Знайсці
19.01.2018 / 12:59175РусŁacБел

«Гэты ліст я напісала год таму прыватна Якубовічу, ён быў не для публікацыі!» — Рэгіна Ластоўская, аўтарка ліста ў «Советскую Белоруссію»

На сайце дзяржаўнай газеты «Советская Белоруссія» ў рубрыцы «Пошта галоўнага рэдактара» з’явіўся ліст ад пенсіянеркі з Паставаў, у якім жанчына расказвала, чаму Беларусі не патрэбны нацыянальны ўніверсітэт. «Наша Ніва» звязалася з Рэгінай Нарбертаўнай Ластоўскай, той самай пенсіянеркай, і пацікавілася, што ж натхніла жанчыну на публікацыю ў «СБ».

Праўда, высветлілася, што агалоскі Ластоўская якраз і не хацела. А сам ліст быў надрукаваны спачатку ў «Народнай газеце».

«Гэты ліст я напісала яшчэ ў лютым 2017 года, і ён быў адрасаваны прыватна Якубовічу, я пазначыла гэта на канверце. Не ведаю, чаму яны трымалі яго год, а пасля апублікавалі, яшчэ і ў «Народнай газеце», якую я ніколі не чытаю, да якой і не дакранаюся! — расказала Рэгіна Ластоўская. — Я напісала ў Міністэрства інфармацыі і папрасіла разабрацца, чаму мой ліст надрукавалі.

Такія матэрыялы ў газеце не павінны быць, гэта прыватны ліст. І мяне выставілі на ўсю рэспубліку на разарванне бээнэфаўцам, свядомым!»

А хто ж такія «свядомыя»?

«Свядомыя — гэта нацыяналістычныя партыі, я лічу. Гэтае слова я з языка прэзідэнта здымаю. Ён называе «свядомымі», і я дадаюся, кажу, што гэта «свядомыя». Тыя, якія з Захаду атрымліваюць грошы, а тут прапагандуюць беларусізацыю. Каб вы былі сапраўднымі беларусамі, то не сілкаваліся б грашыма з Захаду!» — тлумачыць Ластоўская.

Сама сябе яна называе шчырым камуністам: «Я адналюб, калі я была членам КПСС, то буду вернай [Камуністычнай партыі] да канца. У сучасныя партыі я не ўступала».

Рэгіна Нарбертаўна расказала трохі падрабязней пра ўступленне ў партыю:

«Я была старшай піянерважатай. А па гараскопе я Авен, я як дарослае дзіця. Не тое, каб я веру ў астралогію, але маю кніжку пра знакі, і настолькі праўдзівая яна! Авен як з мяне спісаны!

Дык вось, у маладосці для мяне камуністы былі гэта калі не багі, то штосьці недалёкае ад іх. І мне здавалася, што я маладая, не заслужыла быць членам партыі. Арыентавацца на камуністаў я магла, а сама пра сябе лічыла, што быць камуністам яшчэ не заслугоўваю. І доўга мяне дырэктарка школы ўгаворвала ўступіць у партыю, я адмаўлялася. І мяне ледзь не сілай прымусілі ўступіць у партыю. Але я была рада, канечне, што я член КПСС. Мне было гадоў 20 з чымсьці, дакладна не памятаю. Не шкадавала ніколі, што ўступіла».

Цікава яшчэ, што любоў да камуністаў ёй прывіў не бацька — хутчэй наадварот.

«Бацька ўступіў у партыю пасля мяне. Ён ваяваў, прычым ажно два разы. Дайшоў да Германіі. Бацьку, калі пачалася Другая сусветная ў 1939, забралі на фронт — нашыя ж землі былі пад палякамі. І ён трапіў у палон, сядзеў у Брэсцкай крэпасці, яшчэ да таго, як Германія напала на Саветы. Пасля яго перавезлі ў савецкі лагер у Асташкаве. Там радавых адпусцілі, а афіцэраў-палякаў растралялі, як у Катыні. Бацька змог дабрацца дадому, пасля тут мабілізацыі не было, бо былі пад немцамі. І ён быў дома да 1944 года, - узгадвае Рэгіна Нарбертаўна. - Тады нас вызвалілі савецкія войскі, і ўсе нашы мужчыны пайшлі на фронт».

Але сённяшнія беларускія камуністы ёй не падабаюцца. Ластоўская больш сімпатызуе расійскай КПРФ.

«Зюганаў — разумны чалавек, мне падабаецца, як ён гаворыць, я б слухала і слухала. Разумныя думкі ў яго».

Але Зюганаў не разумнейшы за Пуціна.

«Што вы, Пуцін жа былы кагэбіст. У яго вытрымка! Ён сябе паводзіць так, што хочацца на яго глядзець. Можа, унутры ў яго ўсё кіпіць, а ён знешне спакойны. Не дае сябе падставіць. І палітыка ягоная мне падабаецца. Мы ж равеснікі, наша пакаленне такое, што ў кусты не хаваецца. Што ёсць, мы ўсё панясём. І працуем задарма!» — тлумачыць Рэгіна Нарбертаўна.

Лукашэнка таксама добры.

«Вельмі добры. Я ж не апазіцыянер. Лукашэнка мой прэзідэнт. Апазіцыя — гэта свядомыя, а я за яго галасую і галасаваць буду».

Нягледзячы на любоў да КПСС, Рэгіна Нарбертаўна яшчэ і шчыры каталіцкі вернік.

«Сям’я ў мяне веруючая. А я працавала першым сакратаром райкама камсамола, і калі пачалі чапляцца, што камсамольцы не могуць быць веруючымі, я сябе прымусіла сесці і прачытаць статут і праграму партыі, — узгадвае Ластоўская. — Калі я ўступала ў партыю, шчыра скажу, не ўчытвалася ў партыйны статут. А тут села ўдумліва… Нецікава было чытаць, бо не мастацкая ж літаратура, але я разабралася. І аніводнага слова супраць рэлігіі не знайшла. І зразумела, што гэта кіраўнікі напрыдумвалі барацьбу з рэлігіяй».

Акрамя каталіцтва, з сям’і Ластоўская ўзяла і беларускую мову:

«У нас заўсёды ў сям’і размаўлялі па-беларуску. Усе ведаюць, што я гавару на беларускай, нават калі астатнія на рускай».

Але ж, нягледзячы на гэта, Нацыянальны ўніверсітэт з навучаннем на беларускай мове існаваць не павінен, лічыць наша суразмоўца.

«Сёння звычайныя дзеці не разумеюць беларускую. А нацыяналісты раскіданыя па розных ВНУ. А калі яны — дзеці свядомых — збяруцца ў адным Нацыянальным універсітэце, там будзе гняздо, яны там будуць палітычнасцю займацца. Я не хачу, мне палітыка — гэта такая брудная справа… Мне не хочацца, каб былі такія крыніцы, адкуль злосць ішла б. А калі яны збяруцца ў адно месца, ім будзе найлепш абы-чым займацца!» — тлумачыць Рэгіна Нарбертаўна.

У яе і на мову свой погляд: галоўнае не колькасць, а якасць.

«Я б у беларускую мову дапускала толькі тых, у каго вымаўленне беларускае. Калі не ўмееш гаварыць — гавары на рускай, нямецкай, англійскай! — тлумачыць Рэгіна Нарбертаўна. — Я люблю беларускіх артыстаў, асабліва Дарафееву. Але канцэрты, дзе толькі беларускія артысты, не гляджу і не слухаю. Бо не вымаўляюць словы правільна!»

Таксама Ластоўская працягвае сцвярджаць: пры стварэнні ТБМ удзельнікі крычалі «Жыве Беларусь» і выкідвалі «зігі».

«Васіль Быкаў там быў? Не бачыла, я за ім не сачыла. А Ніл Гілевіч у гітлераўскіх вітаннях не ўдзельнічаў», — падкрэслівае Ластоўская.

У красавіку 2017 года Рэгіна Нарбертаўна брала ўдзел у семінары, які праходзіў у Паставах. На ім была і «тая самая» Алена Анісім з ТБМ. А сама Ластоўская атрымала нават ганаровы дыплом за творчую работу ў межах конкурсу «Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля бацькоў святая».

«Ой, я паглядзела, як нашы «свядомыя» там кружылі, зразумела, куды я трапіла. Дасядзела да абеду, а пасля і духу майго там не было, — кажа Ластоўская. — А конкурсы я люблю, і там улезла, не паглядзеўшы, хто стаіць за той раённай газетай. Аказалася, там панамі ходзяць нашы свядомыя! Такія яны там кіраўнікі! Я не магла там сядзець, у мяне ціск быў! Я з сялян, але культуры трошкі набралася, і не стала сыходзіць датэрмінова, але на першым перапынку адразу след прастыў. І цяпер у конкурсы я ніколі не палезу, зразумела, што нашы мясцовыя свядомыя будуць гэтым кіраваць».

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930