Знайсці
13.02.2018 / 16:0220РусŁacБел

Мінчанка: Я ледзь не страціла дзіця праз працадаўцу. А цяпер ён ідзе ў дэпутаты і абяцае абараняць правы работніц!

У Рэдакцыю звярнулася мінчанка Іна Сінкевіч, якая вырашыла апублічыць гісторыю, што адбылася ў 2015 годзе. Падштурхнула яе да гэтага знаёмае прозвішча ў спісе кандыдатаў у Мінгарсавет: Вячаслаў Кузняцоў, намеснік дырэктара Мінскага механічнага завода па рэжыме, кадрах і ідэалагічнай працы. Вылучаецца ён ад Партыі працы і справядлівасці.

«Я працавала на механічным заводзе бухгалтаркай. У 2015 годзе зацяжарыла і пачала рабіць абследаванні. Адно з іх паказала, што ў мяне пагроза страціць дзіця вышэй за сярэднестатыстычную. Я звярталася да розных дактароў з вынікамі гэтага абследавання, і мне раілі перавесціся на скарочаны працоўны дзень, — распавядае Іна. — Так, бухгалтар — даволі лёгкая кабінетная прафесія, але каб усё было добра з дзіцём, варта было перавесціся».

Працэдура пераводу не вельмі складаная, але неабходныя паперкі мусяць быць, без іх скарочаны дзень ніхто не прызначыць. Іне трэба было прынесці ў жаночую кансультацыю ці выпіску з атэстацыі працоўных месцаў, ці вытворчую характарыстыку працоўнага месца.

«Спачатку я звярнулася ў аддзел аховы працы з просьбай зрабіць мне выпіску. Больш за месяц мне не адказвалі, таму я накіравала заказны ліст да начальніка аддзела кадраў. Потым мяне паклікалі ў аддзел аховы працы і сказалі, што гэтая атэстацыя не рабілася, што на прадпрыемстве жанчыны ніколі не прасіліся на скарочаны працоўны дзень, што няма падстаў мяне пераводзіць і што мне гэта ўвогуле не трэба. Карацей, адмовілі. Я асабліва не абуралася, бо ведала, што мой ліст ужо мусіць быць у аддзеле кадраў», — працягвае Іна.

Але адказу з аддзела кадраў яна так і не дачакалася, бо патрапіла ў шпіталь.

«Гэта быў пяты месяц цяжарнасці. На гэтым тэрміне дзеля захавання цяжарнасці робяць аперацыю: зашываюць шыйку маткі. Я пагадзілася, бо гэта лічыцца паспяховай мерай, дзякуючы якой цяжарнасць захоўваецца ў 70% выпадкаў. Калі я прачнулася пасля наркозу, мне сказалі, што справы кепскія: калі да канца тыдня захаваецца цяжарнасць, то ў мяне будзе дзіця, а калі не, то не», — прыгадвае Іна.

Праз тыдзень ёй удалося захаваць цяжарнасць, аднак пачалі адыходзіць воды. Жанчына цудам пазбегла аборту і наступныя два месяцы праляжала ў шпіталі. На сёмым месяцы цяжарнасці яна нарадзіла дзіця.

«Калі выйшла са шпіталя, я накіравала зварот у Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы. У адказе адзначалася, што працадаўца парушыў 51 артыкул Працоўнага кодэкса [неабходныя работніку дакументы ён мусіў выдаць цягам пяці дзён — Рэд.]. З гэтай паперай я звярнулася да працадаўцы з заявай аб звальненні, але ў ёй не ўказала прычыну, таму мяне звольнілі без выхадной дапамогі, — тлумачыць Іна. — Я судзілася праз гэта, але працадаўца адмаўляў парушэнне. З вельмі вялікай цяжкасцю ўдалося даказаць, што 9+5 не раўняецца 26. Гэта даты месяца, у якія я вяла карэспандэнцыю. Сам гэты факт я даказала, але ён мне нічога не даў, грошы я не вярнула».

Цяпер Іна рыхтуецца да яшчэ аднаго суда па гэтай справе, бо ў яе з’явіліся новыя матэрыялы, якія, магчыма, змогуць паўплываць на рашэнне суда.

Але больш за ўсё ў гэтай сітуацыі жанчыну абурае той факт, што намеснік дырэктара Мінскага механічнага завода Вячаслаў Кузняцоў, які, як сцвярджае Іна, калісьці не даў ёй перавесціся на скарочаны працоўны дзень, цяпер ідзе ў дэпутаты ад Партыі працы і справядлівасці. А ў праграме гэтай партыі ў трэцім пункце, што тычыцца сацыяльнай палітыкі, асобным падпунктам значыцца: «Права жанчын на скарочаны працоўны дзень».

Мы звязаліся з Вячаславам Кузняцовым, але падрабязна патлумачыць сітуацыю ён пагадзіўся толькі пры асабістай сустрэчы. Тым не менш ён зазначыў, што не лічыць правільным звязваць адносіны работніка завода з прадпрыемствам і дэпутацкую дзейнасць. А таксама дадаў, што яго пазіцыя была выказаная рашэннямі суда, якія ён не збіраецца аспрэчваць.

Чытайце таксама:

57 кандыдатаў, якія будуць абраныя ў Мінгарсавет — праверце спіс пасля выбараў ПРАГНОЗ «НН»

НР

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930