Знайсці
19.01.2018 / 10:2718РусŁacБел

Што беларускія школьнікі могуць даведацца пра БНР з падручнікаў?

Cёлета адзначаецца стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Сённяшняя беларуская афіцыйная гістарыяграфія і афіцыйныя СМІ слаба асвятляюць гэтую тэму. А што пра БНР можа даведацца звычайны беларускі школьнік? Гэты перыяд у прадмеце гісторыя Беларусі разглядаецца ў 10 класе, навучанне ў цяперашні час адбываецца паводле падручніка Гісторыя Беларусі, 1917—1945 гг.: вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / Я. К. Новік; аўтар метадычнага апарату В. В. Гінчук. — Мінск: Нар. асвета, 2012. — 182 с.: іл. і ідэнтычнай расійскамоўнай версіі.

Вокладка падручніка.

Тэма Беларускай Народнай Рэспублікі ў гэтым падручніку асвятляецца ў § 4—5. Абвяшчэнне і стварэнне беларускай дзяржаўнасці. Аўтары адразу ж падзяляюць беларускі рух на «леварадыкальны» (сацыялістычны), да якога адносіць скіраваныя на Маскву беларускія арганізацыі (Белнацкам, БСДРП, Беларускі абласны камітэт) і «ліберальна-буржуазны» (арганізацыі, якія групаваліся вакол Вялікай беларускай рады). Мэтай «ліберал-буржуазных» арганізацый аўтары называюць «стварэнне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на буржуазнай аснове». Аўтары тут абапіраюцца на савецкую гістарыяграфію. Насамрэч, арганізацыі вакол Вялікай беларускай рады таксама мелі пераважна сацыялістычныя погляды, але з насцярожанасцю ставіліся да маскоўскіх бальшавікоў.

Далей, апраўдваючы разгон Усебеларускага з’езда, аўтары пішуць наступнае: «Усебеларускі з’езд быў распушчаны не за спробу рэалізаваць права беларускага народа на самавызначэнне, як пішуць некаторыя гісторыкі, а за спробу ліквідаваць савецкую ўладу і адхіліць бальшавікоў ад кіраўніцтва краем. Кожная ўлада павінна ўмець сябе абараняць. У снежні 1917 г. у бальшавікоў Беларусі былі сілы і магчымасці, каб абараніць савецкую ўладу ад контррэвалюцыйных спроб яе ліквідацыі». На самай справе рэзалюцыя Усебеларускага з’езда не абвяшчала беларускую дзяржаўнасць нават у форме аўтаномнай рэспублікі, а ў адзіным з прынятых пунктаў рэзалюцыі вялося пра Расійскую федэрацыю і сувязь з цэнтральнай (бальшавіцкай) уладай: «замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, абвешчанае расійскай рэвалюцыяй, і ўсталёўваючы рэспубліканскі дэмакратычны лад у межах беларускай зямлі, для ратавання роднага краю і засцерагаючы яго ад падзелу і адарвання ад Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай Рэспублікі, з’езд пастанаўляе: неадкладна арганізаваць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з цэнтральнай уладай, адказнай перад Саветам рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў».

Таксама аўтары падручніка заяўляюць пра слабое прадстаўніцтва з’езда: «Прысутныя на з’ездзе 1872 дэлегаты не прадстаўлялі ўвесь беларускі народ. Ён не толькі іх не выбіраў, але і мала ведаў пра гэты з’езд. На з’ездзе былі прадстаўнікі палітычных партый і арганізацый, прафсаюзаў, органаў улады і кіравання. Таму нельга сцвярджаць пра «небывала прадстаўнічы Усебеларускі з’езд», як гэта сустракаецца на старонках некаторых публікацый». Для параўнання, найбуйнейшы бальшавіцкі II З’езд армій Заходняга фронту 20—25 лістапада 1917 г. сабраў у Мінску ўсяго 633 дэлегаты. Таксама варта зазначыць, што Усебеларускі з’езд сабраў прадстаўнікоў з усіх беларускіх земляў і прадстаўнікоў усіх палітычных кірункаў.

Нейтральна ў падручніку асвятляецца абвяшчэнне трох Устаўных грамат, не замоўчваюцца і сімвалы дзяржавы: «Нацыянальнымі дзеячамі ў якасці дзяржаўнага сцяга быў прыняты бела-чырвона-белы сцяг. Разам з гербам «Пагоня» — гербам Вялікага Княства Літоўскага — ён стаў дзяржаўным сімвалам БНР». Вялікая ўвага аўтарамі надаецца тэлеграме Вільгельму II, што таксама з’яўляецца спадчынай савецкай гістарыяграфіі: «Рада БНР спрабавала рэалізаваць незалежнасць дзяржавы пры дапамозе знешніх сіл, што было яе памылкай. 25 красавіка 1918 г. яна накіравала тэлеграму германскаму кайзеру Вільгельму ІІ, у якой выказвалася падзяка «за вызваленне Беларусі нямецкімі войскамі з цяжкага ўціску чужога пануючага здзеку і анархіі». Тэлеграма, разлічаная на паляпшэнне стаўлення акупацыйных улад да БНР, не прынесла жаданых вынікаў, а толькі прывяла да нутранага расколу.

Падсумоўваючы, аўтары адзначаюць, што: «У поўным сэнсе слова Беларуская Народная Рэспубліка (БНР) дзяржавай не з’яўлялася. Утварэнне самастойнай дзяржавы прадугледжвае не толькі яе абвяшчэнне, але і функцыянаванне рэальнай сістэмы органаў улады на пэўнай тэрыторыі, прыняцце законаў, ажыццяўленне канкрэтных знешніх і ўнутрыпалітычных функцый… Такім чынам, аб БНР можна гаварыць як аб спробе стварэння беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на буржуазнай аснове. Не варта ні перабольшваць значэнне абвяшчэння БНР, як гэта робіцца ў некаторых сучасных публікацыях, ні замоўчваць факт абвяшчэння БНР, як гэта рабілася ў савецкай навуковай і вучэбнай літаратуры».

Далей БНР згадваецца ў кантэксце абвяшчэння ССРБ. Аўтарамі зазначаецца, што БНР стала адной з прычын абвяшчэння Савецкай Беларусі: «Улічваючы імкненне беларускага народа да стварэння сваёй дзяржаўнасці, патрабаванне некаторых палітычных партый і арганізацый у вырашэнні беларускага пытання, наяўнасць самаабвешчанай БНР, а таксама ў мэтах умацавання і пашырэння заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі ў сусветным маштабе 24 снежня 1918 г. ЦК РКБ (б) прыняў пастанову аб стварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі».

Тэма Рады БНР таксама закранаецца ў §6 «Беларусь у Польска-савецкай вайне 1919—1920 гг.». Тут апісваецца раскол Рады БНР, пры гэтым Найвышэйшай радзе даецца выразна негатыўная ацэнка: «Прыхільнікі уніі з Польшчай склалі Найвышэйшую раду пад кіраўніцтвам І. Серады. Гэтая рада была марыянеткавай у польскай акупацыйнай адміністрацыі, бо, акрамя культурна-нацыянальнай аўтаноміі ў межах Мінскай акругі, польскія ўлады больш нічога не абяцалі беларусам».

У падручніку наўпрост не закранаецца тэма Слуцкага збройнага чыну (лістапад—снежань 1920 г.), які меў на мэце аднаўленне БНР. Але пра яго можна даведацца з раздзела «Дадатковы матэрыял» у § 6 «Беларусь у Польска-савецкай вайне 1919—1920 гг.», хоць назва «Слуцкі збройны чын» ці «Слуцкае паўстанне» тут не фігуруе: «У беларуская гістарычнай літаратуры ўтрымліваюцца розныя ацэнкі падзей у Слуцку і Слуцкім павеце, якія адбыліся ў лістападзе — снежні 1920 г. У некаторых падручніках па гісторыі сцвярджаецца, што там адбылося «антыбальшавіцкае паўстанне». Факты гісторыі сведчаць толькі аб спробе антысавецкіх сіл яго арганізаваць… Польскія войскі, а разам з імі Слуцкая вайсковая брыгада з 4 тыс. чалавек, сфарміраваная праціўнікамі савецкай улады, пры набліжэнні да Слуцка Чырвонай Арміі пачалі адыходзіць на захад. Сур’ёзных сутыкненняў з савецкімі войскамі не было. Здзяйсняліся толькі асобныя нападзенні Слуцкай вайсковая брыгады на палявыя заставы і варты савецкіх войскаў».

У § 10 «Грамадска-палітычнае жыццё БССР у 1920-я гг.» даецца гістарычная даведка пра самароспуск Рады БНР на II (Берлінскай) канферэнцыі ў кастрычніку 1925 года.

Пасля з кожнага з параграфаў падручніка ёсць раздзел «Ваша меркаванне», дзе навучэнцу прапануецца выказаць меркаванне паводле засвоенага матэрыялу. У абодвух параграфах падручніка, дзе шырока закранаецца тэма БНР, вучняў просяць выказаць стаўленне да супрацоўніцтва БНР з акупацыйнымі ўладамі. Так гучыць пытанне пасля § 4—5. Абвяшчэнне і стварэнне беларускай дзяржаўнасці: «Ці згодны вы з тым, што спроба Рады БНР рэалізаваць незалежнасць беларускай дзяржавы з дапамогай знешніх сіл (кайзераўскай Германіі) была вялікай памылкай? Сваю думку абгрунтуйце». А такое пытанне ставіцца пасля §6 «Беларусь у Польска-савецкай вайне 1919—1920 гг.»: «Наколькі апраўданым, на ваш погляд, было супрацоўніцтва некаторых дзеячаў БНР з польскім урадам па пытанні стварэння незалежнай беларускай дзяржавы?». Сканцэнтраванасць пытанняў менавіта на супрацоўніцтве БНР з акупантамі — відавочная спроба паказаць БНР пераважна ў негатыўным святле.

Такім чынам, беларускія школьнікі могуць атрымаць пэўнае ўяўленне пра БНР, але не атрымаюць ніякай інфармацыі пра збройнае змаганне за беларускую дзяржаўнасць. Але трэба зазначыць, што сённяшнія школьныя падручнікі ўсё яшчэ прасякнутыя ярлыкамі савецкага перыяду.

Максім Ляшко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930