Знайсці
10.02.2018 / 01:2859РусŁacБел

Параза ці поспех? БНР у параўнанні з іншымі нацыянальнымі праектамі Усходняй Еўропы

Піша этнолаг Павел Церашковіч, кандыдат гістарычных навук.

Набліжэнне 100-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР выклікае настолькі гарачыя дыскусіі, нібыта ўсё гэта адбывалася не ў 1918 годзе, а літаральна пазаўчора. Ці быў праект БНР паспяховым? Гэта першая спроба ўсталявання нацыянальнай дзяржаўнасці ці палітычны фэйк? Ці быў паспяховым беларускі нацыянальны рух у цэлым? І як вымяраць поспех?

Праз два дні пасля абвяшчэння незалежнасці БНР Сфатул Цэрый — парламент Малдаўскай Дэмакратычнай Рэспублікі — прыняў рашэнне аб далучэнні Малдовы да Румыніі, скасаваўшы дэкларацыю аб незалежнасці, абвешчаную ў снежні 1917 года. Ці не ёсць 25 Сакавіка поспехам на гэтым фоне? Міраслаў Грох — сусветна вядомы даследчык нацыянальных рухаў у Еўропе адносіць беларускі прыклад да параўнальна паспяховых. І сапраўды на сёння фармальна беларусы маюць значна болей, чым шатландцы, каталанцы, карсіканцы (спіс можа быць доўгім). І першыя крокі гэтаму былі пакладзеныя менавіта ў лютым-сакавіку 1918 года.

Гэты артыкул прысвечаны не ўласна падзеям стагадовай даўніны, бо тут наратываў існуе дастаткова, а тым сацыяльным і эканамічным умовам, якія ім папярэднічалі. Але гэта ў значна большай ступені дазваляе зразумець і тое, што адбывалася, і значэнне тых падзей.

Сітуацыя ў Беларусі разгледжаная на тле Усходняй Еўропы шляхам параўнання з эстонцамі, латышамі, літоўцамі, украінцамі і, у некаторых аспектах, малдаванамі. 

Большая частка даследчыкаў беларускага нацыянальнага руху адзначае, што ён развіваўся ў неспрыяльных умовах. Часцей за ўсё згадваюць этнічныя асаблівасці, якія рабілі беларусаў прыдатнай ахвярай вонкавых асіміляцыйных уплываў, адсутнасць уласнага «П’емонта» (існуючага ў адносна спрыяльных умовах цэнтра нацыянальнага руху, кшталту П'емонта ў італьянцаў, Галіччыны ва ўкраінцаў ці Усходняй Прусіі ў літоўцаў), ці, у айчыннай гістарыяграфічнай традыцыі, — адсутнасць нацыянальнай буржуазіі. 

Гісторыя нацыянальных рухаў, аднак, сведчыць, што гэтыя акалічнасці спрацоўваюць далёка не заўсёды.

Этналінгвістычныя асаблівасці славакаў, напрыклад, не здолелі іх абараніць ад гвалтоўнай мадзьярызацыі ў другой палове ХІХ стагоддзя.

Эстонскі і латышскі нацыянальныя рухі былі паспяховымі без якіх-небудзь «П’емонтаў», а малдаўскі рух быў ці не найменш паспяховым, нягледзячы на такі нібыта моцны «П’емонт», як маладое румынскае каралеўства.

Што ж тычыцца так званай нацыянальнай буржуазіі, то ў аніводнага народа Усходняй Еўропы яе не было ў дастатковай колькасці, а літоўцы дасягнулі выключнага поспеху прытым, што статыстычныя паказчыкі па гэтым крытэры былі нашмат горшымі, чым у беларусаў.

Галоўную ролю адыгрываць далёка не гэтыя абставіны, хоць і яны ў пэўнай ступені — істотныя.

Міраслаў Грох звяртае ўвагу на тое, што нацыянальны рух звычайна ўзнікае праз генерацыю (20—25 гадоў) пасля адмены прыгону. Гэта безумоўна так, але вялікае значэнне мае і тое, якой была канкрэтная форма прыгону і якая доля насельніцтва знаходзілася ў гэтай форме сацыяльнай залежнасці.

Статыстычныя звесткі сярэдзіны ХІХ стагоддзя сведчаць, што беларусы знаходзіліся ці не ў найгоршай сітуацыі. У Латвіі, Эстоніі і Малдове прыгон быў ужо даўно скасаваны. Сярэдняя доля прыгонных ва еўрапейскай частцы Расійскай імперыі дасягала 37,5%. У Літве яна была роўнай 36,9%, ва Украіне — 44,2%, а ў Беларусі — 61,8%.

Доля прыгонных у агульнай структуры насельніцтва (у %).

Да гэтага трэба дадаць, што ў гэты час асноўнай формай феадальнай рэнты ў Беларусі была паншчына, якая ахоплівала каля 94% прыгонных сялян. Гэта тая форма залежнасці, якая, на думку Аляксандра Чаянава, «набліжалася да рабства». Чаму гэта істотна? Таму, што на сярэдзіну ХІХ стагоддзя ці не найбольшая частка беларусаў знаходзілася менавіта ў такім становішчы. А гэта, у сваю чаргу, маркіравала беларускую мову і культуру як прыкмету найвышэйшай сацыяльнай прыгнечанасці.

У суседніх Літве і Украіне існавалі дастаткова шматлікія групы насельніцтва, вольнага ад прыгону, але па сваіх этнічных, моўных і канфесійных параметрах тоесных прыгонным сялянам. Гаворка ідзе аб вольных сялянах у Літве, якія складалі да 5,6% насельніцтва ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, і аб «маларасійскім казацтве» ва Украіне (да 12% падатнага насельніцтва ў 1834 годзе). Нічога падобнага ў Беларусі не існавала. Гэта значыць, што ў той час быць прыгонным і размаўляць па-беларуску было (амаль што) тоесным. І беларусы не мелі магчымасці выкарыстаць досвед іншага сацыяльнага дзеяння, іншых сацыяльных практык і мадэляў паводзінаў.

Адмена прыгону і мадэрнізацыя другой паловы ХІХ стагоддзя нібыта павінны былі нейтралізаваць гэта, але ў параўнанні з суседзямі ў Беларусі гэта адбылося ці ў не найменшай ступені.

На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў Беларусь была найбольш адсталым рэгіёнам еўрапейскай часткі Расійскай Імперыі. Па памеры гандлёва-прамысловага абароту на душу насельніцтва (у пэўнай ступені тагачасны аналаг GDP per capita) Беларусь саступала нават Архангельскай губерні.

На тэрыторыі Латвіі гэты паказчык складаў 204 рублі ў год на чалавека, Эстоніі — 85, Украіны — 70, Літвы — 39, Малдовы — 35, Беларусі — усяго 25. Сукупны гадавы абарот адной Рыгі з насельніцтвам 377 тыс. чалавек складаў 235 млн рублёў, у той час як усёй Беларусі з 6,6 млн чалавек — 173 млн руб. Да гэтага трэба дадаць, што ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі паказчыкі рынкавай актыўнасці былі значна ніжэйшымі за сярэднія і, напрыклад, у Белавежскім эканамічным раёне складалі ўсяго 4 рублі ў год на чалавека (абсалютны мінімум у Цэнтральна-Усходняй Еўропе).

Гандлёва-прамысловы абарот на душу насельніцтва (у рублях).

Лёс нацыі, звычайна, вырашаецца ў сталіцы ці ў буйным адміністрацыйным цэнтры. Таму надзвычай істотнае значэнне мае кампазіцыя гарадскога насельніцтва. Практычна ўсе народы рэгіёна былі сялянскімі: ад 84% да 98% з іх жылі ў вясковай мясцовасці. Але поспех эстонцаў, латышоў і ўкраінцаў шмат у чым быў вызначаны тым, што ў канцы ХІХ стагоддзя ў гарадах іх было адпаведна 67%, 38% і 32%. У той жа час беларусы і малдаване складалі каля 16%. Аднак у найменшай ступені сярод гарадскога насельніцтва былі прадстаўленыя літоўцы — усяго 7,7%, што, аднак, не перашкодзіла ім дамагчыся поспеху ў нацыянальным будаўніцтве.

Доля карэннага насельніцтва ў структуры гарадскога насельніцтва (у %).

Таму не меншую ролю адыгрывала пашырэнне пісьменнасці. І гэта невыпадкова: нацыянальныя праекты знаходзілі сябе масавую аўдыторыю праз распаўсюджванне друкаванай прадукцыі — газет, часопісаў, кніг і г. д. Узровень пісьменнасці сярод народаў рэгіёна адрозніваўся не менш радыкальна, чым паказчыкі ўзроўню мадэрнізацыі. Найбольш перадавым народам у гэтых адносінах былі эстонцы, 80% якіх былі пісьменнымі ў 1897 годзе. Гэта надзвычайна высокі паказчык. Узровень пісьменнасці ў эстонскай вёсцы быў вышэйшым, чым у сталіцах: у Санкт-Пецярбурзе і Маскве каля паловы жыхароў былі ў той час непісьменнымі. У латышоў пісьменныя складалі 71%, літоўцаў — 36,8%, беларусаў — 13,5%, украінцаў — 12,9% і малдаван — 10%.

Доля пісьменных сярод прадстаўнікоў этнічнай групы (у %).

Доля пісьменных сярод жанчын (у%).

Яшчэ больш радыкальна адрозніваліся паказчыкі пісьменнасці сярод жанчын. Калі у эстонцаў, латышоў і літоўцаў пісьменнасць сярод жанчын была роўнай ці нават большай (у літоўцаў, напрыклад, узровень мужчынскай пісьменнасці складаў 37,8%, жаночай — 44%), то сярод беларусаў, украінцаў і малдаван сітуацыя была цалкам іншая: узровень жаночай пісьменнасці складаў адпаведна 8%, 3% і 0,9%.

Гэты паказчык, як мне падаецца, быў сярод найбольш важкіх. Згодна з Нірай Ювал-Дэвіс і Флояй Анціяс, жанчына ўвогуле «адыгрывае цэнтральную ролю ў ідэалагічным аднаўленні калектыўнай ідэнтычнасці і трансляцыі культуры».

Ва ўмовах адсутнасці нацыянальных сістэм адукацыі хатняе выхаванне было галоўным асяроддзем фарміравання самаідэнтыфікацыі, і ад таго, ці была жанчына пісьменнай і, значыць, адкрытай да ўспрымання нацыянальнай агітацыі, залежала, які змест гэтай ідэнтыфікацыі будзе.

Даследчыкі нацыянальных рухаў латышоў і эстонцаў, якія вывучалі сямейныя гісторыі, ужо даўно зрабілі выснову, што сапраўдныя нацыянальныя лідары нараджаліся ў сем’ях, у якіх не толькі муж, але і менавіта жонка былі нацыянальна свядомымі. Менавіта нацыянальныя рухі ў рэгіёне Усходняй Еўропы сталі той сацыяльнай прасторай, у якой жанчыны пачалі выступаць у ролі культурных і палітычных актараў (Леся Украінка, Алаіза Пашкевіч, Лідзія Койдула і г. д.). 

Бачна, што па большасці значных сацыяльных параметраў беларусы знаходзіліся ў сітуацыі, якая стрымлівала развіццё нацыянальнага руху. Каб больш дакладна зразумець яе, лепш разгледзець двухбаковыя параўнанні з народамі Усходняй Еўропы.

Так, адставанне беларусаў ад эстонцаў было абумоўлена наступным. Па-першае, значна больш высокім узроўнем мадэрнізацыі. Бадай што найбольшае значэнне меў высокі ўзровень пісьменнасці. Не меншую ролю адыгрывала развіццё сацыяльнай мабільнасці. Эстонцы, як не хто іншы, здолелі ўтварыць устойлівыя гарадскія супольнасці, якія колькасна дамінавалі сярод гараджан. Пры гэтым узровень урбанізацыі быў не такім высокім. Буйных гарадоў і індустрыяльных цэнтраў тут не было. Па-другое, хуткаму развіццю эстонскага руху садзейнічала рэдкая і выразная прастата этнасацыяльнай структуры насельніцтва. Сацыяльныя супярэчнасці паміж эстонскай большасцю і нямецкай меншасцю былі настолькі відавочнымі, што не трэба было прыкладаць вялікія намаганні, каб перафармуляваць іх на мове нацыянальных лозунгаў. Па-трэцяе, істотную ролю адыграла прыналежнасць да пратэстантызму, які з усіх хрысціянскіх канфесій найлепшы чынам прыдатны да сімбіёзу з нацыянальнай ідэалогіяй. Па-чацвёртае, моцны ўплыў, асабліва на інтэлігенцыю, зрабіў прыклад паспяховага развіцця блізкіх па мове і культуры фінаў. Пэўную ролю адыграла і этналінгвістычныя асаблівасць эстонцаў, якая ахоўвала іх ад германізацыі і русіфікацыі. Усё гэта дазволіла эстонцам пераадолець тыя негатыўныя ўмовы, якія ставілі пад пытанне іх нават патэнцыяльную магчымасць утварыць нацыянальную супольнасць. Сярод іх: «негістарычнасць» (гэта значыць, адсутнасць у прынцыпе чаго-небудзь у гісторыі, што можна было б трактаваць як уласную дзяржаўнасць, адсутнасць адзінага этноніма і самасвядомасці, адсутнасць фактару «П’емонта». Тым не менш прыклад эстонцаў сведчыць, што ўсё гэта можна пераадолець і збудаваць нацыю выключна на падмурку традыцыйнай сялянскай культуры.

Сітуацыя з латышамі шмат у чым падобная. Сваю ролю тут адыгралі высокі ўзровень мадэрнізацыі, пісьменнасці, сацыяльнай мабільнасці, а таксама — канфесійная прыналежнасць і этналігвістычная самабытнасць. Аднак шэраг абставінаў рабілі рэалізацыю латышскага праекта больш складаным ад эстонскага. Не толькі гісторыя, але і народны фальклор давалі мала «рэсурсаў» для канструявання міфа пра «слаўнае гераічнае мінулае». Істотна перашкаджалі значныя рэгіянальныя моўныя і культурныя адрозненні, зафіксаваныя на ўзроўні свядомасці. Да гэтага трэба дадаць большыя чым нават у беларусаў канфесійныя адрозненні (пратэстанты-каталікі-праваслаўныя). У спалучэнні з выразным рэгіяналізмам як, напрыклад, у выпадку з Латгаліяй, яны значна ўскладнялі фарміраванне агульнанацыянальнай самасвядомасці. У параўнанні з Эстоніяй, у Латвіі была значна больш складаная этнасацыяльная сітуацыя. Але за кошт найвышэйшага ў рэгіёне ўзроўню эканамічнага развіцця, маштабнай сацыяльнай мабільнасці, шматлікага гарадскога насельніцтва і, у тым ліку, нацыянальна свядомай буржуазіі і наяўнасці такога буйнога ў еўрапейскім вымярэнні горада, як Рыга, усе гэтыя перашкоды былі паспяхова пераадолены.

Параўнанне беларускай сітуацыі з украінскай патрабуе яшчэ больш падрабязнага разгляду. Тут, апрача мадэрнізацыйных адрозненняў, адыгралі сваю ролю фактары «гістарычнай свядомасці» і «П’емонта». Галіччына, безумоўна, істотна паўплывала на развіццё агульнаўкраінскага руху. Яна была прытулкам для ўцекачоў з Усходу. Цяжка перабольшыць яе ролю ў часы Украінскай рэвалюцыі 1917—1921 гг. Але, на маю думку, нацыянальны рух у наддняпроўскай Украіне меў куды большыя шанцы на развіццё ў параўнанні з Беларуссю, нават калі б Галіччыны ўвогуле не існавала. Гэтаму садзейнічала: па-першае, «гістарычная свядомасць», якая мела канкрэтнае сацыяльнае гучанне сярод тых груп насельніцтва, якія ў найбольшай ступені пацярпелі ад ліквідацыі Гетманшчыны ў XVIII стагоддзі. Маецца на ўвазе частка дваранства, у асяроддзі якога выспявалі ідэі аўтанамізму, шматлікае «маларасійскае» казацтва, якое згубіла сацыяльны статус і імя, і, нарэшце, шматмільённае сялянства, якое згубіла асабістую волю. Паскоранаму развіццю ўкраінскага руху садзейнічала значна большая прысутнасць (больш чым у два разы ў параўнанні з беларусамі) украінцаў сярод гарадскога насельніцтва. У гэтым кантэксце трэба ўзгадаць феномен Палтавы, дзе ўкраінцы складалі 57% насельніцтва. Нічога падобнага і блізка было не магчыма ўявіць сябе ў гарадах Беларусі. Беларусы значна саступалі і па ступені развіцця сацыяльных рэсурсаў нацыянальнага руху. Адсутнасць універсітэцкіх цэнтраў не толькі перашкаджала фарміраванню асяродкаў крышталізацыі нацыянальнай думкі, але і значна стрымлівала маштабы вертыкальнай мабільнасці. Колькасць сялян (па сацыяльным паходжанні) з універсітэцкай адукацыяй ва Украіне ў канцы ХІХ стагоддзя была ў 20 разоў большай у параўнанні з Беларуссю. Развіццю ўкраінскага руху садзейнічаў большы (амаль што ў два разы) узровень рынкавай актыўнасці, значна больш ранняе з’яўленне земскага самакіравання, што спрыяла станаўленню інфраструктуры руху. Сярод фактараў, якія тармазілі нацыянальнай кансалідацыі, быў нізкі, нават у параўнанні з беларускім, узровень пісьменнасці, асабліва — жаночай. Менавіта гэта ці не ў першую чаргу звужала патэнцыЙную аўдыторыю нацыянальнага руху.

Найбольш цікавым, на мой погляд, з’яўляецца параўнанне беларускай і літоўскай сітуацыі. Абедзве этнічныя прасторы знаходзіліся ў межах найбольш дэпрэсіўнага эканамічнага рэгіёна еўрапейскай часткі Расійскай імперыі. Літоўцы, як і беларусы, былі выключна сялянскім народам, пры гэтым доля літоўцаў-гараджан была нават меншай ад беларусаў. Абодва народы не мелі ўніверсітэцкіх цэнтраў на сваёй тэрыторыі. Доля літоўцаў з «адукацыяй, вышэйшай за пачатковую» саступала беларускай. Разам з тым, нягледзячы на спазненне ў параўнанні з эстонцамі, латышамі і ўкраінцамі, літоўскі нацыянальны рух у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў развіваўся з зайздросным дынамізмам. Па-першае, усё ж такі ўзровень эканамічнага развіцця Літвы быў вышэйшым ад Беларусі. Па-другое, адыгралі сваю ролю асаблівасці сацыяльнай гісторыі Літвы, у тым ліку наяўнасць вольнага сялянскага насельніцтва, ранняя адмена прыгону ў Сувалкіі. Усё гэта садзейнічала ўтварэнню даволі шматлікай групы сялян-сераднякоў, якія сталі масавым апірышчам нацыянальнага руху. Па-трэцяе, істотным адрозненнем, якое забяспечыла масавую аўдыторыю, быў значна больш высокі ўзровень пісьменнасці, асабліва сярод жанчын. Па-чацвёртае, значную ролю адыграла, перадусім на пачатковай ступені развіцця, магчымасць легальнага развіцця літоўскага кнігадрукавання ва Усходняй Прусіі. Па-пятае, вялікую ролю ў прызнанні легітымнасці гістарычных правоў літоўцаў на ўласную дзяржаўнасць мела надзвычайная актыўнасць літоўскай эміграцыі, у тым ліку і ў ЗША.

Якія з усяго гэтага ўзнікаюць высновы? Калі ўсё было так дрэнна для беларусаў, чаму увогуле ўзнік беларускі нацыянальны рух? Рэч у тым, што, нягледзячы на эканамічную адсталасць самой Беларусі, абмежаванасць каналаў сацыяльнай мабільнасці і патэнцыйную абмежаванасць масавай падтрымкі, нацыянальны рух, як гэта ні парадаксальна, меў дастаткова добрую ўласную сацыяльную базу.

Колькасць асоб з адукацыяй, «вышэйшай за пачатковую».

Паводле звестак перапісу 1897 года, 8320 чалавек, якія мелі адукацыю, вышэйшую за пачатковую, у Беларусі пазначылі сваёй роднай мовай беларускую. Гэта цалкам дастатковая «крытычная маса». Для параўнання, аналагічныя групы ў літоўцаў склалі 2726 чалавек, эстонцаў — 3442, латышоў — 6148, украінцаў — 44721.

Доля карэннага насельніцтва сярод групы асоб з адукацыяй, «вышэйшай за пачатковую» (у %).

Доля беларусаў (18,5%) сярод усіх асоб з адукацыяй, вышэйшай за пачатковую, была амаль у два разы большай ад літоўцаў (9,8%), большай ад эстонцаў (15,5%), крыху саступала украінцам (19%) і, у большай ступені, латышам (23,2%).

Менавіта з улікам усяго гэтага і трэба выстаўляць адзнаку «паспяховасці» ці «непаспяховасці» БНР. Так, безумоўна, беларускі нацыянальны рух меў значна меншыя шанцы на поспех у параўнанні з суседзямі. Гэта была не віна самога руху. Яго ўзнікненне, як феномену, абсалютна заканамернае ў той жа ступені, як заканамерным ёсць распад мультыэтнічных імперый і з’яўленне нацыянальных дзяржаў.

Гэта ўніверсальнае правіла часоў мадэрну. Праблема ў тым, што на 1918 год таго мадэрну Беларусі крытычна не хапала.

Трэба аддаць належнае і, як кажуць, за гарою пакланіцца айцам-заснавальнікам БНР, што ў самай што ні ёсць неспрыяльнай сітуацыі яны зрабілі максімум магчымага, дэкларуючы права і здольнасць беларусаў жыць у незалежнай дзяржаве. І як бы хто ні спрабаваў прынізіць іх дзейнасць, выкрасліць яе з гісторыі Беларусі ужо немагчыма.

P.S. А ўвогуле, калі ў чарговы раз абвінаваціць імперыю ў чым-небудзь, то з боку беларусаў трэба сказаць, што яна трошкі зарана развалілася. Каб на 10 гадоў пазней — было б у самы раз. Жарт!

* * *

Павел Церашковіч — кандыдат гістарычных навук, заснавальнік і загадчык кафедры этналогіі, музеалогіі і гісторыі мастацтваў БДУ ў 2001—2008, старшыня сената ЕГУ ў 2009—2012 гадах. Аўтар больш як 100 навуковых прац.

Павел Церашковіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930