Знайсці
26.01.2018 / 15:2429РусŁacБел

Віктар Пракапеня пра «Хартыю'97»: Шкода іміджу відавочна ўсім

Сваімі высновамі і назіраннямі што да блакавання інфармацыйных рэсурсаў у Беларусі выказаўся ў фэйсбуку Віктар Пракапеня.

Пазаўчора ў Беларусі быў заблакаваны сайт «Хартыя'97». Я хацеў напісаць гэты зварот у канцы мінулага года, калі быў заблакаваны сайт «Беларускі партызан», але не паспеў дапісаць, бо сайт аднавіў працу на працягу некалькіх дзён. Да гэтага ў краіне 20 гадоў быў цалкам свабодны інтэрнэт, калі не лічыць кароткатэрміновыя блакаванні сайтаў падчас пратэстных мерапрыемстваў.

У старажытнагрэцкай міфалогіі ў гідры, калі ёй адсякалі адну галаву, на яе месцы вырастала тры. На мой погляд, гэта самая ўдалая метафара для тлумачэння таго, што будзе адбывацца далей.

1. Няма лепшай рэкламы сайтаў, чым іх блакіроўка. Досвед блакавання сайтаў у дзяржустановах паказвае, што блакаваныя сайты карыстаюцца ў чыноўнікаў вялікай папулярнасцю: проста доступ да іх адбываецца не з рабочых камп'ютараў, а з мабільных тэлефонаў. Каб абысці блакаванне, трэба паставіць іншую праграму для доступу ў інтэрнэт, напрыклад Tor ці Opera. Нават пенсіянер спраўляецца з гэтай задачай менш чым за 5 хвілін. Няма сэнсу ў тым, каб секчы галовы гідры ці тушыць пажар бензінам.

Заблакаваны сайт, павялічыўшы свой трафік за кошт такой рэкламы, хутчэй за ўсё, яшчэ больш радыкалізуецца, гэтак жа як радыкалізуецца яго аўдыторыя.

Google trends, хоць і не самы чысты інструмент для вымярэння, ужо паказвае рост папулярнасці заблакаванага сайта на 20%.

2. Магчымы пераход вялікай колькасці грамадзян на праграмы накшталт Tor або Opera прывядзе да ўскладнення працы па расследаванні злачынстваў, у якіх выкарыстоўваўся інтэрнэт (цяпер такіх усё больш) — дзяржава не зможа бачыць не толькі калі грамадзяне наведваюць заблакаваныя сайты, але і любыя іншыя. Вялікая колькасць аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў стане немагчымым.

Як вынік — калі раскрываць злачынствы стане складаней, то злачыннасць можа вырасці.

У выпадку, калі сапраўды трэба будзе закрыць доступ да нейкіх сайтаў падчас нейкага «пажару», а большасць грамадзян выкарыстоўвае Тоr для доступу да інтэрнэту, закрыць доступ да гэтых сайтаў стане немагчыма.

3. Сайты сёння могуць выкладваць ўвесь свой кантэнт у сацыяльных сетках, напрыклад instant articles у FB. У выніку ўсё большая колькасць людзей пераходзіць у сацыяльныя сеткі для атрымання інфармацыі, што мае супрацьлеглы эфект ад таго, што мае на ўвазе блакаванне сайта.

4. Блакаванне СМІ без папярэджання і без адвядзення часу на ліквідацыю парушэнняў — гэта ўскладненне міжнародных адносін. Шкода іміджу відавочна ўсім, пра яе нават няма сэнсу пісаць. У апошні час мы прарабілі вялікую працу з амерыканскімі юрыстамі і лабістамі, каб разблакаваць аплатную сістэму Paypal у Беларусі. Беларусы не могуць скарыстацца гэтай аплатнай сістэмай, у гэтым спісе мы побач з Зімбабвэ, Ліберыя і Паўночнай Карэяй.

Рaypal неабходны, каб маленькім кампаніям было лягчэй працаваць, а вялікія і так могуць працаваць праз свае філіялы. У выпадку працягу сітуацыі з блакаваннем сайтаў гэта немагчыма.

5. У сацыяльных сетках выказваюць меркаванні, што прэзідэнт асабіста аддаў загад аб блакаванні.

Больш верагодным мне здаецца наступны сцэнар: нейкае ведамства паставіла свой інтарэс вышэй за інтарэс дзяржавы. Атрымаць 100 тысяч даляраў на баланс свайго ведамства, калі дзяржава страціла 100 мільёнаў — гэта класіка жанру.

Можа прайсці ўсяго пару тыдняў, і колькасць наведванняў на заблакаваным сайце вырасце. Але гэтая наведвальнасць не будзе адлюстроўвацца ў справаздачах беларускіх правайдараў. Затое гэтае ведамства зможа паведаміць пра тое, што па іх статыстыцы ніхто ў Беларусі заблакаваны сайт не наведвае. У выніку асобнае ведамства ў плюсе, а дзяржава панесла значныя страты. Гэта тлумачэнне мне здаецца найбольш верагодным.

Віктар Пракапеня, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера