Знайсці
18.01.2018 / 15:5483РусŁacБел

Добрыя гарады — там, дзе «труцца»? Пра выпадак з беларускай, якая вярнулася з Туркменістана

Піша ў сваім фэйсбуку Стась Карпаў.

Цяпер спрачаўся вось з харошым знаёмым. Пра добрыя гарады. Ён кажа, што добрыя — там, дзе «труцца». Карацей, вось гэтыя вузкія вулачкі, шчыльныя кантакты, эмоцыі, рукапацісканні і абдымкі. Там, дзе «не гойсаюць па шырокіх праспектах кожны ў сваёй адзіноце», а перасякаюцца.

Ну, што сказаць. Сказаць можна і пра тое, што асабіста я ненавіджу натоўпы. І ненавіджу цягацца разам з людской плынню. І пра тое, што прыцісканні ў гэтых чалавечых статках супярэчаць навуковаму разуменню градацыяў прасторы: інтымная — прыватная — сацыяльная — грамадская.

І што гарады наогул не ствараліся, каб церціся аб суседа. Проста так адбылося ў сувязі з рэзкім ростам насельніцтва.

І што абдымкі і размахванні рукамі не гарантуюць ніякага чалавечага шчасця.

Але найперш хачу сказаць, што мяне здзіўляюць тэзісы пра тое, як правільна павінны дачыняцца людзі.

Я надта люблю «гойсаць у шырокіх праспектах у сваёй адзіноце». І не думаю, што такім чынам я раблю горад «кепскім».

І менавіта мая адзінота і хаджэнне з ёй па шырокіх вуліцах дазваляе мне добразычліва рэагаваць на спатыканых людзей.

Нядаўна вось ішоў, уткнуўшыся ў мабілу. Да мяне падышла пажылая жанчына. Спытала, дзе тут пошта. Я паглядзеў па дарагім гугле. Высветлілася, што далекавата. Я прапанаваў яе падвезці.

Не абдымаючы яе, не смеючыся, не размахваючы рукамі.

Проста: давайце падвязу.

Падвёз. Разгаварыліся. Яна вярнулася на радзіму пасля 30 гадоў жыцця ў Туркменістане. Парадавалася, што я беларускамоўны.

Гаварылі мы ціха. Спакойна. Я ў яе спакойна пытаў пра яе жыццё. Яна спакойна адказвала.

Ці былі мы недастаткова чалавечныя ў сваіх дачыненнях? Не думаю.

Выйшла ля пошты. Яшчэ раз падзякавала. Я ўключыў музычку і ў сваёй адзіноце папёр дадому.

Думаючы пра сваё. Па шырокіх вуліцах. Па дарозе без затораў.

Стась Карпаў, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930