Знайсці
09.02.2018 / 14:3611РусŁacБел

СК другі раз спыніў справу Арцёма Басцюка, знойдзенага павешаным у Печах

Следчы камітэт другі раз спыніў справу Арцёма Басцюка — салдата тэрміновай службы, знойдзенага павешаным у вайсковай частцы №25849 пад Барысавам. На думку следчых, 25-гадовы мінчук здзейсніў самагубства.

«Мы атрымалі пастанову. Там усё перавярнулі з ног на галаву. У нас была вочная стаўка з камандзірамі часці — іх словы перавернутыя так, нібыта іх узялі з іншай справы, — распавядае Еўрарадыё Таццяна Басцюк, маці Арцёма. — Адказалі нам, што ў войску ледзь не дзіцячы сад, а наш сын сам захацеў — і ўсё».

У пачатку кастрычніка 2017 года СК ужо спыняў справу Басцюка. Гэта адбылося праз некалькі дзён пасля таго, як стала вядома пра смерць у Печах яшчэ аднаго салдата тэрміновай службы — 21-гадовага пінчука Аляксандра Коржыча. Пад ціскам журналістаў справу праз некалькі дзён узнавілі. Але зараз яна закрытая ізноў.

6 лютага старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў журналістам, што следчыя выявілі новыя факты дзедаўшчыны ў беларускім войску і пачалі некалькі новых справаў.

Адвакат Таццяны і Сяргея Басцюкоў рыхтуецца абскарджваць пастанову аб закрыцці справы па факце смерці іх сына.

Арцём Басцюк рэгулярна скардзіўся бацькам на дзедаўшчыну ў часці. Ён распавядаў, што «дзяды» прымушалі «маладых» купляць ім каву, цукар, цыгарэты, не дазвалялі спаць. За невыкананне загаду прымушалі адціскацца сотні разоў.

Хлопец не вытрымаў і стаў скардзіцца на нестатутныя ўзаемаадносіны кіраўніцтву часці. 30 сакавіка, за дзень да яго гібелі, абмеркаваць сітуацыю ў Барысаў прыязджалі бацькі Арцёма.

Але ўвечары таго ж дня салдат патэлефанаваў дадому, каб развітацца. Бацькі забілі трывогу і, у сваю чаргу, патэлефанавалі ў частку. Іх запэўнілі, што ўсё будзе добра, але раніцай Арцёма знайшлі ў пятлі.

Еўрарадыё

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера