Знайсці
20.01.2018 / 14:38217РусŁacБел

Студэнтку, якая ўзначаліла «Моладзь БНФ», адлічваюць з БДУ

З Інстытута журналістыкі БДУ адлічваюць другакурсніцу Ганну Смілевіч. Менш за месяц таму яна была абраная старшынёй «Моладзі БНФ».

Ганна Смілевіч. Фота Волі Афіцэравай.

Чытайце таксама. Старшыня «Моладзі БНФ» Ганна Смілевіч: Калі каму не падабаюцца мае бровы, хай на сабе эксперыментуюць!

«Я спачатку не думала, што мяне валяць праз палітыку, але потым мне ледзь не наўпрост пра гэта сказалі.

Бо ўчора я прыйшла атрымаць залік па фізкультуры, і мне выкладчык сказаў, што да яго прыходзілі людзі з КДБ і цікавіліся мной.

Фізрук пытаўся, ці датычная я да БНФ, ці не з’яўляюся кіраўніком нейкай моладзевай структуры. Урэшце ўсё ж паставіў залік, — расказвае малады палітык.

Але сёння я атрымала трэцюю пераздачу — на экзамене па прафесійнай этыцы журналіста.

У дэканаце патлумачылі, што тры пераздачы — гэта адлічэнне. Маўляў, пераздаць столькі іспытаў нельга, таму мяне адлічаць. Натуральна, я збіраюся гэтае рашэнне абскарджваць».

Спецыфіка Інстытута журналістыкі (як і многіх іншых гуманітарных факультэтаў) у тым, што быць адлічаным адтуль за непаспяховасць вельмі складана, амаль немагчыма. Нават хранічна непадрыхтаваныя студэнты атрымліваюць дзясяткі «апошніх шанцаў» і ўрэшце з мінімальнымі адзнакамі праходзяць сесіі.

Якія іспыты не змагла здаць Смілевіч?

«Тэорыю журналістыкі» выкладае кінакрытык Ніна Фральцова.

«Прафесійная этыка» — курс колішняй журналісткі «Звязды» Таццяны Падаляк.

Нарэшце, за «Мову і стыль сродкаў масавай камунікацыі» адказваюць філолагі Лілія Шасцярнёва і Вольга Дзесюкевіч.

Лілія Шасцярнёва.

Вольга Дзесюкевіч.

«Наша Ніва» паспрабуе атрымаць каментар ад гэтых выкладчыкаў.

Гэта не першая гісторыя падобнага кшталту. У 2008 годзе з Інстытута журналістыкі быў адлічаны «за акадэмічную непаспяховасць» адзін з папярэдніх старшыняў Моладзі БНФ Франак Вячорка. Адметна, што адзін з экзаменаў, на якіх яго завалілі, быў… па беларускай мове. Хоць ён з дзяцінства беларускамоўны, сын найлепшага ў краіне філолага і валодае мовай бездакорна.

АЯ, фота journ.bsu.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930