Знайсці
19.01.2018 / 19:1920РусŁacБел

Бацькі дзяўчынкі, якая загінула на сельгаспрацах пад Маладзечна, атрымаюць 50 тысяч кампенсацыі

Як паведаміў «Нашай Ніве» гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, суд у Маладзечне абавязаў сёння спагнаць грашовую кампенсацыю з СВК «Усход-Агра» (35 тысяч рублёў) і сярэдняй школы нумар 11 Маладзечна (15 тысяч рублёў) маральнай шкоды на карысць бацькоў за смерць іх дачкі-васьмікласніцы на калгасным полі пад коламі грузавіка з бульбаю.

29 верасня пазамінулага года падчас выканання сельскагаспадарчых работ загінула вучаніца 8-га класа сярэдняй школы № 11 Маладзечна 13-гадовая Вікторыя Папчэня — на яе наехаў грузавік з бульбай, які рухаўся заднім ходам.

Сённяшні прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны цягам дзесяці дзён. Пакуль невядома, ці школа і сельгаспрадпрыемства будуць яго абскарджваць.

Вікторыя Папчэня, фота vk.com

У дачыненні да кіроўцы распачалі крымінальную справу і ў канцы снежня пазамінулага года суд Маладзечанскага раёна вынес прысуд: 22-гадоваму Паўлу Цыбіну далі 3 гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Андрэй Стрыжак, прадстаўнік незалежнага прафсаюза РЭП, які дапамагаў бацькам дзяўчынкі змагацца ў судах і складаў для іх пазоўныя заявы, сказаў пасля заканчэння працэсу:

«Для нашага прафсаюза была прынцыповай пазіцыя: плаціць павінны менавіта юрыдычныя асобы, а не настаўніца ці кіроўца, якія ўжо панеслі пакаранне. Ускосным вынікам справы Папчэні, якая доўжыцца ўжо 15 месяцаў, стала фактычная забарона выкарыстання дзяцей у так званых «бітвах за ўраджай». Больш за тое: аддзелы адукацыі цяпер рассылаюць свае запыты аб адпраўцы на сельгасработы з пазнакай «Акрамя дзяцей». Гэты працэс быў для нас стратэгічнай цяжбай: гаворка не толькі аб трагедыі канкрэтнай сям'і, а пра тое, каб такія трагедыі не паўтараліся, а практыка прымусовай працы была выкаранена ў Беларусі».

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера