Знайсці
25.01.2018 / 12:1017РусŁacБел

Пётра Рудкоўскі: Малаімаверна, што беларусізацыя калі-кольвечы стане для Лукашэнкі самастойнай каштоўнасцю

Віталь Сіліцкі канстатаваў у 2009 годзе «пераходны вакуум» у свядомасці беларусаў: яны пазбыліся шэрагу асацыяцый, якія заміналі ім думаць аб сабе ў катэгорыях асобнай нацыі (савецкасць, «рускасць», тутэйшасць), але гэтае месца ў іх свядомасці ўсцяж было незапоўненым. Пераважная бальшыня беларусаў з лёгкасцю ідэнтыфікавала сябе як асобную нацыю, але мела цяжкасці з вытлумачэннем, у чым гэта асобнасць палягае.

Сёння ўсцяж далёка нам да стану «напоўненасці», тым не менш, займелі месца выразныя тэндэнцыі ў кірунку напаўнення. А праявіліся яны адразу ў трох розных абшарах: бізнэс, грамадзянская супольнасць і дзяржава. У выпадку бізнэсоўцаў заангажаванне ў прасоўванне нацыянальнай ідэнтычнасці зводзіцца да дзвюх асноўных формаў: часцейшае выкарыстоўванне беларускай мовы ў камерцыйнай рэкламе і спансараванне розных акцый, скіраваных на ўмацоўванне і папулярызацыю нацыянальных каштоўнасцяў.

Прасоўванне беларускасці грамадскімі актывістамі трывала бесперапынна цягам усяго перыяду прэзідэнцтва Лукашэнкі. Аднак дзесь пад канец мінулай дэкады заўважаецца новая якасць гэтых ініцыятыў. Паўсталі асяродкі і кампаніі новай генерацыі, чый стыль і тактыка прасоўвання беларускасці значна адрозніваецца ад ранейшых спосабаў. Кампанія «Будзьма», арганізацыя «Арт Сядзіба» ці ініцыятыва «Мова нанова» паспяхова выкарыстоўваюць розныя формы маркетынгавай камунікацыі, у аснову якіх пакладзена перакананне, што не «кліент» павінен знайсці «прадаўца» і пераканацца ў патрэбнасці ягонай прапановы, а наадварот: прадавец павінен знайсці і пераканаць кліента.

Беларускі рэжым таксама, хоць асцярожна і паступова, але звярнуўся да нацыянальных каштоўнасцяў. Бытуе перакананне, што г.зв. мяккая беларусізацыя з боку дзяржавы стала наўпроставай рэакцыяй на падзеі ва Украіне ў 2014 годзе. Гэта не так. Курс на ўмацоўванне нацыянальнай ідэнтычнасці быў узяты значна раней — на пачатку чацвёртага тэрміну Лукашэнкі. Смерць у 2011 годзе Якава Трашчанка, аднаго з вядучых ідэолагаў мінулага дзесяцігоддзя, можна лічыць сімвалічным момантам «змены парадыгмы». Ужо тады ў падручніках па гісторыі і афіцыёзным дыскурсе змянілася стаўленне да Полацкага княства (са статуса быцця адным з удзельных княстваў тагачаснай Рускай дзяржавы яно ператварылася ў «калыску беларускай дзяржаўнасці»). Ранейшы скептыцызм датычна значэння Вялікага Княства Літоўскага ў беларускай гісторыі паступова ператварыўся ў падкрэсліванне ключавога яго значэння ў фармаванні беларускай нацыі, яе мовы і культуры. Ранейшая прывязка беларускай гісторыі да гісторыі Расеі значна аслабела, а месцамі займела нават формы негатыўнай ацэнкі расейскага фактару (гл. артыкул прафесара Леаніда Лыча ў «Беларускай думцы»). Грэблівае стаўленне да Беларускай Народнай Рэспублікі, якое было характэрна для папярэдніх перыядаў, цягам гэтай дэкады ператвараецца ў трактаванне яе як важнай спробы беларусаў заявіць пра сябе як пра самастойную нацыю са сваімі палітычнымі амбіцыямі (гл. артыкул Пятра Краўчанкі ў «Беларусь сегодня» і Міхаіла Стральца ў «Народнай газеце»).

Цягам бягучай дэкады падкрэсліванне важнасці захавання роднай мовы стала абавязковай нормай сярод чынавенства. Хоць радыкальных зрухаў у кірунку пашырэння мовы не адбываецца, то ўсё ж відавочна тое, што беларускія ўлады актыўна прасоўваюць іншае стаўленне да беларускай мовы. У красавіку 2014 года ў сваім Пасланні беларускаму народу прэзідэнт самакрытычна сцвердзіў: «Відавочна, маюць рацыю тыя, хто крытыкуе мяне за занядбанне [беларускай] мовы». «Лёс беларускай мовы павiнен стаць супольным клопатам для ўсяго грамадства» — такім быў агульны пасыл дыскусіі ў рэдакцыі «Беларусь сегодня», арганізаванай у лістападзе 2017 года.

Бягучая дэкада з'яўляецца таксама перыядам моцнага наступу абаронцаў беларускай мовы, які не толькі не стрымліваецца ўладамі, але і падтрымліваецца. Гэты наступ вядзецца ў розных формах — ад арганізацыі курсаў беларускай мовы, цераз салідарны выступ у абарону мову ў сацыяльных сетках і заканчваючы судовымі працэсамі супраць тых, хто парушае правы беларускамоўных.

«Мяккая беларусізацыя» — гэта вынік незапланаванага супадзення дзеянняў трох тыпаў актараў: грамадскіх актывістаў, бізнэсу і ўласна беларускай улады. Матывы дзеянняў у кожнага з гэтых актараў могуць быць розныя, але эфект тут збежны. Паколькі названы працэс — вынік дзеянняў не толькі ўладаў, але і іншых суб'ектаў, некаторыя назіральнікі схільны крытыкаваць само паняцце палітыкі беларусізацыі: маўляў, тут справа не ў тым, што сама ўлада нешта ў гэтым кірунку робіць, а толькі ў тым, што яна занадта не перашкаджае іншым нешта рабіць. Па-першае, улады ўсё ж сапраўды прадпрымаюць актыўныя крокі ў кірунку пашырэння нацыянальных каштоўнасцяў, а таксама ўплываюць на форму і абсяг гэтага працэсу. Але тут трэба таксама нагадаць, што — па-другое — вядзенне палітыкі — гэта не толькі калі хтось наўпрост прасоўвае свае інтарэсы, але таксама калі ўмее скіроўваць энергію іншых у патрэбным для сябе кірунку. Менавіта гэта, на нашу думку, і робіць улада, калі дае большую свабоду дзеяння грамадскім актывістам і палітыкам, якія змагаюцца за беларускае адраджэнне.

Працэс, які мы абмяркоўваем тут, мае таксама свае межы. Па-першае, не выпадае чакаць, што ён ператворыцца ў поўнамаштабную і інтэнсіўную (то бок «цвёрдую») беларусізацыю. Цалкам магчыма, што бел-чырвона-белы сцяг будзе прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю, але мала імаверна, што пры Лукашэнку адбудзецца вяртанне бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» ў якасці дзяржаўных сімвалаў. Расейская мова застанецца адной з дзяржаўных моў і будзе дамінаваць у публічнай прасторы.

Па-другое, малаімаверна, што беларусізацыя калі-кольвечы стане для Лукашэнкі самастойнай каштоўнасцю, г. зн. нечым большым, чым інструментам дасягнення іншых мэтаў (перадусім умацавання сваёй улады). Нацыянальныя, гэтаксама як і заходнееўрапейскія, каштоўнасці — гэта для яго «замежная мова», далёкая ад той, да якой ён прывык у савецкія часы і з якой пачуваецца камфортна. Будучы таленавітым палітыкам, ён здольны заўважыць і дацаніць інструментальную вартасць нацыянальнага адраджэння, але сам ён наўрад ці стане яго шчырым прыхільнікам.

Па-трэцяе, таксама малаімаверна, што ідэйны хаўрус з адраджэнскім рухам ператворыцца ў палітычны хаўрус. Гэта значыць, не выпадае спадзявацца, што такія палітычныя сілы, як Партыя БНФ ці КХП будуць дапушчаны на міністэрскія пасады ці якія-небудзь пасады ў Адміністрацыі прэзідэнта.

«Прапанентам беларускай мовы трэба больш гаворыць на мове, чым аб мове», — гэтак Віталь Сіліцкі падсумаваў вынікі даследаванняў BISS у 2009 годзе. Сёння трэба ўзмоцніць гучанне гэтай парады: у часе, калі гаварыць на мове становіцца модна, было б неразумным не скарыстацца магчымасцю, каб зрабіць яе — як і іншыя атрыбуты нашай ідэнтычнасці — публічнай з'явай.

Чытайце таксама: Поўны тэкст аналізу BISS «Ад «хворага» да «здаровага» нацыяналізму

Пётра Рудкоўскі, калаж thinktanks.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера