Знайсці
25.01.2018 / 13:388РусŁacБел

Міхал, хадзем на каву. Хачу зноў з табой пасварыцца… — польскія сябры Міхала Анемпадыстава на развітанне

premium-decor.by

Калі я прыехала ў Беларусь, другі раз у жыцьці, ты чакаў мяне на пэроне. Там меўся быць нехта іншы, а быў Ты. Пагрузіў мяне і заплечнік у аўтобус, і мы паехалі ў вашую кватэру на Голубева. І з таго моманту, ва ўсе мае прыезды, ты вёў мяне празь Беларусь, так, як у тую менскую раніцу — заўжды зь неспадзяванкамі і з пачуцьцём бясьпекі, а гэта рэдкае спалучэньне для Беларусі — мы ўсе ведаем чаму.

Неспадзяванкаю быў ты сам, а я ў глыбіні душы задавалася пытаньнем: хто ты такі? І ці не надурваеш ты мяне часам? Ты цудоўна ведаў польскую мову. Ты быў упарты, негаваркі, пэдантычны, халерна ўважлівы да дэталяў, а вакол быў Мінск, а не Парыж. Свет шэра-бурай восені 1997 году. Савецкі пах, шматпавярховікі і дым з комінаў драўляных хат, амаль у цэнтры гораду. Алег Дзярновіч перадаў мяне ў добрыя рукі — у чым я хутка пераканалася.

Усе гэтыя гады я шмат гадоў спрабавала ўцячы ад Міхала, каб не паддавацца ягонаму погляду на тое, што навокал, каб мець свой погляд на Беларусь. Гэта былі такія індывідуальныя вандроўкі, без ягонага патранату, сама па сабе ў краіне, якую дагэтуль не разумею (калі ёсьць хтосьці, хто разумее Беларусь, просьба скантактавацца са мной). Часамі нам з Міхалам здаралася мець падобныя погляды і супрацоўнічаць. Чарговыя праекты, пошукі новых інтэлектуальных прапановаў для Беларусі, адкрыванне новага і дасьледаваньне невядомага. Мы адкрывалі новыя тэрыторыі для паразуменьня культур, тое, што агульнае, і тое, што нас падзяляе. Мы ўсьведамлялі, як важна расказаць пра Беларусь на г.зв. Захадзе (насуперак працяглай ізаляцыі), а для самой Беларусі найважнейшыя былі міты, міты для грамадства, якое мусіла перамагчы дэманаў. Менавіта за гэтыя міты тады ішла баталія сярод людзей культуры або сярод новай клясы прадусараў ці мэнэджараў. У 2000-я гады мы ўваходзілі з намерам стварэньня мітаў (а часам нават і з сыравінай), але яшчэ без дапамогі прадусараў-прафэсіяналаў. Жадаючы рэалізаваць нейкі праект, мы самі мусілі навучыцца мэнэджарскай працы. Ты быў у гэтым дасканалы. Паэт — ва ўсім паэт.

Калі я сюды прыехала ўпершыню, казалі, што ў Мінску сто чалавек гаворыць па-беларуску. Цяпер нашмат больш за сто кніжак выдаецца на гэтай мове штогод. У тыя, не такія і далёкія часы, незалежная беларускамоўная кніга была унікумам, прадметам пажаданьня, прыкметай апазыцыйнасці. Міхал заўжды маляваў вокладкі для тых беларускамоўных кніжак. Мы распазнавалі ягоную «падпольную працу», і ў якасьці графіка ён пакінуў свой сьлед. Але ён усведамляў, што тых кніжак было замала, каб знайсьці новых прыхільнікаў беларусізацыі. А патрэбы былі вялікія і мары моцныя — каб усё болей людзей знаходзіла сваю беларускую тоеснасьць, каб культурныя працэсы ўмацоўвалі працэсы грамадскія. Міхал разумеў, што стварэньне беларускасьці (што б гэта ні азначала) мусіла адбывацца ў пазалітаратурных прасторах, зрэшты, тады яшчэ не было клюбаў ці кнігарняў. Трэба было патрапіць у іншыя асяродкі, да моладзі. Тады ён прыдумаў з сябрамі і рок-музыкамі «Народны альбом», і Міхалава легенда аб Заходняй Беларусі, як лавіна, зьмяла іншыя, як савецкія, гэтак і праўдзівыя гістарычныя апавяданьні. І такім чынам новае жыцьцё атрымаў Сяргей Пясэцкі, пасьля таго, як яго некалі адкрыў рэдактар Ежы Гедройца. Міхал выклікаў да жыцьця новы міт, у якім рок-музыкі сыгралі галоўную ролю. Зрэшты, міталягізацыю мы тады лічылі асноўным абавязкам актывіста-мысьляра ў гэтай беларускай справе. Беларусь патрабавала мітаў, так як цяпер дэміталягізацыі (гэтага мы зь Міхалам не пасьпелі абгаварыць).

«Народны Альбом» на пераломе стагоддзяў — гэта сіла расказанай гісторыі і запрошаных у праект музыкаў, якія напісалі ноты. Мы ўсіх іх ведаем. Яны сёньня ўжо ўвайшлі ў гісторыю беларускага рок-н-рола і журналістыкі — Radio 101.2 FM або Радыё Рацыі. Гэта канцэрты па Беларусі, у Польшчы, ва Украіне, у Францыі… Песенькі з «Народнага альбома», граныя на кухнях і ў гасьцёўнях, пры вогнішчы і ў падарожжах, на маніфэстацыях апазыцыі і на сямейных і нацыянальных сьвятах, палітычных і апалітычных акцыях, дзе душа хоча засьпяваць…

Гэта быў кайф, калі рок-музыкі выходзілі на сцэну і спявалі бяседныя песьні або хутчэйскаўцкія песьні пры вогнішчы, як мы жартавалі з гэтага ў Польшчы. Унікальная зьява ў сусьветным маштабе. Нідзе, ні ў якай іншай краіне гэта немагчыма: каб рокеры пагадзіліся напісаць і заспяваць нібыта аўтэнтычныя песні, рэалізуючы праграму патрыятычных і рэгіянальных даўнішніх песень, якія працуюць на нацыянальную свядомасьць. Міхалу гэта ўдалося. Ён трапіў у час са сваім «Народным альбомам». Зрэшты, посьпех «Народнага альбома» ўжо апісаны і будзе перададзены наступным пакаленьням.

У 2000-м годзе, калі мы рабілі міжнародны мастацкі фэстываль «Мінская вясна», Міхал па маёй просьбе намаляваў плакат да гэтай імпрэзы. На ім была жанчына, якая працірае анучай шыбы. У Польшчы культурны пад’ём 1990-х, а тут жанчына, якая працірае анучай вакно… Але ён заўпарціўся, што так і мае быць. Праз доўгія гадыя зразумела ідэю таго малюнка: мы тады былі на шляху праціраньня шляхоў да культураў адно аднаго. Усё, што мы разам арганізоўвалі, мы абмяркоўвалі праз лісты, факсы і пасылкі, перадаваныя з рук у рукі. Ніякіх сотавых тэлефонаў. Інтэрнэт тады быў немаўлём. Ніякіх гатовых эматыконаў, слапстыкаў. Чыстыя новыя артэфакты, відавочныя арт-сыгналы; мы стварылі ўласную мову камунікацыі, а хутчэй нават культурныя коды, неалагізмы, гумар. Слова за слова, тэкст за тэкстам, песня за песняй, імпрэза за імпрэзай. Культурны абмен. Абмен культурамі. Міхалу былі вельмі важныя гэтыя беларуска-польскія стасункі, хаця мэнтальна ён зусім ня быў палякам, хутчэй скандынавам. Адкуль тая Польшча ў яго? Можа, аднак, нам удалося працерці шыбу, прыйсьці праз вакно да супольнага сьвету… Не пасьпела ў яго спытацца.

Я са зьдзіўленьннем адкрывала чарговыя неспадзяванкі, якія тычыліся нашай мінуўшчыны — ягонай у савецкай Беларусі і мае ў камуністычнай Польшчы. Шмат што нас адрозьнівала. Калі я расла, я занурвалася ў пакаленьне біт, літаратуру дарогі, Алена Гінсбэрга, Джэка Керуака, Фрэнка О’Хару ці ібераамэрыканскую прозу, а Міхал закопваўся ў раманы Сяргея Пясэцкага з Ракава, з панскай Польшчы, зьбіраў архаічныя і партызанскія гісторыі беларускіх земляў — каротка кажучы, займаўся хатняй гісторыяй. Калі я слухала The Velvet Underground і Lou Reed’а або The Clash, ён — Маанам з Корай Яцкоўскай і Пэрфэкт са Збігневам Холдысам (і ад іх, праз польскае радыё навучыўся польскай мове). Але якім цудам нам удалося пераскочыць праз гэтыя розныя досьведы, праз нашую разнароднасць і вывозіць «Народны альбом», а потым і рок-музыкаў на замежныя канцэрты на працягу гэтых год — ад 1999 да 2009? Я дагэтуль ня ведаю. Ён стаяў за іх гарою. Падтрымліваў нашыя ідэі і развейваў мае апасеньні, верыў, што яго любмая Польшча пачуе голас Беларусі, што Эўропа і сьвет захоча іх выслухаць. Бязь Міхала мы б нікуды не паехалі. Нічога не было б, каб не «Народны альбом» у Пазнані, а потым у Кракаве, Варшаве… Я ў гэтым перакананая.

Яшчэ на пачатку нашага сяброўства, у 1999 годзе, мы паехалі на фэстываль у La Roche-sur-Yon, у Вандэю (музычна-тэатральны фэстываль, які робяць пенсіянэры дзеля рэсацыялізацыі людзей пасьля турмаў, з музыкай Manu Chao і вулічным спэктаклем Тэатру Восьмага Дня). Традыцыйна кансэрватыўны рэгіён Францыі, вядомы з контррэвалюцыйных выступаў падчас Фрацускай Рэвалюцыі. У гэтым было штосьці духапад’ёмнае: сучасная Беларусь у Вандэі. Міхала гэта таксама натхняла. На зваротнай дарозе мы наведалі Ежы Гедройця і Зоф’ю Герцаву ў Мэзон-Ляфіце, ля Парыжа. Наш аўтобус падзяліўся на дзьве групы: тых, хто пайшоў павітаць Рэдактара, і тых, што вырашылі самі змагацца за свабоду Беларусі. Міхал уручыў гаспадарам кнігі і плыту «Народнага альбома» — заўжды і ўсюды ён перад сваім прыватным інтарэсам ставіў беларускую справу.

Потым, у другой палове 2000-х, ён пагрузіўся ў дызайн, фатаграфію, графіку, але «Народны альбом» працягвалі пускаць на старых касэтах і CD-дысках. Як паэт, ён замаўчаў. Не хацеў пісаць. Мы прасілі ў яго песень, вершаў…

Ён працаваў інакш, але заўжды на карысьць Беларусі. За капейкі. Ня ўмеў выгандлёўваць кантрактаў. І заўжды зарабляў на іх, як Заблоцкі на мыле. Пра некалькі ягоных «добрых» кантрактаў я ведала. Пра свае няўдачы ён гаварыў ціха, ціха зашываўся дома, каб працаваць, як вавёрка ў дупле. Часам высоўваўся адтуль на людзі, але часьцей за ўсё сядзеў за кампутарам, прывезеным за стыпендыю Gaude Polonia. Сядзеў і змагаўся з дэманам сучаснага мастацтва і тым, чым яна сёньня з’яўляецца ці не зьяўляецца.

Гэты аповед не на адну каву з табой. Гэта аповед пра цябе у маім, нашым жыцьці на шмат філіжанак кавы, аж да спыненьня сэрца. У цябе яно спынілася. Заўчасна. Пра цябе і тваю творчасьць будуць пісаць, будуць яе распрацоўваць, дасьледаваць, тэарэтызаваць. Твой альбом «Колеры Беларусі» больш канцэптуальны, чым колеры пачуцьцяў, якімі ты абдорваў нас усіх, а найбольш — Лену і Стэфанію. А дэміталягізацыю нашых супольных справаў мы і так павінны зрабіць. Самі ці іншыя гэта зробяць, яшчэ больш жорстка. Такая лёгіка лёсу. Калі мы размаўлялі апошні раз у кастрычніку 2017-га, ты быў незадаволены апошнімі прэзэнтацыямі «Народнага альбому». Але ж ты сам выпусьціў гэты праект у жыцьцё, у людзі… без твае апекі і паэзіі. Ён пачаў жыць уласным жыцьцём — граць сваёй тэатральнасьцю і опернай формай, далёкай ад далікатнай паэзіі і дыханьня жыцьця. Надзьмуўся як міт аб сабе самым. Мы размаўлялі пра гэта ўтраіх разам зь Ленай. Але я не пасьпела вам тады сказаць, што твой «Народны альбом» навучыў нас усіх яшчэ адной важнай рэчы: што кожны можа туды дапісаць новую песню або стварыць свае ўласныя «Народныя альбомы»… І так яны будуць зьяўляцца ў Беларусі, убачыш. А беларусы гэтага не спартачаць, бо ў іхных сэрцах ужо навечна гэты «Народны альбом», і яны яго напяваюць за сталом, перад люстэркам і на сьвяты. Ты паказаў нам усім, што можна выходзіць з балота, шэра-бурага восеньскага дня, як тады ў 1997, калі мы сустрэліся на пероне ў Мінску, калі я выйшла з вагона цягніка, які мы тады называлі «Жыве Беларусь!». І ведаеш, я хацела сказаць, што паэты заўсёды маюць рацыю.

Словы развітаньня шлюць табе cябры з Пазнані, з Тэатра Восьмага Дня: Іта, Эва, Тадэуш, Адам, Марцін.

Іаланта Кільян, Познань. Пераклала Святлана Курс

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера