Знайсці
02.02.2018 / 19:358РусŁacБел

Тры арышты, настаўніцтва, астранаўтыка: успаміны Барыса Кіта

Фота Кастуся Лашкевіча

Я нарадзіўся 6 красавіка 1910 г. у Пецярбурзе. З родных Карэлічаў у расейскую сталіцу мой бацька Ўладзімер прыехаў у пошуках адукацыі й працы. Здабыўшы асьвету ў галіне тэхналёгій сувязі, працаваў на высокай пасадзе ў Міністэрстве сувязі, езьдзіў у камандзіроўкі ў Фінляндыю. Каб трапіць на працу, бацька штодня мусіў пераходзіць праз Аляксандраўскі мост. Калі пачаліся крывавыя падзеі Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., на гэтым мосьце трывалі бойкі паміж казакамі й рэвалюцыянэрамі. Бацьку, каб патрапіць на другі бераг Нявы, прыходзілася наймаць баржу.

У адзін з халодных дзён сакавіка я — маленькі хлопчык — убачыў вялікае шэсьце на адным з гарадзкіх праспэктаў.

Мама прапанавала паглядзець, што адбываецца. Бачым: тысячы чалавек з чырвонымі сьцягамі рухаюцца на Марсава поле, каб пахаваць ахвяраў рэвалюцыі, і гучна сьпяваюць «Вставай, проклятьем заклейменный». Праўда, хутка ў мяне замерзьлі ногі, і я пацягнуў маці дадому.

Мая мама, Ксенія Дзьмітрыеўна Зурава, паходзіла зь Цьвярской губэрні — адкуль і ўсе героі «Анны Карэнінай». Пазнаёміліся й ажаніліся бацькі ў Пецярбурзе.

У 1919 г. наша сям'я мусіла пераехаць на радзіму бацькі, на Карэліччыну, у вёску Агароднікі — жыць далей у Пецярбурзе было абсалютна немагчыма, бо рэвалюцыя прынесла страшэнны голад.

Маці езьдзіла на сваю радзіму, адкуль патаемна прывозіла харчы, зашываючы ў вопратцы: за ваенным камунізмам за хаваньне харчоў ад дзяржавы чалавеку пагражала сьмерць. Памятаю, як мы з бацькам хадзілі ў пецярбурскія рэстараны, якія да рэвалюцыі былі поўныя далікатэсаў. Падавалі ў іх сушаную тарань і вараную рэпу. Я бачыў людзей, якія паміралі ад галоднай сьмерці проста ў рэстараннай залі…

Нашую сям'ю ратавала рыбалка — карпы, якіх мы з бацькам выцягвалі ў фінскіх рэках і азёрах.

У Пецярбурзе я пачаў сваю адукацыю, паступіўшы ў падрыхтоўчую клясу гімназіі імя Пятра Вялікага, а ўжо на Наваградчыне, тады ўжо акупаванай палякамі, запісаўся ў 4-ю клясу польскай (іншых жа не было!) народнай школы, у якой не правучыўся й двох гадоў.

Жыцьцё ў Беларусі было таксама цяжкае. Па-першае, дабрабыт людзей зьнішчала вайна — непадалёк ад нашых мясьцінаў акурат праходзіла лінія Гіндэнбурга. Па-другое, мы мелі мала зямлі. Пасьля таго, як мой дзед Аляксандар (дарэчы, пражыў ён 110 гадоў!) падзяліў зямлю паміж сваімі сынамі, нам дасталася толькі адна дзесяціна. Часам галадалі, выкопвалі на панскай зямлі гнілую бульбу, варылі суп зь лебяды й крапівы. Часам нас ратаваў дзед, вельмі здольны чалавек, які ў мястэчку Шчорсы дайшоў ад парабка да адміністратара памесьця графа Храптовіча. Аднойчы перад Вялікаднем паехаў у Шчорсы й вярнуўся з цэлай торбай страваў, якімі мы частаваліся на сьвята.

Мая маці памерла вельмі рана, калі ёй было ўсяго толькі 30 гадоў. Яна мела цяжкую спэцыфічную хваробу сэрца й мусіла пазьбягаць усякіх хваляваньняў. Але аднойчы расхвалявалася праз дробязь. Заказала мне боцікі, а яны былі кепска зробленыя.

Увесь вечар маці хвалявалася, ноччу білася ў агоніі й хутка памерла. Праз два гады бацька ажаніўся другі раз, зь беларускай жанчынай Аленай. Яна была добрай мачыхай, але маці ўсё роўна мне ніколі не замяніла. Ад мачыхі маю паўсястру Ірыну й паўбрата Лява, яны абое жывуць у Беларусі.

Увесь час мне прыходзілася дапамагаць бацьку ў гаспадарскіх справах. Штораніцу хадзіў пасьвіць карову й, пакуль яна скубла траву, чытаў кнігі, здабываў веды. Наша цудоўная Беларуская наваградзкая гімназія ня мела свайго будынку, заняткі праходзілі ў габрэйскай школе. Габрэі вучыліся раніцай, мы — пасьля абеду. Часта вучні зьбіраліся на гутаркі ў кухні, каля вялікай печкі.

Бацька, бедны чалавек, за 24 кілямэтры давёз мяне на фурманцы ў Наваградак і сказаў: «Гэта ўсё, сынок, што я магу табе даць, выбачай».

Вучоба была платная, і гімназія была прыватнай установай. Але з той прычыны, што я выдатна вучыўся, атрымліваў найлепшыя адзнакі, гімназія плаціла мне стыпэндыю.

Вы не ўяўляеце, якая прага да ведаў была ў нашага пакаленьня! Мы былі гатовыя вучыцца дзень і ноч, абы толькі выбіцца ў сьвет.

У гімназіі выкладалі найвыдатнейшыя настаўнікі: дырэктар Пётра Скрабец, Данілевіч, гісторык Чатырка, які любіў выклікаць мяне да дошкі, каб пачуць правільны адказ. Мастацтва выкладаў знакаміты Язэп Драздовіч. Вось дзе дзіўны быў чалавек — з доўгай барадой, увесь у сваіх касьмічных думках, ціхі, маўклівы. Такі пах ад яго заўсёды сыходзіў… Іншыя настаўнікі яго недалюблівалі, і доўга ў Наваградку Драздовіч не пратрымаўся.

Я кіраваў у гімназіі літаратурным гуртком, адным з найздольней шых членаў якога быў Лявон Барысаглебскі, які стаў за саветамі вялікім фізыкам. Тагачасны Наваградак, хоць і складаўся на 70% зь габрэяў, па сваім духу быў чыста беларускім горадам, жыхары якога размаўлялі толькі па-беларуску! У родны Наваградак, ганаровым грамадзянінам якога я зьяўляюся, я закаханы й па сёньня. Горад быў ціхі й спакойны, аніякіх злодзеяў у ім не было. Толькі аднойчы ў габрэйскім раёне я быў абстраляны камянямі за тое, што сустракаўся зь дзяўчынай з артадаксальнай габрэйскай сям'і.

Гімназія сьпярша была пазбаўлена правоў, яе абсальвэнты ня мелі магчымасьці паступаць у польскія вышэйшыя ўстановы. Таму беларускіх хлопцаў і дзяўчат гасьцінна прымаў Карлаў унівэрсытэт у Празе. Але потым гімназіяй пачаў апекавацца наваградзкі ваявода Зыгмунт Бэчковіч. І мы мусілі здаваць экстэрнам іспыты па ўсіх прадметах, здабыўшы разам і малую, і вялікую матуру! Цягнуліся гэтыя іспыты два тыдні, потым змучаныя вучні адпачывалі, набіраючыся сілаў на гары Гедыміна. Усе іспыты мы пасьпяхова здалі, пераканаўча даказаўшы, што й беларусы — здольная нацыя!

Стаўшы студэнтамі Віленскага ўнівэрсытэту, мы былі на сёмым небе ад шчасьця! Хадзілі па Вільні з кіёчкамі — была такая традыцыя. Кожнага беларуса, які прыяжджаў вучыцца ў Вільню, сустракаў нехта са старэйшых студэнтаў. Мной апекаваўся Стась Станкевіч, зь якім я сябраваў да апошніх дзён ягонага жыцьця.

Вадзіў мяне па горадзе, усё паказваў, расказваў, нават завёў у госьці да свайго дзядзькі Яна Станкевіча, «дзікага» пасла. Памятаю, што ўся ягоная кватэра была завалена кнігамі й паперамі. Пасяліўся я каля Вострай Брамы, непадалёк вуліцы Піўной. Уступіў у Беларускі Студэнцкі Саюз. Акрамя яго, існавала ў Вільні й студэнцкая карпарацыя на ўзор сярэднявечных. Яна мела свае сьцягі, вопратку, законы, але асноўным іх заняткам было расьпіцьцё піва.

Правініўся — выпі вялікі келіх піва. Добра не праглынуў — яшчэ адзін!

Беларуская карпарацыя называлася «Скарынія». Я да яе не належаў, бо быў ужо чалавекам салідным, настаўнікам, але прыходзіў на іх сходы, каб весела бавіць час разам зь сябрамі. Старэйшыя сядзелі за сталамі, а новапрыбылыя, «фухсы» (яны насілі шапкі зь лісінымі хвастамі), — стаялі за іх сьпінамі. На адным з такіх сходаў я пазнаёміўся з Чаславам Ханяўкам, які потым прадаў мяне пры канцы вайны, выпісаўшы мне сьмяротную паперу «остарбайтэра», будучы сакратаром Беларускага камітэту ў Варшаве.

Будучы студэнтам матэматычнага факультэту, я быў арыштаваны польскімі ўладамі. Першы раз за краты мяне кінулі, калі я вучыўся яшчэ ў сёмай клясе гімназіі.

Студэнты езьдзілі па вёсках і закладалі гурткі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Я заклаў гурток у родных Агародніках, старшынём якога выбралі майго бацьку. У адзін дзень былі арыштаваны адразу некалькі дзясяткаў маіх калегаў. На мяне палі асноўныя падазрэньні. Вучні часта прыходзілі да мяне ў хату (у Наваградку я жыў у аднаго татарына разам з Гоцкам і Вярбіцкім; першага, які хаваўся ў хаце ў яме, як камуніста расстралялі немцы, а другі яшчэ да вайны ўцёк на ўсход Беларусі), я дапамагаў рашаць ім задачы па матэматыцы, будучы першым матэматыкам у клясе. І паліцыя, пабачыўшы на сьнезе масу сьлядоў, напэўна, падумала, што тут месьціцца нейкая штаб-кватэра палітычных ворагаў. Дзён дзесяць прасядзеў я ў няволі, зь мяне крыкам і пагрозамі спрабавалі выбіць паказаньні, але я маўчаў, нікога ня здаў. Гэта, дарэчы, даказвае пратакол допыту, які захоўваецца ў Карэліцкім музэі.

Другі раз мяне арыштавалі вось за што.

Юльлян Саковіч, які быў заўзятым прыхільнікам камуністычнай партыі (у 1943 г. яго, члена Беларускай Незалежніцкай Партыі, забілі ў Лідзе байцы Арміі Краёвай), паклікаў студэнтаў на нейкі сход. У нас, юнакоў, звыклых да розных сходаў і мерапрыемстваў, і думкі ня ўзьнікла, што гэта можа быць… правакацыя. Як потым высьветлілася, сходам гэтым кіраваў польскі агент і пасьля яго заканчэньня нас усіх, усяго трыццаць чалавек, арыштавалі й кінулі ў Лукіскую турму. Але прыкладна праз два тыдні, калі высьветлілася, што аніякай небясьпечнасьці для польскай дзяржавы я не ўяўляю, мяне выпусьцілі. Сядзеў у адной камэры з сэнатарам Васілём Рагулем, зь якім мы абгаварылі ўсе магчымыя беларускія тэмы.

Сваю настаўніцкую дзейнасьць я пачаў студэнтам ІІІ курсу ўнівэрсытэту. Як гэта сталася?

Настаўнік матэматыкі беларускай гімназіі Ральцэвіч быў чалавекам зь мінулага, са слабымі ведамі. Калі палякі пачалі трэсьці настаўніцкія кадры, сваю кваліфікацыю змог пацьвердзіць ня кожны. Я, напрыклад, у Ваўкавыску даваў прыватныя ўрокі матэматыкі свайму былому дырэктару Пётру Скрабцу, а ў Любчы, начуючы ў гумне на беразе Нёмана, — Чатырцы.

Тагачасны дырэктар Віленскай гімназіі Міхалевіч выклікаў мяне да сябе ў кабінэт: «Пан Кіт, вы такі малады настаўнік, глядзеце, каб студэнты ня селі вам на плечы. Будзьце як мага больш сур'ёзным». Дысцыпліна на маіх занятках была жалезная, казалі, што ў аўдыторыі Кіта муху чуваць. Памятаю, як у першы свой працоўны дзень прагульваўся па калідоры. Падыходзяць да мяне нейкія студэнты й пытаюцца: «У якую клясу паступаю?» Якое ж было іх зьдзіўленьне, калі ў клясу ўвайшоў дырэктар і прадставіў мяне: «Знаёмцеся, гэта ваш новы настаўнік матэматыкі — Барыс Кіт».

У 1939 г. мяне абралі (не прызначылі!) дырэктарам «калыскі беларускага адраджэньня», як назваў Віленскую гімназію Васіль Быкаў.

Дырэктар Кавалевіч вельмі не падабаўся вучням (абсалютна ўсе мае вучні былі палымянымі беларускімі патрыётамі!) за свае прапольскія настроі, за што яго й скінулі.

Аднак зь Вільні хутка давялося зьяжджаць: ані вучні, ані настаўнікі не хацелі працаваць у Літве. А так як большасьць вучняў паходзіла з Наваградчыны (кожнае лета я агітаваў хлопцаў і дзяўчат, каб ехалі вучыцца ў Беларускую гімназію ў Вільні), вырашылі перабірацца ў Наваградак, тады ўжо савецкі.

Нам вярнулі будынак гімназіі, які ў свой час адабралі палякі, я набраў першаклясны настаўніцкі склад і распачаў працу ў новай-старой гімназіі. Я меў 1000 вучняў, 100 настаўнікаў, дзесяць інтэрнатаў. Моладзь літаральна хлынула вучыцца!

Данос на мяне зрабіў мой жа прыяцель Уладзімер Панько, загадчык інтэрнатаў, які хацеў заняць маё крэсла. Аднак зь Менску выпісалі іншага дырэктара, прасавецкага Баржэмскага, мяне ж зрабілі завучам. Каб высьветліць сытуацыю, я паехаў у Баранавічы да абласнога начальніка Саўчанкі. Той аж загарэўся: «Што яны там нарабілі?! Прызначаю вас школьным інспэктарам на Баранавіцкую вобласьць». У мае абавязкі ўваходзіла інспэкцыя школаў, адкрыцьцё новых навучальных установаў, арганізацыя дырэктарскіх канфэрэнцый.

Аднойчы чую: у Наваградак прыяжджаюць Купала, Колас, Глебка! Я, канечне, ня мог прапусьціць такога мерапрыемства, таму сьпяшаюся ў Наваградак. Перш-наперш зайшоў да старога сябры Стася Станкевіча. Той падзяліўся непрыемнымі навінамі: «Барыс, калі ты паехаў у Баранавічы, кожнага настаўніка выклікалі ў КДБ і пыталіся, чым ты займаўся ў Вільні. Зямля гарыць пад тваімі нагамі, уцякай хутчэй!»

Мне стала не да Купалы з Коласам і я хуценька вярнуўся ў Баранавічы, сабраў рэчы першай неабход насьці й паехаў у Вільню. Пасяліўся там у таго самага Кавалевіча.

Але ў вялікім горадзе трэба прапісацца. Думаю, ну хто мне лепш дапаможа, чым мой сябра-калега па ўнівэрсытэце Друтас — бурмістар Вільні? Аднак яго на месцы не аказалася, зьехаў у камандзіроўку.

Не пражыў у Вільні й тыдня, як пачалася вайна. Ізноў уцёкі… Тры дні пехатой ішоў да Баранавічаў. Але горад ужо быў ахоплены полымем…

Разам зь цяжарнай жонкай вырашылі ісьці да яе бацькоў у Лебедзева пад Маладзечнам.

Дайшлі Сталовічаў, схаваліся ў гумне. А па вуліцах ідуць нямецкія жаўнеры й сякуць кулямётамі направа й налева. У гэтым гумне праседзелі тры дні й тры ночы, баяліся вылезьці: днём непакояць немцы, а ноччу — савецкія войскі.

Усё ж нам удалося дабрацца да Лебедзева, дзе я адразу схаваўся на печы. За саветамі я быў даволі высокім чыноўнікам і, паводле нямецкай палітыкі, падлягаў расстрэлу. Зь печы мяне «выцягнуў» тагачасны школьны інспэктар Вінцэнт Гадлеўскі. Спачатку я працаваў у невялікай школе ў Лебедзеве. Потым мы з маладзечанскім школьным інспэктарам Яворскім паехалі ў Менск, у генэральны сакратарыят, каб абгаварыць пэрспэктыву адкрыцьця ў Маладзечне настаўніцкай сэмінарыі. За школьную справу ў камісарыяце адказваў Сівіца, яго заступнік — беларус Яўхім Скурат.

Яворскі падсунуў гэтаму Сівіцу пяць кіло сала, і той адразу ўсё падпісаў. Мы вярнуліся ў Маладзечна шчасьлівыя, знайшлі будынак пад сэмінарыю, адкрылі друкарню. У сэмінарыю запісаліся трыста чалавек.

Пра гэта даведаўся акруговы камісар, у якога мы не атрымалі дазволу, і страшэнна раззлаваўся, зачыніў друкарню, бегаў і крычаў: «Дзе гэты Кіт? Я яго арыштую!» Я ізноў у Менск да Сівіцы, разьбірацца, што такое робіцца. Той, каб не падымаць пылу, накіраваў мяне дырэктарстваваць у пастаўскую сэмінарыю. Бурмістрам Паставаў быў яшчэ адзін мой вучань, Адам Дасюкевіч, які рабіў для маёй працы, для вучняў усё, што было ў яго сілах. Яго, бядаку, замардавалі немцы… Сэмінарыя месьцілася ў колішнім прыгожым будынку польскай гімназіі. Мае вучні былі папросту апантаныя беларускасцю, гэта быў узор патрыятызму! Пасьля вайны яны залажылі Партыю Беларускіх Патрыётаў, за што ўсе разам былі высланыя ў Сібір… Я ня меў права прымаць на вучобу ані палякаў, ані расейцаў, аднак мне было шкада бедных дзетак, і я, нібыта беларусаў, запісваў іх у сваю сэмінарыю.

У 1943 г. я ў трэці раз у жыцьці трапіў у турму.

Гэтым разам мяне выратаваў толькі цуд. Я вяртаўся ў Паставы зь Лебедзева. Вёз з сабою пакункі з харчамі, што насьцярожыла немцаў — можа, нейкі спэкулянт? Пачалі правяраць кішэні, а ў іх — поўна нямецкіх прапускоў. Гэта была мая найвялікшая памылка, якая амаль мяне не загубіла. Аўтаматычна я падпаў пад самае жудаснае падазрэньне — у сувязі з партызанамі. Трыццаць дзён я праседзеў у склепе глыбоцкай турмы, трыццаць начэй 25 чалавек, падазроных у сувязях з партызанамі, расстрэльвалі, а я заставаўся ў шчасьлівай пяцёрцы… Як я потым даведаўся, за мяне стараўся беларускі актыў. Празь месяц мяне ў ланцугох прывезьлі ў галоўную цэнтралю гестапа ў Вялейцы. А ў гэтым горадзе працаваў у адміністрацыі мой вучань Кастусь Касяк, брат Івана й Лявона Касякоў. Менавіта ягонымі намаганьнямі я вырваўся з пасткі сьмерці. Яго таксама замардавалі, толькі саветы, павесіўшы хлопца [у 1944 г.] на шыбеніцы на цэнтральнай плошчы Вялейкі.

Я вярнуўся ў Маладзечна, дзе нам удалося залажыць Гандлёва-тэхнічны інстытут. Інстытутам ён быў фактычна, а афіцыйна называўся школай. Калі я адправіў у Менск праграму, па якой мы навучалі юнакоў, у камісарыяце схапіліся за галовы: гэта вышэйшая навучальная ўстанова — сьпешна зачыніць! Немцы ня бачылі ў беларусах паўнавартаснай нацыі, яны лічылі, што ім будзе дастаткова ўмець чытаць вулічныя шыльды. Але я пасьпеў раздаць вучням прыгожыя дыплёмы, якія вельмі прыдаліся ім у жыцьці.

Пасьля Другога Ўсебеларускага Кангрэсу, удзельнікам якога я таксама быў, з жонкай і сынам Уладзімерам назаўсёды пакінулі Беларусь. Як я ўжо згадваў, у Варшаве Ханяўка ледзь не падпісаў нам сьмяротны прысуд — выратаваў нас мой шчыры сябра, вялікі беларус Мікола Шчорс. Букатка ў Бэрліне таксама паклапаціўся, каб з паперамі ўсё было нармальна. Паехалі ў Вену, тады яшчэ некранутую вайной. Пражылі ў спакоі толькі тыдзень — аўстрыйскую сталіцу таксама пачалі зьнішчаць бомбамі… Пехатой дайшлі да Зальцбургу, у якім хаваліся ад бамбёжак у гарах. Выходзім аднойчы са сховішчаў, глядзім — а ад нашага гатэлю застаўся толькі пыл…

Рызыкнуў вярнуцца ў Вену за сваімі рэчамі, калі бліз сталіцы ўжо стаялі войскі Чырвонай Арміі. Вяртаўся ў Зальцбург цягніком, які вёз параненых нямецкіх жаўнераў, схаваўшыся ў гармоніку паміж вагонамі.

Пераехаўшы пазьней у Нямеччыну, настаўнічаў у польскай і ўкраінскай гімназіях, у якіх праз мае рукі прайшло шмат беларусаў.

Хацеў пасяліцца ў беларускім лягеры ў Рэгенсбургу, аднак Франц Кушаль адмовіў мне ў пражываньні. Ён чамусьці адразу мяне неўзьлюбіў. Напэўна, за тое, што я сымпатызаваў Астроўскаму й не хаваў гэтага. Я ніколі ў сваім жыцьці не належаў ні да якой партыі, не ўступаў ані ў БЦР, ані ў БНР — я быў вышэй за палітыку! Мне было агідна й балюча бачыць, як маральна зьнічтожвалі Астроўскага. Зьнічтожвалі тыя людзі, якія ўчора кляліся яму ў вечнай адданасьці.

Разам зь Вітаўтам Рамуком я студыяваў мэдыцыну ва ўнівэрсытэце імя Людвіга Максымільяна ў Мюнхэне. Я заўсёды марыў стаць лекарам, аднак у 1948 г. перада мной паўстала дылема: ці здабыць дыплём мэдыка, ці пераехаць на сталае месца жыхарства ў ЗША. Я выбраў другое, распачаўшы новы пэрыяд у сваім жыцьці…

Я выбраў Саўт-Рывэр, бо тут жылі мае знаёмыя. Але тая частка беларусаў, якая прыехала ў Саўт-Рывэр да мяне, не была актыўнай, нацыянальна-арыентаванай. Я ж выпісаў зь Нямеччыны каля 300 нашых сем'яў, якія й стварылі ў Саўт-Рывэры сапраўдны цэнтар беларускасьці ў ЗША.

Прычым у горадзе жылі як «крывічы», так і «зарубежнікі».

Першай маёй амэрыканскай працай была фармацэўтычная фабрыка, на якой я кантраляваў гатовую прадукцыю. УЛос-Анджэле се, куды я пераехаў праз два гады, спачатку працаваў звычайным чорнарабочым на фабрыцы тэлевізараў. Потым мяне прынялі на фармацэўтычную фабрыку, якая спэцыялізавалася на вітамінах. Мая праца была вельмі адказная — я падпісваў паперы на мільён даляраў. Пазьней мне даверылі працу ў экспэрымэнтальным аддзеле. На адной польскай вечарыне мне пашчасьціла пазнаёміцца са знакамітым польскім вучоным, былым прафэсарам Варшаўскай палітэхнікі, Густавам Макшыцкім. Ён рэкамэндаваў мяне ў фірму North American Aviation Inc.: так пачалася мая шматгадовая праца ў галіне астранаўтыкі, у якой я стаўся адным зь піянэраў. Першай і самай значнай маёй навуковай працай стала распрацоўка мэтадаў выкарыстаньня плаўкага вадароду як паліва для касьмічных ракет.

Тая кніга на гэтую тэму й па сёньня — «Біблія» для маладых дасьледчыкаў. Пазьней, пераехаўшы ў Вашынгтон, я зьмяніў шмат адказных прац у чатырох амэрыканскіх міністэрствах, аднак усе яны датычылі праектаў па астранаўтыцы. Як матэматык браў удзел і ў эпахальным праекце палёту на Месяц. Акрамя таго, мне часта давяралі апекавацца дэлегацыямі савецкіх вучоных, якія прыляталі зь візытамі ў ЗША.

На адным зь міжнародных кангрэсаў астранаўтыкі пазнаёміўся зь Пётрам Клімуком і Ўладзімерам Кавалёнкам — яны цудоўна размаўлялі па-беларуску.

Хачу падкрэсьліць, што й абодва мае сыны дабіліся ў прафэсійнай дзейнасьці значных посьпехаў. Старэйшы, Уладзімер, займае высокі пост у NASA, малодшы, Віктар,— першаклясны хірург-стаматоляг.

У 1972 г. я выйшаў на пэнсію зь дзяржаўнай працы й лёс накіраваў мяне бліжэй да Радзімы, у Нямеччыну.

Тут я стаўся прафэсарам эўрапейскага аддзелу Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту, выкладаў матэматыку на 40 (!) вайсковых базах. На пэнсію выйшаў у 83 гады. Я ганаруся тым, што вывучыў ня толькі каля тысячы беларусаў, але й зь дзясятак тысяч амэрыканцаў.

У1983г. абараніў доктарскую дысэртацыю ў Рэгенсбурскім унівэрсытэце. Працу, над якой я сядзеў доўгія пяць гадоў, прысьвяціў найвыдатнейшаму матэматыку, майму настаўніку ў Віленскім унівэрсытэце Антонію Зыгмунду. Вялікую дапамогу аказала мая сяброўка Тамара Казевіч, якая пераклала дысэртацыю з ангельскай на нямецкую мову. Мая з Тамарай праца была прызнана найлепшай у тым годзе ў Рэгенсбурскім унівэрсытэце.

Скончыўшы настаўніцкую дзейнасьць, я сканцэнтраваўся на беларускіх справах. Два разы адведваў Радзіму, клапаціўся аб стварэньні Нацыянальнага ўнівэрсытэту, навязваў кантакты з сусьветнымі фундацыямі, каб тыя аказалі фінансавую дапамогу. Аднак са зьменай на Беларусі ўлады ўсё заціхла… Разам з калегамі заклаў Акадэмію навук Эўразіі, членамі якой сталі многія мае знакамітыя суайчыньнікі.

Не пералічыць, колькі беларусаў гасьціла ў маёй маленькай франкфурцкай кватэры, колькі сотняў кілямэтраў мы нахадзілі зь імі, гуляючы па старажытным Франкфурце. Але калі б не Тамара, усіх гэтых спатканьняў не было б. Пасьля выхаду на пэнсію я плянаваў пераехаць на Гавайскія выспы, аднак сяброўка жыцьця мяне стрымала. Можа, так яно й лепш?

 Успаміны, запісаныя Аляксандрам Адзінцом для кнігі «Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў» (Менск, 2007)

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера