Знайсці
12.02.2018 / 18:143РусŁacБел

Першым творам, перакладзеным на беларускую мову ў ХХ стагоддзі, была песня пра чырвоны сцяг. А хто пераклаў?

Піша Анатоль Сідарэвіч.

Працуючы над зборнікам «Беларуская Сацыялістычная Грамада: дакументы і матэрыялы», у знакамітай кнізе «Белорусское движение» (1921) былога сябра партыі, прафесара Фёдара Турука я натрапіў на інфармацыю, што ў 1905 годзе БСГ выпусціла ўлётку з песняй «Чырвоны Знак».

Адзін яе асобнік захоўваецца ў Нацыянальным архіве Беларусі. На ўлётцы, надрукаванай лацінкаю, пазначана: Wyd. W. K. L. S. D. P. Гэта значыць, што яе надрукавалі ў падпольнай друкарні Віленскага камітэта Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі.

Вось пачатак песні:

Кроў нашу льюць даўно ўжо каты,
Лье горкі слёзы кожны з нас,
Надыдзе хутка дзень заплаты,
Паны, судзіць мы будзем вас!
Паны, судзіць мы будзем вас! 

«Чырвоны Знак» — гэта пераклад на беларускую мову польскае песні «Czerwony Sztandar» («Krew naszą długo leją katy»). У 1881 годзе яе словы напісаў жыхар Львова, польскі пісьменнік і дзеяч рабочага руху Баляслаў Чарвеньскі (Czerwieński). Узорам для яго паслужыла знакамітая «Le drapeau rouge» («Чырвоны сцяг»), якую ў 1871 годзе спявалі парыжскія камунары.

У 1882 годзе тэкст будучай песні быў упершыню апублікаваны ў зборніку паэтычных твораў Б. Чарвеньскага «Czegóż chcą» («Чаго ж яны хочуць»). Калі да гэтага тэксту Ян Казакевіч напісаў музыку, песня адразу ж, з 1883 года, стала гімнам польскага рабочага класа, а потым і Польскай сацыялістычнай партыі. Гэты гімн спявалі і падчас работніцкіх маніфестацыяў ды страйкаў, і — перад выкананнем прысуду — асуджаныя на смерць рэвалюцыянеры. Знакаміты правы дзеяч Станіслаў Мацкевіч (Цат) у сваёй працы «Ключ да Пілсудскага» (1944) паведамляе, што ў верасні 1939 г., калі ганебна ўцёк маршал Эдвард Рыдз-Сміглы, варшаўскія рабочыя, спяваючы «Czerwony Sztandar», самі сталі на абарону польскай сталіцы ад гітлераўцаў.

Як інфармуе Вікіпедыя, песню «Czerwony Sztandar», якую можна паслухаць у інтэрнэце, пераклалі на 12 моваў. Адмыслова паведамляецца, што перакладчыкам яе на расійскую быў паплечнік Леніна, знакаміты расійскі сацыял-дэмакрат, аўтар перакладу яшчэ больш знакамітай «Варшавянкі» («Вихри враждебные веют над нами…») Глеб Кржыжаноўскі.

Не ведаю, ці ўлічана сярод тых дванаццаці моваў і наша. Ды на гэты раз мне больш важна даведацца, хто ж пераклаў «Czerwony Sztandar» на беларускую.

Выдадзены ўлёткаю тэкст «Чырвоны Знак» можна лічыць калі не першым, дык адным з першых паэтычных перакладаў на беларускую мову ў ХХ ст.

Аглядаючы тагачасны літаратурны краявід Беларусі, я лічыў, што за гэтую справу маглі ўзяцца два паэты і сацыялісты — Карусь Каганец і Цётка. Да версіі пра Цётку мяне схіляў і той факт, што перакладчыцай песні на нямецкую мову была дзеячка нямецкай сацыял-дэмакратыі Роза Люксембург.

Роза Люксембург і Цётка, Цётка і Роза Люсембург. Дзве сацыялісткі. Ёсць спакуса паставіць іх імёны побач.

Аднак гэтая мая гіпотэза не пацвердзілася. Вывучаючы запісы Антона Луцкевіча, зробленыя ім у 1928 годзе ў час зняволення на Лукішках, я даведаўся, што да заканчэння адседкі ён ужо збольшага завяршыў сваю працу над успамінамі, якія атрымалі потым загаловак «За дваццаць пяць гадоў». У сваіх жа турэмных запісах Луцкевіч напісаў: «У «Успамінах» уставіць аб газэце «Свабода» … і выданнях «Грамады» «Што такое свабода?» і інш. у 1906».

Пра газету «Свабода», якую ў 1902 годзе адзін з пачынальнікаў беларускага вызвольнага руху Вацлаў Іваноўскі са сваімі сябрамі надрукаваў у бацькавым маёнтку Лябёдка Лідскага павета, цяпер ужо добра вядома нашым гісторыкам. Менш вядома пра нелегальнае выдавецтва «Грамада», якое Іваноўскі «вёў» у 1906—1907 гг. На сёння бібліёграфам вядомыя чатыры брашуры, якія выпусціла гэтае выдавецтва: «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць», «Забастоўка», «Як мужыку палепшыць сваё жыццё?» і «Чы будзе для ўсіх зямлі?». Аўтэнтык апошняй з брашур не выяўлены, а брашура «Што такое свабода?», пра якую пісаў Луцкевіч, у бібліяграфіі адсутнічае.

Гэта ўсё, ведама ж, цікава, але для нас больш важны запіс, зроблены Луцкевічам праз два сказы. Вось той запіс: «Гімн «Чырвоны Сцяг» у перакладзе Іваноўскага» (Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, ф. 21, справа 424, арк. 113адв.).

Такім чынам, удакументавана, што пралетарскую песню «Чырвоны Знак» на беларускую мову пераклаў Вацлаў Іваноўскі.

Чаму гэты факт Луцкевіч не занатаваў у сваіх успамінах — асобнае пытанне. Мы ж занатуем наступнае.

Дагэтуль мы ведалі доктара Вацлава Іваноўскага як навукоўца, пачынальніка беларускай кнігавыдавецкай справы ХХ ст., дабрадзея Янкі Купалы, педагога, міністра асветы БНР, рэктара Менскага беларускага педагагічнага інстытута, папулярызатара навуковых ведаў і менскага бургамістра («айца горада»), а цяпер нам трэба канстатаваць, што ён быў яшчэ і адным з першых, калі не першым, беларускіх паэтаў-перакладчыкаў ХХ ст.

Анатоль Сідарэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930