«Калі б усё навокал стала праваслаўным, то Хрыстос пакінуў бы царкву»: Фёдар Поўны ўпікнуў мітрапаліта Паўла?
Нядаўна праваслаўны мітрапаліт Павел адзначыўся скандальнай заявай, што ў «праваслаўных і ўніятаў розны Бог».
Ён прамовіў гэта ў ходзе абмеркавання сітуацыі ў вёсцы Бярозаўка Віцебскай вобласці, дзе праваслаўныя вернікі вымушаныя хадзіць у касцёл, бо царквы там няма.
Мітрапаліт Павел
«Адзін будынак выкарыстоўваюць і праваслаўныя, і каталікі. Але гэта ні ў якім разе не з’яўляецца нейкай уніяй. Задача ўніятаў — сказаць, што ў нас адзін Бог. Выбачайце, дык у нас не адзін Бог, сябры мае. У вас свой Бог, бо вы па-іншаму ў Бога верыце. Вы па-іншаму яго вызнаяце. Бог сапраўды адзін, але ў карпарацыі свой бог, у нейкі сектанцкай арганізацыі — свой. Яны да нашага супольнага Творцы і Госпада ніякага дачынення не маюць. Госпад жа ў Евангеллі казаў: «У вас чэрава — Бог, у вас мамона — Бог». У язычнікаў жа таксама ідал — бог. Але для нас, праваслаўных, гэта цацанка. Гэтак жа і ўніяты», — сказаў іерарх і дадаў, што не варта ўмешвацца ў жыццё змяшаных каталіцка-праваслаўных сем'яў, калі яны «жывуць у міры і згодзе» і пакуль «не саспелі стаць праваслаўнымі».
Такія словы мітрапаліта выклікалі рэакцыю не толькі ў грамадстве, але і сярод самога кліра — крыніцы «Нашай Нівы» паведамляюць, што ў прыватных абмеркаваннях заявы Паўла ацэньваюць як сведчанне «прафесійнай непрыдатнасці» аўтара.
Адметна, што і ўплывовы святар Фёдар Поўны, які штонядзелю чытае пропаведзь у эфіры канала АНТ, таксама згадаў гэтую гісторыю — праўда, выказаўся ён іншасказальна, але паралелі даволі ясныя.
Фёдар Поўны, настаяцель храма Усіх Святых
«Калі б я быў д'яблам, я б дапамог праваслаўю атрымаць перамогу на ўсіх франтах, каб усе і ўся навокал сталі праваслаўнымі: праваслаўнае заканадаўства, праваслаўнае войска, школы, бальніцы, клубы, спартовыя секцыі. Дзіцячы сад імя Сергія Раданежскага, тэатр імя Іаана Кранштадскага, вуліцы б запоўнілі білборды з цытатамі святых, у камп'ютарах запрацавала б сістэма «Артадаксія», па суботах і нядзелях дзецям бы толькі посную ежу давалі… — цытуе Поўны некага са сваіх знаёмых. — І тады, незаўважна, царква стане мірской установай. Стане, як партыя ў СССР — спрачацца не будуць, але і не палюбяць, на кухнях будуць расказваць анекдоты пра архіерэяў. І ў адзін дзень высветліцца, што царквы няма, засталіся толькі формы, Хрыстос сышоў».
«Форма, якая страціла змест, нікому не трэба», — рэзюмаваў ён.
Таксама Поўны акцэнтаваў увагу на тым, што «сёння многія шчырыя вернікі бягуць з царкоўных арганізацый, каб не згубіць веру».
Чытайце таксама:
Анатоль Сідарэвіч: Пасля Філарэта Павел выглядае як недавучаны семінарыст
***