Знайсці
06.02.2018 / 21:0850РусŁacБел

Пяць фактаў пра новага галоўнага рэдактара «Советской Белоруссіі» Дзмітрыя Жука

Легендарны Павел Якубовіч сыходзіць у адстаўку з пасады галоўнага рэдактара найбуйнейшай дзяржаўнай газеты краіны «Советской Белоруссіі». Якубовіч кіраваў выданнем 24 гады. «Я свабодны», — сказаў ён пасля адстаўкі.

Новым рэдактарам газеты Адміністрацыі прэзідэнта стане рэдактар інфармацыйнага агенцтва БелТА Дзмітрый Жук. Для Жука такі пераход выглядае павышэннем — можа таму, што да яго гэтае месца займаў чалавек, чый уплыў быў большы за пасаду ў сілу асабістых якасцяў.

Дзмітрый Жук. Фота brsm.by.

Сын пісьменніка Алеся Жука

Гэта мала дзе афішуецца, але новы рэдактар «Советской Белоруссіі» — сын вядомага пісьменніка Алеся Жука. Дзмітрый нарадзіўся на малой радзіме бацькі ў Слуцкім раёне ў 1970-м. Алесь Жук у той год акурат сканчваў універсітэт.

Адметна, што Алесь Жук падтрымаў недзяржаўны Саюз беларускіх пісьменнікаў і дагэтуль уваходзіць у яго. Калі літаратурныя часопісы аб’ядналі ў холдынг, Жук-старэйшы на той момант узначальваў рускамоўны «Нёман». На ягонае месца прыйшла вядомая камуністка Ніна Чайка.

Зрэшты, Жук-сын піша па-руску, беларускай мовай на працы не карыстаецца.

Працаваў настаўнікам беларускай мовы

Магчыма, пісьменніцкая сям’я акурат спрычынілася да таго, што вучыцца Дзмітрый Жук пайшоў на беларускую філалогію БДУ, якую скончыў у 1992 годзе. Потым год адпрацаваў настаўнікам мовы ў школе-гімназіі №199. Пры гэтым цяпер Дзмітрый Жук імкнецца не выкарыстоўваць беларускую мову падчас эфіраў на тэлебачанні, нават калі ягоны суразмоўца размаўляе па-беларуску.

Пасля гэтага Дзмітрый Жук сышоў у журналістыку. Спачатку ён працаваў у выдавецкім цэнтры Нацбанка, а пасля трапіў у беларускую рэдакцыю расійскага інфармацыйнага агенцва «Інтэрфакс».

Узначальваў прэс-службу Лукашэнкі

У перыяд ад 1999 да 2003 Дзмітрый Жук узначальваў прэс-службу (не блытаць з пасадай прэс-сакратара) Аляксандра Лукашэнкі. «Белгазета» пісала пра яго ў той час: «Не запомніўся журналістам і цяперашні кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Дзмітрый Жук, усе функцыі якога абмежаваліся фільтраваннем журналістаў, запрошаных на мерапрыемствы з удзелам прэзідэнта». Жука на гэтай пасадзе змяніў Павел Лёгкі, які цяпер з’яўляецца намеснікам міністра інфармацыі.

Перахапіў ініцыятыву ў «Інтэрфакса»

Калі Жук узначаліў БелТА, яму было ўсяго 33 гады.

Доўгі час эксклюзівы ад дзяржаўных органаў давала расійскае інфармагенцтва «Інтэрфакс». А ўсе дзяржаўныя СМІ былі ўжо на другім плане. Менавіта Дзмітрый Жук, калі стаў дырэктарам БелТА, змог пераламіць гэтую традыцыю.

На сёння менавіта на БелТА з’яўляецца самая свежая і актуальная інфармацыя з афіцыйных крыніц. А «Інтэрфакс» паступова згасае. Гэта была вялікая перамога Жука, які даказаў перавагу беларускіх СМІ над расійскімі.

Пры Жуку БелТА адышла ад строгай канцыляршчыны. На сайце з’яўляецца шмат інфармацыі пра шоу-бізнэс (на жаль, найперш расійскі), забаўляльнай інфармацыі, тэстаў. На сёння БелТА — гэта самы папулярны дзяржаўны сайт, які, аднак, усё адно шмат саступае незалежным парталам.

Сталы ўдзельнік «Клуба рэдактараў»

Разам з Паўлам Якубовічам і Генадзем Давыдзькам Дзмітрый Жук быў сталым удзельнікам «Клуба рэдактараў» на «Беларусь 1».

Жук там стараўся больш маўчаць, чым гаварыць. Калі ж браў слова, то здараліся і адыёзныя выказванні.

Напрыклад, калі маладафронтаўцы збіралі подпісы за бел-чырвона-белы сцяг, то Жук сказаў: «Хачу вярнуцца да подпісаў. Хлопцы, якія падпісаліся, можа, вы яшчэ і свае пашпартныя дадзеныя сказалі? Дык за кагосьці крэдыт заплаціце. Не спяшайцеся падпісвацца».

Калі збілі журналіста tut.by Паўла Дабравольскага, то Жук стаў на бок міліцыі.

Новы галоўны рэдактар «Советской Белоруссіі» з’яўляецца кавалерам Ордэна Пашаны.

На дзвярах кабінета Жука ў БелТА вісела шыльда з выказваннем легендарнага Чэ Гевары: «Стаміўся — адпачні. Але пасля гэтага ты ўжо ніколі не будзеш байцом рэвалюцыі».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930