

— Ваш муж служыў раней у 12-й брыгадзе ГРУ, якая тут, у Асбесце, была раней раскватараваная?

— Не.

— А служыў тэрмінова?

— Не. Ну, прынамсі, я не ведаю пра гэта. На Данбас гэта ў яго першы выезд такі быў. Было, напэўна, нейкае войска.

— Ён па ваеннай спецыяльнасці хто быў?

— Прапаршчык. У мяне ёсць ўзнагарода яго, Георгіеўскі крыж з Данбаса.

— Яму званне там далі?

— Здаецца, так. Вы лепш скажыце, хто мне зараз павінен патэлефанаваць, адкуль паведамяць? Калі там усё, нахран, разарвала, як яго апазнаюць, проста кавалкі саскрабуць і скажуць, што гэта мой муж, ці што?

Павялічыць выяву

Фота Матвеева з Сірыі

— Вы даўно са Стасам пазнаёміліся?

— 13 гадоў таму. Я працавала ў краме прадаўцом, а ён экспедытарам. Тавары да нас прывозілі.

— Чаму яго выбралі для сябе?

— Выдатны чалавек быў. Не даваў мне працаваць. Казаў заўсёды: «Сядзі дома, займайся дзецьмі». Сам усё рамонты рабіў, усё сваімі рукамі. Майстар па еўрарамонце быў, у Екацярынбург шмат ездзіў. Моцна любіў дзяцей: заапаркі, кінатэатры, у «Райт» увесь час цягаў.

— Вы цяпер не працуеце?

— Не.

— А на што жывяце?

— Я маму яго даглядала. Яна інвалід. Давалі дапамогу 1380 рублёў у месяц (каля 50 беларускіх рублёў. — НН).

Павялічыць выяву

Маці Матвеевай: «Матэрыяльная дапамога, вядома, нам патрэбна. Ён як з'ехаў туды, дык я пераехала да дачкі і на маю пенсію жывём. Яе не хапае: дачка, я і двое ўнукаў — хлопчыкі 6 і 8 гадоў».

— Алена, вы сказалі, што ваш муж ваяваў на Данбасе, калі ён туды паехаў?

— У 2016 годзе.

— Што яго заахвоціла?

— Гэта яны з мужыкамі усё гэта вырашылі. Прыйшоў, сказаў: «Бачыш, якая валтузня на Данбасе ідзе. Трэба людзям дапамагчы». Сказалі, што паедзе дамы бежанцам будаваць. Ён усё-такі будаўнік.

— А як вы даведаліся, што ён не будаўніцтвам там займаецца, а ў апалчэнні ваюе?

— Жонкі мне сказалі яго калег. Ён сам не паведаміў нават.

— Як вы гэта ўспрынялі?

— Нервавалася. Але што я зраблю?

— У якой брыгадзе ён ваяваў?

— Я не ведаю.

— Доўга прабыў там?

— Месяцаў сем, напэўна.

— Як вы яго сустрэлі пасля Данбаса?

— Дзеці крычалі ад радасці так, што іншыя пацаны нават паскардзіліся. Маўляў, іх так ніхто не сустракае. Ён да бацькоў адразу паехаў. У яго мама хворая, з цукровым дыябетам, і я яе даглядала. Ну, а там стол, вядома, выпіўка, як звычайна.

— Ён пасля Данбаса куды пайшоў працаваць?

— Па рамонтах у мяне ўсё насіўся.

— Зараз з Сірыі ён калі планаваў вярнуцца?

— Праз шэсць тыдняў. Ён хацеў паехаць на тры месяцы. Потым на тыдзень вярнуцца на пабыўку і яшчэ раз на тры месяцы. Потым адтуль патэлефанаваў і сказаў, што так не атрымліваецца. Гэта іншая дзяржава, так проста не выехаць. Я думала, што да сакавіка вернецца. Там у сына канікулы якраз, такія планы былі на адпачынак.

— Што б вы зараз хацелі, якія дзеянні ад дзяржавы б хацелі бачыць?

— Я б хацела, каб пра свайго мужа даведалася пра ўсё. І не толькі пра майго мужа, пра ўсіх пацаноў, хто там так тупа загінуў. Дзіка гэта ўсё! Куды іх паслалі, чаму? У іх нават абароны не было, як свіней адправілі на забой!

Хачу, каб урад адпомсціў за іх. Хачу, каб пра мужыкоў памяць засталася, каб жонкам не крыўдна за мужоў было, каб дзеці маглі ганарыцца бацькамі.

Паводле znak.com

0
Horachka Crew / адказаць
16.02.2018 / 18:35
Домики для уточки на Донбассе строил, какой няшка!
0
Терешко Сурма / адказаць
16.02.2018 / 21:02
От убийте мене, ніяк не второпаю, чому це їх з свинями порівнюють! У порівнянні з ними свині – то сама шляхетність. Знову ж таки від них користь чимала -  сало, м'ясо. А ті ж убивці крім горя нічого не несуть. 
0
Илля / адказаць
17.02.2018 / 17:19
толькі ната зможа выратаваць Беларусь калі Пуцін нарвецца на вайну з ната у нас будзе шанец
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2017 2018 2019
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30