Даслаць навіну
Знайсці
01.02.2018 / 23:17 4

#Рэспубліка100: выходзіць экранізацыя «архіваў беларускай незалежнасці»

Піша Антон Лявіцкі.

Два важкія тамы «Архіваў БНР» Сяргей Шупа выдаў у 1998-м. Гэта быў вынік шасцігадовай працы ў віленскім архіве, які пачаўся цікавасцю да таямнічага ліставання Ластоўскага з Луцкевічам.

Ліставанне аказалася памылкай у апісанні архіўнай справы. Але ў выніку з'явіліся «два з паловай кілаграмы беларускай гісторыі». Яны спакваля сталі легендарнымі; праз іх Шупа трапіў «у гістарычную энцыклапедыю, у бібліяграфічныя спісы студэнтаў-гісторыкаў».

Аб гэтым беларускі журналіст і перакладчык расказвае ў першым выпуску свайго відэацыклу «Падарожжа ў БНР». Зусім невялікія ролікі, заснаваныя на дакументах з «Архіваў», ён робіць разам з рэжысёркай Аленай Радкевіч.

Здаецца, ужо няма вялікай нястачы ў дакументальных фільмах пра беларускую мінуўшчыну. Вось і на АНТ адносна нядаўна пачаўся яшчэ адзін серыял. Багата парабіў на Белсаце Алесь Краўцэвіч, і ці мала хто дзе чаго здымаў? Складзеныя нават спісы для пачаткоўцаў, чарнавы праект якой-колечы «Belarusian History for Dummies».

Але цыкл Шупы і Радкевіч адметны ад таго, што з’яўлялася раней. Адметны маштабам, драматургіяй і стрыманасцю. Гэта карпарацыйны густ «Нашае Нівы» з тае часіны, калі віленская газета друкавала пераклады з Борхеса і гутаркі з Лёнікам Тарасэвічам. Нават палітычныя спасылкі Шупа робіць з неназольным спакоем.

Менавіта адсутнасць палітычнага надрыву, традыцыйнага беларускага пафасу ўражвае найбольш. Ягоную функцыю «Падарожжа ў БНР» як бы пераносіць на сістэмны досвед архіўнай работы. Шупа знаецца на матэрыяле, і цікава пазіраць, як сам матэрыял, у якім ёсць унутранае адзінства, дужэе і пачынае кіраваць даследчыкам.

«Архівы БНР» «можна чытаць проста як вялікі постмадэрнісцкі раман», заўважае вядоўца. І столькі ў гэтай нібыта збыткоўнай характарыстыцы сучаснай гуманітарнай навукі, ейнага клопату і тэхнікі, колькі хіба ніколі не было ў «Гісторыі пад знакам «Пагоні» ці нават у «Альбарутэніі».

Ясная рэч, не выпадае чакаць ад Шупы і ад дакументальнага відэацыклу метадычнай паслядоўнасці ці сістэматычнага падыходу. Але нават рэдкія ўказанні, спантанныя супадзенні з дыскурс-аналізам ці «чытаннем зблізу» захапляюць.

Напрыклад, у другой серыі Шупа чытае лютаўскую Устаўную грамату. Ён спыняецца на прынцыпе суверэнітэту, які яна абвяшчае: улада ў Беларусі перадаецца «тым народам, якія на ёй жывуць». «Не народу», — асобна падкрэслівае вядоўца.

Пасля гэтай заўвагі Шупа расказвае, што Смоліч (Шупа агаворваецца і называе яго «народным камісарам асветы») зачытваў грамату на пасяджэнні менскае думы, у якую Смоліч уваходзіў (быў выбраны ў ліпені 1917 года). Гэта, можа, яшчэ не «поўны Фуко», але кірунак немагчыма не пазнаць.

Тут з асаблівай выразнасцю відно, што драматычнай музыкай, спецэфектамі і астатнім мантажом немагчыма замяніць звычку да работы з тэкстамі і практычны досвед такой работы.

Можа, апошняе. У «Падарожжах» амаль няма відэа. Гэта моцна адрознівае спадчыну БНР ад украінскага першаўзору. Серыял Шупы і Радкевіч увесь — пра чытанне ўголас: устаўныя граматы, пратаколы пасяджэнняў. У выпуску «Зваротнага адліку», прысвечаным беларускім падзеям Кастрычніцкай рэвалюцыі, — тое самае, з даданнем акцёрскай рэканструкцыі.

Усебеларускі з’езд, падзел Менска паміж беларускім палком і палякамі 18 лютага 1918 года, чытанне граматы ў менскай думе, — трывожныя і драматычныя падзеі.

Яны дайшлі да нас выключна ў выглядзе тэкстаў. У лепшым, нячастым выпадку — фотаздымкі; пераважная ж большасць матэрыялу — гэта пратаколы пасяджэнняў, службовае ліставанне, дзённікі.

А вось у фільме «100 гадоў украінскай рэвалюцыі: як пачынала Цэнтральная рада» (серыял «Машына часу») — рэгулярная відэахроніка, у тым ліку з Грушэўскім і Пятлюрам. Гэта паказвае, што БНР і УНР можна параўнаць не толькі праз мабілізацыю прыхільнікаў. Гэта была таксама мабілізацыя рэсурсаў, якая залежала ў немалой ступені ад залучанасці краіны ў мадэрнасць. Што казаць, калі «Беларусьфільм» займеў сваю сталую пляцоўку ў Ленінградзе ў 1928-м — а кінастудыя ў Адэсе працавала з 1900-х гадоў.

* * *

Вобраз «Архіваў БНР» як рамана інтрыгуе. Даследчая інтуіцыя робіць увесь відэацыкл недарэмным задоўга да фіналу. Набліжэнне «беларускае палітычнае фарментацыі» апісвае штодзённасць, практыкі, таварыскія і канкурэнтныя дачыненні.

Сам Шупа расказвае пра сваё здзіўленне яшчэ ў 1990-х: БНР аказалася зусім не такой, якой яна паўставала з савецкай гістарыяграфіі — і «не зусім такой», як у традыцыі дыяспары.

Гэта самае каштоўнае, што можа паведаміць гісторыя. «The past is a foreign country»; іначай кажучы, мінуўшчына заўсёды — падарожжа.

Відэацыкл будзе выходзіць штотыдзень, у праграме «Зона свабоды», ажно да таго самага сакавіка.

Антон Лявіцкі

1
Между протчым / адказаць
02.02.2018 / 03:16
Пане капітане, але ж чаму вы пішаце #Рэспубліка100? Ну навошта? Усюды ж пішам #БНР100. Навошта асобны тэг для сябе выдумляць?
0
Русафоб непамяркоуны, Змагар, Свядомы, Пан, Беларус-тур / адказаць
02.02.2018 / 06:28
Нейкi дзiуны артыкул выйшау у "Нежалежнай газеце" (рсфср) -"Космас на днястроускiм беразе . Пра старажытнейшую малдоускую царкву , Францыска Скарыну , Пушкiна i печанегау". Аутар сцвярджае , што наш першадрукар (у артыкуле - усходнеславянскi ) быу запрошаны у Вадул Рашкау (сучасная Малдова) «унукам вялiкiх сербскiх жупанау , валодаушых гэтым месцам , каб Скарына надрукавау кнiгi, якiя б усхвалялi яго продкау з роду Уласцiмiравiчау»
0
LMI / адказаць
02.02.2018 / 08:06
А магчыма вылучыць расповяды пра БНР у АСОБНАЕ ВІДЭА ??? 
Гэта будзе добрая справа
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2017 2018 2019
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30