Пракапеня паказаў мабільны дадатак, дзе можна «біць» свайго суразмоўцу. На прыкладзе Чалага
Вядомы беларускі IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня ў сваім фэйсбук-акаўнце анансаваў мабільны дадатак, у якім можна віртуальна пабіць свайго суразмоўцу рознымі спосабамі.
«Цяпер я ў руках трымаю праграмку, якая дазваляе тэлефанаваць сябру па відэазванку і біцца з ім. Цікавы кейс яе выкарыстання — можна пераключыцца з франтальнай камеры на заднюю — навесці на відэа на экране манітора — і атрымліваем вясёлыя відэа ў атач», — распавёў ён і прадэманстраваў, як магла б выглядаць яго віртуальная бітва з эканамістам Сяргеем Чалым.
Па словах Пракапені, гэтая праграма з'явіцца ў анлайн-крамах праз два месяцы. Зрэшты, назву для яе яны пакуль яшчэ не выбралі.
Будучыня за камерамі
Беларус верыць, што мабільныя дадаткі будучага будуць будавацца вакол камеры: «І наогул, спрэчна называць тэлефонам прыладу, па якой амаль не тэлефануеш. Гэта, хутчэй, камера з інтэрнэтам».
Ён распавёў, што яго партфельныя кампанія — Banuba — ужо зрабіла шэраг тэхналогій дапоўненай рэальнасці для мабільных тэлефонаў. Гаворка пра трэкінг твару і кірункі погляду праз камеру, вызначэнні пола /узросту/расы/ эмоцый па твары. «Мы нават умеем праз камеру мабільнага тэлефона пульс дэтэкціць», — пахваліўся Пракапеня.