Знайсці
13.02.2018 / 09:1724РусŁacБел

«Разумееце, дзевяностыя-нулявыя…» Кандыдаты пра сваё «крымінальнае» мінулае

Хуліганства, крадзеж маёмасці, і нават катаванне! З 2013 года ў біяграфіях кандыдатаў у дэпутаты трэба паказваць усе крымінальныя судзімасці. Мы пагаварылі з кандыдатамі «з мінулым» аб тым, што гэта было і ці трэба выбаршчыку ведаць такія падрабязнасці.

«Прыйшлося караць»

Карыстальнікі сацыяльнай сеткі патрабуюць ад кандыдата ў дэпутаты Ігара Банцара растлумачыць, за што ў 1992 годзе ён быў асуджаны адразу па трох артыкулах — прычыненне наўмыснага цяжкага і менш цяжкага цялесных пашкоджанняў, у дадатак — катаванне.

Ігар Банцар вылучаецца ў дэпутаты Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў па Гімназічнай выбарчай акрузе №29. У перадвыбарнай праграме абяцае не падманваць выбаршчыкаў пустымі размовамі пра зніжэнне коштаў на лекі і павышэннем пенсій. Збіраецца дапамагаць жыхарам вырашаць рэальныя праблемы, накшталт павелічэння парковачных месцаў, рамонту і ўстаноўкі дзіцячых пляцовак у дварах.

Пра тое, што канкрэтна адбылося ў далёкім 1992 годзе, кандыдат адказвае спасылкай на НТВ: «цяпер там шмат фільмаў з падобным сюжэтам, так што, проста паглядзіце».

«Шкадую я ці не шкадую? Вядома ж, не шкадую, — нечакана прызнаецца кандыдат. — Гэта былі тыя абставіны, 1992 год, і зрабіць па-іншаму ў той час проста было нельга. Скажам так, калі вы бераце грошы ў пазыку і абяцаеце вярнуць іх з працэнтамі, то вы павінны гэта зрабіць. Калі не вяртаеце наогул нічога, людзі, якія давалі вам грошы ў пазыку, могуць разглядаць ваш учынак, як проста тупы падман ці развод на бабкі. Людзі павінны прыняць нейкія меры для таго, каб вярнуць свае грошы. Прыйшлося караць. Гродзенскі суд прысудзіў мяне да трох гадоў пазбаўлення волі — умоўна».

Па словах Ігара Банцара, абставіны з мінулага не асабліва адбіліся на яго жыцці: «Я атрымаў вышэйшую юрыдычную і паліталагічную адукацыі, скончыў дыпламатычную школу ў Варшаве. Не спіўся, ці не скурыўся. Не ляжу на могілках ад перадозу наркотыкаў, не прашу дробязь на добрае недарагое віно. Вы павінны разумець, што людзі, у якіх няма такога багажу, як у мяне, сканчаюць сваё жыццё цалкам па-іншаму».

Разважаючы пра тое, наколькі этычна варушыць мінулае патэнцыйнага дэпутата, Банцар кажа, што ставіцца да гэтага нармальна: «Зараз гэта выплыла наверх, вы добра разумееце, што слабых кандыдатаў абяляюць, а моцных — ачарняюць».

«Разумееце, дзевяностыя-нулявыя — і вось гэта ўсё!»

Альберт Ерафеенка вылучаецца ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў па Купрыянаўскай выбарчай акрузе №21 ад Камуністычнай партыі. Кажа, што стаць дэпутатам для яго — «гэта як неабходнасць, нейкая ўнутраная філасофская і духоўная патрэба, пабудаваная на асэнсаванні сябе ў гэтым свеце».

Каля 15 гадоў таму Ерафеенка быў судзімы за хуліганства: «Звычайная бойка. Я думаю, інфармацыю пра гэта паказваць не цалкам этычна. Бо ўсё ўжо як бы кампенсавана, выкуплена, — перакананы кандыдат. — У нас неяк так здараецца: адмоўныя бакі часам выпінаецца, пэўныя заслугі замоўчваюцца».

На просьбу патлумачыць, што менавіта тады адбылося, суразмоўца адказвае проста: «нічога, у прынцыпе, істотнага». «З кім не бывае ў маладосці, хто не біўся? Але наогул, я стараюся забыцца пра гэта ўсё. Разумееце, дзевяностыя-нулявыя — і вось гэта ўсё! Жыццё толькі наладжвалася, у тым ліку, у соцыуме. Гэта закранула многіх. Гэтага маладому пакаленню не зразумець».

«Так ва ўсіх было па маладосці»

Андрэй Панфіленка вылучаецца ў дэпутаты ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі ў Мінску па Купалаўскай выбарчай акрузе №13. Быў асуджаны за крадзеж маёмасці і ўхіленне ад аліментаў. У дэпутаты ідзе, таму што перакананы, што ў нас «пакуль не дастукаешся сам, табе ніхто не дапаможа. А хочацца жыць лепш».

«Калісьці з сябрам у 17 гадоў залезлі на будоўлю, пазабаўляліся. Не, нічога не скралі, але нас злавілі і зрабілі судзімасць, — раскрывае кандыдат сваю «крымінальную» гісторыю. — Там зніклі нейкія дзверы, рамы аконныя, шкло. Адбылося гэта 25 гадоў таму, але ж адбылося, таму казаць, што я не быў судзімы, таксама нельга. Мы не сядзелі, далі два гады ўмоўна. Гэта цяпер усе дзеці сядзяць у кампутарах-тэлефонах, тады гэтага ўсяго не было. Мы гулялі на вуліцы, каталіся на роварах, вось — на будоўлю залезлі. На нас тады павесілі тое, што мы не рабілі. Знайшлі казлоў адпушчэння, і ўсё на нас павесілі. А мы — маладыя, дурныя, нічога не разумелі, не разумелі».

Другая судзімасць (ухіленне ад выплаты аліментаў) выклікае ў кандыдата абурэнне: «У нас проста такія законы ідыёцкія: не інфармуюць, мы вечна чагосьці не ведаем. Я гляджу сваё дзіця, плачу яму грошы. Атрымалася, што я не заплаціў на працягу года тры месяцы — быў у камандзіроўцы, потым заплаціў. А мне вылучаецца крымінальная справа, быццам бы я злосны неплацельшчык і адмаўляюся ад свайго дзіцяці. У турме не сядзеў ніколі, а атрымалася сітуацыя, што на мне вісіць гэта, і, як бы, схаваць я не магу. Разумееце, ну закон у нас такі. Далі 200 гадзін папраўчых работ».

Пра этычнасць абвяшчэння ранейшых судзімасцяў Андрэй Панфіленка разважае ў тых жа катэгорыях, маўляў, нічога страшнага: «Зразумела, што, калі цябе злавілі п'яным і ты кагосьці збіў, не трэба нават лезці ў гэтую выбарчую кампанію. А калі такое, як у мяне — так ва ўсіх было па маладосці».

«Зрабіў над сабой, што называецца, працу над памылкамі. І выдатна, і малайчына»

Уладзіслаў Грышачкін, вылучаецца ў дэпутаты ў Гомелі па Фестывальнай выбарчай акрузе №27 ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Ён адзіны з кандыдатаў «з крымінальным мінулым», хто адмовіўся ад зносін з журналістамі. У 2007 г. Уладзіслаў быў асуджаны за рабаванне. Растлумачыць, што ж тады адбылося, пагадзілася старшыня абласной арганізацыі ЛДП Вольга Ігнаценка:

«Ну, разумееце, чалавек не хоча мець стасункі. Гэта ж не ордэн, не медаль, каб яму ганарыцца гэтым. Быў учынак дзесяць гадоў таму. Зусім звычайны юнацкі ўчынак — вось і ўсё. Расказвайце пра поспехі. Адна справа, калі вось у чалавека такая сітуацыя, як у нашага Грышачкіна. Ён зрабіў над сабой працу над памылкамі. Дзесяць гадоў жыве нармальным жыццём. Ну і добра, і дзякуй Богу, і выдатна, і малайчына».

Пра тое, што факты «крымінальнага мінулага» маюць для выбаршчыкаў значэнне, кажа і тое, што ў Салігорску з'явіліся ўлёткі, у якіх кандыдаты наўмысна дапаўняюць свае біяграфіі яшчэ адным радком: «Судзімасці не мае».

Еўрарадыё

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера