Знайсці
11.02.2018 / 12:192РусŁacБел

Каталонія з Аляксеем Ластоўскім: раманскія фрэскі, готыка, Гаўдзі і Міро

Насычаны візіт у Барселону: першы раз і хочацца ўбачыць усё. Найперш выкладу фотаздымкі з музея Фрэдэрыка Марэса, які знаходзіцца ў цэнтры Гатычнага квартала, але не дужа папулярны сярод турыстаў. А мяне ён цікавіў ледзь не ў першую чаргу, бо заснаваны на прыватнай калекцыі каталонскага скульптара, які займаўся рэстаўрацыяй рэлігійнай скульптуры і сабраў шыкоўную калекцыю каталонскай познегатычнай скульптуры (ХІІІ—ХІV ст.). Прастата, адданасць, вера. Гэта ідэальнае мастацтва, тым больш першае знаёмства з каталонскай готыкай. Ёсць і скульптура больш позніх эпохаў, але яна ўжо губляецца. Ёсць студыя Марэса, але ён больш цікавы як калекцыянер. І збіраў ён усё, літаральна ўсё, ключы, вееры, табакеркі, ровары, і верхнія паверхі музея забіты гэтым багаццем.

* * *

Удалося дабрацца да ваколіцаў Пірэнэяў, нешта ўсё больш апошнім часам мая душа цягнецца ўгору. А тут запрасілі мясцовыя ў вандроўку, то з ахвотаю далучыўся.

Дабраліся да вёсачкі Кастэляр дэ н'Уг (Castellar de n'Hug), адтуль кальцавы маршрут на 13 км, максімальная вышыня — 1840 м, на шляху і прыгожы вадаспад. У вёсцы да нас прыбіўся сабака, які верна паказваў нам увесь маршрут, весела куляўся ў кожнай гурбе снегу, заслужыў на кавалак каўбасы. Убачыў некалькі статкаў казуляў, малады дзік перабег нам дарогу, упарта над галовамі кружылі сцярвятнікі. І сонца свяціла, непадобна да зімы ў гарах.

* * *

Абед у барселонскай рэстарацыі: паэлья з марскімі гадамі, ялавічына з грыбамі, дэсерт (флан), віно анлім — 9.80 еўра, можна жыць.

* * *

Шпіталь Святога Крыжа і Святога Паўла, архітэктар Думенек-і-Мантанер. Пасля трэшу Саграда Фамілія гэты ансамбль у стылі ар-нуво зайшоў бальзамам на сэрца. Ён быў завершаны ўжо сынам Мантанера ў 1930 годзе, але ўсё роўна захоўвае свой цэласны характар. Гэта горад у горадзе, вялізны комплекс, з 27 павільёнаў (на кожную катэгорыю хворых — асобны павільён), з сістэмай падземных пераходаў, з вялізным садам, які мусіў таксама спрыяць аздараўленню.

Функцыянальна, але разам з тым з фінціфлюшкамі: статуі, мазаікі, дэкор. Такі шпіталь — як мара для хворых. Праўда, іх адсюль ужо выгналі, большасць павільёнаў занятая офісамі арганізацый, якія дбаюць пра галадаючых Афрыкі, захаванне лясоў і г. д. Натуральна, у такім месцы куды больш утульна бюракратам працаваць, хворыя абыдуцца. А сам шпіталь — казка!

* * *

Парк Гуэля быў задуманы як элітны раён для барселонскіх багатыроў, але нешта задума правалілася, і ўрэшце парк выкупіў гарадскі муніцыпалітэт. Частку парку, якую апрацаваў Гаўдзі, ператварылі ў камерцыйную манументальную зону (нават з мяне здзерлі грошы!!!). У будку ахоўніка стаіць доўгая чарга, а там — фуфло, дакументальная выстава пра Гаўдзі, ніякіх інтэр'ераў. Суседнюю будку агулам перарабілі ў сувенірную краму. Парадная лесвіца вядзе да фантана з саламандрай, адтуль — уздым да псеўдакласічнай гіпастыльнай залы (ужо баяўся, што давядзецца там хавацца ад дажджу, але абышлося). Але ўсе кітайцы бягуць наверх, на легендарныя лаўкі, шчасце людзям на іх пафоткацца. Праўда, большую палову лавак цяпер перакапалі, ідзе рэстаўрацыя, але ў студзені турыстаў вобмаль, кожнаму месца знойдзецца. Пагуляў крыху па некамерцыйнай зоне парку, можна залезці на горку з крыжамі (галоўнае, з яе не зваліцца), адтуль суперскі від на Барселону.

* * *

Джордж Оруэл лічыў Саграда Фамілія адным з самых пачварных будынкаў у свеце і вельмі шкадаваў, што анархісты не ўзарвалі сабора. Насамрэч, сабор быў скарыстаны анархістамі для супрацьпаветранай абароны, таму і «выжыў». Але не магу на яго спакойна глядзець, гэта сімвал паразы кансерватыўнай рэвалюцыі, прынамсі, у межах еўрапейскага мадэрнізму. Задуманы як пакаянне барселонцаў за свае грахі (будаваўся выключна на прыватныя ўнёскі), сабор даўно страцііў свае мэты і прызначэнне. Цяпер ён фундуецца японскімі турыстамі. Якім яго ўрэшце хацеў бачыць Гаўдзі — невядома, бо планы былі знішчаныя разам з майстроўняй падчас грамадзянскай вайны. Але плануюць дабудаваць да 2026 года, зусім ужо мала засталося. Дый зроблены Гаўдзі фасад Раства — позні кітч, без натхнення, фундаменталісцкі і спарахнелы. Але ж — сімвал Барселоны.

* * *

Нездарма мне абсалютна розныя людзі нахвальвалі калекцыю раманскіх фрэсак у Нацыянальным мастацкім музеі Каталоніі. Гэта сапраўды адна з найбагацейшых такіх калекцый у свеце. Яшчэ на пачатку 1920-х пачалі збіраць фрэскі з закінутых горных цэркваў у Пірэнэях, дзе яны заставаліся ў недатыкальнай першароднасці з ХІ—ХІІ стст. Яшчэ крыху — і гэтыя фрэскі былі б знішчаныя грамадзянскай вайной і новай хваляй антырэлігійных выступаў. Гэта цуд, што ўсё гэта багацце захавалася і экспануецца найлепшым чынам. Праўда, кажуць, ужо пачалі судовы працэс, і іспанскі ўрад хоча забраць у музея фрэскі з Арагонскіх земляў. Так што, можа, апошняя магчымасць убачыць гэту фантастычную калекцыю ва ўсім яе багацці.

* * *

Не змог утрымацца — гатычную частку калекцыі MNAC таксама выношу ў асобны пост. У той час, калі Каталонія зрабіла альянс з Арагонам, яна на некалькі стагоддзяў стала магутнай міжземнаморскай імперыяй, і гэты дзяржаўны росквіт супадае з фенаменальнай готыкай.

* * *

І, нарэшце, трэцяя частка, постгатычная, з мастацкага збору MNAC. Зразумела, што з XVI і да паловы XIX стагоддзя ў Каталоніі — змрочныя часы, барочнае мастацтва другаснае і нецікавае. Толькі мадэрн ажывіў гэту краіну. Таму і ў экспазіцыі ўвагу найбольш прыцягваюць іспанскія майстры «залатога веку» (Эль Грэка, Веласкес) ды дэпазіт з мадрыдскай калекцыі Тысэн-Барнэміза (Фра Анжэліка, Веранэзэ, Рубенс, Т'епала, Цінтарэта і шмат іншых).

Т'епала. Выгнанне гандляроў з храма.

Тыцыян.

Эль Грэка.

Калекцыя мадэрна разбітая па дзіўных прынцыпах, мэбля ад Гаўдзі, можна знайсці ранняга Далі («Партрэта бацькі», праўда, няма, але ён, напэўна, яшчэ ў ваяжы з выставай «Далі — Дзюшан», бачыў у Лондане).

Зацікавілі плакаты часоў грамадзянскай вайны, але паказаныя толькі рэспубліканскія. Завяршаецца нечакана моцным жаночым партрэтам Пікасо, адзін з найлепшых яго партрэтаў, дарэчы. Але ў каталонскім музеі, безумоўна, руліць раманска-гатычны перыяд, які мае эксклюзіўны статус.

* * *

Жуан Міро нарадзіўся ў Барселоне і сам сабе стварыў музей напрыканцы жыцця (яшчэ пры Франка), 1968 год. Будынак сімпатычны, узведзены архітэктарам Жузэпа Луіш Сэрта, блізкім сябрам Міро.

Аснова калекцыі — дар Міро, а таксама яго сям'і, і дэпазіты прыватных калекцый. Ранні Міро маляваў пейзажы, пад яўным уплывам Сезана, калі перабраўся ў Парыж, то пачаў ствараць карціны-вершы ў асяроддзі сюррэалістаў. Але найлепшы перыяд яго творчасці, на маю думку, — 30-я гады, калі мастак спачатку ўцёк у Францыю ад жахаў грамадзянскай вайны, адтуль жа вымушаны быў уцякаць з прыходам немцаў назад у Іспанію.

У гэты час зноў вяртаецца фігуратыўнасць, толькі постаці-фігуры скажоныя, знявечаныя. У 40-я гады Міро стварае цыкл «Сузор'і», з нябеснымі істотамі. Найлепш у экспазіцыі прадстаўлены апошні перыяд творчасці Міро, прадказальна (што не паспеў яшчэ прадаць, то і падараваў музею), палотны выраслі ў памерах пад уплывам амерыканскіх абстракцыяністаў, ён зноў шукае межы творчасці, робіць «антыкарціны», саскрабае, падпальвае свае палотны. Эксперыментуе і з матэрыяламі, керамікі выстаўлена мала, але ёсць гіганцкія скульптуры, вытканыя з тоўстых нітак. На Венецыянскім біенале я шмат такіх бачыў, а ўсё пайшло ад Міро, вось як.

Здымак будынка пазычыў з сайта музея, бо дажджыла, не паздымаеш.

* * *

Адна з вядомых фішак Барселоны — дамы, якія пабудаваў Гаўдзі. Усё агледзець тут не паспееш, патрапіў толькі ў Каза Вісенс — гэта першы дом Гаўдзі, самы пачатак яго бліскучай кар'еры. Праўда, трапіў ужо ўвечары, таму фасадны здымак забраў з афіцыйнага сайта. І здымкі ўсе ў паўзмроку, мой кітайскі смартфон яўна не выцягвае. Але аглядаў дом амаль адзін, пашанцавала. Насамрэч, дом чатыры гады таму выкупіла ва ўладальнікаў андорская фундацыя, і пару месяцаў таму (у лістападзе 2017 года) зрабіла яго даступным для публікі. Не па дабраце душэўнай, грошыкі зарабляюць.

Тут яшчэ фантазіі Гаўдзі сціплыя, ён захапляецца японскім стылем, вуглавы пакой мае столю ў маўрытанскім стылі. Фасад абкладзены керамічнай пліткай, на дзіва, вырабніком якой быў уласнік гэтага дома. І дом, і рэклама. Захаваныя інтэр'еры толькі двух паверхаў, вышэй стэрыльныя музейныя рашэнні, дзе звычайныя выставы — макеты дамоў славутых архітэктараў, якія былі створаны ў той жа час, плюс экспазіцыя асноўных матэрыялаў, скарыстаных пры будаўніцтве. Але найлепш забрацца на дах будынка і адтуль назіраць за навакольным барселонскім жыццём. З улікам таго, як раскруцілі Гаўдзі, натоўпы наведвальнікаў дому Вісенс забяспечаныя.

* * *

Нешта замучаўся ўжо выкладваць фоткі, больш Барселоны не будзе. Лепш напішу пра самае важнае — пра каталонскае пытанне. Нейкага палітычнага напружання ў самім горадзе не адчуваецца, турысты спакойна гуляюць па цэнтры — мірнае жыццё міжземнаморскага горада. А між тым усе чакаюць на Пучдэмона, якога мусяць абраць кіраўніком аўтаномнага ўраду, але ў дадзены момант на яго выдадзены ордар на арышт. Адпаведна, іспанская паліцыя маніторыць мяжу і подступы да будынка парламента. Але па беларускіх мерках — брутальнасць незаўважная.

Каталонцамі прынцыпова была абраная мірная стратэгія супраціву, паглядзім, якія вынікі яна дасць. На вуліцах пераважна гучыць усё ж іспанская мова. Але самы відавочны спосаб адлюстравання палітычнай пазіцыі — гэта вывешванне сцягоў (асабліва каталонскага сцяга ў незалежніцкай версіі), іх вельмі шмат на барселонскіх дамах. Справядлівасці дзеля, сустрэць можна і іспанскія сцягі, але за пяць дзён налічыў іх можа пяток, а каталонскія сцягі — паўсюль.

Грамадства яўна мабілізаванае, цесна камунікаваў гэтыя дні з беларусам і ўкраінцам, якія перабраліся жыць у Барселону і аддана змагаюцца за незалежнасць Каталоніі. Разумею, што па гэтых размовах цяжка скласці нейкую паўнавартасную карціну падзей, але магу параўнаць з сітуацыяй у Шатландыі перад рэферэндумам — каталонцы яўна прагнуць незалежнасці. І зраблю неасцярожны прагноз: гэта толькі пытанне часу.

* * *

І дадам фінансавую справаздачу.

Пералёт Вільня — Барселона каштаваў мне 17 еўра.

З аэрапорта да цэнтра горада можна дабрацца звычайным грамадскім транспартам, тым жа банальным аўтобусам. Калі набываць квіток на 10 паездак (T-10), то абыдзецца ў 1 (!!!) еўра. Жыў у хостэле, 10 еўра за ноч, са сняданкам. Пра ежу пісаў.

Найбольш давядзецца патраціцца на наведванне мясцовых цікавостак, асабліва на ўсё, звязанае з Гаўдзі, — фантастычныя цэны!

Турыстаў тут проста свет. Я адмыслова абраў канец студзеня, каб агледзець горад у нармальным рэжыме. Ад вясны да восені — тут не прабіцца. Натоўпы.

Самі барселонцы ўспрымаюць гэта як праблему і імкнуцца знайсці нейкія крокі, каб абмежаваць колькасць турыстаў. Хочуць, каб прыязджалі малалікія, але багатыя турысты. Пакуль што імідж у горада іншы, маладзёвы, тусовачны, як яго змяніць — цяжкая справа.

За пяць дзён агледзеў шмат — і столькі ж не агледзеў. Трэба будзе яшчэ ехаць. Можа, праз год, у студзені мне тут падабаецца.

Аляксей Ластоўскі, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930