Знайсці
13.02.2018 / 11:5722РусŁacБел

Калмыкі: Як адзіны ў Еўропе будысцкі народ бароніць родную мову

Часам здаецца, што экзатычныя, далёкія ад нас народы і культуры знаходзяцца недзе на вялікай адлегласці ад Беларусі. І каб адчуць і пабачыць на ўласныя вочы абсалютна адрозную цывілізацыю, неабходна ехаць на іншы кантынент, на іншую частку зямнога шара. Нечакана, але ўсе гэтыя стэрэатыпы вельмі проста разбураюцца адной расійскай рэспублікай — Калмыкіяй.

Калмыкія ва ўяўленні простага беларуса гэта нейкая далёкая ад яго зямля. Наўрад ці большасць беларусаў нават зможа паказаць на мапе хаця б прыблізна, дзе ж гэтая рэспубліка знаходзіцца. Дзіўна, але адлегласць ад Беларусі да Калмыкіі ўсяго крыху большая за тысячу кіламетраў.

Калмыкія на мапе Расіі.

Напэўна, на такой адносна невялікай адлегласці няма краін, больш непадобных на Беларусь, чым Калмыкія. Гэта адзіны рэгіён у Еўропе, дзе большасць насельніцтва вызнае будызм. Сучасныя калмыкі з’яўляюцца заходнімі манголамі (айратамі). Айраты прыкладна ў аднолькавай колькасці пражываюць у Манголіі, Кітаі і Расіі. Яны з’яўляюцца фактычна адзіным народам, адрозніваецца толькі іх назва: у Манголіі аймакі, у Кітаі элюты, а заходнія манголы, якія жывуць у Расіі, на беразе Волгі, называюцца калмыкамі.

Нават само слова «калмык» перадае геаграфічнае становішча гэтага народа. Саманазва калмыкаў «хальмг» паходзіць ад цюркскага слова калмак («той, які аддзяліўся»). І сапраўды, волжскія калмыкі жывуць ажно за 4000 кіламетраў ад сваіх суродзічаў у Кітаі і Манголіі.

Калмыкі пачалі перабірацца на еўрапейскія абшары ў раён Волгі з Джунгарыі (Уйгурыі) у XVII стагоддзі. Аднак ужо ў 1771 годзе прыкладна палова калмыкаў вярнулася назад на сваю гістарычную радзіму ў Джунгарыю, а палова засталася ў Расіі. Такім чынам, калмыкі (ці айраты) жывуць сёння паміж трыма дзяржавамі.

На сёння калмыцкая мова і культура знаходзяцца ў стане заняпаду, прызнае папулярызатар калмыцкай мовы Віктар Манджыеў.

Віктар Манджыеў.

«Старэйшае пакаленне мову ведае, але асабліва не бачыць патрэбы ў тым, каб на ёй размаўляць. Маладыя людзі стараюцца, але для практыкавання мовы патрэбны час, якога не заўсёды хапае. Важны тут і эканамічны чыннік — часам людзі больш зацікаўленыя ў вывучэнні замежных папулярных моў», — кажа спадар Манджыеў.

Свядомая адмова ад роднай мовы ў калмыкаў пачалася яшчэ ў гады СССР, таму што гэта быў фактычна адзіны спосаб выжывання народа. Сапраўднай катастрофай была масавая дэпартацыя калмыкаў і ліквідацыя Калмыцкай АССР у 1943—1944 гадах. Савецкая ўлада палічыла, што калмыкі недастаткова актыўна змагаліся супраць гітлераўцаў. Амаль увесь калмыцкі народ перасялілі ў раёны Уралу і Сібіры. Невялікі народ быў рассеяны на велізарных абшарах Расіі. Расійскі парламент прыняў у свой час пастанову, якая характарызуе дэпартацыю калмыкаў як «акт генацыду». У 1956 годзе калмыкаў рэабілітавалі, але за гады ссылкі рэпрэсаваныя калмыкі паступова гублялі сваю ідэнтычнасць.

Дэпартацыя калмыкаў.

Пад рэпрэсіі трапілі нават тыя калмыкі, якія змагаліся ў шэрагах Чырвонай арміі і савецкіх партызанскіх атрадаў. Красамоўным з’яўляецца жыццёвы шлях Міхаіла Ханінава, які забіў каля 300 нацыстаў як савецкі партызан. Але нават ён трапіў пад савецкую рэпрэсіўную машыну і быў дэпартаваны. Дарэчы, Міхаіл Ханінаў захаваў моцныя сувязі з Беларуссю і перакладаў на калмыцкую мову вершы Янкі Купалы.

Міхаіл Ханінаў у Беларусі.

Віктар Манджыеў кажа, што з калмыкамі Кітая і Манголіі адносіны падтрымліваюцца. Лепш за ўсё традыцыйную культуру і мову захавалі мангольскія калмыкі, таму што яны жывуць на тэрыторыі незалежнай Манголіі. А вось кітайскія калмыкі, як і расійскія, асімілююцца.

Ужыванне мовы ў сферы адукацыі вельмі абмежаванае — школ з калмыцкай мовай навучання няма, яны былі ліквідаваныя яшчэ ў гады СССР. Цяпер школьнікі вывучаюць калмыцкую мову толькі асобным прадметам 2 ці 3 гадзіны на тыдзень.

Але папулярызатар мовы лічыць, што ніякага прыгнёту з боку сучасных расійскіх уладаў няма — мова падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні. Існуе шмат грантавых праграм па падтрымцы калмыцкай мовы і культуры, за якія можна выдаваць кнігі на роднай мове і ладзіць розныя падзеі.

«Ніякай забароны на выкарыстанне мовы няма. Самае галоўнае тут — дагрукацца да розуму людзей. Асабліва важна пераканаць старэйшае пакаленне гаварыць па-калмыцку, сярод іх шмат тых, хто ведае мову вельмі добра», — кажа Віктар.

Але моладзь таксама імкнецца захаваць родную мову. Цікавым прыкладам гэтага ёсць мабільная праграма па вывучэнні калмыцкай мовы, якую напісаў IT-спецыяліст Аляксей Зунаў. Аляксей цяпер працуе ў транснацыянальнай кампаніі ў Тайландзе. Ён стварыў мабільны дадатак «Хальмг келн» у 2014 годзе, калі жыў у Маскве. Тады ён заўважыў, што яму не хапала практыкі — Аляксей стаў забываць асобныя словы, выразы, таму ў яго і з’явілася ідэя стварыць мабільны дадатак, дзе можна было б штодзённа падтрымліваць свой узровень калмыцкай мовы.

Аляксей Зунаў.

Ідэя пачала развівацца, туды дадалі прыказкі і прымаўкі, песні, прыклады вуснай народнай творчасці і гэтак далей.

Мабільная праграма стала вельмі запатрабаванай сярод калмыкаў і атрымала шмат водгукаў. Яе запампавалі каля 14 тысяч разоў (усяго калмыкаў у Расіі каля 180 тысяч).

Мабільны дадатак «Хальмг келн».

На думку Аляксея, сітуацыя з мовай у Калмыкіі паступова выпраўляецца. Ён лічыць, што грамадзянская супольнасць і дзяржава робяць шмат для адраджэння мовы.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930