Знайсці
03.02.2018 / 11:1323РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Сеул у цэнтры Пхеньяна

Беларусь, нядаўна — самая ізаляваная з усіх усходнееўрапейскіх рэспублік, вырашыла адкрыцца для глабальнага IT-бізнэсу, рэзка лібералізаваўшы заканадаўства, піша Віктар Марціновіч для нямецкага выдання Zeit.

У канцы снежня беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў нешта зусім яму неўласцівае. Ён падпісаў Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі», які абяцаў шэраг ультраліберальных свабод краіне, дзе да гэтага часу дзейнічаюць пяцігадовыя планы, якія прымаюцца на Усебеларускіх народных сходах, а эканоміка працуе на аснове штогод ухваляемых «прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця».

Нават мова гэтага дакумента незвычайная, спалучаючы савецкі валапюк з лексікай, больш прыдатнай для футуралагічнага фільма аб электроннай будучыні чалавецтва. Згодна з дакументам, «майнінг» «токенаў» больш не адносіцца ў Беларусі да «прадпрымальніцкай дзейнасці», «токены» не падлягаюць дэклараванню, «аператары крыптаплатформ» маюць права свабодна адкрываць рахункі за мяжой (для Беларусі гэта вялікая палёгка), рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій вызваляюцца ад падатку на прыбытак і падатку на даданую вартасць. Зямельныя ўчасткі ў межах парка вызваляюцца на 3 гады ад зямельнага падатку, айцішнікі будуць плаціць 9 адсоткаў падаходнага падатку замест 13. Больш за тое — вы толькі ўявіце! — валюта, якая атрымліваецца рэзідэнтамі ПВТ, не падлягае абавязковаму продажу. Замежнікам, занятым у ПВТ не трэба дазвол на працу, больш за тое, ім дадзена права знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі 180 дзён у годзе!

Вядома, патэнцыйны венчурны інвестар, чытаючы пра падараваныя дэкрэтам свабоды, можа замест падзякі няправільна здзівіцца таму, як шмат відаў падаткаў і прадпісанняў дзейнічала ў Беларусі дагэтуль, але гэта — не тое пачуццё, якое імкнецца выклікаць дакумент. Яго асноўная інтэнцыя — паказаць, што Беларусь больш не тая краіна з «ручным кіраваннем» эканомікі, у якой для старту бізнесу трэба было сабраць тоўсты пачак дазволаў. Гэта практычна Гарбачоўская Перабудова, з яе «раздзяржаўленнем» і «дэбюракратызацыяй». З адным толькі адрозненнем: ліберальныя меры лакалізаваны толькі ў адной галіне і не датычацца іншых сфер вядзення бізнесу.

І галоўнае пытанне — у тым, ці можна лібералізаваць малую частку сістэмы, захоўваючы дзяржаўнае дамінаванне над прыватнай ініцыятывай у іншых.

Адказаць на гэтае пытанне можна толькі зразумеўшы сапраўдныя прычыны анансаванай у Беларусі IT-рэвалюцыі. Мне здаецца, карані тут трэба шукаць у крызісе ранейшай эканамічнай мадэлі, пабудаванай на перапрацоўцы танных расійскіх вуглевадародаў. Калі Расея ўвяла квоты на пастаўкі нафты і падвысіла кошт на газ, «беларускі эканамічны цуд», пра які насельніцтву распавядалі па дзяржаўным тэлебачанні, перажыў першы ўдар. Цяпер, калі адносіны з Пуціным больш-менш нармалізаваліся паказчыкі ВУП палепшыліся за кошт аднаўлення паставак нафты, але ўстойлівае адчуванне залежнасці ад Масквы стала меркаваннем ўжо не толькі эканамічнай, але і палітычнай бяспекі. Усе гэтыя гады ўрад пераконваў беларусаў, што іх даходы забяспечваюцца канкурэнтаздольнай прамысловай вытворчасцю, продажамі трактароў, грузавікоў і тэкстылю ў Азію і Лацінскую Амерыку. Цяпер у гэта не вераць, здаецца, нават прапагандысты, а стан так і не прыватызаваных «прамысловых гігантаў» жаласны. Эканоміцы патрэбны новы бустэр для росту, лакальны цуд, што не залежыць ад капрызаў Расіі. Здаецца, урад паверыў ў тое, што такім цудам можа стаць IT-індустрыя, арыентаваная на глабальны рынак. Сёння ў ёй занята ўсяго 30 тысяч чалавек — паказчык невялікі для краіны з дзевяцімільённым насельніцтвам. Кароткатэрміновая задача дэкрэта — давесці гэты паказчык да 100 тысяч. І забяспечыць штогадовы прыток у Беларусь $3 мільярдаў паступленняў ад продажу праграмных прадуктаў.

Быццам бы, усё добра: урад навастрыўся стварыць гэтакі Сеул ў цэнтры Еўропы. Аднак вакол гэтага Сеула, запаведніка свабодных рынкавых адносінаў, працягне дзейнічаць усё тая ж ранейшая сістэма. Узяць, напрыклад, суд. Быццам бы, ніякага дачынення да свабод дэкрэта «Аб лічбавай эканоміцы» беларускі суд не мае. Аднак калі здарыцца любое непаразуменне, любая прэтэнзія з боку дзяржавы, і «разрульваць» яе прыйдзецца ў тым самым судзе, пра прысуды якога шмат цікавага могуць распавесці міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Мэта дэкрэта — як быццам бы абяцаць, што «да суда не дойдзе», што IT-прадпрымальнікі будуць існаваць у напоўненай ласкай бурбалцы, вольнай ад судоў і кантралёраў (у Беларусі гэта асобная шматлікая сацыяльная страта). Але вы адчуваеце гэты халадок турботы, праўда?

Калі я перачытваю выдатныя нормы беларускага дэкрэта «Аб развіцці лічбавай эканомікі», я ўспамінаю пра феномен НЭП. Новая эканамічная палітыка, прынятая ў Савецкай Расіі ў 1921-м годзе, таксама лібералізавала правілы гульні, адмяніла экспрапрыяцыі і харчразверстку, прынятыя ў гады ваеннага камунізму і нават прывяла да з'яўлення класа «савецкіх прадпрымальнікаў» ці «нэпманаў». Забяспечыўшы кароткачасовы эканамічны рост, яна скончылася нацыяналізацыяй прыватных актываў і знішчэннем «нэпманаў» як класа. Дзякуючы НЭП, камісары ў 1927-м годзе дакладна ведалі, да каго ісці з ператрусамі.

НЭП быў гісторыяй з сумным канцом. Гісторыяй пра тое, як маленькая частка вялікай несвабоднай сістэмы атрымала свабоду, але была зжэрта логікай «краіны Саветаў», якая яе атачала. Аднак мне хочацца быць аптымістам. Бо ёсць і іншыя прыклады — Палітыка рэформаў і адкрытасці ў Кітаі, мадэрнізацыя Сінгапура пад кіраўніцтвам Лі Куан Ю, кропкавыя ліберальныя меры ў М'янме, якія прывялі да поўнага ператварэньня гэтай краіны. Мне хочацца верыць, што, убачыўшы поспехі IT-індустрыі, якая атрымала карт-бланш, Беларусь вырашыць распаўсюдзіць свабоды і на іншыя галіны. У гэтым выпадку аднойчы дойдзе і да паўнавартасных палітычных рэформаў.

Віктар Марціновіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930