Знайсці
20.01.2018 / 15:4922РусŁacБел

Памерла адна з жанчын, што пілі вадкасць для мыцця рыбных чанаў у Барысаве. Яе муж: «Маю жонку наўмысна забілі!»

14 студзеня ў мінскай клінічнай бальніцы №10 памерла Марына Грынюк. Ёй было 47 гадоў.

Марына — адна з пяці супрацоўніц барысаўскага прадпрыемства «Фаўна», якія на Дзень маці атруціліся вадкасцю для мыцця рыбных чанаў, падумаўшы, што гэта быў бальзам.

Як расказвалі сваякі пацярпелых, вадкасць знайшла прыбіральшчыца. Яна заўважыла «недапітую» бутэльку бальзама ў курылцы, прынесла ў падсобку да работніц. Тыя выпілі і адразу адчулі сябе вельмі кепска — у бутэльцы была шчолач. Хутчэй за ўсё, хтосьці хацеў вынесці яе з прадпрыемства і наліў у бутэльку з-пад бальзама, бо колер быў вельмі падобны.

Прыбіральшчыцу затрымала міліцыя, але пасля жанчыну адпусцілі. Была заведзена крымінальная справа за цяжкія цялесныя пашкоджанні па неасцярожнасці.

Але Анатоль Грынюк, муж памерлай работніцы «Фаўны», ўпэўнены: яго жонку забілі. Ён вінаваціць у гэтым тую прыбіральшчыцу, нібыта яна адмыслова атруціла работніц. Праўда, сам прызнае — матывы яму невядомыя.

Але Анатоль хоча, каб жанчыну абавязкова пакаралі.

«Яе трэба судзіць. І пасадзіць, даць па максімуме. Яна ж атруціла не аднаго чалавека!» — выказваецца Анатоль.

Сама прыбіральшчыца на волі, але ў «Фаўне» больш не працуе. Але Анатоль запэўнівае, што жанчына агучвала сваю версію падзей, іншую: нібыта яна знайшла бутэльку і хацела аддаць начальству, а работніцы самі папрасілі аддаць яе ім.

 «У мяне няма прэтэнзій толькі да дактароў. Яны рабілі ўсё, што маглі, каб выратаваць Марыну, — кажа мужчына. — Але ў іншым я шмат чаго не разумею. Напрыклад, чаму следчыя перакваліфікавалі справу на мякчэйшую?»

Анатоль кажа, што на «Фаўне» адмовіліся аплочваць апошні бальнічны ліст Марыны — па яго словах, прадпрыемства не задаволіла фармулёўка, што жанчына атрымала траўму на вытворчасці.

«Таксама нам патрэбная была даведка з дэпартамента аховы працы, якая пацвердзіла б траўму на вытворчасці. Па невядомых прычынах, мне яе не маглі выдаць», - сцвярджае Анатоль.

Цяпер мужчына плануе напісаць у пракуратуру: «Хачу, каб дзеянням усіх гэтых службаў далі прававую ацэнку».

Праўда, Следчы камітэт абверг заявы мужчыны пра перакваліфікацыю справы на больш мяккую. Але і на «цяжэйшы» артыкул у сувязі са смерцю Марыны Грынюк справу таксама не перакваліфікоўвалі. Ва ўсякім выпадку, пакуль што.

«На сёння працягваецца высвятленне абставін здарэння, вядуцца следчыя дзеянні і экспертызы. Па выніках раследавання будзе прынята канчатковае працэсуальнае рашэнне. Жанчына, якая працавала прыбіральшчыцай, усё яшчэ знаходзіцца ў статусе падазраванай», — паведамілі «Нашай Ніве» у СК.

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930