Знайсці
12.02.2018 / 11:483РусŁacБел

Топ-25 найвыбітнейшых бізнэсменаў сучаснай Беларусі: спіс «Ежедневника»

Топ-25 найвыбітнейшых бізнэсменаў сучаснай Беларусі (1992—2017 гг.) — гэта сумесны праект «Ежедневніка» (EJ.BY) і «Ідэя Банка», прысвечаны гісторыі прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

У топ-25 увайшлі найбольш яркія прадстаўнікі беларускага бізнэсу ў 1992—2017 гадах. Удзельнікі рэйтынгу стаялі ля вытокаў фарміравання новых заводаў, новых галін і новай эканомікі сучаснай Беларусі. Бізнэс-праекты многіх з іх уваходзяць у лік нацыянальных, рэгіянальных або сусветных лідараў. Іх кампаніі з'яўляюцца найбуйнейшымі ў краіне падаткаплацельшчыкамі і працадаўцамі і большасць з іх на найбліжэйшыя гады стануць галоўнай рухальнай сілай канкурэнтаздольнага развіцця нацыянальнай эканомікі.

Унікальнасць праекта ў тым, што самых заўважных фігур у сваім асяроддзі называлі самі бізнэсмены. У складанні рэйтынгу таксама ўзялі ўдзел уладальнікі b2b-кампаній, прадстаўнікі прадпрымальніцкіх грамадскіх рухаў і журналісты дзелавых СМІ.

1. Аляксандр Машэнскі

Фота: Арсень Несхадзімаў / rbc.ru

47 гадоў (1970)

«Санта Імпэкс Брэст», «Санта Брэмар», «Савушкаў прадукт», «Рускае мора»

У 1992 годзе выпускнік мехмата БДУ замест аспірантуры абраў працу ў сямейнай рыбагандлёвай фірме «Ніла» і прайшоў разам з бацькам Міхасём Машэнскім увесь шлях ператварэння невялікай кампаніі ў аднаго з лідараў харчовага рынку былога СССР.

У 2000 годзе Аляксандр Машэнскі стаў на чале бізнэсу, запусціў у эксплуатацыю завод «Санта Брэмар» у Брэсце. У 2012 годзе бізнэсмен набыў буйную рыбаперапрацоўчую вытворчасць у Расіі — кампанію «Рускае мора». З 2006 года, у якім ён стаў уладальнікам кантрольнага пакета «Савушкавага прадукта», Аляксандр Машэнскі паспяхова інвестуе ў малочную галіну.

Бізнэсмен з'яўляецца ганаровым консулам Ісландыі ў Рэспубліцы Беларусь, членам Рады па развіцці прадпрымальніцтва і ўзначальвае нацыянальную федэрацыю веславання і Беларускі саюз вяслярных відаў спорту.

2. Аркадзь Добкін

Фота: epam-group.ru

57 гадоў (1960)

EPAM Systems

Інжынер электратэхнікі Аркадзь Добкін стаяў ля вытокаў кааператарскага руху ў Беларусі. У 1987 годзе, сышоўшы з Інстытута парашковай металургіі, ён заснаваў кааператыў па вытворчасці софту.

У 1991 годзе Аркадзь Добкін эміграваў у ЗША, а ў 1993 годзе стварыў EPAM Systems. Адпраўным пунктам да яе ператварэння ў аднаго з сусветных лідараў па распрацоўцы ПА стаў кантракт для SAP.

У 2006 годзе EPAM Systems атрымала знешняе інвеставанне ад амерыканскай кампаніі Siguler Guff & Company. У 2012 годзе Аркадзь Добкін і яго партнёры вывелі EPAM Systems на Нью-Ёркскую фондавую біржу, над будынкам якой упершыню ў яе 220-гадовай гісторыі ўзняўся сцяг незалежнай Беларусі.

Аркадзь Добкін стаяў ля вытокаў стварэння ПВТ, яго кампанія з'яўляецца адным з найбуйнейшых работадаўцаў ў IT-галінах Беларусі, Украіны і Расіі.

3. Алег Хусаенаў

Фота: probusiness.io

53 гады (1964)

«Зубр Капітал», «Атлант-М»

Пачаўшы зарабляць на мыйцы вокнаў у 1990 годзе, авіяцыйны інжынер разам са сваім суседам па пакоі ў інтэрнаце Маскоўскага інстытута інжынераў грамадзянскай авіяцыі і яшчэ некалькімі партнёрамі стварыў адну з найбуйнейшых аўтадылерскіх кампаній на рынках Беларусі, Расіі і Украіны.

Першым і найважнейшым партнёрам холдынгу «Атлант-М» стаў у 1994 годзе Volkswagen Group. У двухтысячных гадах праз некалькі дзясяткаў аўтасалонаў холдынгу прадавалася больш за 20 аўтамабільных брэндаў. Таксама ўладальнікі «Атлант-М» уклалі сродкі ў МТБанк, фармацэўтыку, IT і іншыя галіны.

У 2010 годзе Алег Хусаенаў пакінуў аўтамабільны бізнэс і заняўся інвестыцыйнай дзейнасцю. Пад кіраваннем кампаніі «Зубр Капітал», якую ён узначальвае знаходзяцца першыя ў Беларусі фонды прамых інвестыцый — SMH і Zubr Capital Fund I.

4. Віктар Кіслы

Фота: mcvuk.com

41 год (1976)

Wargaming

Бізнэсам выпускнік фізфака БДУ пачаў займацца ў 1998 годзе, калі з групай энтузіястаў стварыў кампанію Wargaming і прыступіў да распрацоўкі першай анлайн-гульні. Для таго, каб да яго прыйшла вядомасць і вялікія грошы, спатрэбілася больш за дзесяць гадоў.

У канцы 2010 і пачатку 2011 гадоў кампанія Wargaming прэзентавала на некалькі мовах шматкарыстальніцкую гульню World of Tanks. Анлайн-экшэн, які стаў культавым, прынёс Віктару Кісламу першы мільён даляраў, а ў лютым 2016 года агенцтва Bloomberg уключыла яго ў спіс мільярдэраў.

Бізнэсмен укладвае сродкі ў студыі па распрацоўцы гульняў і дыстрыбутарскія офісы па ўсім свеце, сфармаваўшы да цяперашняга часу адзін з найбуйнейшых гульнявых бізнэсаў. Таксама Віктару Кісламу належаць банк і нерухомасць на Кіпры, дзе ён пражывае.

5. Сяргей Касцючэнка

Фота: zviazda.by

61 год (1956)

«Прыёрбанк»

Выпускнік Мінскага радыётэхнічнага інстытута і курсаў навуковай эканомікі Вупертальскага ўніверсітэта ў 1990 годзе ўзначаліў Мінскі інавацыйны банк (будучы «Прыёрбанк»), якім няспынна працягвае кіраваць да сённяшняга часу.

Пры Сяргею Касцючэнку ў 1997 годзе «Прыёрбанк» прыцягнуў у капітал Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, а ў 2003 годзе стратэгічнага інвестара — аўстрыйскую банкаўскую групу Raiffeisen Bank International. На працягу 1990—2010-х «Прыёрбанк» уваходзіць у лік лідараў банкаўскага рынку Беларусі і з'яўляецца сістэмаўтваральным банкам галіны.

Банкір лічыцца адным з самых уплывовых прадстаўнікоў беларускага бізнэсу, ён з'яўляецца ганаровым консулам Аўстрыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Падрабязна пазнаёміцца з усімі ўдзельнікамі рэйтынгу вы можаце па спасылцы, мы падаём пералік бізнэсоўцаў і іх асноўных актываў:

6. Валянцін Байко (47 гадоў) — «Контэ Спа», Брэсцкі панчошны камбінат, Тураўскі малочны камбінат.

7. Юрый Чыж (54 гады) — «Трайпл», ФК «Дынама-Мінск», ProStore, «Кварцмелпрам», Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў, «Данпрад», «Акватрайпл», Мінскі завод пеністых він.

8. Аляксандр Пупейка (63 гады) — «Пушэ», «Алімп».

9. Віталь Арбузаў (53 гады) — Fenox Automative Components, Fenox Venture Capital, «Прэстан».

10. Аляксандр Цэнцер (51 год) — «А-100»

11. Аляксей Жукаў (50 гадоў) — «Алютэх», Guenther Tore Systems.

12. Яўген Баскін (52 гады) — «Сервалюкс Агра», «Смалявічы бройлер», «Экамол», «Агралінк», «Юнимит», «Белатміт».

13. Віктар Пракапеня (34 гады) — VP Capital, Viaden Media.

14. Аляксандр Шакуцін (58 гадоў) — «Амкадор», «Салеа», «Інтэрсэрвіс», «ПМВ груп», «Спамаш груп», «Абсалютбанк», «Шантэр», «Іскамед», Нафтабітумны завод, «Купалаўскае».

15. Павел Тапузідзіс (61 год) — «Тытунь-Інвест».

16. Сяргей Літвін (51 год) — «Еўрагандаль», Мінскі завод вінаградных він, «Статусбанк».

17. Юрый Зісер (57 гадоў) — «Тут Бай Медыя».

18. Міхаіл Машэнскі (71 год) — «Ніла», «Санта Імпэкс Брэст», «Санта Брэмар».

19. Юрый Гурскі (34 гады) — Haxus, Viaden Media.

20. Уладзімір Васілька (51 год) — «Еўрагандаль», Мінскі завод вінаградных він, «Статусбанк».

21. Пётр Марцаў (1962—2014) — «Марат».

22. Яўген Шыгалаў (1953—2014) — Гандлёвы дом «Ждановічы».

23. Мікалай Мартынаў (61 год) — «Марка», «Дзвінскі Бровар».

24. Адам Палюховіч (60 гадоў) — «Дайнова».

25. Уладзімір Пефціеў (60 гадоў) — «Белтэхэкспарт», «Белтэх Холдынг», «Мабільная лічбавая сувязь», «Дзелавая сетка», «Спорт-пары», «БТ Тэлекамунікацыі»

ej.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера