Знайсці
03.02.2018 / 11:1034РусŁacБел

«Бо мы і ёсць Еўропа»: Варанецкі і Марзалюк тлумачаць словы Лукашэнкі пра захаванне моцнага Еўрасаюза

«Беларусь выступае за захаванне моцнага Еўрапейскага саюза, як адной з найбольш важных асноў існавання шматпалярнага свету» — такую пазіцыю агучыў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з еўракамісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства ЕС Ёганесам Ханам. 

«Мы катэгарычныя прыхільнікі існавання моцнага ЕС. Мы катэгарычна супраць цэнтрабежных сіл у ЕС, якія саслабляюць яго», — удакладніў Лукашэнка.

Па словах кіраўніка дзяржавы, менавіта ЕС ёсць адною з апор шматпалярнасці, і яе паслабленне немінуча адаб'ецца на ўсёй светабудове. Гэта будзе пагражаць не толькі сістэме бяспекі, але закране і іншыя жыццёва важныя сферы, такія, як эканоміка.

Такая пазіцыя Лукашэнкі не новая, ён раней ужо казаў падобнае. 

Гэтыя заявы звяртаюць на сябе ўвагу таму, што Расія праводзіць зусім іншую палітыку. Масква падтрымлівае розныя палітычныя сілы ў Еўропе, што выступаюць за роспуск Еўрасаюза — нават ультраправыя і ультралевыя. 

Які ж сэнс у словы пра «моцную Еўропу» укладае Лукашэнка? «Наша Ніва» папрасіла экспертаў патлумачыць гэта. 

«Хаця расійскі і беларускі рэжымы падобныя, розніца іх у тым, што Расія — імперыя, а Беларусь — не, — лічыць палітолаг Аляксандр Класкоўскі. — Калі Масква стараецца паказаць крутасць: кідае пальчаткі НАТА, Еўропе і Амерыцы, то ў беларускай улады такіх комплексаў няма.

Зрэшты, пасля Крыму і Данбасу Лукашэнка скурай адчуў, што трэба паціху грабсці на захад, бо гэты паранены імперскі мядзьведзь можа махаць кіпцюрамі вельмі небяспечна для суседзяў.

Таму быў узяты курс на дыверсіфікацыю замежнай палітыкі, і Лукашэнка ў сваіх словах пра моцную Еўропу абсалютна шчыры. Але ёсць жорсткія межы збліжэння, бо Лукашэнка не пераабуўся, не стаў раптоўна прыхільнікам еўрапейскіх каштоўнасцяў — ён проста шукае процівагу Маскве ў выглядзе Захаду. Ягоная палітыка — ацалець паміж двума агнямі, бо ў Мінску пралічваюць і разумеюць, што калі Еўропа будзе расцярушана, сфакусаваная на ўнутраных праблемах, то Расія проста зжарэ нас — яе ўплыў стане непераадольным».

Дыпламат, былы намеснік міністра замежных спраў, старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі лічыць, што тут усе мы ўзаемазалежныя: 

«Беларусь жа частка Еўропы. Заўсёды да яе належала і належыць у цывілізацыйным плане, у культурным — у любым. Мы, паколькі Еўропа — наш агульны дом, зацікаўлены, каб ён быў моцны, стабільны і бяспечны.

З іншага боку — прэзідэнт вельмі дакладна сказаў, што свет не можа будавацца на адным полюсе: каб была раўнавага і стабільнасць, трэба, каб свет будаваўся на розных інтарэсах, каб была свабода развіцця, баланс. Трэба, каб былі розныя цэнтры сілы, і яны павінны быць моцнымі: і Еўропа, як адзін з самых старых цывілізацыйных цэнтраў сілы, павінна быць моцнай. Але мы зацікаўлены і ў моцнай Расіі, у добрых адносінах паміж Расіяй і ЕС. Для нас гэта жыццёвая неабходнасць — успомніце гісторыю: мы заўсёды цярпелі ад таго, што не было паразумення паміж суседзямі. Таму, моцная Еўропа патрэбна і Расіі, а канкурэнтназдольная, стабільная і бяспечная Расія патрэбна Еўропе», — сказаў Варанецкі. 

Палітолаг Андрэй Фёдараў думае, што не трэба шукаць у заяве Лукашэнкі нейкіх схаваных сігналаў.

«Калі Еўропа будзе слабая, то і ўсе яе вытворныя — эканоміка, скажам — будуць слабымі, — кажа Фёдараў. — А асноўны прыбытак ад гандлю таварамі ў нас ідзе з Захаду, а не з Усходу. Тут у Лукашэнкі выключна прагматычны погляд», — мяркуе Андрэй Фёдараў. 

«Чаму Еўропа мусіць быць моцнай? Таму што Беларусь — гэта Еўропа, кропка», — падсумаваў гісторык і дэпутат Ігар Марзалюк.

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930