Знайсці
02.02.2018 / 15:5754РусŁacБел

Жыхар Вілейскага раёна трымаў у сябе ў гаспадарцы рабоў

У дачыненні да 35-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка з Вілейкі распачата крымінальная справа за выкарыстанне прымусовай працы, паведамляе прэс-служба УУС Мінаблвыканкама.

Мужчына два гады пад пагрозай фізічнага гвалту прымушаў людзей працаваць на яго. Работнікі глядзелі яго свінней і трусоў, якіх той разводзіў у сваёй гаспадарцы.

Пра ўсё гэта стала вядома дзякуючы 30-гадоваму вяскоўцу, які ўцёк не толькі ад прадпрымальніка, але і з хаты. Супрацоўнікі міліцыі знайшлі мужчыну на вакзале ў Віцебску. Па яго словах, ён ехаў хоць куды, толькі б далей ад гэтага рабаўладальніка. Пра злыбеды ён і распавёў міліцыі.

Па словах мужчыны, два гады таму ён пачуў ад знаёмых, што прадпрымальнік з суседняй вёскі шукае работнікаў. Мужчына вырашыў паспрабаваць. Першыя паўгода ўсё ішло больш-менш нармальна: прадпрымальнік плаціў грошы і нават даваў вопратку. Але з цягам часу плаціў усё менш, а прыкладна з сярэдзіны 2016-га перастаў зусім. Гэта не спадабалася работнікам, і яны перасталі прыходзіць на працу. А вось гэта ўжо не спадабалася прадпрымальніку.

Бізнэсмэн ведаў, што адзін з яго былых работнікаў жыве ў суседняй вёсцы і праз пару дзён прыехаў да яго дадому, збіў, запіхаў у багажнік машыны і адвёз на ўчастак.

Да гэтага «карыта» прадпрымальнік прыкоўваў сваіх парабкаў

Там ён прымусіў мужчыну на сябе працаваць. За некалькі дзён ён настолькі запалохаў мужчыну і задушыў яго волю, што той проста баяўся не слухацца. Дапамогі не было, бо акрамя старэнькага бацькі блізкіх сваякоў не было, а аднавяскоўцы не хацелі лезці ў чужыя справы.

Часам мужчына спрабаваў пратэставаць, але ўсе яго спробы не выйсці на працу жорстка спыняліся прадпрымальнікам. Некалькі раз той прыкоўваў яго ланцугом у хляве і пакідаў на ноч. Урэшце мужчына не вытрымаў і збег.

Цяпер падазраваны знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Аператыўнікамі сумесна са следчымі Вілейскага РАСК праводзяцца далейшыя следчыя мерапрыемствы, выяўляюцца іншыя пацярпелыя, бо па словах асноўнага пацярпелага, часам разам з ім працавалі і іншыя людзі, якіх прывозіў прадпрымальнік. Да іх ён таксама ставіўся жорстка і не плаціў грошай.

Пры ператрусе ў доме прадпрымальніка знайшлі дзве незарэгістраваныя паляўнічыя стрэльбы, а таксама мноства патронаў да гладкарульнай зброі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера