Знайсці
11.02.2018 / 23:206РусŁacБел

У свеце токенаў: тэхналогіі, FaaS і махляры

Трэці артыкул з цыклу пра крыптавалюты і новую лічбавую эканоміку. Два папярэднія чытайце тут:

«Біткойны — будучыня? Што за херню ты нясеш?». Крыптабурбалкі. Частка 1: душа Коэна

HODL: камп'ютарны код як новая рэлігія, біткойн як сімвал веры

Святы Грааль інвестыцый — вялікія прыбыткі пры нізкай рызыцы. Г.зн. нехта «забыўся» падлічыць пэўныя рызыкі, як, напрыклад, ніхто не хацеў тэставаць крах амерыканскага рынку іпатэкі ці найбуйнейшых еўрапейскіх банкаў, пакуль гэта сапраўды не адбылося. І ў выніку прадукт выглядае значна лепшы, чым ёсць на самай справе. Тады адразу з’яўляюцца копіі і імітатары, якія тыражыруюць яго на рынку ўсім ахвотным, што атакуюць новы, незразумелы для іх. Але вунь той дзядзька ў тэлевізары не можа памыляцца, ён прадказаў 6 з 7 папярэдніх рэцэсій і аб кожнай напісаў па две аднолькава фантастычныя кнігі.

Тэхналогія не можа быць махлярствам. Махлярствам можа быць фінансавая гульня вакол яе. І вось тут рынак крыптавалют адкрыў усе магчымыя віды махінацый, большасць з якіх публіка не бачыла з 1920-х.

Тым больш што сярод тых, хто заскокваў пазней, большасць людзей ніколі ў жыцці не сустракалася з рынкам наогул. Пачалі ўзнікаць новыя манеты-аналагі, вакол іх фарміравацца новыя цэрквы. І яны пачалі ваяваць між сабою, як раннія хрысціянскія секты. Бо змагаліся за адныя і тыя грошы, адную і тую ж паству.

Некаторыя пачалі параўноўваць біткойн з цюльпанавым шаленствам у XVII стагоддзі. Але цюльпанаманія не была сферычным канём у вакууме. Гэта быў вынік росту галандскага рынку. Галандская кампанія, па сутнасці, кантралявала гандаль спецыямі і іншымі каланіяльнымі таварамі між Азіяй і Еўропай. На кантыненце, у тым ліку і ў саміх Нідэрландах, ішла Трыццацігадовая вайна, навокал крызіс і разруха. А партовыя гарады маладой краіны ламіліся ад грошай.

Гэта было настолькі драматычнае багацце, што Галандская індыйская кампанія ў пераліку будзе самай дарагой камерцыйнай арганізацый у гісторыі. І вось там здарылася тое, што заўжды здараецца на піку рынку — спекулятыўны «хапун» commodities (анг.: тавары). Калі людзі бачаць, што даражэе вось яшчэ нешта, на што яны не глядзелі, то і бягуць натоўпам. Цюльпаны запомніліся больш за спекулятыўныя ўзлёты спецый ці серы менавіта з-за анекдатычнасці ліхаманкі, якая ахапіла звычайнага гарадскога буржуа, які дагэтуль ні ў якія рынкі не тыркаўся.

Таму тавары і называюць траянскім канём спекулятыўнага рынку, што грошы, пабачыўшы рост паўсюль, ідуць туды. Бо на піку рынку і спажыванне максімальнае, адпаведна падаецца, што трэба ўсё болей і болей рэсурсаў. Але ніхто не правярае баланс, не думае, а колькі ж трэба на самай справе — усе хочуць разбагацець хутчэй за астатніх, таму ўсе разам бягуць у адно месца.

Але, перш чым паліць вогнішчы інквізіцыі, трэба памятаць, што нават у махінацыях кшталту pump-and-dump (анг.: напампоўка і скід, г.зн. штучны рост цэн за кошт інфармацыйнага ажыятажу і зніжэння прапановы, з наступным укідваннем уласнае пазіцыі малаінфармаваным удзельнікам) каля траціны ўдзельнікаў выдатна ведае, што адбываецца. Яны ўдзельнічаюць, таму што лічаць сабе разумнейшымі за астатніх. І сапраўды, яны саскокваюць раней, у сярэднім іх страты напалову меншыя, чым ва ўсёй астатняй абдуранае публікі. А некаторыя выходзяць і з прыбыткам. Азартныя гульцы гэта завуць пошукам «найвялікшага дурня». А на рынку большасць гульцоў лічыць сябе разумнейшымі за большасць.

Рынак крыптавалют стаў першай глабальнаю «вялікай латарэяй», дзе кожны мог выпрабаваць фартуну і стаць багацейшым у дзясяткі разоў, незалежна ад таго, дзе ён жыве, на якой мове размаўляе і ў які храм ходзіць. Гэта першы лічбавы храм для кожнага глабалізаванага жыхара інтэрнэту, дакладней тысячы храмаў. Кожны мусіў стварыць свой праз адпаведны алгарытм за 10 хвілін.

Што прадае кожная царква? Ідэальны прадукт. Яго нельга пакаштаваць, памацаць і здаць у гарантыйны рамонт. Ён існуе толькі ў вашай галаве. Таму гэта вечны бізнэс, і з цягам часу ён распаўсюджваецца ўсё шырэй, бо кожны пачынаючы маркетолаг імкнецца згуляць вашымі мазгамі, каб слова вечнасць там асацыявалася з патрэбным яму лагатыпам. Камедыянт Джордж Карлін жартаваў, што ён не менш ісцінны за Папу, розніца толькі ў тым, што яго словам верыць менш людзей. Дарэчы, ён жа даваў добрую параду, што трэба шукаць такую царкву, якая б давала грошы табе, бо звычайна нааадварот.

У прыродзе, як кажуць, няма скачкоў. Чалавек, перш чым нарадзіцца, праходзіць большасць эвалюцыйнага шляху ўсіх жывёл і часам нараджаецца з хвастом. Утапічная ідэя эканаміста Карла Маркса была ў стварэнні наднацыянальнае класавае эканомікі. Але ў выніку эксперыменту ў ХХ стагоддзі з’явіліся страшныя людажэрныя сістэмы — ад СССР да Кампучыі. Замест кроку наперад яны зрабілі вялікі скачок назад — да каставых закрытых грамадстваў, дзяржаўнага рабства і генацыду. Таму і пакінулі пасля сябе чарговыя піраміды і зікураты ў выглядзе бункераў, ракетных шахтаў і лагераў смерці. Стварэнне ідэальнае сістэмы з чыстага ліста не працуе, чаму прысвечана большасць фантастычнай літаратуры. Простая элегантная формула не можа быць Святым Граалем.

Аматары біткойна ўпарта рухаюцца ў будучыню (з мультфільма South Park).

Першымі, хто дакладна вызначыў, што такое крыптавалюты, былі не банкіры, а спецыялісты па англійским праве, да якіх тыя пайшлі. Тады ж і пачало гучаць слова «токен» (анг.: token — знак, сімвал), бо гэта не сапраўдныя грошы, а грошы ўнутры пэўнай сістэмы. Жэтоны. Але цікава не гэта, а тое, што, паколькі яны ёсць запісам у базе звестак, яны могуць быць рэпрэзентацыяй, сімвалам, які адлюстроўвае пэўную каштоўнасць.

І цяпер-такі вернемся да нарманаў і крыжакоў. У Сярэднявеччы народ быў малаадукаваны, цёмны і просты. Бярэ нарманскі кароль горад і кажа: а суседнюю вёску я аддаю табе, Гіём, за тваю храбрасць. І, каб не забыцца, дае Гіёму пальчатку. Пальчатка — гэта рэпрэзентацыя, токен дамовы паміж каралём і салдатам, які цяпер носіць герб з пальчаткаю і суседзі клічуць яго барон дэ Ган. Так просты фізічны артэфакт становіцца аб’ектам права і сімвалам веры. Адпаведна, у слова караля. Самы вядомы выпадак такога артэфакта, які нарадзіўся з анекдота, існуе дагэтуль і завецца каралеўскі Ордэн падвязкі. І вера ў магічныя артэфакты была таксама для тых часоў абсалютна натуральнаю, як бы да гэтага ні ставіўся Папа.

Таму, паглядзеўшы на рэчаіснасць пачатку ХХІ стагоддзя як на крызіс даверу да інстытутаў глабальнае імперыі, куды прасцей зразумець цікавасць да віртуальных артэфактаў. Калі гуляліся хіба раз у якуюсь ралявую відэагульню, напэўна ж, шукалі там чароўны меч, шар, куб, скіпетр ці чорт яшчэ ведае што дзеля непазбежнай перамогі над чарговым д’яблам. Але вы ж не думаеце з цягам гульні, што ідзяце па рэльсах сюжэту, з якіх нельга сысці? Вам цікавы сам працэс.

У адрозненне ад рэчаіснасці, якая сталася нейкаю зусім нерэальнаю. З таго вера зноў стала актуальнаю. Бо толькі яна, як і пры крушэнні ранейшых цывілізацый, можа быць дэфініцыяй сапраўднага чалавека. А менавіта азначэнне чалавека ў эпоху татальнай інфармацыйнай дэгуманізацыі сталася пытаннем №1. Бо масавая адукацыя і масавая культура пужала нас ад Лебона да Райха, ад Хакслі да Оруэла тым, што маленькага чалавека будзе няспынна кантраляваць жалезная пята тыраніі. Замест гэтага развіты капіталізм вывеў нас на іншую крывую дарожку, па якой дагэтуль хадзілі толькі містыкі і наркаманы.

Дзякуючы інтэрнэту рэальнае і нерэальнае настолькі цесна перапляліся ў жыцці, што ўжо і незразумела, хто тут жывы чалавек, а хто — набор сімвалаў, хто — рускі бот, а хто — японскі шпіён.

Усё на свеце ёсць fake news (анг.: выдуманыя навіны), праўды больш не існуе. Толькі вера ў тое, што ты ёсць. Бо ўвесь чалавек становіцца наборам артэфактаў, атрыбутаў, брэндаў, трэндаў і клішэ — татальнаю сімуляцыяй, наглядзеўшыся якой, ваш Бадрыяр плясаў бы баявога гапака пад Wu-Tang.

Праўда: я думаю — значыцца, існую! Пасляпраўда: я веру, значыцца, гэта праўда!

З аўтаматызацыяй усіх традыцыйных функцый чалавеку ўсё цяжэй асэнсоўваць сябе. Больш за тое, саміх людзей на Зямлі больш, чым усіх магчымых сімвалаў. З таго кожнага можна раскласці на атрыбуты і змясціць спасылку ў патрэбную папку, як любы тавар. І абодва працэсы — павялічэння ролі лічбавай рэчаіснасці ў жыцці чалавека, і пашырэння інфармацыйнай прасторы на фізічную — змяншаюць прастору для ўласна чалавечага. З таго і патрэбныя простыя сімвалы, інтуітыўна зразумелыя артэфакты, якія б дапамагалі выдзяляць эндарфіны і прымушалі сэрца біцца.

Другім цікаўным аспектам была самаарганізацыя людзей. Яна прадэманстравала, што на змену рабаўладальніцкім імперыям першых інтэрнэт-гігантаў ідзе лічбавае Сярэднявечча. Вось яны, першыя сектанты, якіх вы можаце ганьбіць і скармліваць ільвам на сваіх арэнах у Давосах і Лонданах. Але неўзабаве зменіцца клімат і варвары пачнуць ламіцца ў вароты.

Тэхналогіі рэдка працуюць гэтак, як іх рэкламуюць евангелісты. Больш за тое, мы звычайна пераацэньваем уплыў тэхналогій у найбліжэйшай перспектыве, назаўтра нічога рэвалюцыйнага не адбываецца — пара чалавек стала багатымі, пара з’ехала з глузду і скокнула са скалы. Але ж мы недаацэньваем уплыў тэхналогій на жыццё праз 30—40 год, калі спажыванне змяняецца незваротна і назаўжды.

Таму галоўным трэндам інтэрнэту рэчаў з усёпранікальным штучным інтэлектам становіцца FaaS (анг.: Faith as a Service — вера як сэрвіс). Вы не ведаеце, як гэта працуе, нават ваш пляменнік, што працуе ў адпаведнай кампаніі, не можа вам растлумачыць, бо сістэма вучыцца сама без яго мізэрнай дапамогі. Але яно працуе, гэта просты артэфакт вас задавальняе. І вы верыце ў гэта, бо гэта адзіны ў свеце аб’ект, які можа вызначыць вас як чалавека і чым вы адрозніваецеся ад іншых людзей. Чорная скрынька (анг.: black box), якая дае адказы на ўсе вашыя пытанні, забяспечвае ўсе вашыя патрэбы, угадвае ўсе вашыя жаданні. Гэта ваш Святы Грааль.

Чалавек заўжды будзе верыць у простыя рэчы, user friendly (анг.: прыязныя для карастання). Каб нават не трэба рабіць дадатковых рухаў на plug & play (анг.: падключы і гуляй), а адразу play. Бясконцая стымуляцыя цэнтраў задавальнення свайго мозга — гэта і ёсць рай. Гэта і ёсць перамога камунізму. Нірвана з дастаўкаю 24-на-7. Просты канчатковы адказ на ўсе пытанні. Тоеснасць самога спажывання, прадукту і спажыўца. Засталося толькі зрабіць сістэму маштабаванай і энергаэфектыўнаю. Амінь.

Святы Грааль v2.0.

— І як гэта вы наплялі нам гэтую павуціну, ад Старажытнага Рыма да лічбавага раю! — усміхнуўся гаспадар, разліваючы ўсім яшчэ каньяку.

Доктар, нарэшце, усеўся ў крэсла, дастаў чорную таблетку свайго электроннага дапаможніка і прыняўся перакачваць яе паміж пальцамі:

— Вы, канечне, добра ўсё тут размалявалі, але тое заўтра ўжо колькі гадоў надыходзіць. Лепей бы сапраўды віртуальная рэальнасць перамагла пашыраную. Але ж наадварот — з пашырэннем інфармацыйнага сусвету на фізічны ўсе кінуліся ў маніпуляцыі біялогіяй… І ведаеце, як мне зараз цяжка? Калі ад ранку ў цябе на прыём тузін антрапаморфаў са сваімі патрабаваннямі ўлічваць іх «відавыя» асаблівасці, — доктар пакасіўся на мяне. — Не ў крыўду кажучы… Дык апасля нават на падземным паркінгу мяне атакуюць барацьбіты за антропную чысціню! Прычым рэлігійныя любяць з крыкамі кідацца на капот, а атэісты — праецыраваць свае лозунгі лазерам адразу ў вочы! Камеры, паліцэйскія дроны, аўтаматычнае паніжэнне сацыяльнага рэйтынгу — аніякая трасца не дапамагае супраць гэтай кодлы. І куды падзенешся? Сын кажа, што ў школе тое самае… Замест падзялення па расах і сэксуальных перавагах, цяпер — як ты ставішся да відавых змен! І фінгал пад вока ў твой віртуальны аватар! Уся тая непазбежная сінгулярнасць, бачна, застанецца кампланнем барадатых прарокаў, як у мінулым камунізм ці прыход Машыяха…

— Дарэчы, панове! Мне сябры з Адміністрацыі казалі, што ў нас тут рыхтуюць дэкрэт №69, паводле якога збіраюцца легалізаваць сэксуальныя паслугі антрапаморфаў! Я ўжо прыгледзеў пару лакацый, а мае хлопчыкі зрабілі сацыяльны канал для рэкламы. Ён, між іншым, другі па папулярнасці сярод фуры ў рэгіёне! — гаспадар уключыў свайго дапаможніка, і яркія малюнкі з голымі фуры і таблічкамі будучае долі рынку пабеглі па сцяне насупраць. — Ужо сотні патэнцыйных кліентаў з Азіі цікавяцца. Хіба ў чым нашая краіна будзе наперадзе астатняга свету… Дапаможаце з бізнэс-планам?

Вечар прымаў камерцыйны абарот. Я пацёр сваімі пярэднімі павучынымі лапкамі, і мы пачалі абмярковаць дэталі будучага бізнэсу. Калі паспрабаваў адзін раз, ты ніколі не перастаеш. Бо гэта наша біялогія: мы ўсё ператвараем у прадукт.

Sister Rosetta Tharpe — Up Above My Head.

Мардэхай В.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930